ЛЕБЯДА́, Лябёдка,

рака ў Шчучынскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 67 км. Пл. вадазбору 791 км². Пачынаецца каля в. Калечыцы Шчучынскага р-на, цячэ па Лідскай раўніне. Асн. прытокі: Касцянеўка, Жалудзянка (справа), Жужма, Шкардзянка, Голдаўка (злева). У верхнім цячэнні называецца Лябёдка. Даліна трапецападобная, у нізоўі месцамі невыразная. Пойма нізкая, двухбаковая, большай ч. забалочаная, шыр. 500—700 м. Рэчышча звілістае, на працягу 20,4 км каналізаванае, шыр. яго ад 8—12 м у вярхоўі да 15—25 м у ніжнім цячэнні. Берагі стромкія і абрывістыя. У пойме меліярац. каналы.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЦЬ,

рака ў Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 1621 км, пл. бас. 94,2 тыс. км². Бярэ пачатак з балот Об-Енісейскага водападзелу. Цячэ па паўд.-ўсх. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, рэчышча звілістае, шматлікія пратокі; упадае ў р. Об 2 рукавамі — Тагурскім і Нарымскім на адлегласці 160 км адзін ад аднаго. Гал. прытокі: Сачур, Арлоўка, Лісіца (справа), М. Кець, Мендэль, Яловая, Чачамга (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з канца кастр.пач. ліст. да канца крас.пач. мая. Сярэдні расход вады 560 м³/с. Суднаходная на 737 км ад вусця. Сплаўная.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛЯ́НКА, Перагонка,

рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. і Кармянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 352 км². Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны в. Малая Зімніца Слаўгарадскага р-на. Цячэ па паўд.-зах. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 900 м — 1,5 км. Пойма ў вярхоўі забалочаная, ніжэй сухая, двухбаковая, шыр. 200—900 м. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 18 км ад вытоку, далей слаба меандруе, шыр. ракі ў межань у сярэднім цячэнні 8—10 м, у ніжнім 3—5 м.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ША,

рака ў Ашмянскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Ашмянкі (бас. р. Вілія). Даўж. 55 км. Пл. вадазбору 455 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Ваўкоўшчына Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на паўн. схілах Ашмянскага ўзвышша. Асноўны прыток — р. Кавалёўка. Даліна да в. Лоша невыразная, ніжэй трапецападобная, яе шыр. 200—300 м. Пойма двухбаковая, пераважная шыр. 100—150 м. Рэчышча на працягу 12 км ад вытоку каналізаванае. Берагі стромкія, у вярхоўі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Ёсць сажалка, на У ад яе Янаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛО́НЬ, Мухаедаўскі канал,

рака на Украіне і ў Гомельскай вобл., правы прыток Прыпяці. Даўж. 113 км (12,8 км цячэ па Украіне, 33,8 км па мяжы з Беларуссю; 10,9 км зноў па Жытомірскай вобл., у нізоўі па Ельскім і Нараўлянскім р-нах). Пл. вадазбору 1460 км². Асн. прытокі — Яўрэйская канава, рэкі Ханя, Храпунь, Стрэлка і Верасожка (справа). Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, парэзаная меліярац. каналамі, шыр. 30—300 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Каналамі Свячанскі (рака да адгалінавання ад гэтага канала наз. Верхняя Жалонь), Антонаўскі і р. Гразіва злучана з р. Славечна.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЧ, Нарачанка,

рака ў Вілейскім і Мядзельскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 75 км². Пл. вадазбору 1650 км². Пачынаецца на Пд з воз. Нарач, цячэ ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім — трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова аблесеная, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная (шыр. 300—600 м), ніжэй перарывістая, вузкая, адкрытая. Рэчышча звілістае, шыр. 8—16 м, ад в. Слабада на працягу 5 км каналізаванае. Замярзае ў пач. снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,9 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІ́Л РАКІ́,

адносіны падзення ракі на якім-н. яе ўчастку да яго даўжыні. Выражаецца ў праміле, радзей у працэнтах. Звычайна Н.р. памяншаецца ад вытоку да вусця; гэта заканамернасць парушаецца пад уплывам рэльефу, характару горных парод і грунтоў, у якіх праходзіць рэчышча. Ад Н.р. залежыць скорасць цячэння ракі. Вызначэнне нахілаў праводзяць на характэрных участках па ўзроўнях вады ў перыяд устойлівай межані. Для ўсёй ракі агульны нахіл знаходзяць шляхам усярэднення нахілаў асобных яе ўчасткаў. У горных рэках ён перавышае 10—20‰, у раўнінных каля 1—2‰; на Беларусі ад 3‰ у асобных малых рэчках на Пн да 0,1‰ У р. Прыпяць.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГВА́Й (Paraguay, на мове гуарані — крыніца мора),

рака ў Бразіліі і Парагваі, правы прыток р. Парана, на асобных участках служыць мяжой паміж Парагваем, Бразіліяй і Аргенцінай. Даўж. каля 2500 км, пл. басейна 1,2 млн. км². Вытокі ў паўн.-зах. ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па глыбокай забалочанай упадзіне Пантанал і нізіннай ч. прыроднай вобласці Гран-Чака. Гал. прытокі: Пількамайо, Рыо-Бермеха (справа). Рэчышча пераважна звілістае, шмат пясчаных меляў і астравоў. Разводдзе ў маі—чэрвені. Сярэдні расход вады каля 4 тыс. м³/с. П. — гал. трансп. магістраль Парагвая. Суднаходная ад г. Карумба (Бразілія). На П. гарады Кансепсьён, Асунсьён (Парагвай).

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),

рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛКА,

рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бірвета (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 775 км². Выцякае з воз. Мядзел каля в. Лапосі Мядзельскага р-на. Асн. прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—400 м. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шыр. да 200 м. Рэчышча сярэдне звілістае. Шыр. ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ ў межах г. Паставы сажалка — Пастаўскае воз. (пл. 0,27 км²).

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)