БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),
установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.
Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).
На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г.ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г.Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л.Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел.дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн.Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст.бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш.Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн.экз.
Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-каг. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас.нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас.дзярж.б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш.навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).
На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.
У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯМО́ННЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.К.Любаўскі, П.Д.Бранцаў, У.І.Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.
У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.
У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).
Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.
Традыц. бел. адзенне ў мясц.этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах.дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш ў П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калга́н1 ’дуброўка (расліна)’ (бярэз., Сл. паўн.-зах.). Слова адзначана ў цэнтры бел. тэрыторыі, у іншых гаворках адпаведнікаў як быццам няма. Паводле фармальнага крытэрыю можна думаць пра запазычанне. Рус.дыял.калган, колган ’расліна Potentilla crecta’, ’расліна Polygonum bistorta’. Лексемы зафіксаваны ў радзе гаворак, пагранічных з беларускімі, аднак, відаць, у канкрэтным выпадку лінгвагеаграфія не паказальная, паколькі слова магло пашырыцца як культурны тэрмін. Фармальным адпаведнікам да прыведзеных лексем з’яўляецца рус., укр.калган ’расліна Alpinta galanga’. Ёсць усе падставы меркаваць, што ўсх.-слав. слова ўтворана са старой навуковай назвы гэтай расліны (параўн. яшчэ польск. назвы для Alpinia: galgant, galangal). Дакладная крыніца невядомая, магчыма, с.-лац.galanga, с.-грэч.γαλάγγα і араб.yalandzän ’дзікі імбір’ узыходзілі да кіт.kóleung -keungt гл. Фасмер, 2, 165. Неабходна вытлумачыць перанос назвы з культурнай расліны на палявую кветку. Укр. назва калган адносіцца ў першую чаргу да кораня расліны. Параўн. у Макавецкага, 24: «kalhan‑klacz». Аб пераносе падобнай назвы пісаў Махэк, Jména rostl., 275, згадваючы ст.-чэш. назву galgan planyдля Cypeuis, паколькі корань апошняга выкарыстоўвалі як сурагат кораня Alpinta. Што датычыць усх.-слав. тэрмінаў, то і’тут назва калган/колган (у рус. гаворках) азначае як расліну, так і карані або, часцей, уласна карані раслін (СРНГ, 12, 341). Адносна Potentilla інфармацыя ёсць, што датычыць Polygonym bistorta, корань гэтай расліны шырока вядомы як сродак ад паносу. Магчыма, на падобнае ўжыванне разглядаемай расліны ўказвае і ілюстрацыя ў слоўніку: «Калган — добрае зелле, памагае ад жывата» (Сл. паўн.-зах., 2, 371). Статус слова не вельмі ясны, і, нагледзяць! на даволі шырокую геаграфію рус. адпаведнікаў, нельга нічога пэўнага сказаць аб цэнтры рус. інавацыі і аб тым, ці ўдзельнічала бел. мова ў гэтым працэсе або слова трапіла сюды з рус. гаворак «культурным» шляхам. Адзначэнне польск. слова лічыцца запазычаннем з с.-в.-ням., гл. Слаўскі, 1, 253.
Калга́н2 ’галава’ (экспрэс.) (Бір.Працы IM, 6; маг., Крывіцкі, вусн. паведамл.). Паводле фармальных прыкмет — запазычанае слова. Рус.маск., ульян., сіб. і інш. калган ’галава’. Не выключана, што ў такім значэнні слова ўзнікла на ўсх.-слав. глебе, параўн. цвяр.колган ’круглая гліняная пасудзіна з ручкай’, алан. ’гладыш’, горк. ’тоўсты абрубак дрэва, цурбан’, цвяр., уладз. і інш. ’грубага вырабу посуд рознай формы’. Лінгвагеаграфія, аднак, не адпавядае такому рашэнню. Калі гэта слова было запазычана з такім значэннем, яно было б прадстаўлена больш шырока ў паўдн.-рус. гаворках. Магчыма, тут адбыўся больш складаны працэс і назвы посуду з гэтым словам генетычна не суадносяцца. Што датычыць рус. лексемы са значэннем ’цурбан’, нельга выключыць уплыву з боку рус.дыял.колба/калбан, дастаткова шырока вядомага іменна ў такім значэнні. Аб гэтым жа сведчаць рус.дыял.калган ’гладыш з высокім горлам’, ’гладыш’, калганчик ’невялікі гладыш’. Параўн. яшчэ рус.дыял.колба ’фігура ў выглядзе шара’, ’вялікая бутля’ і ’галава’, колбик ’вузкагорлы гладыш’ і інш. Адносна крыніцы запазычання нельга сказаць нічога пэўнага; для рус.калган ’драўляная міска’. Гараеў (440) прыводзіць у якасці ўсходняй крыніцы запазычанне цюрк.kolɣan. Надзейнасць гэтай думкі невялікая (Фасмер, 2, 165). Аднак параўн. драг.ко́ўган у фразе: Голова бы ко́ўган (аб круглай вялікай галаве); Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калужа́нка, калу́жынка ’кошык’ (Мат. Гом.). У іншых беларускіх крыніцах не адзначаецца, аднак сумнявацца ў дэфініцыі як быішам няма прычыны, няглсдзячы на непераканаўчыя ілюстрацыі. Параўн.: «Ой якія добрыя яблыкі стаяць у калужанцы. У цябе новая калу́жынка такая харошчая» (Мат. Гом., 199). Нягледзячы на супадзенне фармальна і па акцэнтуацыі з калужына. ’лужына’ суаднесці гэтыя лексемы, як здаецца, нельга. З магчымых паралелей звяртаюць на сябе ўвагу адзначанае Далем рус.усх.-сіб.калуга ’кошык, кашолка’ і больш блізкае фармальна тамб.калужка ’драўлянае самаробнае выдзеўбніце блюда’. Не выключана, што сюды неабходна аднесці і арханг., халмаг.калуга ’драўляная скрыня, рыбнік з прарэзамі, зроблены ў выглядзе лодкі, які выкарыстоўваецца для перавозкі жывой рыбы па вадзе’; на гэту рэалію назва магла перайсці з больш даўняга плеценага вырабу. У такім выпадку’, нягледзячы на іншую суфіксацыю, гэты прыклад неабходна кваліфікаваць як больш дакладны адпаведнік у параўнанні з калужка ’драўлянае блюда’. Апошнюю лексему, відаць, неабходна супастаўляць з вядомай назвай драўлянай міскі (у рус. гаворках калга, калгашка, калган, калгушка, колган і да т. п.). Беларускія і паўн.-рус. прыклады дазваляюць узнавіць аснову кал‑, хаця, відавочна, поўнасцю выключыць іншай магчымасці нельга. Значэнне асновы пакуль што неабходна разумець як ’плецены выраб’, пры гэтым, відавочна, назва характарызавала або яго форму, або нейкую спецыфічную прымету. Дакладных адпаведнікаў у іншых слав. мовах намі не выяўлена, аднак калі дапускаць архаічнасць утварэння, усх.-слав. прыклады можна параўнаць з каш. (славін.) kalizńa ’пустое, нежылое памяшканне’ і, магчыма, больш падыходзячае па семантыцы рус.с.-ур.калспа ’гняздо собаля ў кучы ламачча’, разглядаючы іх як роднасныя на узроўні асноў. Пры гэтым рускі прыклад не вельмі ясны фармальна, а зах.-слав. — семантычна, што не дазваляе лічыць гэтыя супастаўленні надзейнымі. Калі разглядаць прыведзеныя лексемы як усходнеславянскія, можна паспрабаваць разгледзець іх як дэрываты ад kalъ падобныя фармальна да рус.наўг.калюх ’пасудзіна для адыходаў (з якой звычайна кормяць свойскіх жывёл)’ (як вытворнае ад fta/ъ гэта слова разглядае Трубачоў, Эт. сл., 9, 125, аднак з іншай матывацыяй). Магчыма, архетып рэаліі (калужанка, калуга) неабходна разумець як плецены выраб, аблеплены, абмазаны глінай. Пацвердзіць гэта цяжка, хаця як на нейкі аналаг можна спаслацца на ўтворанао іншым спосабам серб.-харв.каленица ’сноп саломы, змочаны растворам гліны, які ўжываецца для пакрыцця даху’, ’гліняная міска’, чэш.дыял.kalenec ’тс’. Рус.алан.колисанка ’кошык, абмазаны гноем і абліты вадой, прыстасаваны катацца з горак’, пск., цвяр., кастрам.колыжка ’невялікі вазок’, тульск., раз. ’калыска’ і паводле тлумачэння Даля «лубяное лукошко или плетюшка» (ярасл., вяц.). Паходжанне гэтых лексем зразумелае, параўн., напрыклад, рус.тульск.колиска ’плеценая калыска для дзіцяці’ або ярасл.колышка ’плецены кошык’, ’плецены кошык для cena’, ’вялікі дрэннай работы кошык для бульбы і да т. п.’, каляз., цвяр. ’каробачка з бяросты, пасудзіна для вады’. Відавочна, што назва плеценай калыскі магла пераносіцца на іншыя плеценыя вырабы. Не выключана, што ў выпадку з бел. лексемай назіраецца падобны працэс. Словаўтварэнне можна тлумачыць як вынік субстытуцыі суфікса (пры зацямненні ўнутранай формы?);⇉першапачаткова, магчыма, чыста фанетычны працэс (калыб‑калуб‑), хаця не выключана, што была толькі мена суфікса.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мані́ць ’падзываць, клікаць, падклікаць (качак, курэй, сабак)’ (Касп., Шат., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’прыцягваць, прынаджваць’, манлі́ву ’прываблівы’ (ТС), беласт.мані́ті ’прывабліваць, спакушаць’ (Сл. ПЗБ); мана́ ’прываба, пахучая прыманю’ (ТС); мані́ць, мані́ці ’хлусіць’, мана́, мына́ ’хлусня, наўмыснае скажэнне ісціны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг.; ЛАПП, ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Янк. 1), мань, май ’хлусня, хлус’ (кліч., Жыв. сл.; Яруш., Мікуц., Нас., Шат.). Укр.мани́ти, рус.мани́ть ’тс’, паўн.ма́нкий ’спакушальны, прыцягальны’, валаг.манно́ ’прывабліва, прыемна’, алан., наўг., калін.ман ’хлус’, алан., смал., укр.мана ’хлусня’, польск., в.-луж.manić, н.-луж.maniś ’падманваць, ашукваць; прывабліваць, спакушаць, цешыць сябе чым-небудзь’, польск.man ’уведзены ў зман’, ’падман’, manicielstwo ’тс’, ’спакуса’, чэш.‑maniti: ляш.podmanic ’падбухторыць да нечага’, podmana ’хітры ашуканец’, славац.obmantať ’ашукаць’, umantať ’заваражыць, зачараваць’. Да групы слав. лексем з асновай man‑ трэба яшчэ далучыць бел.мана́ ’пустата’, ’прывід, здань’ (Нас.), ’чары, насланнё’ (Ян.), ’азарт, прыцягальная сіла’ (карэліц., Марц.), ’ахвота, жаданне’ (Сцяшк. Сл.), мані́ць ’трызніць’ (Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), мін.манаецца ’здаецца’ (КЭС) і аналагічныя да іх укр.мана́ ’прывід, здань, ілюзія’, рус.смал. ’насланне, нешта нерэальнае’, ’хмара’; ’прынада, спакуса’ (Даль); тамб. ’слодыч’, наўг.ман ’нячысцік, які жыве ў званіцы, у хаце або ў лазні’, уладз., валаг., наўг.мани́ть, безасаб. ма́нит ’здавацца, мроіцца’, манной ’шалёны’, а таксама польск.man ’ілюзія’, серб.-харв.не̏ман (з адмоўнай прыстаўкай, як, напр., нябога) ’страшыдла, прывід’, ’волат, калос’, ’нячысцік, д’ябал’, у якім (паводле Скока, 2, 366) адбылася дысіміляцыя m…m > m…n. Ван–Вейк (RÉS, 14, 73) таксама мяркуе, што паўн.-слав.maniti ўтварылася ў выніку дысіміляцыі з mamiti, прадстаўленага на зах.- і паўд.-слав. моўнай тэрыторыі, параўн. польск.mamić ’падманваць, уводзіць у зман’, ’прывабліваць’, чэш.mámiti ’выманьваць, выцягваць’, ’абдурманьваць’, славац.mámiť ’тс’, ’прывабліваць’, mam ’прывід, міраж’; славен.mámiti ’завабліваць, спакушаць’, ст.-славен.mama ’балбатун’, серб.-харв.ма́мити ’заманьваць, прывабліваць’, ’выманьваць’, ’раз’юшваць’, ма̏ма ’дурны’, ’шаленства’, ма̑ма ’прынада’, макед.мами ’хлусіць, ашукваць, махляваць, заманьваць’, балг.ма́мя ’тс’, ’прыручаць’, ’парушыць клятву’, ’вадзіць за сабой’, ’падзываць, клікаць (свойскія жывёлы і птушкі)’, ст.-слав.мамьнъ ’дурны’, ц.-слав.мамити і манити. Махэк₂ (350 і 351) мяркуе, аднак, што зыходнай формай для дзеяслова з’яўляецца прасл.manъ, якое пад уплывам сіноніма klamъ змяніла свой канчатак (‑nъ у ‑mъ) > ‑maniti. БЕР (3, 635) дае дзве прасл.формы дзеяслова: mamiti і maniti. І.‑е. асновай для першай з’яўляецца *ma‑ ’узмах рукою’ > прасл.majati, maxati, літ.móti, лат.māt ’махаць, ківаць’ з фармантам ‑mo‑ (параўн. ст.-грэч.μῑμος ’пераймальнік, імітатар, мім’, лац.mīmos ’тс’, месапск. mimeteos (Р. скл.) ’тс’ (Крае, IF, 49, 268; Бязлай, 2, 164–165). Роднаснымі да прасл.maniti будуць: ст.-інд.māyā́ ’чары, падман, ілюзія’, авест.māyā‑, лат.mãnît ’уводзіць у зман, падманваць’, mani, якому адпавядае бел.мань (Карскі, Труды, 456), ст.-в.-ням.mein ’ілжывы, падманлівы’, ст.-ісл.mein ’страта, шкода, няшчасце’, ст.-англ.mān, ст.-сакс.men ’хлусня’, ням.Mein‑eid ’клятвапарушэнне’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 582; Бернекер, 2; Фасмер, 2, 569).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сліж1 ‘галец’ (Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘невялікая сомападобная рыбка’ (Нар. лекс.), слі́жык ‘галец’ (Гіл.), ‘дробная рыбка’ (Бяльк.), ‘дробная рыбка, падобная на ўюна’ (Нар. лекс.), сліж, слі́з ‘галец’ (Сцяшк.), ‘уюн’ (Скарбы), ‘малюск’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел.слижъ ‘галец’ (Ст.-бел. лексікон). Укр.сліж ‘галец, Cobitis barbatula’, рус.слиз ‘рыба Biennius, з пароды вугроў’, польск.śliz, śliż, śliżyk ‘галец, Nemalhilus barbatula’, в.-луж.sliž ‘уюн’, šliž ‘галец’, н.-луж.sliž ‘смоўж’, славац.slíž ‘рыба галец’, чэш.дыял.slíž, šlíž, šliž ‘тс’. Паўночнапраслав. *slizъ, *slizi̯o‑ (Фасмер, 3, 671). Звязана з слізкі (гл.), таму што гэтыя рыбы пакрытыя тоўстым слоем слізі (Міклашыч, 307; Праабражэнскі, 2, 322), паколькі большасці з названых рыб характэрна выдзяленне слізі (Каламіец, Рыбы, 40). Сумненні ў Махэка₂ (555) з прычыны таго, што назва адносіцца да розных рыб, але, відаць, яны неапраўданыя. Басай і Сяткоўскі (Słownik, 380–381) адводзяць меркаванне пра запазычанне польск.śliżek праз чэш.sližek з ням.Schleisse ‘рыба Nemachilus barbatulus’.
Сліж2 ‘праснак’ (Сцяшк.), ‘печыва з мукі’ (ЛА, 5), сліжы ‘праснакі, якія ядуць на калядную Куццю з цёртым макам’ (Сцяшк. Сл.), ‘клёцкі’ (смарг., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (ашм., шальч., Сл. ПЗБ), слі́жыкі ‘тс’ (Нас.; гродз., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (паст., іўеў., воран., Сл. ПЗБ), слі́зік ‘праснак’ (Сцяшк. Сл.), слі́зікі ‘кавалачкі пшанічнага цеста, адвараныя ў вадзе і залітыя макавай сумессю’ (Скарбы). Польск.śliż(yk), чэш.sliž ‘від ежы’, дыял.slíž(ek), славац.slíž, у тым ліку і ‘мучныя клёцкі, якімі кормяць гусей перад забоем’. Беларускае, лічачы па лакалізацыі, відаць, з польскай. Махэк₂ (555) этымалогію лічыць няяснай, але не выключае, што гэта дэрыват ад слізкі; да гэтага параўн. тлумачэнне Насовіча (Нас., 590): іх ядуць з сытой або макавым малаком, ад чаго яны робяцца слізкімі.
Сліж3 ‘доўгае бервяно, якое кладзецца па баках маста для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк., ПСл; віл., лід., Сл. ПЗБ; ЛА, 5), ‘бервяно, па якім спускаюць на ваду лодку’ (ТС), ‘бервяно, па якім усцягваюць наверх цяжкія калоды’ (ПСл, ЛА, 5), сліжакі́, сліжы́ ‘лагі’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), слеж ‘падваліна’ (брэсц., кобр., Нар. сл.), сле́жык ‘аснова печы’ (іван., Нар. сл.), слі́жка ‘шасток у хаце для адзежы’ (Касп.), сліз ‘падоўжная бэлька ў гаспадарчых будынках на сохах’ (ЛА, 4), сліс, сліш ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр.слиж ‘папярочны брус у столі з прутоў’, сляж ‘тс’, сле́жык ‘адзін з слупоў, на якіх пастаўлена печ’; сюды ж ст.-польск.śleżej ‘бервяно пры будове моста’, польск.дыял.śleżyna ‘доўгая жэрдка, да якой прыбіваюцца штакеціны’, чэш.slizej ‘ледарэз; бервяно, што ахоўвае млын ад ільдзін’, sluzuj, sluzej ‘бервяно ў аснове моста’, славац.дыял.šlezaj ‘бервяно, перакінутае праз раку; бервяно паверх насцілу моста’. Махэк₂ (559) меркаваў, што заходнеславянскія тэхнічныя тэрміны грунтуюцца ў рэшце рэшт на ням.Schleuse ‘шлюз’ (гл. шлюз, слюз), а зыходнымі трэба лічыць формы з ‑u‑ (< ням.‑eu‑), параўн. слюга (гл.). Борысь (Etymologie, 599–601) атаясамлівае паходжанне заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх форм, што ўзыходзяць да *sъlěga/*sъlęgti, прыставачных дэрыватаў *legti, *ležati, *lěgati ‘лажыць, лажыцца’, гл. ляжаць, слега. Усё гэта не выключае ўзаемнага ўплыву на форму і семантыку народнага і запазычанага тэрмінаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэба1 ‘ахвярапрынашэнне’, ‘рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда), які выконваецца святаром па просьбе веруючых’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел.треба ‘ахвяра’ (ГСБМ). Параўн. стараж.-рус.тереба, якое праз ц.-слав. са ст.-слав.трѣба ‘ахвяра’. Паводле Фасмера (4, 95), разумеецца як ‘выкананне абавязку’ і звязана з трэба2 (гл.). Параўн. таксама палаб.trebe ‘каляды’, больш падрабязна Ферлюга-Пятроніё, Linguistica, 20, 2, 138 і наст. Зафіксаванае на Брэстчыне трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай з незамярзаючым ручаём’ (Чэрн.), а таксама трэ́ба ‘ляда, месца, дзе высечаны лес’ (бяроз., Шатал.), хутчэй з ўсё, не мае непасрэдных адносін да ‘месца, куды прыносіліся ахвяры багам’, а звязана з трыб1 ‘прасека ў лесе’, гл.
Трэ́ба2 ‘патрэба, неабходнасць’ (Нас.), ‘клопат, справы’ (Нар. Гом.), ‘неабходна, абавязкова, патрэбна’, ‘пажадана’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Мал., Федар. 4, ТС, Кліх, Ян., Растарг., Сл. ПЗБ), ‘належаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘мець патрэбу ў чым- ці кім-небудзь’ (смарг., воран., вільн., шальч., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘быць патрэбным’ (Нас.), тре́ба ‘трэба’ (Бяльк.; Мат. Маг. 2), трэ́бо ‘тс’ (Скарбы₂; слуц., Мат.), ст.-бел.треба ‘патрэба’: ездилъ есми у требе моей до урадника (ПГС), сюды ж трэ́бака ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), тра́було, трэ́було ‘трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы), трэ́буль ‘тс’ (астрав., там жа); трэ́батка ‘тс’ (Рагаўц.), трэ́бацімя ‘трэба будзе’ (шчуч., З нар. сл.). Параўн. укр.тре́ба ‘трэба’, зах.-укр.трі́ба ‘патрэба, спроба’, рус.зах.треба ‘патрабаванне’: по требе явиться (Даль), польск.trzeba ‘трэба, неабходна, варта, як належыць, патрэбна было б’, каш.třeba ‘трэба’; н.- і в.-луж.trjeba ‘патрэбна, неабходна’, чэш.třeba ‘тс’, ‘нават, хаця’, ‘хаця б’, ‘можа быць’, ‘бадай што, мабыць’, славац.treba ‘трэба, патрэбна, належыць’, trebars ‘хаця’, славен.tréba (je), харв.trijéba, серб.тре̏ба ‘патрэбна’, дыял.цімак.тре́бе ‘тс’, балг.трѐба ‘грамадская справа’, макед.треба ‘быць неабходным, патрэбным’, ст.-слав.трѣбѣ (ѥсть) ‘патрэбна, трэба, неабходна’. Прасл.*terba ‘патрэба, неабходнасць’ рэканструюць на падставе матэрыялу часткі славянскіх моў, разглядаючы яе як аснову, варыянтную ў адносінах да і.-е.*terp‑:ст.-прус.enterpo ‘ўжывае, патрабуе, патрэбны’, літ.tar̃pti ‘квітнець’, гоц.þaúrban ‘патрабаваць’, þarbs ‘неабходны, патрэбны’, ст.-в.-ням.durfan, thurfan ‘патрабаваць’, ням.dürfen ‘магчы; мець дазвол’, ст.-грэч.τέρπώ ‘насычаюся; маю досыць; радуюся, весялюся’, ст.-інд.tŕ̥pyati, tárpati ‘насычацца’ (Борысь, 648; Фасмер, 4, 96; Сной₂, 779; ESJSt, 16, 979). Беларускія і ўсходнеславянскія формы разглядаюцца як запазычаныя з царкоўнаславянскай або польскай (гл. Анікін, РЭС, 9, 204; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), што, улічваючы шырокае іх распаўсюджанне, здаецца малаверагодным і ставіць пад сумненне прапанаваную этымалогію (пра поўную яе няяснасць гл. ESJSt, 16, 979). Скок (3, 501) мяркуе, што першасным значэннем прасл.*terb‑ было ‘церабіць’, і ўтвораны ад дзеяслова *terbiti (гл. церабіць) назоўнік *trěba абазначаў ‘праца’, пазней — ‘карчаванне’, якое было вельмі патрэбным у жыцці ранніх славян, таму развілося значэнне ‘патрэба ўвогуле’ > ‘патрэба, неабходнасць’; паводле Трубачова (Этимология–1994–1996, 25) — ‘вострая неабходнасць, справа’. У ЕСУМ (5, 626) прасл.*terba ‘патрэба, неабходнасць’ звязваецца з *terbiti ‘ачышчаць ад лупінаў’, ‘церабіць’, ‘карчаваць’, ‘мяць’, ‘пакладаць’. Сюды ж трэ́баваць ‘быць у цечцы (пра свінню)’ (Юрч. СНЛ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс.км². Нас. 67 540 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г.Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).
Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.
Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і У — Усх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр.ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗ — ч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас.р. Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд.т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.
Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс.ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш.еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл.Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э.тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл.Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э. — Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл.Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл.Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб.халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б.ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл.Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл.Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц.калан. палітыкі, Руска-іранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш.дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССРсав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн.Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.
Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 y І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.А.Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.Хатамі. І. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац.дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст.Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд.дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн.т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд.м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн.кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд.кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн.т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн. прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн.т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат.прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч.прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн.т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн.га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн.га (1995). Збор (млн.т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс.га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс.т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс.т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс.км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс.км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн.т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс.км прадуктаправодаў, 5,9 тыс.км нафтаправодаў, 4,55 тыс.км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд.дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш.Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс.чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс.чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс, зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс.чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач, няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач.прафес. школы (на базе агульнаадук.пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч.г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж.ун-т (з 1928), Іранскі нац.ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал.ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).
Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.
Літаратура. Найб.стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж.л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн.«Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст.н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж.л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.А.Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.Ш.Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас.л-ра (Г.Умар Хаям і А.М.Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.Каані, Вісаль, М.А.Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.А.Ягма Джандагі, М.Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.Казвіні, М.Т.Бехара, прозе Ф.Іездзі, гіст. аповесцях С.Кермані, М.Б.Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.Фазел, А.Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.А.Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.Х.Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.Даўлатбадзі, А.М.Афгані, Дж.Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.Чубек, Г.Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.
Архітэктура. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац.с.-г. банк (1958, арх. М.Фараўгі, А.Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.Сейхун) — усе ў Тэгеране.
Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх.эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст.нац.маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.А.Вазіры, М.Макадам, А.Амеры, скульпт. А.Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).
Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц.формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг.формымуз. мастацтва.
Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж.т-рперс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж.тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж.т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац.т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г.т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац.т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.
Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.Х.Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.Салеса, М.Набілі, М.Кім’яі, Б.Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.Махмалбаф, Э.Хатамікія, М.Сабазадэ, Х.Кавуш, Н.Нікнежад, М.Давідэлі, В.Карым-Масіхі, К.Айры, І.Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.
Літ.:
История Ирана. М., 1977;
Арабаджян З.А. Иран;
власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;
Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;
NewYork, 1988;
Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;
Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.
Герб і сцяг Ірана.Да арт.Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.Да арт.Іран. Іранскае нагор’е.Да арт.Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.Да арт.Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.Да арт.Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.Да арт.Іран. Керамічны збан з г. Кашан.Да арт.Іран. Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.Да арт.Іран. Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.Да арт.Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсе» Нізамі. Шыразская школа. 1491.Да арт.Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Назола ’дакука, прыкрасць, журба’, ’надакучлівая асоба’ (Нас., Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), назол, назольнік ’надакучлівая асоба’ (Юрч. СНС), рус.назола ’нуда, журба, смутак’, ’шкода’, ’надакучлівы чалавек’, укр.назола ’хто робіць многа турбот’. Сюды ж назаля́ць ’надаядаць, дакучаць’ (Нас., Яруш., Шн., Сл. ПЗБ, ТС), назале́лы ’надакучлівы’ (Сцяшк. Сл.), назольный ’тс’ (Яруш.), назо́йны ’надакучлівы’ (Бяльк.), а таксама выразы: у назо́лу ’на зло’ (Булг.), даваць назолу ’назаляць’ (Шн.), назоля́ць на се́рцэ (на душу) ’трывожыць у непадыходзячы час’ (ТС). Прыведзены матэрыял, асабліва апошні фразеалагічны выраз, у аснове якога ляжыць нейкае канкрэтнае значэнне, аб чым сведчыць прыназоўнікавая канструкцыя з на, дае падставы для пошукаў архаічных адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах, параўн. макед.назољам ’пасаліць, пасыпаць нечым’ у народнай песні, запісанай Міладзінавым: «Му донесе билки чемерики / И назоли нему бело сӑрце», дзе бело сӑрце ’страўнік’ (Тошев, Струшкиот говор. Скопје, 1979, 38, 103). Параўн. іншыя дыялектныя формы: макед.zolit ’пырскаць; пасыпаць; накрапваць’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani dialect of Macedonian. Lisse, 1976, 301), зоља, зола ’пасыпаць соллю, цукрам, парашком’ (Белић, Галички дијалекат. Београд, 1935, 213), золте (< зол те, літаральна ’золь цябе’, ужываецца як дакор, Поповски, Македонски јазик, 1959, 10, 133), балг.назоля́вам і назолвам ’пасыпаць’ (Гераў), назоля́ва ’адкладвае яйкі на прадуктах, у якіх заводзяцца чарвякі (пра муху)’ (БЕР, 1, 652), серб.-харв.наѕоје ’пра нападзенне мух’: наѕоје̏ле му̏е месо (Елезовић, Речник косовско-метохиског дијлекта, 1. Београд, 1932, 435), зоља, ѕоља ’камары’ (Павловић, Говор Јањева. Нови Сад, 1970, 179). Такім чынам, першапачатковае значэнне дзеяслова рэканструюецца як ’пасыпаць ці пакрапіць нечым з мэтай лячэння’ і фармальна звязана з прасл.*zola ’попел’ (гл. зала́), параўн.: да ми гьи позолите ръцето со пепелта, кье ми оздравеат (Младенов: Сб. Солун. София, 1934, 62); развіццё значэння да ’надаядаць, дакучаць, дапякаць’ на падставе ’раздражняць рану, уздзейнічаючы на яе пры дапамозе лекаў, зёлак’, параўн. народны выраз надаеў, як горкае зелле, што дае падставы для рэканструкцыі прасл.*zoliti ’пасыпаць (попелам, парашком і інш.)’. Агляд іншых версій: Гаўлава (Etymologica Brunencia. Praha, 1978, 34–35) рэканструюе прасл.*zoliti ’шкодзіць, мучыць’ на падставе ўсходнеславянскіх слоў і і.-е. паралеляў. Скок (3, 664): зоља ’мушка’ < zujati (гукапераймальнае). Фасмер (3, 39) аддзяляе рус.назойливый ’надаедлівы’ ад назола, выводзячы яго з зой ’шум’, падрабязны разбор гэтай версіі і спробу фармальнай і семантычнай рэканструкцыі развіцця слова гл. Шалепіна: Русские говоры Сибири. Томск, 1981, 67–69; Шустар-Шэўц указвае на паралель в.-луж.zelić (⩽ zolić) ’голасна клясці, праклінаць’ і славен.zoliti ’крычаць, шумець’, што можа сведчыць аб старажытнасці такой семантыкі (ВЯ, 1983, 46), параўн. яшчэ бел.зяліць ’тлуміць’: Зеліш ты сваімі песьнімі усю хату (Яўс.). Не выключана, што ў развіцці асобных славянскіх моў назіралася змяшэнне розных дзеясловаў, блізкіх па форме, у прыватнасці са значэннем ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і ’крычаць, шумець’. Дарэчы, прыгатаванне лекаў у выглядзе парашкоў ці раствораў, атрыманых шляхам спальвання зёлак і іншых матэрыялаў, а таксама разбаўлення атрыманага попелу ў вадзе, з’яўляецца старажытнай практыкай народнай медыцыны (у прыватнасці, знахарства). Тым самым магчыма звязаць значэнне ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і значэнне ’заліць лугам (бялізну і інш.)’. Што датычыць зяліць ’тлуміць’, звычайна азяліць галаву, то не выключана, што тут асноўнае значэнне не ’шумець’, а ’выклікаць стан ачмурэння, выпіўшы настоенага зелля’, пра што сведчыць і другое значэнне азяліцца ’напіцца гарэлкі’ (параўн. чортава зелле = гарэлка), азелены ’затлумлены, п’яны’ (Яўс.). Гл. зала́, зелле, заліць1, зяліць.