дыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Разм. Зрабіць удых і выдых. Баючыся дыхнуць, .. [Зося] палажыла руку пад падушку. Чорны. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін, і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Падыхаць. Раптам захацелася мне дыхнуць полем, выскачыць на вясенні прастор. Ракітны. // Выпусціць ротам струмень паветра пры гаворцы. — На страху глядзі, на страху, — дыхнуў .. [Юрку] у самае вуха Сяргей. Курто.
2. чым і без дап. Павеяць, падзьмуць. Яшчэ сняжком Зямлю не замяло, Ды халадком дыхнулі ўжо Абшары. Макаль. Прайшоўся, дыхнуў цёплы вецер па двары, патрывожыўшы лісце таполяў. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Акно адразу ж адчынілася, і ў твар дыхнула свежасцю. Сачанка. // перан. Узрушыць, выклікаўшы якое‑н. пачуццё, абудзіўшы ўспаміны. Кожнаму на момант дыхнула ў душу сваімі жахамі перажытая вайна. Пестрак. / у безас. ужыв. Кастусь піў бярозавік, настоены на скарынках хлеба, і на яго раптам дыхнула далёкім бесклапотным маленствам. С. Александровіч.
•••
Баяцца дыхнуць гл. баяцца.
Вольна дыхнуць — адчуць поўную свабоду, вызваліўшыся ад чаго‑н. непрыемнага, гнятлівага.
Дыхнуць на поўныя грудзі — тое, што і вольна дыхнуць.
(Не) даць дыхнуць каму гл. даць.
Некалі (няма калі) дыхнуць гл. некалі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.
2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.
3. Які мае адносіны да міру 1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.
4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.
1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.
2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.
3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.
4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і прыглядзе́цца, ‑гляджуся, ‑глядзішся, ‑глядзіцца; зак.
1. Уважліва паглядзець, каб добра ўбачыць, разгледзець. Нарэшце, салдат прыгледзеўся, заўважыў далёка ўжо ад сябе рухавае святло.. ліхтарыкаў. Чорны. [Дзімін:] — Во сіла, думаю, выпірае з зямлі. Такі пласт падняла і прабівае яго. Што гэта можа быць? Прыгледзеўся, ажно адуванчык. Карпаў. — Працёр вочы, каб, значыць, лепей прыелядзецца і тут табе ўсё. Праехалі. Ракітны. // Уважліва вывучыць, даследаваць што‑н., паназіраць за чым‑н. На разведку выйшлі загадзя, мяркуючы яшчэ завідна падысці да вёскі, спыніцца непадалёку ад яе, добра прыгледзецца, раней чым прабірацца ў гарнізон. Шахавец. — Дарафей Іванавіч, праект скласці не так проста. Прыгледжуся, прыкіну, тады скажу. Дуброўскі. І калі прыглядзецца, прыслухацца да гэтай нарады збоку, нават не падумаеш, што тут штаб вялікай шматгаліннай гаспадаркі. Карпюк.
2. да каго-чаго і без дап. Асвойтацца з кім‑, чым‑н., прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. [Ярохін] вельмі хутка, прыгледзеўшыся да людзей і абставін, паставіў перад сабой мэту і ўпарта.. дамагаўся яе ажыццяўлення. Шамякін. // каму і без дап. Надакучыць, абрыдзець, перастаць цікавіць. — Абрыдла, брат, мне тут. Ўсё прыгледзелася і прыелася. Колас.
3. Прывыкнуць глядзець у якіх‑н. умовах (звычайна ў цемры). Вочы прыгледзеліся ў пацёмках.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзецца; пр. рассеўся, ‑селася; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Сесці, размясціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе мае таварышы даўно ўжо расселіся ў вагоне, уладзіўшы транспартныя справы, а майго чамадана ўсё не было. Лынькоў. На тратуары расселася чародка галубоў, якія нешта дзяўблі на асфальце. Гроднеў.
2. Разм. Сесці свабодна, заняўшы шмат месца. — Пасуньцеся, вельмі шырока расселіся, — пачуў .. [чалавек], як праз сон, нечы голас. Прокша. Глушэц чым далей, то ўсё болей Дзесь на суку за тоўстай хвояй Рассеўся важна і балбоча. Колас. // Пасяліцца. Там, дзе на разлегласці раней яшчэ быў рассеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста-такі цэлы фальварак. Чорны. // перан. Шырока разрасціся. Высока, разл[о]жыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця. Купала.
3. Сеўшы, затрымацца доўгі час; сесці дзе‑н. надоўга. Прайшло некалькі хвілін у здранцвення «Чаго ж гэта я расселася? Трэба нейкую раду даваць», — спахапілася нарэшце Ірына Віктараўна. Пальчэўскі. — Ну і што там з гэтай кнігай рассеўся? Дроў сушэйшых пайдзі прынясі!.. Брыль.
4. Даць трэшчыны, раскалоцца. [Алегу] ўявілася вялікая крыга, якая плыла па шырокай рацэ, потым натужліва цярнулася аб [нешта] неадольнае, мацнейшае за яе, крыгу, і расселася папалам. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стано́к, ‑нка, м.
1. Машына для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў (металу, драўніны і пад.) і для вырабу чаго‑н. Такарны станок. Свідравальны станок. □ — Тут у нас сабіраюць унікальныя станкі, — нарэшце парушае маўчанне сакратар, — таму канвеера ці яшчэ якіх тэхнічных навінак, як бачыце, няма. Асіпенка.
2. Прыстасаванне для якіх‑н. работ; апора для якіх‑н. прылад, механізмаў. Станок для прамывання золата. □ Гараць над ракою заранкі У сонечных іскрах вясны, Прыйшлі да станкоў віцяблянкі Квяцістыя ткаць дываны. Русак.
3. Металічная аснова, на якой умацоўваюцца гарматы, кулямёты; лафет.
4. Спец. Прыстасаванне для ўмацавання палатна, устаноўкі каркаса, скульптурнага матэрыялу пры рабоце над карцінай, скульптурай.
5. Спец. Прыстасаванне для апоры ў час некаторых заняткаў, трэніроўкі. Станок для прыцэльнай стральбы.
6. Прыстасаванне, у якое ставяць жывёлу (для лячэння і пад.); стойла. Вера зайшла ў станок, пагладзіла карову па цёпламу боку. Асіпенка. Шэмет хацеў быў ступіць у кароўнік, прайсці ўздоўж паміж станкамі, але Клім спыніў яго: — Не трэба, усё там як паложана. Лобан.
•••
Бесчаўнаковы станок — станок, які не мае чаўнака.
Карусельны станок — вертыкальны такарны станок для апрацоўкі вялікіх дэталей.
Рэвальверны станок — такарны станок з рухомай (вакол восі) галоўкай.
Саматкацкі станок — ткацкі станок; кросны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сустрэ́цца, ‑стрэнуся, ‑стрэнешся, ‑стрэнецца; зак.
1. Рухаючыся з розных бакоў, сысціся з кім‑н.; трапіцца каму‑н. насустрач. [Аўгіні] прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Вус. Колас. Па дарозе .. [Сяргею] сустрэліся толькі дзве жанчыны з поўнымі вёдрамі вады. Шахавец. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Той пялёстак мы шукалі — Кажуць, шчасце ён прыносіць. Ды сустрэцца нам рукамі Ненарокам давялося. Жычка. // Трапіцца, аказацца на шляху. Па дарозе сустрэўся ручаёк. // Паглядзець адзін аднаму ў вочы, абмяняцца позіркамі. Андрэй сустрэўся з Паддубным вачыма, і яны адзін аднаму злёгку кіўнулі. Пестрак. Міхаліна цярпліва чакала. Нарэшце Эдвард падняў галаву, позіркі іх сустрэліся. Пальчэўскі. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці; напаткаць у рабоце, жыцці, назіраннях і пад. Марына сустрэлася з жыццём твар у твар. Васілевіч. Прыём выстаўляць сябе дабрадзеем не новы для тых, хто жыве за кошт мускулаў і поту працоўных. З гэтым у ЗША можна сустрэцца на кожным кроку. Філімонаў.
2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; спаткацца з кім‑н. [Аня:] — Давай, як скончыцца вайна, сустрэнемся ў нашай школе. Ляўданскі. Госці хочуць сустрэцца з .. [рабочымі] ўвечары. Карпаў. Ля крыніцы З маладзіцай Я сустрэўся на зары. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.
1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Яркі, светлы. Ясныя колеры залівалі заводскі двор. Чорны. На ясным небе загараліся зоркі. Колас.
2. Бязвоблачны, бясхмарны, чысты. У небе не было ні хмаркі, стаяў ясны сонечны дзень. Гурскі. Не пакідай, мой вечар ясны, Злажыўшы крылы на зары, Як месяц чысты, непагасны, Як рэха летняе ў бары. Вярба. // перан. Нічым не засмучаны; ціхамірны. Твар у.. [Кіры] быў чысты, ясны. Карпаў.
3. перан. Які не патрабуе дадатковага тлумачэння; зразумелы, просты. Усе ўважліва слухаюць простыя і ясныя словы. Якімовіч. [Міканор:] — Адным словам, абстаноўка ясная. Мележ.
4. Акрэслены, добра бачны, выразна ўспрымальны. Ясныя абрысы гор. Ясная дыкцыя. Ясны почырк. Ясны гук званоў. □ Глядзі, якія ясныя шляхі Адкрыты перад намі. Кірэенка.
5. Лагічны, пераканаўчы, дакладны. Ясны адказ. // Здольны лагічна мысліць. Ясны розум падказваў Кастусю, што яшчэ не ўсё страчана. Якімовіч. Галава была на дзіва яснай, светлай, увага іранічна сканцэнтраванай. Васілёнак.
6. Уст. Знатны, вяльможны, багаты. Нарэшце пасланец перадае лёкаю ад яснай пані 25 рублёў гасцінца і абяцанне прыбаўкі 5 рублёў у месяц да яго заробку. Мядзёлка.
•••
Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.
Як гром з яснага неба гл. гром.
Ясная справа гл. справа.
Ясны сокал (нар.-паэт.) — тое, што і сокал (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адбі́так, ‑тка і ‑тку, м.
1. ‑тка. Тое, што адлюстравалася на гладкай, бліскучай паверхні ў выніку пераламлення светлавога праменя; адлюстраванне. Тут ціха ля ног плешча чорная хваля азёрная, Адбіткі дубоў і сасонак чарнеюць з вады. Лойка. Справа і злева мільгаюць вуліцы, дамы-палацы, часта іх адбіткі купаюцца ў забетанаваных водах Неўкі і Фантанкі. Лупсякоў. // Цень прадмета, асветленага з процілеглага боку, на якой‑н. паверхні. На бледна-сіняй сцяне, на белых дзвярах палаты ўжо [свяціўся] вялікі сонечны квадрат з адбіткамі рамы. Шамякін.
2. ‑тка. След, які астаўся на чым‑н. ад іншага прадмета. Адбіткі пальцаў. □ Вільготны пясок увесь спярэшчаны.. слядамі [чаек]. Усюды адбіткі іх лапак, нібы нейкі складаны, адмысловы ўзор. В. Вольскі.
3. ‑тку. Тое, што з’яўляецца адлюстраваннем, перадачай у вобразах і паняццях чаго‑н. Тое, што азначала карэнныя змены ў агульным жыццёвым лёсе народа, не магло не знайсці свайго адбітку ў сферы мастацтва, літаратуры. Перкін.
4. ‑тку. След, пячаць, адзнака якіх‑н. пачуццяў, уздзеянняў, уплываў і пад. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч. Час бяжыць імкліва, нястрымна і на ўсё кладзе свой адбітак. Хадкевіч.
5. ‑тка. Тэкст, малюнкі і пад., адціснутыя паліграфічным спосабам. І калі, нарэшце, прэс падымаюць, на кардоне застаецца выразны адбітак як тэксту, так і малюнкаў. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)