свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́ць 1, свячу, свеціш, свеціць; незак.

1. Выпраменьваць святло ў прастору. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. Спі, маленькі мой сыночак! Вочкам не міргні: Свеціць месяца кружочак, Ты ж аб долі спі. Купала. Па небе плыў, амаль што бег месяц, была ноч, свяцілі то тут, то там, прарэзаўшыся праз рэдкія хмары, зоры. Сачанка. Грукала цяпер ужо цішэй і недзе збоку, далёка за Лонвай. Толькі маланкі свяцілі і свяцілі, ад іх рабілася цямней і на дарозе, і ў полі. Пташнікаў. // Накіроўваць святло асвятляльнага прыбора ці іншай крыніцы святла ў які‑н. бок. Убачыўшы Курловіча,.. [Дзям’ян] працягнуў з падкрэсленай пашанай: «А-а-а!» — і стаў, ідучы, старанна свяціць яму пад ногі. Дуброўскі. Архіп Паўлавіч дастаў ліхтарык і доўга свяціў ім. Шашкоў. // перан.; каму. Прыносіць радасць, шчасце, здавальненне. Я помню толькі ясныя раніцы, ясныя дні і вечары, бо Ганіна каханне свяціла мне, як само сонца. Чарнышэвіч. Жыў чалавек на свеце, Якому лёсам суджана было Сказаць, Што шчасце толькі смелым свеціць, Што толькі ў рэвалюцыі святло... Свірка.

2. Ззяць, адбіваючы святло, прамені. На гімнасцёрцы ветэрана свяцілі медалі. // Вылучацца сярод іншых прадметаў сваім светлым колерам, быць бачным, віднецца (пра што‑н. светлае). Белымі прамавугольнымі плямамі свяціла падлога. Гэта сталяр уставіў на месца праламаных дошак новыя. Нядзведскі. Меншы [хлопец] быў у вялікай чорнай кепцы — пасунулася аж на вочы; з’ехалі штаны, і на спіне свяціла голае цела — вузкай белай палоскай. Пташнікаў. // Выглядаць, быць старым, трухлявым і пад. (пра дзіравае адзенне, збудаванне і пад.). Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе. Пестрак.

3. перан. Іскрыцца святлом радасці (пра вочы); быць азораным унутраным святлом (пра твар). Ты ж, як праходзіш знаёмаю сцежкай, свеціш сустрэчным гарэзнай усмешкай. А. Вольскі. Аб шчасці марыцца, калі Нязгасным бляскам вочы свецяць... Тарас.

4. Траціць здольнасць бачыць; слепнуць (пра вочы). [Дзед:] Вочы дрэнна ўжо свецяць, Пачытай ты мне, голубе. Гілевіч. Ледзь не грудзьмі ўзлёгшы на руль, выехаў [каваль] з гаража, узяўся на дарогу і тут адчуў, што і рукі млеюць, і вочы слаба свецяць. Кулакоўскі.

5. перан. Заставацца неўміручым, вечным. Але песня не памерла, яна свяціла і будзе свяціць праз вякі, бо толькі ў ёй ідэал народнага шчасця. Навуменка. Памяць пра Коласа... Гэта яго кнігі, якія будуць свяціць вечна. «ЛіМ».

•••

Свяціць вачыма — аказацца ў няёмкім становішчы, знаходзіцца ў стане разгубленасці.

Свяціць голым целам — быць апранутым у падраную вопратку, бедна.

свяці́ць 2, свячу, свеціш, свеціць; незак., каго-што.

Выконваць над кім‑, чым‑н. царкоўны абрад асвячэння; асвячаць. Свяціць ваду. Свяціць хлеб. □ З самае раніцы ў царкву, што стаяла за мястэчкам, ішлі людзі свяціць вярбу. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сон 1, сну, м.

1. Фізіялагічны стан спакою арганізма, пры якім поўнасцю або часткова спыняецца работа свядомасці і аслабляюцца некаторыя фізіялагічныя працэсы. Хіліць да сну. Адагнаць сон. Прачнуцца ад сну. □ Сон валіў усіх; з чорнага неба цадзіўся нудны дожджык, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней. Мележ. Толькі на досвітку Сідар супакоіўся і заснуў, але сон быў трывожны, і ён не адпачнуў. Гартны. / Аб жаданні або магчымасці ўпадаць у гэты стан. [Булай:] — А як у вас сон? Нармальны? [Алесь:] — Не скарджуся. Шыцік. Не пытайся ж, маці, Не пярэч ты выйсці: І цябе ў семнаццаць Сон не браў калісьці. Гілевіч. // Спячка (пра жывёлін). Зімовы сон мядзведзя. // перан. Зімовы спакой, здранцвенне прыроды. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі, і ў грамадку Яны ваду сваю злівалі, Ад сну гаі, лясы будзілі І людзям душу весялілі. Колас. Яблыні, ахутаныя інеем, Да вясны заснулі моцным сном. Смагаровіч. // перан. Пра пасіўнае існаванне каго‑, чаго‑н. Народу, абуджанаму ад векавога сну, патрэбны былі выражальнікі яго дум і пачуццяў. Ярош. Беларускі народ Скінуў цяжкі свой сон, Сталі явай адвечныя мары. Журба.

2. Тое, што сніцца. Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч і адразу ўбачыла сон. Шамякін. Ноччу мне прысніўся.. страшны сон — вайна. Карпюк. // Пра што‑н. ілюзорнае, незвычайнае. Гэта былі не вёдры, не начоўкі, не лыжкі, а дзіўны сон пекных форм. Бядуля. // Пра мару, летуценне. Чакаюць людзі свайго свята, Ажыццяўлення сваіх сноў. Колас. Ёсць настроі... А ў іх — пералівы. Ёсць часіны — здаюцца сном. Лявонны. Яваю стапецца сон мільёнаў. Купала.

•••

Летаргічны сон — тое, што і летаргія.

Багатырскі сон — моцны сон.

Выбіцца са сну гл. выбіцца.

Забыцца сном (у сне) гл. забыцца.

Заснуць вечным сном гл. заснуць.

І ў сне не снілася гл. сніцца.

Праз (скрозь) сон — у час сну.

Са сну — толькі што прачнуўшыся.

Сон у руку (жарт.) — пра сон, які спраўдзіўся.

Спаць вечным сном гл. спаць.

Спаць мёртвым сном гл. слаць.

Як (нібы) праз (скрозь) сон — няясна, невыразна. Бацькоўскую хату і бацькоў памятаю нібы праз сон. Бядуля. — Чуеш, дзед, як вада шуміць у сенцах? — Чую, дык што? — як праз сон адказаў Яўсей. Пальчэўскі.

Як у сне — пра стан чалавека, які паглыблены ў свае думкі і нічога не заўважае вакол сябе. Да самай пятніцы [Гендарсан] жыў як у сне. Чарнышэвіч.

сон 2, сну, м.

Травяністая расліна сямейства казяльцовых з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну. Ніколі не бачыла, як расце сон — буйныя ліловыя званкі на крохкіх калматых ножках. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе сустрэць каго‑н. Першы чалавек, якога .. [Грэк] спаткаў, выйшаўшы з «газіка», была Алена Собаль. Паслядовіч. Каля універсітэцкага гарадка .. [Леанід] спаткаў Надзю. Шахавец. Лізавета .. абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца. Чорны. // Убачыць што‑н., што трапляецца на шляху. Мы спадзяваліся на ўдачу: увечары гаспадар расказваў нам, што тут можна спаткаць мноства дзічыны. Гурскі. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., атрымаць у адказ чый‑н. погляд. Не зірнуў [Гардзей], а нібы наскрозь працяў чалавека, хаваючы .. ад яго сваю ўважлівасць. Шкробат спаткаў нядобразычлівы позірк. Мележ. // перан. Знайсці каго‑, што‑н.; сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Што ж, я сёння больш у сэрцы, Чым калісьці, сілы маю. Дзе ні будзеш ты на свеце — Я знайду цябе, спаткаю! Гілевіч. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Не дужа артысты маглі б пахваліцца такім поспехам, які спаткаў Манга. Маўр. Відаць, Усе як ёсць пазналі Дні ліха, Ростань з цішынёй: У час адзін Бяду спаткалі Паланга, Брэст і Кішынёў. Калачынскі.

2. Выйсці сустрэць, прывітаць каго‑н.; прыняць каго‑н. Ужо аркестр [і]грае на адным узроўні з намі, і мы зусім блізка бачым твары людзей, што сабраліся, каб спаткаць жскурсію пісьменнікаў Савецкага Саюза. Галавач. На хутары .. [Зосю] спаткалі ласкавей, як учора. Чорны. / у перан. ужыв. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, надыход чаго‑н. Спаткаць недаверліва прапанову калегі. Спаткаць артыстаў апладысментамі. □ На гарызонце паказаліся самалёты. Яны хутка набліжаліся. Іх спаткалі буйнакаліберныя кулямёты. Гурскі. [Блакада] падкралася зусім непрыкметна і, здаецца, зусім нечакана, значыць — зусім не тады, калі яе меркавалі спаткаць. Брыль. Калі завітае няшчасце, Прыход яго мужна спаткай. Прануза.

3. Дачакацца пачатку, наступлення, з’яўлення і пад. чаго‑н. Раман ужо па полі, ходзячы за плугам, спаткаў усход сонца. Колас. Выйсці ў поле, дзе нівы шумяць Там, за ракою, Першую зорку ў небе спаткаць Толькі з табою. Русак. Шчыра, з радасцю бязмернай Сёння прымем самалёт: Прылятаюць піянеры, Каб спаткаць тут Новы год. А. Александровіч.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Спаткала, спасцігла [Напалеона] адплата У гэтай краіне чужой. Бялевіч. — Ты не плач, больш цябе не спаткае бяда — Будзе маці табе ўся Радзіма... Гілевіч. А тут і спаткала абодвух ваяк Вялікая ростань На некалькі год. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ў сярэдзіне, паміж двума пунктамі, прадметамі, дзвюма лініямі і пад.; аднолькава аддалены ад краёў, канцоў чаго‑н. Яны [Міхал і Антось] лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія. Крапіва. // Другі (другая) па ўзросту з трох (дзяцей, братоў, сясцёр). Наташа была сярэдняй у сям’і калгаснага каваля Івана Янкевіча. Шамякін. [Бацька:] — Сыны мае родныя,.. прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. Якімовіч.

2. Прамежкавы па сваіх уласцівасцях, прыкметах паміж дзвюма крайнімі (процілеглымі) уласцівасцямі, прыкметамі (паміж вялікім і малым, цяжкім і лёгкім, высокім і нізкім і пад.). Баксёр сярэдняй вагі. Абутак на нізкім, сярэднім і высокім абцасе. □ [Юстын:] Ну, росту быў [аграном] такога вось, як і ты, сярэдняга. Краўчанка. У Буханцава, хоць узрост яго толькі набліжаецца да сярэдняга, за плячыма немалы вопыт афіцэра-пагранічніка. Хадкевіч. Усім жывым — дзядам і дзіцянятам, І хто ў сярэдні ўвабраўся век, Бабулям рупным, модніцам-дзяўчатам — Адзін заўсёды служыць чалавек. Лось. // Які аб’ядноўвае ў сабе прыкметы, уласцівасці двух розных прадметаў, дзвюх з’яў. Гаварыць тонам, сярэднім паміж просьбай і загадам. □ Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на «а», вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між «а» і «о». Караткевіч. // Які займае прамежкавае становішча паміж старшымі і малодшымі па званню, пасадзе і пад. Сярэдні медыцынскі персанал. // Які займае прамежкавае становішча паміж двума класамі, дзвюма грамадскімі групоўкамі і пад. Дробная і сярэдняя буржуазія. Сярэдняе сялянства.

3. Ні добры, ні дрэнны; пасрэдны. Сярэднія здольнасці. // Які нічым не вылучаецца; звычайны, радавы. Сярэдні вучань. □ [Клава:] — Скажу я табе [Язэп] шчыра, што і камандзір ён [Гаравы] быў сярэдні. А вось як камандаваў спачатку падрыўнікамі — сваю справу рабіў. Асіпенка. Іхняя брыгада [маляроў] у рамонтна-будаўнічай канторы лічылася сярэдняй: не было яшчэ выпадку, каб яна вырвалася наперад. Даніленка.

4. Не вышэй звычайнага ўзроўню, нормы. Сярэднія патрабаванні.

5. Атрыманы дзяленнем сумы некалькіх велічынь на іх колькасць; тыповы для дадзенай групы з’яў. Сярэдняя гадавая тэмпература. Сярэдняя заработная плата. Сярэдняя велічыня.

6. у знач. наз. сярэ́дняе, ‑яга, н. У матэматыцы — велічыня, якая атрымліваецца ад дзялення сумы некалькіх лікаў на іх колькасць. Сярэдняе арыфметычнае.

•••

Сярэдняе вуха гл. вуха.

Сярэдняя школа гл. школа.

Вышэй (ніжэй) сярэдняга — вышэй (ніжэй) якой‑н. нормы.

Сярэдняй рукі гл. рука.

У сярэднім — выходзячы з сярэдніх велічынь, паказчыкаў, норм; прыблізна. Жывуць зубры ў сярэднім да трыццаці — пяцідзесяці год. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убі́цца, уб’юся, уб’ешся, уб’ецца; уб’ёмся, убяцеся, уб’юцца; заг. убіся; зак.

1. Разм. Улезці, забрацца ўнутр чаго‑н., куды‑н. Пасля .. [жанчына] ўсё як найлепш расказала — і як выйсці на сцежку, і як перайсці кладкі, і па які бок пакінуць грудок, каб не ўбіцца ў багну. Быкаў. Ахопленыя жахам,.. [Пацейчык і Клебер] пайшлі назад і ўбіліся ў нейкі забалочаны хмызняк. Чорны. Падлеткі хлапчукі бегалі пад вокнамі, спявалі прыпеўкі і як мага стараліся ўбіцца ў хату, каб хоць адным вокам зірнуць на гульні і скокі. Каваль. Убіўся [дзядуля] .. у самы натоўп, узлез на нечы воз і пачаў крычаць на ўсе бакі. Гарэцкі. // Зайсці, залезці ў недазволенае месца, у шкоду. [Конь] убіўся з калёсамі ў жыта, прагна хапае мокрымі губамі амаль даспелае калоссе. Навуменка. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. // Шчыльна прытуліцца да чаго‑н. Убіцца тварам у падушку. // Унурыцца ў што‑н. Максім сеў каля стала плячыма да дзвярэй і, убіўшыся ў .. табліцу, пачаў вывучаць яе на памяць. Машара. Мужчыны ўсё сядзелі, убіўшыся насамі ў карту. Пташнікаў.

2. перан. Разм. Пранікнуць у якое‑н. асяроддзе; уцерціся, улезці куды‑н. [Наўмыснік:] — Я службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся, але доўга не набыў. Чорны. І Стаха знаходзяць — убіўся ў прымакі да палескага дзядзькі. Лужанін. [Вольга] ўжо не спадзявалася на зварот мужа, чамусь[ці] была ўпэўнена, што з яго языком удасца яму дзе-небудзь убіцца. Васілевіч.

3. З сілай уваткнуцца ў што‑н. (звычайна пра што‑н. вострае). Сякера ўзнялася ўгору, бліснуўшы на сонцы ясным бляскам гладкага металу, і з сілаю ўбілася ў калоду. Мурашка.

4. Утаптацца, утрамбавацца, стаць больш цвёрдым, гладкім. Сцежка ўбілася.

5. перан. Разм. Улезці; прыстаць (пра хваробы, няшчасці і пад.). [Сымон:] — Хвароба як убілася ў хату, дык і не вылазіць. Чарнышэвіч. [Люба:] То ўставайце, покуль курч у ногі не ўбіўся, ды на бераг хутчэй. Козел.

6. перан. Разм. Заняцца чым‑н. да забыцця ўсяго астатняга. [Бацька:] — Хата ледзьве ліпіць, хлеў таксама стары, А ты ўбіўся ў гэту ячэйку. Глебка.

7. Разм. Не выходзіць, не ісці (з галавы, думак). Тыдні са два не бачыла Арына агранома.. Улез у галаву, убіўся, спакою не дае. Б. Стральцоў. У мяне з галавы не выходзіла Іра. І чаго яна ўбілася ў думкі? Сабаленка.

•••

Убіцца ў давер’е (давер) — тое, што і увайсці ў давер’е (давер) (гл. увайсці).

Убіцца ў ласку чыю — дамагчыся чыёй‑н. прыхільнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́цца, удамся, удасіся, удасца; удадзімся, удасцеся, удадуцца; пр. удаўся, удалася, ‑лося; заг. удайся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паспяхова ажыццявіцца, завяршыцца. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай і ўварвацца ў пушчу на гэтым участку — не ўдалася. Брыль. Справа ўдалася, і цяпер .. [Уладзік] ідзе, спакойны і ў добрым гуморы. Крапіва. Узрушаны, задуманы і крыху разгублены, Крывахіж уздыхнуў: палёт у зону ўдаўся. Алешка. // Атрымацца, выйсці вельмі добрым, удалым і пад. Іван Навумавіч не памыліўся: ураджай сапраўды ўдаўся незвычайны. Якімовіч. Аднаго разу ў Лукашыхі не ўдаўся хлеб: чамусьці выйшаў .. з закальцам. Сабаленка. [Сальвэсь:] — Не ўдалося мне жыццё, дык чаму павінны яшчэ бацькі мае пакутаваць? Чорны. // (часцей у пр. часе). Пра людзей, жывыя істоты. З выгляду Пятрок не вельмі прыкметы: ростам не ўдаўся, з твару худы, рыжанькі. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца якім‑н. (што мае якія‑н. якасці, уласцівасці). Дзень удаўся дажджлівы. Бядуля. Світанак удаўся пагодны, Звініць на лугах касавіца. Зарыцкі. Для поўнай урачыстасць, для спаўнення чаканай радасці ўсіх удзельнікаў паездкі, пагода ўдалася ціхая і ясная. Грамовіч. // (часцей у пр. часе). Разм. Пра людзей, жывыя істоты. [Сымон:] Які я ўжо ўдаўся, такі і буду. Купала. А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Якімовіч. Пад лета з Мурвы вырас і ўдаўся добры сабака, падгалісты, злы. Капыловіч.

3. безас. каму і з інф. Аказацца магчымым зрабіць што‑н.; пашчаслівіцца. З вельмі вялікімі намаганнямі .. [радысту] ўдалося прабрацца да ракі. Шамякін. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго [Лабановіча] — маладыя ногі, да хады прывычныя. Колас. Некуды трэба было зайсці [Паходню], бо дома .. пазбавіцца пачуцця адзіноты не ўдасца. Хадкевіч.

4. (часцей у пр. часе), у каго. Урадзіцца, вырасці падобным на каго‑н. [Іваноў:] Ну і характар у цябе. Нябожчыца маці была мяккай душы чалавек. Ты ў каго ўдаўся? Кучар. Максім удаўся не ў шчуплага бацьку. У хлопца былі шырачэзныя плечы, пудовыя кулакі. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Урэзацца, зайсці далёка ў глыб чаго‑н. Бераг удаўся ў мора. // Запасці. Вочы [Петруся] ўдаліся глыбей у арбіты. Гартны.

6. перан.; у што. Унікнуць, паглыбіцца ў што‑н., аддацца якой‑н. дзейнасці; захапіцца чым‑н. Удацца ў сутнасць справы. □ Вера ўдалася ў пісанне, [Марына Паўлаўна] з прагавітай увагай разглядала яе схілены над паперай твар. Зарэцкі. // Аддацца якому‑н. пачуццю, упасці ў які‑н. стан. Удацца ў тугу. Удацца ў фантазію.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнтр, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы. Бядуля. Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера. Шамякін. // Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Колас. Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык. Васілевіч.

3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы. «Звязда». // перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты. Бугаёў. — Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч. Рамановіч. // Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група. Скрыган.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.

5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай. Калачынскі. // У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр». «Маладосць».

6. Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.

7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота». Ленін.

8. Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.

•••

Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.

Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.

Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

[Лац. centrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)