НАЙРО́БІ (Nairobi),

горад, сталіца Кеніі. Размяшчаецца на пласкагор’і, на выш. 1,7 тыс. м. З прылеглай тэрыторыяй утварае сталічную акругу Найробі. 2 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім., папяровая, шкляная, металург., металаапр., цэм., шынная. Нац. ун-т. Музеі, у т. л. Нацыянальны (уключае буйнейшую ў свеце калекцыю афр. матылёў). Тэатры. Макміланаўская б-ка. Нац. цэнтр дагіст. і палеанталагічных даследаванняў. Шпіталь імя Дж.​Кеніяты. Штаб-кватэра Сакратарыята ААН па праграме навакольнага асяроддзя. За 8 км на Пднац. парк Найробі.

Засн. ў 1899 у сувязі з буд-вам чыгункі. У 1907—63 адм. цэнтр брыт. калоніі Кенія. У 1920—40-я г. ў Н. размяшчалася англ. ваен. база. З 1963 сталіца незалежнай Кеніі (з 1964 Рэспублікі Кенія).

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,

гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э. было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.

Л.​У.​Дучыц.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДЫ́ КАМУНІ́СТ»,

нелегальная газета; орган ЦК КСМЗБ. Выдавалася ў 1924—37 на бел. і рус. (асобныя нумары на польск. і яўр.) мовах. Спачатку друкавалася ў Мінску, потым у Вільні. Арганізатар і першы рэдактар В.З.Харужая. Інфармавала пра рашэнні кіруючых органаў ВКП(б), КП(б)Б, ЛКСМБ, КПП, КСМЗБ, КІМа, дзейнасць камсамольскіх арг-цый Зах. Беларусі. Асвятляла жыццё працоўнай моладзі. Выступала як арганізатар падп. барацьбы за вызваленне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, давала канкрэтныя парады па падрыхтоўцы і правядзенні мітынгаў, дэманстрацый, забастовак. Займала прасталінскую пазіцыю ў адносінах да бел. нац.-дэмакр. партый, арг-цый і іх дзеячаў, выступала з крытыкай т.зв. трацкісцка-зіноўеўскага блока, правага ўхілу ў ВКП(б), заклікала змагацца з правым ухілам у КСМЗБ. Змяшчала асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Пестрака, В.​Таўлая, М.​Засіма, рэв. песні, частушкі. Выйшла каля 50 нумароў.

П.​І.​Зялінскі.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАК ((Pollock) Джэксан) (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),

амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.​Х.​Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.​Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.

Дж.Полак. Капрыз мора. 1947.

т. 12, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СА (Panicum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.

П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.

Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

прыродная складаючая ч. асяроддзя існавання і вытв. дзейнасці чалавецтва; частка навакольнага асяроддзя. Уключае сукупнасць прыродных і змененых чалавечай дзейнасцю аб’ектаў жывой і нежывой прыроды, якія часткова або поўнасцю захавалі ўласцівасць самаразвіцця (напр., лясныя высечкі, аблогі, часткова знішчаныя папуляцыі дзікіх жывёл). П.а. не залежыць ад непасрэднага кантакту з чалавекам, можа разглядацца ў адносінах да жывёл, раслін і інш. Блізкае да П.а. ў вял. маштабе паняцце геаграфічнага асяроддзя. Існуюць таксама паняцці вонкавае асяроддзе (сілы і з’явы прыроды, яе рэчыва і прастора, дзейнасць чалавека, якія знаходзяцца па-за разглядаемым аб’ектам, аднак ўзаемадзейнічаюць з ім) і экалагічнае асяроддзе (у дачыненні толькі да жывых істот). Мадыфікацыі П.а., створаныя людзьмі (гасп. зямельныя ўгоддзі, зялёныя насаджэнні, с.-г. жывёлы і інш.), наз. асяроддзем развіцця. Яно не здольна самападтрымлівацца і без рэгулявальнага ўздзеяння чалавека паступова разбураецца.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМІНІ́РАВАННЕ,

разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл. Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш. У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн. мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.

І.​А.​Шор.

Воіны-сапёры ў час размініравання. Гродна. 1999.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НА ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (Guyane Française),

краіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс. км². Нас. 132 тыс. чал. (1993). Цэнтр — г. Каена. Афіц. мова — французская.

Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.

Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.

Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая стала адм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).

Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г. Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НІЯ,

1) паселішча, заснаванае стараж. народамі (асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі) у чужых землях. Іх узнікненне найчасцей абумоўлена недахопам зямлі і гандл. рынкаў. К. грэкаў і фінікійцаў былі звычайна самастойнымі, рымскія — апорнымі пунктамі імперыі ў яе правінцыях.

2) Краіна або тэр., якая знаходзіцца пад уладай замежнай дзяржавы (метраполіі), кіруецца на падставе спец. рэжыму і пазбаўлена паліт. і эканам. самастойнасці. Адна з гал. прычын утварэння К. — нераўнамернасць эканам. і сац. развіцця чалавецтва. Першыя К. (пазней калан. імперыі) па-за межамі Еўропы (у Амерыцы, Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі) створаны ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў 15—16 ст. Напр., ісп. К. ахоплівалі амаль усю Паўд., Цэнтр. і частку Паўн. Амерыкі. У 17 — пач. 19 ст. ў Паўн. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі К. Англіі, Францыі і інш. краін узнікалі як прыбярэжныя крэпасці, земляробчыя і гандл. паселішчы, якія паступова пашырыліся. Карэннае насельніцтва К. прыгняталася, часам вынішчалася ці выганялася. Самаразвіццё буйных К. выклікала неабходнасць іх аддзялення ад метраполій. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 паўн.-амер. К. Англіі аддзяліліся і ўтварылі самаст. дзяржаву — ЗША. Падобным чынам у выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній ў Амерыцы 1810—26 утварыліся незалежныя дзяржавы ў Лац. Амерыцы. У эпоху даманапаліст. рыначнай эканомікі К. — рынкі збыту тавараў і крыніцы сыравіны для метраполій. У манапаліст. эпоху К. сталі і сферай прыкладання капіталу. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. патрэбы прам-сці метраполій у сыравіне і барацьба паміж буйнымі індустр. дзяржавамі за рынкі збыту выклікалі новую хвалю калан. захопаў у Афрыцы і Азіі. У 1923 агульная плошча К. Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, ЗША і Японіі складала 58,5 млн. км² (больш за1/3 плошчы зямлі), у т. л. К. Вялікабрытаніі 35,2 млн., Францыі 12,2 млн. км². У 1930—40-я г. пачаўся і ў 1970-я г. завяршыўся распад калан. сістэмы, абумоўлены працэсамі сац.-эканам. развіцця чалавецтва і ростам нац.-вызв. руху ў К. Цяпер К. такога тыпу ў свеце няма. Гл. таксама Каланіялізм.

3) Паселішча перасяленцаў з інш. краіны, вобласці. У Рас. імперыі ў 18 — пач. 20 ст. К. называлі пасёлкі замежных перасяленцаў (немцаў, грэкаў, сербаў і інш.), якія атрымлівалі ад дзяржавы зямлю і займаліся сельскай гаспадаркай.

4) У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, у 1920—30-я г. тып с.-г. паселішча сялян-перасяленцаў на новаасвоеных землях (гл. Асаднікі).

5) Супольнасць землякоў у чужой краіне (горадзе); зямляцтва. У 1989 бел. К. налічвалі ў Расіі 1052 тыс. чал., на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс., у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. ад 300 тыс. да 2 млн. чал. 6) У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах СНД від папраўча-працоўнай установы.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шко́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пашкоджанне, урон, страта. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Атрад сарваў планы немцаў на ўчастку фронту, многа зрабіў ворагу шкоды. Чорны. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. // Дрэнны, небяспечны ўчынак, дзеянне; тое, што небяспечна дрэннымі вынікамі. [Міна Міхайлавіч:] — Думаю я, такі гэта цуд, што працаваць на карысць жыцця ў чалавека сілы патройваюцца, а на шкоду і рукі не падымаюцца. Во як... Краўчанка.

2. Страта, прычыненая жывёлай; патрава. Ходзіць певень па гароду, У гародзе робіць шкоду. Муравейка. Паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладаў штраф за шкоду. Гартны. // Месца на полі, у лузе, у лесе і г. д., дзе жывёла можа зрабіць патраву. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. Я памог прагнаць статак [цялят] каля шкоды. Місько.

шко́да 2, безас. у знач. вык.

Тое, што і шкада. [Галена:] — Шкода таго часу і сілы, што я патраціла за тыя часы, пакуль мяне.. дапытвалі з-за.. брахні. Чорны. [Маці:] — Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля! Мележ. Не так шкода, як невыгода. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)