ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац. перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в. Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в. Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в. Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в. Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд.Колас.Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа.Брыль.
2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі.Самуйлёнак.Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы.Савіцкі.// Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты.Танк.
3.Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты.«Звязда».Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер.Шашкоў.
4.Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему.Колас.
5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды.Ваданосаў.
6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх.Танк.
7.перан.; пачым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы.С. Александровіч.
8.звычайнабез дап.(узлучэннісасловамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.
9.безас.Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?
Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата.Васілевіч.Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй.Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬТА (Malta),
Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр.ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г.Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ралют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.
Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх.ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс.ж. (1995). Каля 10 тыс.ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э. — Стараж. Рыма, у 395—870 н.э. — Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).
13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс.дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн.дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сцьпрамысл.хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс.га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал.культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.
Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс.км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд.дол., імпарт — 2,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 75,4 тыс.чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Бяроза, г.Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.
Раён займае паўд.-ўсх.ч.Прыбугскай раўніны і паўн.-зах.Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс.га, з іх асушана 36,3 тыс.га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сцьспарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),
Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел.нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр.Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г.наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ.«Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал.паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦККПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ РАЁН,
на ПнЗ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 37,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 38,4%. Сярэдняя шчыльн. 16,5 чал/км². Цэнтр — г.Браслаў, гар. пасёлкі Відзы і Друя, 667 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Ахрэмавіцкі, Далёкаўскі, Друйскі, Дрысвяцкі, Зарацкі, Казянскі, Мяжанскі, Опсаўскі, Плюскі, Слабодкаўскі, Цяцеркаўскі.
Большая ч. раёна занята Браслаўскай градой, на Пд — Дзісенская нізіна (частка Полацкай нізіны). Паверхня ўзгорыстая і раўнінная. Пераважаюць выш. 130—160 м, найвыш. пункт 210 м. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна (з Дрысвятай) і Друйка. Больш за 200 азёр (каля 10% пл. раёна). Вылучаюць Браслаўскую групу азёр. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 22,8% тэр. раёна (асобныя масівы: Богінскі, Відзаўская лясная дача, Друйская лясная дача і інш.); лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя. У межах раёна нац. парк Браслаўскія азёры. Помнікі прыроды: дуб-патрыярх у в. Опса, біягрупа лістоўніцы сібірскай каля в. Ахрэмаўцы, Слабодкаўская (озавая) града.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 98,5 тыс.га, з іх асушана 23 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 20 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну, з тэхнічных — лён. Конегадоўля. Зверагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць малочных, мясных, рыбных кансерваў; агародніна-сушыльны з-д), лёгкай (ільновалакно, швейныя вырабы), паліўнай (тарфяны брыкет) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла). На тэр. раёна канцавы пункт чыг. Варапаева—Друя; аўтадарогі ад Браслава на Шаркаўшчыну, Друю, Паставы, Даўгаўпілс (Латвія). У раёне 16 сярэдніх, 19 базавых і 11 пач. школ, 2 ПТВ, 31 дашкольная ўстанова, 35 б-к, 41 клуб, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 31 фельчарска-амбулаторны пункт, санаторый «Браслаў», турысцка-экскурсійны комплекс «Браслаўскія азёры». Арх. помнікі: Петрапаўлаўскі касцёл (1929) і царква (1908) у в. Дрысвяты; вадзяны млын канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў в. Зарачча; вянковы двор (1909) і Мікалаеўская царква (1905) у в Іказнь; царква пач. 20 ст. ў в. Кірыліна; Пакроўская царква пач. 20 ст. ў в. Мінкавічы, касцёл маці Божай Анёльскай пач. 20 ст. ў в. Мяжаны; касцёл пач. 20 ст. і сядзіба (1904) у в. Опса; касцёл пач. 20 ст. ў в. Плюсы; касцёл Сэрца Ісуса (1903) у в. Слабодка. Выдаецца газ. «Браслаўская звязда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНЦІНАЗНА́ЎСТВА, візанціністыка,
галіна гістарыяграфіі сярэдніх вякоў; комплекс Навук. якія займаюцца вывучэннем гісторыі, права, мовы і культурыВізантыі. Як асобная галіна аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ў навуцы ўсталяваўся і сам тэрмін «Візантыя». Цікавасць да Візантыі выявілася яшчэ ў раннім сярэднявеччы ў Арменіі, Грузіі, паўд.-слав. краінах і Стараж. Русі, гіст. лёсы якіх былі цесна звязаны з імперыяй. Ужо ў 10—11 ст. ў паўд. і зах. славян з’явіліся пераклады візант. хронік. У Зах. Еўропе сістэм. вывучэнне гісторыі Візантыі пачалося ў эпоху Адраджэння. У Францыі з сярэдзіны 17 да пач. 18 ст. выдадзены т.зв. Парыжскі шматтомны корпус візант. апавядальных помнікаў. Заснавальнікам навук. візанціназнаўства ў Вялікабрытаніі быў Э.Гібан. У Германіі з 1828 стаў выходзіць т.зв. Бонскі корпус — «Збор аўтараў па візантыйскай гісторыі» (у 1897 — 50-ы том). У 1892 ням. філолаг і літаратуразнавец К.Крумбахер заснаваў спец.час.-штогоднік «Byzantinische Zeitschrift» («Візантыйскі часопіс»), які стаў важнейшым арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. У Рас. імперыі станаўленне візанціназнаўства завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Асн. ролю ў ім адыграў В.Р.Васільеўскі. Ён у 1894 заснаваў час.-штогоднік «Византийский временник», які таксама стаў арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі Ф.І.Успенскі, М.А.Скабалановіч, Б.А.Панчанка, К.М.Успенскі і інш.Вял. ролю адыгралі працы Н.П.Кандакова па мастацтве Візантыі. Асабліва значнага развіцця дасягнула візанціназнаўства ў перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі і пасля 1945. Узніклі новыя навук. цэнтры і школы візанціназнаўства, у Францыі, ЗША, Аўстрыі і інш. выйшлі новыя спец. выданні [час. А.Грэгуара, «Byzantion» («Візантыя») у Бельгіі і інш.]. Буйны цэнтр візанціназнаўства склаўся ў ЗША, у ФРГ створана філолага-крыніцазнаўчая школа Ф.Дзёльгера, Г.А.Астрагорскі ў Югаславіі напісаў першы поўны курс візант. гісторыі. У СССР у 1930-я г. буйны арганізац.навук. цэнтр візанціназнаўства пад кіраўніцтвам М.В.Леўчанкі створаны ў Ленінградзе, а пасля вайны і ў Маскве (у Ін-це гісторыі АНСССР група візанціназнаўства пад кіраўніцтвам Я.А.Касмінскага). Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі сав. вучоныя З.В.Удальцова, Г.Л.Курбатаў, Г.Г.Літаўрын, В.М.Лазараў, В.Дз.Ліхачова і інш. Важнейшыя навук. цэнтры сучаснага візанціназнаўства дзейнічаюць пры ун-тах і АН Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Расіі, Францыі і інш. На Беларусі пытанні візанціназнаўства распрацоўваюцца ў БДУ.
Літ.:
История Византии. Т. 1—3. М., 1967;
Удальцова З.В. Советское византиноведение за 50 лет. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́З, ікона,
1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.
2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл.Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.
Першыя абразы вядомы з 2 ст.н.э.Найб.стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.Рублёў, Феафан Грэк).
На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст.Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.
Літ.:
Гл. пры арт.Іканапіс.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Абраз. А.Рублёў. Спас. 1420-я гады.Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культурыІМЭФАН Беларусі.Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),
метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.
У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл.Абстрактнае і канкрэтнае).
Літ.:
Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;
Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;
Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.