мінерал падкласа простых аксідаў, двухвокіс цырконію (ZrO2). Мае ў сабе 96,5—99% ZrO2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі каротка- або доўгапрызматычныя, таблітчастыя. Колер жоўты, зялёны, карычневы, чорны. Бляск тлусты, шкляны. Цв. 6,5. Крохкі. Шчыльн. 5,4—6 г/см³. Трапляецца ў карбанатных і ультраасноўных шчолачных пародах, алмазаносных і інш. россыпах. Сыравіна для керамічнай прам-сці, вытв-сці абразіваў, ферасплаваў і атрымання метал. цырконію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНТЫ́Т (ад грэч. akantha калючка, іголка),
мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯПІ́ХАВЫ АЛЕ́Й,
алей з пладоў абляпіхі. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжава-карычневага колеру, t застывання -20 °C, шчыльн. 0,92∙103кг/м³, нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках. Мае ў сабе 11—12% насычаных тлустых кіслот (C16, C18), 23—42% алеінавай, 32—36% лінолевай, 14—27% ліналенавай кіслот, багаты карацінамі, караціноідамі, вітамінам Е.Антысептык, выкарыстоўваюць пры апёках, пашкоджаннях скуры, язвавых і інш. захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ГА (Bufo marinus),
рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.
Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Маенайб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,
здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,
трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў Гомелі ў 1955. Спецыяльнасці (1996/97 навуч.г.): металургічныя працэсы і матэрыялаапрацоўка; тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; электратэхніка. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Мае вячэрні філіял пры «Гомсельмашы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў Гомелі ў 1990 з мэтай забеспячэння ўрачэбнымі кадрамі лячэбна-прафілактычных устаноў Гомельскай і Магілёўскай абл., павышэння ўзроўню мед. дапамогі насельніцтву раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1996/97 навуч.г. — лячэбна-прафілактычны ф-т; падрыхтоўчае аддзяленне. Аспірантура з 1992. Маен.-д. лабараторыі: імуналогіі і гематалогіі, біяхіміі патагісталогіі, электроннай мікраскапіі, радыёметрыі, біяхіміі гармонаў; музей. Выдае штогод тэматычныя зборнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ АБВІНАВА́ЎЦА,
асоба, якая па даручэнні грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву прымае ўдзел у судовым разглядзе справы і выконвае функцыі грамадскага абвінавачання. Грамадскі абвінаваўца самастойны ўдзельнік судовага працэсу і не звязаны з пазіцыяй па справе дзярж. абвінаваўцы — пракурора. Ён мае права адмовіцца ад абвінавачання, калі даныя судовага следства даюць для гэтага падставу. Працэсуальнае становішча грамадскага абвінаваўцы ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентавана крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА ДЫЁД,
паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.