Танцава́ць ’выконваць танец; танчыць’, ’скакаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), танцова́ць ’тс’ (ТС), танцэ́ваць ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), танцёва́ті ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ; Вруб.), ст.-бел.танцова́ти, танцева́ти ’танцаваць’ (1518 г., КГС); сюды ж танцо́р ’мужчына, які ўмее добра танцаваць’ (Ласт., Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), та́нцар ’тс’ (Федар. 4), танцо́рка ’дзяўчына, жанчына, што добра танцуе’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), танцэ́рка ’тс’ (Федар. 4), танцёрка ’тс’ (Сл. ПЗБ), танцые́рка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанні з польскай мовы, гл. старое tańcować ’танцаваць’ (суч. tańczyć, гл. танчыць), tancerka, tancerz ’хто добра танцуе’, у апошнім адбылася замена суф. ‑erz на ‑or (‑ор), магчыма, яшчэ на частцы польскамоўнай тэрыторыі, параўн. польск.мазав.tancor ’тс’, адносна чаго Смулкова, Бел.-польск. ізал., 116. Падрабязней пра польскія формы гл. Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495; запазычанне ў рускую — Фасмер, 4, 19; Віткоўскі, Słownik, 184.
Тро́гаць ‘чапаць’ (Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘турбаваць да хвалявання, расчуленасці’, тро́нуць ‘злётаў зачапіць’ (Юрч. Сін.), тро́гаць раны ‘напамінаць пра цяжкія перажыванні ў мінулым’ (Юрч. Фраз. 3), сюды ж, магчыма, ст.-бел.троганистый ‘турботны (?)’ (ГСБМ). Параўн. укр.трога́ти ‘кранаць, непакоіць, назаляць’, тронутися ‘стаць трохі ненармальным псіхічна’, рус.тро́гать ‘кратаць, дакранацца, чапаць; рушыць (у дарогу)’, ‘непакоіць, выклікаць спачуванне’, балг.тро́гвам ‘кратаць, кранаць’. Паводле існуючых тыпалагічных версій, супастаўляюцца з лат.treksne ‘ўдар, штуршок’, ст.-ісл.þreka ‘ціснуць’, ст.-англ.đracu ‘націск, насілле, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 54, 230) ці з лац.trahō, trahere ‘цягнуць, сунуць’. Калі не лічыць, што беларуская лексема запазычана з рускай мовы, пра што сведчыць перш за ўсё яе лінгвагеаграфія, то найбольш верагоднай з’яўляецца версія аб сувязі з то́ргаць (гл.) з перастаноўкай гукаў у сярэдзіне слова (Мікала, Ursl. Cr., 3, 92; ЕСУМ, 5, 646; Арол, 4, 105).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́хі ‘няшмат, крыху’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Нік. Очерки, Варл., Бяльк., Шат., Мат. Маг., Жд. 1, Мал., Гарэц., Шпіл., Яруш., Сл. ПЗБ), тро́хі, тро́ху ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., ТС, Растарг.), ‘крыху’ (ТСБМ, Юрч., Бяльк., Сл. ПЗБ), тро́хо ‘тс’ (ганц., Ск. нар. мовы), у тым ліку ў памяншальнай форме тро́ханько ‘крышку’ (Сцяшк. Сл.), трошкі, трошку, тро́шка, тро́шко, тро́шкы, тро́шачкі, тро́шочкі, тро́шечкі, тро́шычкі, тро́шачку, тро́шычку, тро́шычке, тро́шечка, тро́шычкы ‘тс’ (ЛА, 5), ст.-бел.трохе, трохи, трохо, трошка, трошку ‘тс’ (ГСБМ). Паводле Карскага (2–3, 74), названыя прыслоўі ўзыходзяць да формаў Н. або В. скл. назоўніка троха (гл.) у адз. і мн. ліку (Карскі 2–3, 419). Параўн. ранейшыя меркаванні пра польскае паходжанне прыслоўя трохі (Карскі Белорусы, 147), а таксама залічэнне да паланізмаў смал.трошку, троху і трохі (Бяднарчук, Językowy obraz WKL, 240) пры агульнаславянскім пашырэнні зыходнага слова не мае падстаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Іна́кш прыслоўе ’іншым спосабам, па-другому, не так’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Касп., Шат.), ина́к (Нас.), іна́чай (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк.), на́чэ (лельч., Нар. лексіка, 132). Рус.ина́че, дыял.ина́ко, укр.іна́к, іна́ко, іна́кше, польск.inaczej, уст. і дыял.inak, в.-луж.hinak, н.-луж.hynak, hynacej, чэш.jinak, jináč, славац.ináč, inak, inakšie, славен.inako, серб.-харв.и̏на̄ко, и̏на̄че, балг.и́нак, и́наче, макед.инаку. Ст.-слав.инако, ст.-рус.инакъ, инако, иначе, ст.-бел.иначеи (Скарына). Прасл.*jьnako, *jьnakje ад *jьnakъ ’іншы’ (гл. інакшы, іншы). Фасмер, 2, 130; Шанскі, 2, I, 65–66; Трубачоў, Эт. сл., 8, 230; Слаўскі, 1, 456. У бел.інакш ‑ш‑ з суфікса вышэйшай ступені. Лексема іначай сфарміравалася, відаць, пад уплывам польскай формы з суфіксальным ‑ějь. Сюды ж іна́чыць ’рабіць інакшым, другім; змяняць’ (ТСБМ, Нас.), дыял.іначасць (у «Соках цаліны» Ц. Гартнага; Гіст мовы, II, 238).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),
у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.
У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус.сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.
У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз.мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.
У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).
У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).
У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел.ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.
Літ.:
Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;
Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.
Да арт.Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.Да арт.Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вучані́к ’вучань’ (Бяльк.), ст.-бел.ученикъ ’тс’; параўн. укр. (кніжнае) учени́к ’вучань, паслядоўнік’, рус.учени́к ’вучань’, серб.-харв.у̏ченӣк ’вучань, навучэнец’, славен.učenik ’настаўнік’, макед.ученик ’вучань, навучэнец’, балг.учени́к ’тс’. Да *uč‑ьn‑ikъ, утворанага ад прыметнікавай асновы uč‑ьn‑, гл. вучаны; адносна ст.-бел. і ст.-укр. форм выказваецца меркаванне аб іх запазычанасці кніжным шляхам праз царкоўнаславянскую мову са ст.-слав.оученикъ, параўн. Суф. словообр.; 85, ва ўсякім разе гэта павінна быць вельмі ранняе запазычанне, паколькі слова з’яўляецца звычайным у ст.-бел. і вядома было ст.-рус.; параўн. Гіст. лекс., 224. Можна меркаваць, што яго ўжыванне падтрымлівалася ў мове ў сферах, звязаных з кніжнаславянскай традыцыяй (царква, бурсакі, жабракі з т. зв. духоўнымі песнямі), дзе яно мела значэнне перш за ўсё ’паслядоўнік (пэўнага вучэння)’, значэнне ’вучань у школе, школьнік’ больш позняе. Можна дапусціць таксама паўторнае запазычанне слова ў апошнім значэнні з рускай мовы ў навейшы час.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяртлю́г ’бугарок у верхняй частцы бядровай косці’; ’злучальнае звяно дзвюх частак механізма, якое дазваляе адной з іх вярцецца вакол сваёй восі’ (БРС, КТС); ’мера пры куплі-продажу’ (Інстр. III); ’невялікае бярэмца сена’ (Бяльк.). Укр.вертлюг ’нерухомы вінт, на якім што-небудзь абарачаецца’; ’бугарок у верхняй частцы сцегнавай косці’, зах.-укр.верклю́г ’прыстасаванне ў выглядзе літары Г для падвешвання кацялка над агнём’, рус.вяц.вертлю́г ’прыстасаванне для ткання ў выглядзе дошчачкі з дзіркамі’; ’пятля і крук’; ’канец восі ў машыне, якая ўстаўлена ў гняздо’; ’непаседа’, ст.-рус.вертлюгъ, вертлугъ ’прыставанне, пры дапамозе якога абарачальны прадмет злучаецца з нерухомым’; ’прыстасаванне, якое забяспечвае рухомасць ствала гарматы’; ’тазасцегнавы сустаў’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад назоўніка вьртьлъ > ве́рцель (гл.) і суф. ‑уг (Слаўскі, SP, 1, 68), якое атрымала значэнне ’абарачальны шпень’ (Шанскі, 1, В, 66). Сюды ж дэмінутыў віртлюжок ’скрутачак у выглядзе перавясла’ (Юрч. Фраз. 2). Крукоўскі (Уплыў, 162) мяркуе, што вяртлюг запазычана з рус.мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вячы́сты (БРС, КТС, Нас., Яруш.), вячыстасць ’вечнасць, спадчыннае ўладанне’ (КТС, Нас.), вѣчисто ’на вякі, вечна; моцна’ (Нас.). Укр.вічистий (лем., Грынч., СУМ), ст.-рус.вѣчистый (зах.-укр. тэр.; з граматы Юрыя Холмскага, 1376 г.). Польск.wieczysty, wieczyście, wieczystość ’вечны, на вякі, вечнасць і г. д.’, памор.v́ečəstï, чэш.věčitost ’тс’. Думку адносна запазычання з польскай мовы (Булыка, Запазыч., 61; Гіст. лекс., 94) падтрымліваюць ст.-бел. форма вечисте і адсутнасць слова ва ўсх.-бел. гістарычных помніках. Што датычыцца зах.-укр. і ст.-рус. слоў, то, мяркуючы па храналогіі і геаграфіі, неабавязкова разглядаць іх як польскія запазычанні, гэта хутчэй агульная з’ява. Неабходна адзначыць, што як для ўсх.-слав. моў, так і для польскай суфіксацыя ‑іст‑ у дадзеным выпадку не з’яўляецца натуральнай; гл. Gr. hist., 226 і наст. З паралельнай суфіксацыяй ‑it‑ аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: чэш.večitý, славац.večitý, балг.вечи́т, макед.вечит, вечито, серб.-харв.вѐчит, вѐчито ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дол1 ’ніз, зямля’. Прасл.*dolъ (агляд значэнняў гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 64–65): рус.дол, укр.діл, чэш.důl, польск.dół, балг.дол, ст.-слав.долъ. Лічыцца роднасным з гоц.dal ’даліна, нізіна’, ст.-ісл.dalr, ст.-в.-ням.tal ’даліна’ (параўн. таксама ў кельцкіх мовах dol ’даліна’). Гл. Фасмер, 1, 523; Бернекер, 1, 208–209, Трубачоў, Эт. сл., 5, 65 (апошні падкрэслівае, што вельмі характэрным з’яўляецца адсутнасць роднасных форм у балт. мовах, дзе паняцце ямы, нізіны выражаецца асновай *daub‑, *duob‑).
Дол2 ’магіла’ (Сцяшк.). Зыходзячы з спецыфічнага значэння слова (’магіла’), можна думаць, што гэта непасрэднае запазычанне з польск.dół (прасл.*dolъ), якое сярод іншых мае і семантыку ’магіла’. Агляд форм гл. у Трубачова (Эт. сл., 5, 64–65), які лічыць (неабгрунтавана) бел.дол ’магіла’ спрадвечнай лексемай. Іменна значэнне слова і яго геаграфія (зах. гаворкі бел.мовы) сведчаць аб запазычанні гэтай лексемы з усх.-польск. гаворак.