пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і прыглядзе́цца, ‑гляджуся, ‑глядзішся, ‑глядзіцца; зак.

1. Уважліва паглядзець, каб добра ўбачыць, разгледзець. Нарэшце, салдат прыгледзеўся, заўважыў далёка ўжо ад сябе рухавае святло.. ліхтарыкаў. Чорны. [Дзімін:] — Во сіла, думаю, выпірае з зямлі. Такі пласт падняла і прабівае яго. Што гэта можа быць? Прыгледзеўся, ажно адуванчык. Карпаў. — Працёр вочы, каб, значыць, лепей прыелядзецца і тут табе ўсё. Праехалі. Ракітны. // Уважліва вывучыць, даследаваць што‑н., паназіраць за чым‑н. На разведку выйшлі загадзя, мяркуючы яшчэ завідна падысці да вёскі, спыніцца непадалёку ад яе, добра прыгледзецца, раней чым прабірацца ў гарнізон. Шахавец. — Дарафей Іванавіч, праект скласці не так проста. Прыгледжуся, прыкіну, тады скажу. Дуброўскі. І калі прыглядзецца, прыслухацца да гэтай нарады збоку, нават не падумаеш, што тут штаб вялікай шматгаліннай гаспадаркі. Карпюк.

2. да каго-чаго і без дап. Асвойтацца з кім‑, чым‑н., прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. [Ярохін] вельмі хутка, прыгледзеўшыся да людзей і абставін, паставіў перад сабой мэту і ўпарта.. дамагаўся яе ажыццяўлення. Шамякін. // каму і без дап. Надакучыць, абрыдзець, перастаць цікавіць. — Абрыдла, брат, мне тут. Ўсё прыгледзелася і прыелася. Колас.

3. Прывыкнуць глядзець у якіх‑н. умовах (звычайна ў цемры). Вочы прыгледзеліся ў пацёмках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць кароткім або больш кароткім. Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Хомчанка. Я павярнула, каб скараціць шлях, у сквер. Савіцкі. Вершы Танка нельга дапоўніць дадатковымі строфамі або скараціць. Кучар. Настаўніца не толькі выправіла граматычныя памылкі, але і скараціла тэкст. Жычка. // Зрабіць менш працяглым у часе. Скараціць рабочы дзень. □ — Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. Васілевіч. // Заняць, запоўніць час чым‑н.; зрабіць менш прыкметным час працякання чаго‑н. — Мо шахматы прынесці? — пытаецца Меер. — Давай, скароцім час. Карпюк. Відаць, .. [суседу Міхася] таксама было холадна і нудна, ён гаворкай хацеў скараціць чаканне раніцы. Машара. // Замест поўнай назвы абазначыць што‑н. пачатковай літарай, часткай слова і пад.

2. Зменшыць, абмежаваць колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Скараціць штаты. □ Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Паслядовіч. // Звузіць, зменшыць (вытворчасць, выраб чаго‑н. і пад.). Скараціць вытворчасць.

3. Разм. Звольніць (з работы, службы). Але тут пачаліся розныя непрыемнасці на фабрыцы. Скарацілі чамусьці з сотню рабочых. Лынькоў.

4. У матэматыцы — падзяліўшы на які‑н. лік, выразіць у меншых ліках. Скараціць дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счуць, счую, счуеш, счуе; зак.

Разм.

1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.

2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.

3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.

4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.

5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.

1. Прыціскацца, набліжацца да каго‑, чаго‑н. Захопленая ліўнем у полі жывёла ціснулася адна да другой. Васілевіч. У капліцы было холадна, і, як ні ціснуліся Надзя з Ванем адно да аднаго, не маглі сагрэцца. Бураўкін.

2. Стаяць, сядзець, размяшчацца цесна, блізка адзін да аднаго. Суседзі [Пеці] перабраліся на іншыя парты і цяпер там ціснуліся аж па чацвярых. Ракітны. Унізе, ля падножжа і па схілах горкай грады, ціснуцца на вузкіх вуліцах маленькія аднапавярховыя мураванкі і драўляныя дамы. В. Вольскі. // Жыць у цеснаце. У гэтым пакоі і жыве Алена з той пары, як пераехала сюды з хаты.., дзе ціснулася тры сям’і пагарэльцаў. Мележ.

3. Пасоўвацца, набліжацца цясней адзін да аднаго, каб вызваліць месца. — Калі ласка, юнак, садзіся! — стары ахвотна ціснецца на лаве. Карпюк. // Штурхаючыся, ісці, рухацца куды‑н. З-за рэчкі ціснуцца каровы. Колас. Алег памалу ціснуўся да пярэдніх дзвярэй. Ярашэвіч. / у паэт. ужыв. Ідзе прэм’ера. І паўнатвары Месяц магам З пытаннем ціснецца ў дзверы: Ці будуць новыя аншлагі? Тармола.

4. перан. Разм. Скупіцца, скнарнічаць. Прасілі, каб я загадаў Рошчысе раскашэліцца, не ціснуцца, як звычайна, і выставіць звыш нормы з НЗ. Шамякін.

5. Зал. да ціснуць ​1 (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цудо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цудам (у 1 знач.), робіць цуды (у 1 знач.). І стаў Іванка.. на цудоўнай дудцы іграць. Якімовіч.

2. Вельмі добры; выдатны, адмысловы. Цудоўны будынак. Цудоўнае надвор’е. □ На дварэ была цудоўная летняя ноч. Чарнышэвіч. // Які вылучаецца высокім майстэрствам, незвычайным талентам. [Клава:] — Я ўпэўнена, што .. [Праменны] цудоўны паэт, а вы [Язва] яму зайздросціць. Крапіва. // Вельмі добры па характару, паводзінах і пад. (пра чалавека). — Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне? — Здаецца, не. — Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Васілёнак. [Аня:] — Каб вы [Казанцаў] ведалі, які цудоўны чалавек мой муж! Васілевіч.

3. Незвычайна прыгожы; маляўнічы. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Зарэцкі. Струменьчык вады.. пераліваецца цудоўнай вясёлкай. Даніленка. // Цікавы, захапляючы. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка. Шыловіч.

4. Прыемны; дзіўны. Цудоўны водар. □ Цудоўны пах расцвітаючых ліп ліўся з парку. Чарнышэвіч. // Мілагучны (пра голас, гукі). Цудоўны голас. Цудоўныя спевы. □ Я сяджу на высокім узгорку і слухаю гэтую цудоўную сімфонію вясны. Ігнаценка.

5. Небывалы, нябачаны. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

6. Жыватворны, цудадзейны. Хто спеў хоча скласці такі, Каб песня душу акрыляла, — Напіся з цудоўнай ракі: Рака гэта Янка Купала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. каго. Адчуваць жаль, спагаду да каго‑н. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак, Свайго камунара Шкадавалі так. Купала. Шкадуюць людзі палячку, наракаюць на Арцёма за ганарлівую натуру. Гарэцкі. Ганька шкадуе цётку, і ёй хочацца зрабіць цётцы хоць нейкую палёгку, хоць чым дапамагчы ёй. Васілевіч.

2. каго-што і чаго. Берагчы, ашчаджаць. [Людзі] не шкадавалі і жыцця, каб абараніць свае землі і сваю справу. Шахавец. Толькі іграйце, музыкі, мацней, Ды не шкадуйце цымбал і смыкоў. Танк. // Не даваць, скупіцца. Да таго ж, у гэтай прыгодзе з аброццю або ў хітрыках дзеда, які шкадаваў унучцы ежы, было мінулае Шарупічаў. Карпаў.

3. аб чым і з дадан. сказам. Смуткаваць, бедаваць з прычыны чаго‑н. Гануля шкадавала, што ўвечары больш яна гаварыла, ёй хацелася, каб Яўхім расказаў усё-усё, дзе ён быў і што бачыў, як людзі жывуць на свеце. Гурскі. Не шкадую я аб згубленым, Рад таму, што знойдзена. Звонак.

4. з інф. Не адважвацца што‑н. зрабіць. Максім прыдзірліва сачыў за спідометрам, шкадаваў праехаць лішні кіламетр. Шамякін. Трэба было ісці, а я нібы шкадаваў наступаць на месца, дзе толькі што ступала яна. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,

наступальныя аперацыі сав. войск у жн.снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял. Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.

Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд. ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.​Ф.​Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.​С.​Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.​Я.​Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер. ген. арміі Ф.​І.​Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.​Д.​Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.​І.​Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.

Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.​Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).

У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл. Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял. Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн. чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.

А.​С.​Харэбін.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),

паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.

У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.

Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.

Л.​А.​Лобан.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),

Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел. нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр. Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г. наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.​Абрантовіч, Л.​Хвецка, А.​Станкевіч, В.​Гадлеўскі, Ф.​Будзька, А.​Зязюля (А.​С.​Астрамовіч), К.​Сваяк (К.​Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ. «Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.​Ф.​Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал. паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.

У.​Ф.​Ладысеў.

Да арт. Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Сядзяць (злева направа): А.​Станкевіч, Я.​Германовіч, В.​Гадлеўскі; стаяць: П.​Татарыновіч, С.​Глякоўскі.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)