КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),
кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш.караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія стала гал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫБУ́ТАВІЧЫ,
княжацкі род у ВКЛ герба «Пагоня»; адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад Карыбута — сына вял.кн.ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Ад шлюбу з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча ён меў сыноў Івана, Жыгімонта і Фёдара.
Жыгімонт (Сігізмунд, каля 1385 — пач. 1435) на чале ўласнай харугвы ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410 як васал караля Польшчы Ягайлы, пазней служыў вял. князю Вітаўту. У 1422 прэтэндаваў на карону Чэхіі. У 1430 падтрымаў абранне вял. князем ВКЛ Свідрыгайлу, ваяваў на баку апошняга ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Загінуў у бітве пад Вількамірам. Фёдар (каля 1390 — пасля 1440) упамінаецца з 1422. У бітве пад Вількамірам змагаўся на баку Свідрыгайлы, трапіў у палон. Генеалагічная традыцыя канца 16—17 ст. лічыла яго родапачынальнікам князёў Збаражскіх і Вішнявецкіх, у сувязі з чым іх родавы герб меў назву «Карыбут». Меў трох дачок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К (Зінаіда Валянцінаўна) (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл.драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-РАШЭ́ЛЬ (La Rochelle),
горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморская Шаранта і гал. горад гіст. вобласці Аніс. Каля 100 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Біскайскім заліве. Цэнтр рыбалоўства і перапрацоўкі трапічнай драўніны. Прам-сць: рыбаперапрацоўчая, маш.-буд., нафтаперапр., хімічная. Арсенал. Арх. помнікі 14—18 ст.
У 10 ст. паселішча пад назвай Рупела. Гар. правы з 12 ст. З 16 ст. буйны порт, пункт гандлю Францыі з Амерыкай. З 1562 гал.паліт. і ваен. цэнтр гугенотаў. У 1627 у саюзе з Англіяй выступіў супраць кардынала А.Ж.Рышэльё. У 1628 пасля 15-месячнай аблогі крэпасць Л.-Р. узята войскамі караля Людовіка XIII, горад пазбаўлены прывілеяў. Скасаванне ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598, страта калоній у Канадзе і кантынентальная блакада прывялі да паступовага заняпаду порта і горада. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБРЭ́Н, Ле Брэн (Lebrun, Le Brun) Шарль (24.2.1619, Парыж — 12.2.1690), французскі жывапісец, дэкаратар і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.Пер’е (з 1632) і С.Вуэ (1634—37). У 1642—46 пад кіраўніцтвам Н.Пусэна ў Італіі вывучаў творчасць Рафаэля, балонскіх акадэмістаў, ант. скульптуру. Стварыў шэраг карцін пад уплывам Пусэна («Муцый Сцэвала», «Смерць Катона» і інш.). Адзін з заснавальнікаў (1648), з 1668 рэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1660-я г. «першы жывапісец караля» і дырэктар каралеўскай мануфактуры габеленаў. Кіраваў дэкар. афармленнем інтэр’ераў Луўра, Версаля і інш., выконваў плафоны (Люстраная галерэя ў Версалі, 1678—84, і інш.), кардоны для габеленаў, эскізы для садовай скульптуры, мэблі. У жывапісных работах спалучаў нарматыўнасць класіцысцкай кампазіцыі, прасякнутай тэатралізаванай патэтыкай, з дэкар. пышнасцю барока: «Магдаліна каецца» (1656—57), серыя карцін «Гісторыя Аляксандра Македонскага» (1660—68) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў і навукова-даследчых цэнтраў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1836 паводле ўказа караля Вільгельма IV як установа, правамочная прысуджаць вучоныя ступені; пасля рэарганізацыі з 1898 выконвае функцыі і ВНУ. У склад Л.у. ў 1907 уключаны Універсітэцкі (засн. ў 1826), а ў 1910 — Каралеўскі (засн. ў 1829) каледжы. У 1997 было 51,4 тыс. студэнтаў; ф-ты: тэалогіі, педагогікі, эканомікі, тэхн., права, мед., музыкі, мастацтваў і інш.Навуч. працэс і даследчая работа ва ун-це праводзяцца ў школах, каледжах і ін-тах, у т. л. ў Каралеўскай мед. школе, фармацэўтычнай, па даследаванні краін Усходу і Афрыкі, Імперскім каледжы навукі тэхналогіі і медыцыны, ін-тах класічнай адукацыі, германазнаўства, правазнаўства, мастацтваў і інш. У б-цы Л.у. каля 1,5 млн. тамоў. Ёсць б-кі пры школах і каледжах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,
група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц.якабінцаў. Гал. дзеячы — К.Канопка, Ю.Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн.Т-ва польскіх рэспубліканцаў.
Літ.:
Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙНА́ЛЬ ((Raynal) Гіём Тама Франсуа) (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),
французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРБО́НА (Sorbonne),
багаслоўскі калеж і інтэрнат для студэнтаў і выкладчыкаў у 1257—1554 у Лац. квартале Парыжа (ад імя заснавальніка Р. дэ Сарбона, духоўніка караля Людовіка IX); у 1554—1792 тэалагічны ф-тПарыжскага універсітэта. З 17 ст. да 1972 пашыраная другая назва Парыжскага ун-та. Пасля рэарганізацыі апошняга (1972) С. называюцца ун-ты і інш. ўстановы, што знаходзяцца ў цэнтры Лац. квартала Парыжа, паміж Пантэонам і пл. Сент-Мішэль. Рэканструкцыя, праведзеная ў 1885—1901 пад кіраўніцтвам архітэктара П.Ненота, надала С. сучасны выгляд. Ад ансамбля будынкаў С., узведзеных кардыналам А.Рышэлье паводле плана архітэктара Ж.Лемерсье, захавалася толькі капліца. На працягу многіх стагоддзяў С. была цэнтрам філас., рэліг. і паліт. думкі. Яе ўзначальвалі ў розны час Л.Кондэ, А.Рышэлье, Дж.Мазарыні. Як ВНУ карыстаецца аўтарытэтам ва ўсім свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІЗМУ́НД I (лац. Sigismundus, венг. Zsigmond, чэш. Zikmund; 15.2.1368, г. Нюрнберг, Германія — 9.12.1437),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1410—37], венг. кароль [1387—1437], чэш. кароль [1419—21, 1436—37]. Сын імператара Карла IV, апошні з дынастыі Люксембургаў. У 1387 у выніку шлюбу з дачкой венг.караля Лаяша Вялікага стаў венг. каралём. Узначаліў крыжовы паход аб’яднанага еўрап. войска супраць туркаў, разбіты тур. султанам Баязідам I. Адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў царк. Канстанцкага сабора (1414—18), санкцыяніраваў пакаранне смерцю Я.Гуса, якому раней даў ахоўную грамату. Пасля смерці брата Вацлава IV (1419) атрымаў у спадчыну чэш. прастол, арганізаваў супраць гусітаў крыжовыя паходы (гл.Гусіцкія войны). У 1421 пазбаўлены чэш. прастола Часлаўскім сеймам, зноў абвешчаны каралём у 1436 сеймам у Іглаве. Сваім пераемнікам прызначыў аўстр. герцага Альбрэхта. Агульнае абурэнне ў Чэхіі палітыкай С. I прымусіла яго збегчы. Памёр па дарозе з Чэхіі ў Венгрыю.