зварка плаўленнем, пры якой канцы дэталей, што злучаюць, награваюць электрычнай дугой Дугавы разрад запальваецца паміж вырабам і электродам або толькі паміж электродамі. Цяпло дугі плавіць метал вырабу і электрода (пры няплаўкім электродзе — прысадачнага прутка). Ванна вадкага металу, што ўзнікае ў месцы зваркі, пры астыванні моцна злучае вырабы.
Адрозніваюць Д.з.: ручную і аўтаматычную; плаўкім (стальным, алюмініевым, медным і з іх сплаваў) і няплаўкім (вальфрамавым, вугальным, графітавым) электродамі; газаэлектрычную зварку, зварку пад флюсам (які ахоўвае метал ад акіслення і азатавання; робіцца спец. трактарам для Д.з.), пакрытым электродам (з ахоўнай абмазкай), сціснутай дугой (гл.Плазменная зварка). Пры Д.з. выкарыстоўваюць пастаянны ток (ад зварачнага пераўтваральніка) або пераменны (ад зварачнага трансфарматара). Д.з. выкарыстоўваецца пры вытв-сці зварных канструкцый, а таксама для наплаўлення, часам рэзання металаў, злучэння шкла, фарфору, пластмас і інш. Адкрыта ў 1881 М.М.Бенардосам. У 1888 М.Г.Славянаў распрацаваў спосаб Д.з. з металічным плаўкім электродам, пабудаваў першы зварачны генератар пастаяннай а току.
Літ.:
Гл. пры арт.Зварка.
М.М.Кунцэвіч.
Дугавая зварка: а — пакрытым электродам (1 — метал шва, 2 — расплаўлены метал, 3 — шлакавая корка, 4 — кропля металу электрода, 5 — расплаўленае пакрыццё, 6 — металічны стрыжань электрода, 7 — пакрыццё); б — тыпы злучэнняў (1—3 — стыкавыя, 4 — таўровае, 5 — унакладку, 6 — з адбартоўкай краёў).Схемы дугавой зваркі: а — плаўкім электродам; б — няплаўкім электродам; в — дугой ускоснага дзеяння; г — пад флюсам; 1 — электрод; 2 — дуга; 3 — загатоўкі, якія зварваюцца; 4 — прысадачны пруток; 5 — грануляваны флюс; 6 — ахоўны газавы пузыр; 7 — шлакавая корка на зварным шве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
мікрагетэрагенныя сістэмы з 2 (ці больш) фаз з вельмі развітай паверхняй падзелу паміж імі. Маюць лішак свабоднай энергіі, павышаную хім., часам біял. актыўнасць, і, як правіла, тэрмадынамічна няўстойлівыя. Уласцівасці Д.с. вывучае калоідная хімія. Д.с. вельмі пашыраны ў прыродзе (горныя пароды, глебы, грунты, туманы, воблакі, атм. ападкі, раслінныя і жывёльныя тканкі).
У Д.с. адна з фаз утварае неперарыўнае дысперсійнае асяроддзе (ДА), у яго аб’ёме размеркавана дысперсная фаза (ДФ) у выглядзе дробных крышталікаў, кропель ці бурбалачак. Паводле дысперснасці (памеру часцінак ДФ) адрозніваюць грубадысперсныя (1 мкм і больш) і тонкадысперсныя ці калоідныя сістэмы (ад 1 нм да 1 мкм); паводле агрэгатнага стану ДА — аэрадысперсныя сістэмы (аэразолі), вадкадысперсныя (золі, суспензіі, пены, эмульсіі), цвёрдадысперсныя (шклопадобныя ці крышт. целы, напр., рубінавае шкло, мінералы тыпу апалу, пенаматэрыялы). Па інтэнсіўнасці малекулярнага ўзаемадзеяння паміж фазамі адрозніваюць ліяфільныя і ліяфобныя Д.с. (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя Д.с. тэрмадынамічна ўстойлівыя, утвараюцца самаадвольна ў выглядзе высокадысперсных сістэм (калоідных раствораў). Ліяфобныя сістэмы маюць тэндэнцыю да самаадвольнага ўзбуйнення часцінак ДФ (гл.Каагуляцыя, Каалесцэнцыя), таму яны існуюць толькі са стабілізатарамі — рэчывамі, якія адсарбіруюцца на паверхні падзелу фаз і ўтвараюць ахоўныя слаі, што перашкаджае збліжэнню часцінак. Д.с. бываюць бесструктурныя і структураваныя (напр., гелі). Утвараюцца ў выніку кандэнсацыі, калі зародкі, што ўзніклі ў гамагенным асяроддзі (перанасычаны раствор, пара, расплаў), не могуць расці неабмежавана, ці пры дыспергаванні.
Літ.:
Урьев Н.Б. Высококонцентрированные дисперсные системы. М., 1980;
Коагуляционные контакты в дисперсных системах. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРЫ́Т (Dēmokritos) з Абдэры
(каля 460 г. да н.э. — ?; па некат. звестках пражыў больш за сто гадоў),
старажытнагрэчаскі філосаф, адзін з заснавальнікаў ант.атамістыкі. Напісаў каля 70 твораў па філасофіі, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, тэорыі музыкі і інш. Да нас дайшло каля 300 фрагментаў, пераважна з этычных твораў. Адным з гал. вытокаў філас. вучэння Д. служаць погляды Леўкіпа. У сваёй тэорыі пазнання Д. абгрунтоўваў думку пра існаванне 2 груп ведаў: заснаваных на пачуццях і на працы розуму; калі пачуцці ў стане прынесці няпоўныя, недакладныя і непраяснёныя («цёмныя») звесткі аб навакольнай рэчаіснасці, то чалавечае мысленне забяспечвае веды аб сапраўднай, г.зн. атамнай прыродзе рэчаў, таму што ўспрыманне і разуменне сутнасці атамаў даступны выключна розуму. Паводле некат. звестак, Д. пашырыў атамістычную тэорыю на тлумачэнне такіх філас. катэгорый, як час і прастора. Прытрымліваўся высновы аб неабходнай і заканамернай сувязі паміж усімі прадметамі і з’явамі прыроды і грамадства, лічыў, што гал. мэта пазнання — знаходжанне прычын прыродных і гіст. працэсаў. Значнае месца ў яго творчасці займаюць распрацоўка і паглыбленне тэорыі Леўкіпа аб касм. віхрах, дзе побач з поглядамі пра атамную будову касм. цел выказаны цікавыя здагадкі аб дыферэнцыяцыі касм. светаў, у прыватнасці адносна існавання жыцця. Д. правёў параўнанне паміж чалавечым арганізмам (мікракосмасам) і космасам. Свае сац.-паліт. погляды ён канцэнтраваў на праблемах дэмакратыі; ідэальнай формай дзяржаўнасці лічыў стараж.-грэч. дзяржаву — поліс. У этыцы развіў вучэнне аб атараксіі.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной философии в конспективном изложении. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАПІ́ЧНЫ СПІН,
адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны, кваркі, лептоны і некаторыя інш. элементарныя часціцы. Адрозніваюць моцны і слабы І.с., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць звычайны спін у квантамеханіцы.
Моцны І.с. вызначае колькасць розных зарадавых станаў адронаў ці кваркаў у ізатапічным мультыплеце (гл.Ізатапічная інварыянтнасць). І.с. адронаў можа прымаць цэлыя і паўцэлыя значэнні: 0; 1/2; 1; 3/2... Паміжэл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй І.с. T3, барыённым зарадам B, дзіўнасцю S, чароўнасцю C і прыгажосцю b існуе сувязь: Q=T3+1/2(B+S+C−b). Напр., нуклону (B=1, S=0, C=0, b=0) адпавядае T3=Q−1/2, што дае T3=1/2 для пратона (Q=1) і T3=−1/2 для нейтрона (Q=0), т. ч. нуклон мае 2 зарадавыя станы і ўтварае ізадублет. І.с. сістэмы адронаў захоўваецца ў моцных (ядзерных) узаемадзеяннях, а T3 — у эл.-магн. узаемадзеяннях. Слабы І.с. характарызуе лептоны, кваркі, прамежкавыя вектарныя базоны і скалярныя базоны Хігса ў дачыненні да электраслабага ўзаемадзеяння. Для кваркаў і лептонаў прымае значэнні: 0; 1/2. Паміжэл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй слабага І.с. T3w і слабым гіперзарадам Yw існуе сувязь: Q=T3w+1/2Yw (абагульненая ф-ла Гел-Мана—Нішыджымы). Слабы І.с. дазваляе правесці класіфікацыю лептонаў і кваркаў і дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння ўсіх элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае залежнасць паміжхім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.
Залежнасць паміжхім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.Ліберман і К.Грэбе (1869); О.Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРА́ЗІЯ [ад назвы Лаўрэнцьеўскі шчыт (цяпер Канадскі шчыт) + Азія],
старажытны суперкантынент, што аб’ядноўваў мацерыкі Паўн. паўшар’я — Паўн. Амерыку, Еўропу і Азію. Стварыўся ў палеазоі ў выніку пераўтварэння Атлантычнага, Урала-Мангольскага, Арктычнага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў у складкавыя, якія паступова звязалі стараж. платформы паўн. рада; Канадскую (Лаўрэнцію), Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, а таксама Калымскі масіў. У канцы сілуру — пачатку дэвону (канец эпохі каледонскай складкавасці) паўн.ч. Атлантычнага геасінклінальнага пояса перайшла ў стадыю арагенезу і злучыла Паўн.-Амерыканскую і Усх.-Еўрапейскую платформы ў адзіны кантынентальны масіў — Лаўрусію. З сярэдзіны карбону б.ч. Урала-Ахоцкага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў пачала пераўтварацца ў складкавыя, што ў позняй пярмі—сярэдзіне трыясу прывяло да аб’яднання Лаўрусіі з Сібірскай платформай у Лаўразію. Л. размяшчалася бліжэй да экватара і шырокім марскім басейнам ак.Тэціс аддзялялася ад суперкантынента Паўд. паўшар’я Гандваны. Паводле геал. даных вызначана сувязь паміжзах. часткамі Л. і Гандваны (усх. часткі былі больш раз’яднаныя). Пазней, але таксама ў пярмі — сярэдзіне трыясу Л. і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай былі адзіным звышкантынентам, якому А.Вегенер (гл.Вегенера гіпотэза) даў назву Лангея. Распад Пангеі, а разам з ёй Л. і Гандваны пачаўся 200 млн. гадоў назад (у канцы трыясавага — пачатку юрскага перыяду мезазойскай эры). У сярэдзіне мезазою Л. распалася на 2 часткі — Паўн. Амерыканскую і Еўразіяцкую, з утварэннем паміж імі Атлантычнага акіяна. У выніку дрэйфу кантынентаў каля 10 млн. гадоў назад Паўн. Амерыка і Еўразія занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,
адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г.Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс.чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс.чал.), бакі страцілі па 30 тыс.чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс.чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс.чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс.аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс.чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.
Літ.:
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НЗА (ням. Linse ад лац. lens сачавіца),
празрыстае для светлавых прамянёў цела, якое абмежавана дзвюма пераламляльнымі паверхнямі (крывалінейнымі або крывалінейнай і плоскай) і мае вось або плоскасць сіметрыі. Найб. пашыраны Л. са сферычнымі паверхнямі. Яны прызначаны для пераўтварэння формы светлавога пучка і з’яўляюцца асн. элементам аптычных сістэм (напр., Аб’ектыў, Акуляр).
Адрозніваюць збіральныя і рассейвальныя Л. Збіральная пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, які сыходзіцца ў адным пункце F′ (гал. фокусе Л.). Такая Л. ўтварае сапраўдны відарыс аб’екта, калі ён знаходзіцца перад фокусам Л., і ўяўны — калі аб’ект размешчаны паміж фокусамі і Л. (гл.Лупа). Рассейвальная Л. пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, што разыходзіцца, і заўсёды ўтварае ўяўны відарыс аб’екта. Асн. характарыстыкі Л. — фокусная адлегласць і аптычная сіла, якія характарызуюць яе пераламляльную здольнасць. Калі таўшчыня Л. значна меншая за радыусы крывізны пераламляльных паверхняў, яна наз. тонкай. Аптычная сіла Д і фокусная адлегласць 𝑓1 тонкай Л. вызначаюцца формулай Д = 1/𝑓1 = (n−1) (1/r1−1/r2), дзе n — паказчык пераламлення матэрыялу Л., r1 і r2 — радыусы крывізны яе паверхняў; для выпуклай адносна аб’екта паверхні r>0, для ўвагнутай r<0. Адлегласці ад аптычнага цэнтра Л. да аб’екта (x) і яго відарыса (x′) звязаны паміж сабой формулай Л.: 1/x1 − 1/x = 1/ƒ′ (адлегласці ад Л. ўздоўж ходу светлавога праменя лічацца дадатнымі, супраць ходу — адмоўнымі). Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм, Відарыс аптычны, Павелічэнне аптычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РНСКІЯ БІ́ТВЫў першую сусветную вайну,
1) буйная сустрэчная бітва паміж саюзнымі англа-франц. і герм. войскамі каля р. Марна 5—12.9.1914. Англа-франц. войскі (усяго 64 дывізіі, 3000 гармат, каманд.ген. Ж.Жофр) сіламі 6-й франц. арміі атакавалі фланг 1-й герм. арміі, потым увялі ў бой астатнія сілы і прыпынілі наступленне герм. часцей (49 дывізій, 3364 гарматы, каманд.ген. Х.Мольтке Малодшы) на Парыж і прымусілі іх адступіць за р. Эна. Перамога англа-франц. войск паклала пач. пералому ў кампаніі 1914 на Зах. фронце і прывяла да правалу герм.стратэг. плана «бліцкрыгу» («маланкавай вайны») па хуткім разгроме праціўніка на Зах. фронце. Перамозе саюзнікаў садзейнічала адцягненне герм. камандаваннем 2 карпусоў і кав. дывізіі з Зах. фронту на рас.-герм. фронт для адбіцця наступлення рас. войск ва Усх. Прусіі (гл.Усходне-Пруская аперацыя 1914).
2) Бітва паміжфранц. і герм. войскамі ў сектары р. Марна 15.7—4.8.1918. Пасля спынення 15—17 ліп.франц. войскамі (36 дывізій, 3080 гармат, каманд.ген. Ф.Фош) герм. сіл (48 дывізій, 6353 гарматы, камандуючыя фельдмаршал П. фон Гіндэнбург і ген. Э.Людэндорф), якія наступалі на Парыж, 18 ліп.франц. войскі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі герм. арміі да Эны. Страты герм. войск склалі 120 тыс., саюзнікаў — 60 тыс.чал. У выніку бітвы сарваны герм. план схіліць Антанту да выгаднага для Германіі міру, знікла пагроза акупацыі Парыжа, стратэг. ініцыятыва канчаткова перайшла да саюзнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ РАЗЛІ́КІ,
разлікі паміж дзяржавамі, арг-цыямі, фірмамі і грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэр. розных краін. Выкліканы развіццём міжнар. сувязей і разлікаў па знешнім гандлі, крэдытах і інвестыцыях, трансп. паслугах, турызме, а таксама па ўтрыманні дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой, камандзіроўках, паездках розных дэлегацый і г.д. Бываюць двухбаковыя (ажыццяўляюцца паміж дзвюма краінамі) і шматбаковыя (сродкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг выкарыстоўваюцца на плацяжы трэцім краінам). У гэтай сувязі буйнейшыя банкі розных краін падтрымліваюць узаемныя карэспандэнцкія сувязі, адкрываюць адзін аднаму бягучыя рахункі, захоўваюць на іх грашовыя сродкі ў адпаведнай замежнай валюце і выконваюць на аснове ўзаемнасці плацежныя і інш. даручэнні, што дазваляе частку плацяжоў рабіць у форме безнаяўных разлікаў. У практыцы М.р. паняцце наяўных разлікаў больш шырокае і часцей выкарыстоўваецца ва ўнутр. тавараабароце, чым у міжбанкаўскіх разліках. У сферы М.р. часта ўзнікаюць праблемы ўстанаўлення і рэгулявання суадносін абмену нац. грашовай адзінкі з замежнай і незбалансаванасці разлікаў з замежнымі краінамі. Увесь комплекс адносін, што ўзнікаюць у працэсе М.р., выяўляецца ў плацежных балансах краін, а іх незбалансаванасць патрабуе механізма выраўноўвання. На эфектыўнасць М.р. істотна ўплывае кан’юнктура на знешнім і ўнутр. рынках, ступень развіцця міжнар.гасп. сувязей і нац. эканомікі, абарачальнасць валют, узровень валютнага курса і інш. фактары. Стабільная сістэма М.р. станоўча ўплывае на эканоміку краіны і міжнар.эканам. адносіны. Парушэнне сістэмы М.р. (напр., у перыяд крызісаў, эканам. і паліт. ускладненняў) стрымлівае развіццё знешняга гандлю, адмоўна адбіваецца на развіцці нац. эканомікі.