ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.​Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУГНІ́Н (Мікалай Аляксандравіч) (н. 28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія),

бел. мастацтвазнавец, педагог, графік. Канд. мастацтвазнаўства (1982). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага ун-та (1970) і выкладае ў ім. Даследуе гісторыю і праблемы развіцця бел. кніжнай графікі. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5, 1992), Працуе ў станковай графіцы: каля 70 кніжных знакаў (1966—89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы золак» (1970), «Слабада», «Дарога на Лучосу» (абедзве 1988), «Верасень» (1994), «Ранішні снег» (1996) і інш. У творчасці пераважае пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў, някідкія каларыстычныя інтанацыі («Зіма. Богаяўленскі сабор», 1993).

М.​Л.​Цыбульскі.

М.Гугнін. Зіма. Богаяўленскі сабор. 1993.

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.

У.​М.​Калюноў.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (сапр. Левенсон) Аляксандр Міхайлавіч

(1872, маёнтак у Палтаўскай губ., Украіна — 28.6.1944),

расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Рэспублікі (1924). У 1889 — 1914 на опернай сцэне, у т. л. з 1900 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). Адзін з лепшых выканаўцаў на рус. сцэне партый Германа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Зігмунда, Логе і Міме («Пярсцёнак нібелунга» Р.​Вагнера). З сярэдзіны 1920-х г. працаваў за мяжой (у 1934 рэж. опернай трупы, дзе спяваў Ф.Шаляпін). З 1935 зноў на радзіме, з 1936 выкладаў у вячэрняй школе спеваў пры Ленінградскім т-ры оперы і балета.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАЎ (Пётр Міхайлавіч) (30.6.1900, в. Альведзіна Пестрачынскага р-на, Татарстан — 26.1.1979),

адзін з кіраўнікоў Брэсцкай крэпасці абароны 1941, Герой Сав. Саюза (1957). З 1918 у Чырв. Арміі. Скончыў камандныя курсы ў Махачкале (1923), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, устанаўлення сав. улады ў Латвіі. У Вял. Айч. вайну камандзір 44-га палка 42-й стралк. дывізіі маёр Гаўрылаў амаль месяц узначальваў абарону Усх. форта Брэсцкай крэпасці; цяжка паранены трапіў у палон, вызвалены сав. войскамі ў 1945. Да 1946 у Чырв. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62. Ганаровы грамадзянін Брэста.

П.М.Гаўрылаў.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЗЭ́Р,

старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э.найб. стараж. надпіс на раннім іўрыце.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.​Вашынгтона работы Г.​Сцюарта, 1796) і інш.

Літ.:

Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЕР ((Breuer) Марсель Лаяш) (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.​Зерфюсам і П.​Л.​Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУК ((Brook) Пітэр) (н. 21.3.1925, Лондан),

англійскі рэжысёр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1943 у Лондане. У Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры (з 1962 адзін з кіраўнікоў т-ра) паставіў п’есы У.​Шэкспіра «Мера за меру», «Зімовая казка», «Гамлет», «Кароль Лір» і інш. Працаваў у драм. т-рах Лондана, Бірмінгема, Парыжа. Ставіў оперы ў «Ковент-Гардэн» (Лондан) і «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1944 працуе ў кіно. Сярод фільмаў: «Опера жабракоў» (1953), «Мадэрата кантабіле» (1960), «Уладар мух» (1962), «Кароль Лір» (1971), «Трагедыя Кармэн» (1984). З 1971 кіраўнік Міжнар. цэнтра тэатр. даследаванняў у Парыжы.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)