дзець, дзену, дзенеш, дзене; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).
Разм.
1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. Куды ты дзеў маю кнігу?
2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца, прытулак і пад. — Куды ж вы .. [трусоў] дзенеце? У вальер да ўсіх? Ракітны. [Люба] пачала звязваць лахманы, каб цяпер увечары, без людскіх вачэй, вынесці іх адгэтуль назаўсёды і дзе-небудзь дзець іх. Чорны. // Выкарыстаць, патраціць. Некуды дзець час. Некуды дзець грошы.
•••
Дзець некуды (няма куды) — надта многа.
Некуды (няма куды) вачэй дзець — пра пачуццё сораму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размякчыцца, размякнуць пад дзеяннем пары, вару і пад. Скура распарылася. □ За ноч макуха распарылася, і на раніцу Галя прынесла паўвядзерца пойла. Сабаленка.
2. Моцна прагрэцца, мыючыся ў лазні з парай. [Андрэй] распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, свежаю сілай. Зарэцкі. // Разм. Разагрэцца да поту; разгарачыцца. Сёння пякло і парыла ўвесь дзень. Юрка надта распарыўся на будоўлі, і ён будзе купацца даўжэй, чым у мінулыя вечары. Вышынскі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за санямі, быў распарыўся. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Адчуваць павагу, адносіцца з павагай да каго‑, чаго‑н. Паважаць старэйшых. □ І вучні, і мы, настаўнікі, любілі і паважалі Аляксея Іванавіча за яго любоў да сваёй працы. Скрыпка. Маці.. кіравалася інтарэсамі меншага сына, якога яна дужа любіла і паважала. Колас.
2. Любіць, цаніць што‑н. Маці з бацькам звычайна казалі, што яны не надта паважаюць .. [бліны з мачанкай], і сваю долю таксама аддавалі дзецям. Якімовіч. Таня сказала, што яна паважае эстрадную музыку. Грамовіч. Свае ўласцівасці ўсе людзі маюць. Адны — рыбалку паважаюць. З бляшнёй ля пелькі могуць векаваць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачва́ра, ‑ы, ж.
1. Казачная, страшная істота, звычайна вялікіх памераў. З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. В. Вольскі.
2. Пра надта непрыгожага чалавека. Шаройка даўно марыў, каб жаніць .. [Максіма] [з дачкой], і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках.. Была б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Шамякін. // перан. Пра жорсткага, з нізкімі маральнымі якасцямі чалавека, вырадка. [Шэмет:] — Ты акружыў сябе падхалімамі, як сцяною, і сядзеў, што ў дупле, нічога не бачачы, акрамя гэтых пачвар. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скепты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да скептыцызму (у 1 знач.). Скептычная філасофія.
2. Схільны да скептыцызму (у 2 знач.). — У ружовым канверце — значыць, любіць, — суцяшае мяне Аня Славіна. — Не было пад рукою іншага, — смяецца скептычная Насця Дзятлава. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе скептыцызм. Скептычны тон. □ Праўда, кволы ты надта, хто цябе возьме, — акінуў .. [Апанас] скептычным позіркам Лёню. Нядзведскі. Аптэкар Плакс, хоць і цёмна было, але зрабіў на твары сваім бязмежна скептычную міну. Зарэцкі. // Прасякнуты скептыцызмам, поўны скептыцызму. Скептычныя адносіны да людзей. □ На самай справе, карціна «Мяцежнікі» атрымалася змрочная, глыбока скептычная. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.
1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.
2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Вестка, паведамленне. [Кандрат:] — А ад Барташэвіча чутак няма? — [Домна:] — ..Чаму няма? Напісаў, што скора прыйдзе. Лобан. Чуткі з вайны трохі-трохі даходзілі да горада, надта далёка была яна адгэтуль. Мурашка. І вось гэтай вясною маланкай абляцела ўсе вёскі чутка: да Першага мая шахцёры абяцаюць даць калійную соль. Кулакоўскі. // звычайна мн. (чу́ткі, ‑так). Звесткі (звычайна няпэўныя, недакладныя); пагалоска. Справы ў яго доўга не ладзіліся, і да Зыбіна даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Мележ. Хадзілі чуткі, што ніякі.. [Мінін] не слесар, а жандар коннай петраградскай паліцыі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бужані́на. Рус. бужени́на, укр. бужени́на, бужани́на. Усх.-слав. утварэнне (суф. ‑ина) ад буженый ’вялены’ (параўн. у Бярынды: сушани́ца: мя́со вендзо́ное (1627 г.), але таксама ў іншых экземплярах гэтага ж выдання: мя́со бужеоное, гл. Німчук, Бер., XIV). Дзеяслоў буди́ти ’вяліць, вэндзіць’ (< *obǫditi; слав. *ǫditi ’вэндзіць’: польск. wędzić, чэш. uditi і г. д.) вядомы і сёння ва ўкр. гаворках (параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 129). Іншыя тлумачэнні: бужени́на < вуженина (Рудніцкі, 240; Шанскі, 1, Б, 214; Фасмер, 1, 232, там і літ-pa) не прымаюць да ўвагі рэальнае існаванне дзеяслова буди́ти ва ўсходніх славян і надта ўскладняюць рэканструкцыю. Не выключаецца, што форма бужани́на, бужени́на пранікла ў рус. і бел. мовы з укр. Падрабязна аб слове бужані́на гл. таксама Кіш., Hatv., 20–21.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́йкі (прым.) прыгожы, харошы’ (Інстр. лекс., Сцяшк. МГ). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки (ба́йка) ’нядрэнны’ і польск. bajki ’тс’. Цяжка сказаць, адкуль паходзіць гэта слова. Зыходзячы з геаграфіі (зах.), магчыма, запазычанне з польск. мовы, дзе гэты выраз вельмі пашыраны ў гаворках. Карловіч (1, 38) адносіць польск. bajki да bajka ’дробязь, глупства, лухта’ (параўн. ба́йка 1).
Ба́йкі (прысл.) ’многа’ (Сцяшк. МГ), ’надта многа, вельмі’ (Інстр. лекс.), нішто сабе’ (Бесар.). Гэтаму прыслоўю, бясспрэчна, звязанаму з ба́йкі (прым.), ёсць дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки, ба́йка (прысл.) ’нядрэнна, нічога сабе, не бяда’ і ў польск. мове (bajki). Зыходзячы з геаграфіі слова ва ўсх.-слав. мовах (толькі зах. гаворкі) і з пашырэння яго ў польск. мове, можна думаць пра запазычанне (з польск.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пры́цьма, прыцьмом, прыцьмелі ’аніяк, зусім’ (ТС), прыть‑ MÓM ’поўнасцю, абсалютна’ (Клім.); параўн. укр. притьма, притьмом, притьмо ’як мага хутчэй, неадкладна’; ’надта, моцна, настойліва’; ’зусім, цалкам, поўнасцю, абсалютна, якраз, абавязкова, сапраўды’; ’канчаткова; напэўна, беспамылкова’, рус. дыял. притмом ’раптоўна, неадкладна, немінуча’. Усходнеславянскія арэальныя ўтварэнні на базе *pritęti (гл. прыцяць, цяць), для якіх рэканструюецца праформа *priіьп‑то (Карскі 2 — З, 67; Люканен, Восточнослав. и общ. яз., 119). Формы, што ўзыходзяць да Тв. скл., узніклі на аснове ўспрымання прыцьма як назоўніка або па аналогіі з іншымі прыслоўямі тыпу пры‑ цемкам, параўн. прыгнём ’змярканне’ (Нас.), прытьмом ’вечарам, на змярканні’ (Сл. Брэс.). Не выключаны ўплыў аналагічных формаў прыслоўяў ад прыць, прытны (гл.), параўн. прытном ’вельмі часта; усутыч’ (Стан.), прытнём ’хутка’ (З жыцця).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)