БАКАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа. Цягнецца з паўн. боку паралельна Галоўнаму (Водападзельнаму) хрыбту. Складаецца з асобных масіваў, падзеленых вярхоўямі рэк паўн. схілу Вял. Каўказа. Выш. да 5642 м (г. Эльбрус). Да Бабакога хрыбта адносяцца самыя высокія вяршыні Вял. Каўказа: Дыхтау (5203 м), Казбек (5033 м), Тэбуласмта (4493 м) і інш. Складзены з асадкавых парод, крышт. і гліністых сланцаў, гранітаў. У грабянёвай частцы альпійскія формы рэльефу. Хвойныя лясы, высакагорныя лугі. У цэнтр. частцы ледавікі.
т. 2, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГВЕУ́ЛУ (Bangweulu),
возера ў Цэнтр. Афрыцы, у Замбіі, у бас. р. Конга (Заір), на выш. 1067 м. Пл. ад 4 тыс. км² (у сухі сезон) да 15 тыс. км² (у час летніх дажджоў). Глыб. да 5 м. Берагі нізкія, забалочаныя. Упадае (у час дажджоў) р. Чамбешы, выцякае р. Луапула. Амаль усё возера зарасло чаротам і асакою. Больш за 50 відаў рыб; водзяцца бегемоты. Адкрыта ў 1868 англ. даследчыкам Д.Лівінгстанам. На ўсх. берагах нац. парк Ісангана.
т. 2, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАКСІ́Я (ад грэч. ataxia беспарадак),
расстройства каардынацыі адвольнага руху (тэмпу, хуткасці, дакладнасці, суразмернасці) пры нармальнай сіле адпаведных мышцаў. Адрозніваюць атаксію статычную (парушэнне раўнавагі, калі чалавек стаіць або сядзіць), дынамічную (немагчымасць выконваць адвольныя рухі рукамі, нагамі) і статычна-дынамічную (хістанне пры хадзе, немагчымасць захаваць цэнтр цяжару пры раптоўным спыненні). У залежнасці ад лакалізацыі пашкоджання нерв. сістэмы атаксія бывае мазжачковая, вестыбулярная, коркавая, сенсітыўная. Атаксія можа ўзнікаць і пры істэрыі. Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення і ступені неўралгічнага расстройства.
т. 2, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМАДАБА́Д, Ахмедабад,
горад у Індыі, на р. Сабарматы, штат Гуджарат. Засн. ў 1411. 4775,7 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Адзін з найважнейшых прамысл. і гандл.-фін. цэнтраў Зах. Індыі. Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці (баваўняныя пража і тканіны, шарсцяныя тканіны, штучны шоўк). Металаапр., маш.-буд., папяровая, хім., гарбарная, запалкавая, харч. прам-сць. Саматужная вытв-сць парчы, шоўку, ювелірных і лакавых вырабаў, мастацкае разьбярства. Арх. помнікі 15—17 ст. 3 ун-ты, у т. л. Гуджарацкі. Музей.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СРА, Басора,
горад на Пд Ірака. Адм. ц. мухафазы Басра. Засн. ў 638. 616,6 тыс. ж. (1985). Гал. рачны і марскі порт краіны паблізу ўпадзення р. Шат-эль-Араб у Персідскі зал. Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр. раёна здабычы і перапрацоўкі нафты. Вытв-сць азотных угнаенняў, абутку, канатаў; папяровы камбінат. Рамёствы. Каля Басры ў Эз-Зубайры з-ды: нафтахім., металургічны, па звадкаванні прыроднага газу. Перапрацоўка фінікаў. Ун-т. За 10 км ад горада — руіны сярэдневяковай Басры.
т. 2, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т КІРАВА́ННЯ Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь,
недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1993 у Мінску. Рыхтуе эканамістаў, менеджэраў, эканамістаў-менеджэраў, юрыстаў. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: кіравання, менеджэраў, эканам. адносін, правазнаўства, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, польскі ін-т. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; платнае. Мае лінгафонныя кабінеты, камп’ютэрныя класы, рэдакцыйна-выдавецкі цэнтр. Вядзе н.-д. работу. Падтрымлівае сувязі з Вышэйшай гандлёвай школай у Варшаве. Філіялы ун-та ў Брэсце. Магілёве, Оршы, Гродне, Полацку, Мазыры.
т. 2, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫ (Berry, Berri),
гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Шэр, Эндр, часткова Алье. Пл. 14,3 тыс. км². Нас. каля 600 тыс. чал. (1990). Гал. горад Бурж. Рэльеф узгорысты і нізкагорны. Клімат умераны. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіта маш.-буд. (у т. л. с.-г.), авіябуд., харч., хім., тэкст. (шарсцяная), шкларобчая, керамічная прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры Бурж, Шатару, В’ерзон, Ісудзён. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжавых, садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РМІНГЕМ (Birmingham),
горад на Пд ЗША, каля паўд. падножжа Апалачаў, штат Алабама. Засн. ў 1871. 266 тыс. ж., з прыгарадамі 908 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог, унутр. водных шляхоў. Буйны прамысл. цэнтр. Чорная металургія і коксахімія. Паблізу здабыча жал. руды, каменнага вугалю і флюсавых матэрыялаў. Цяжкае машынабудаванне (вагоны, вытв-сць дарожна-буд. машын, металаканструкцый, прамысл. абсталявання), эл.-тэхн., аўтамаб., авіяц., ваен., паліграф., баваўняная, харчасмакавая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 2 ун-ты.
т. 3, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІНА́ВА,
самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс. мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.
т. 1, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́НІЯ,
дзяржава аланаў у цэнтр. ч. Паўн. Каўказа ў пач. 10 — 1-й пал. 13 ст. Вылучылася з Хазарскага каганата. Гал. горад — Магас. На чале дзяржавы — цар (найб. вядомы Дургулель — візант. васал у 1-й пал. 11 ст.). У 10—12 ст. Аланія — адзін з найб. магутных саюзнікаў Візантыі. З 12 ст. Аланія — хрысц. краіна. Сепаратызм радавой арыстакратыі пры пераемніках Дургулеля аслабіў Аланію. Як самаст. дзяржава перастала існаваць пасля сутыкненняў з мангола-татарамі ў 1222 і 1238.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)