ПЮВІ́ ДЭ ШАВА́Н ((Puvis de Chavannes) П’ер) (14.12.1824, г. Ліён, Францыя — 24.10.1898),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў А.Шэфера і Т.Куцюра. Зазнаў уплывы Ж.А.Энгра, Т.Шасерыо, італьян. Ранняга Адраджэння. Распрацаваў своеасаблівы варыянт сімвалізму, заснаваны на сінтэзе маст. прыёмаў Ранняга Адраджэння і класіцызму. Работам характэрны ўрачысты лінейны рытм, абагульненыя, умоўна трактаваныя фігуры, аб’яднаныя ў статычныя ўраўнаважаныя групы, тонка стылізаваныя пейзажныя фоны, што нагадваюць ідылічныя ўяўленні пра «залаты век» чалавецтва. Колеравая гама пабудавана на спалучэнні прыглушаных жамчужных тонаў. Сярод твораў: манум. пано «Мір», «Вайна», «Праца», «Адпачынак» (усе 1861—63), «Свяшчэнны гай» (1884), размалёўкі «Жыццё Святой Жэнеўевы» ў Пантэоне (1874—98), «Навукі і Мастацтвы» ў Сарбоне (1887—89) у Парыжы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦ II (Rákóczi Ferenc; 27.3.1676, г. Борша, Румынія — 8.4.1735),
князь Трансільваніі [1704—11], рэгент Венгрыі [1705—11], кіраўнік вызв. антыгабсбургскага Ракацы Ферэнца II руху 1703—11. Сын князя Трансільваніі Ферэнца I Ракацы [1652—76], пасынак І.Цёкёя. У 1688—97 змушаны Габсбургамі жыць у Чэхіі і Германіі, вучыўся ў Пражскім ун-це і ў Італіі. З 1701 зняволены Габсбургамі ў крэпасці пад Венай. У 1703 уцёк у Польшчу і ўзначаліў ваен.-паліт. рух за вызваленне Венг. каралеўства ад габсбургскага панавання. У ліп. 1704 выбраны трансільванскім князем. У 1705 скліканы ім Дзярж. сход абвясціў Р. «правячым князем» Венгрыі. Пасля паражэння вызв. вайны не прызнаў Сатмарскі мір 1711 і эмігрыраваў у Францыю, потым у Турцыю, дзе і памёр. Аўтар успамінаў пра вызв. вайну 1703—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Паўлавіч) (28.7.1906. с. Сурска-Літоўскае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 13.12.1988),
расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974). Правадз.чл.АМСССР (1953). Вучыўся ў Ін-це выяўл. мастацтваў у Маскве (1929—34). У 1937—38 супрацоўнічаў з час. «Крокодил». Выкладаў у маскоўскіх маст. (1953—57) і пед. (1956—62) ін-тах. У 1974—87 віцэ-прэзідэнт АМСССР. Аўтар жанравых карцін «Прыбыў на канікулы» (1948), «Зноў двойка» (1952), твораў на гіст., батальныя, публіцыстычныя тэмы «За мір!» (1950), «В’етнамская маці» (1968), «Апалон—Саюз» (1982), партрэтаў «Першыя героі Савецкага Саюза» (1976), «А.В.Ляпідзеўскі» (1979), трыпціха «Таямніцы абстракцыянізму» (1960), ілюстрацый да кніг. Майстар востравыразных графічных і скульпт. шаржаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІВІ́ДАВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ў ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Манівід (у хрышчэнні Войцех, Альберт) Кайлікінавіч (каля 1360—1424), які ўпамінаецца з 1387 у складзе велікакняжацкай рады. З 1396 намеснік віленскі. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 атрымаў герб «Ляліва» і стаў першым ваяводам віленскім. Ад вял.кн. Вітаўта атрымаў Геранёны-Суботнікі (1396), Лаздуны і Жупраны (1403) у Ашмянскім пав., Беразіно, Гняздзілавічы, Дзядзілавічы, Домжарыцы, Докшыцы, Мсціж у Харэцкай вол. і Гасцілавічы ў Лагожскім княстве (1407), Станькава ў Мінскім пав., Сярпейск у Смаленскай зямлі, Брагін, Горваль і Любеч у б. Чарнігаўскім княстве. З яго родзічаў і нашчадкаў найб. вядомыя:
Гедыгольд (у хрышчэнні Юрый; каля 1370—1434), брат Манівіда, маршалак надворны ў 1401, ваявода кіеўскі з 1411, староста падольскі з 1415, намеснік смаленскі ў 1424, ваявода віленскі ў 1425—32, уладальнік Вішнева ў Ашмянскім пав.Пётр (Сенька) Гедыгольдавіч (каля 1400—51), маршалак надворны ў 1429, намеснік смаленскі з 1448, кашталян віленскі ў 1451. Ад вял. князёў Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV атрымаў маёнткі Волма, Дзераўная, Камень, Налібакі, Радашковічы ў Менскім пав., Мір і Свержань у Новагародскім пав.Іван (Івашка) Манівідавіч (каля 1400—58), намеснік падольскі і крамянецкі з 1437, маршалак кн. Свідрыгайлы ў 1438, ваявода трокскі з 1443, віленскі ў 1458. У дадатак да бацькоўскіх уладанняў атрымаў ад вял.кн. Казіміра Амнішава, Валожын і Даўгінава ў Менскім пав., паводле завяшчання стрыечнага брата Пятра Гедыгольдавіча — Мір (1451). Войцех (каля 1430—75), сын Івана, кашталян віленскі з 1461, адначасова ваявода новагародскі з 1471 і падстолі ВКЛ у 1475. Памёр без нашчадкаў, яго вялізныя ўладанні адышлі да сясцёр Соф’і (жонка Мікалая Радзівіла) і Ядвігі (жонка Алехны Судзімонтавіча). Агульнае з М. паходжанне мелі Аляхновічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія (нашчадкі родзіча Манівіда — Рымавіда) і, магчыма, Вяжэвічы і Глябовічы (выводзілі сябе ад Вяжа, родзіча Манівіда).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Зго́да ’лад’. Рус.сго́да ’шчасце’ (Даль), укр.зго́да, польск.zgoda, чэш.shoda, славац.zhoda ’лад’, н.-луж.zgoda ’добрае надвор’е’, славен.zgọda ’выпадак’, серб.-харв.зго̏да ’выпадак, умова, зручнасць’, балг.зго̀да ’зручныя абставіны, выпадак’, ’згода’, макед.згода ’зручнасць, выпадак’. Ц.-слав. (серб.) съгода ’выпадак’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., Данічыч). Ст.-рус.згода (1493 г., у «польск. справах») ’умова, згода’. Ст.-бел., ст.-укр.згода ’мір’ (Сінаніма). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова sъ‑god‑i‑ti (sę) (гл. год, гадзіцца), які меў шырокае кола значэнняў, у тым ліку ’згаджацца, быць падыходзячым, трапляцца’. Бел. значэнне ўказвае, верагодна, на польск.-укр.бел.-славац. арэал, магчыма, хаця і не абавязкова пад польск. уплывам ці з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Смі́рны ‘ціхі, маўклівы, рахманы’ (Некр. і Байк., Жд. 3), смір (сміръ) ‘цішыня, спакой’ (Нас.), сміры́цца ‘памірыцца’ (мін., Сл. ПЗБ), смі́рна ‘навыцяжку, не варушачыся і не размаўляючы (пра стойку пры камандзе)’ (ТСБМ), ‘сціпла, нясмела, скромна’ (Бяльк.), смірне́ць ‘станавіцца ціхім’ (Нас.), Вытворныя ад мір ‘цішыня, спакой’ (Праабражэнскі, 2, 336; Махэк₂, 364). Аналагічныя дэрываты і ў іншых славянскіх мовах: рус.сми́рный, сми́рно!, укр.сми́рный, смирни́ты, чэш.smírny, (u)smířiti, серб.-харв.сме̑ран ‘скромны, рахманы, мірны’, балг.сми́рен ‘уціхаміраны’, сми́ря ‘супакоіць, уціхамірыць’, макед.смирен ‘спакойны, ціхі, рахманы’, смири ‘супакоіць, прымірыць’, ст.-слав.съмѣрѥнъ (съмѣрьнъ) ‘уціхаміраны, пакорны, прыніжаны’. Дапускаецца змяшэнне вытворных ад *mirъ і *měra ў познепраславянскі перыяд (ЕСУМ, 5, 322).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
уміра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Пераставаць жыць. [Ірынка:] Мама, калі ўмірала, сказала мне, што гэта вы згубілі нас навек і майго тату.Чорны.// Вянуць, сохнуць (пра расліны). Маё сэрца, маё вока Цягне хвоя тая, Што ў лузе адзінока Сохне-умірае.Колас.
2.перан. Знікаць, прападаць. На ўсе варожыя пагрозы, на тэрмаядзерны ўвесь жах два словы даў твой ясны розум, што не ўміраюць у вяках: Мір! Дружба!Дубоўка.
3.перан. Адыходзіць у мінулае (пра грамадскія з’явы і пад.). Старое ўмірае, а новае нараджаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАНДАРЧУ́К (Сяргей Фёдаравіч) (25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДО́СЬ (Аркадзь Лявонавіч) (н. 1.3.1943, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
французскі спявак (барытон). Вучыўся ў Беларускай кансерваторыі (1965—69), скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1980 у Парыжы. Выступае на вял. оперных сцэнах свету (Масква, Мілан, Парыж, Берлін, Лейпцыг, Дрэздэн, Стакгольм, Вашынгтон, акадэмія «Санта-Чэчылія»). Сярод партый: Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі і Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Набука, Рыгалета, Радрыга, Аманасра («Набука», «Рыгалета», «Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі). На бел. сцэне выканаў партыі Гразнога і Анегіна (1994) у спектаклях Дзярж.т-ра оперы і балета, выступаў у канцэртах Бел. філармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ (Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),
статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм. імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.
Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).