залато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Уст. Манета ў 15 капеек. Як толькі збярэцца ў Сымоніхі колькі залатовак, яна ўвязвае іх у хусцінку і выпраўляецца ў мястэчка на рынак. Бядуля. — Жыта ўжо асыпаецца, а пан Тумашэвіч усё чакае, калі да яго прыйдуць наймацца касцы за залатоўку ў дзень. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іглі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з ігліцы, іголак (у 3–5 знач.), густа пакрыты імі. Іглістая елка. □ Адна галіна з пажоўклай шышкай, з іглістымі кусточкамі, ціха гайдаючыся, цягнулася да расчыненай форткі, нібы заглядвала ў пакой. Мележ. Тут, у зацішку, не мяла. Толькі церушыўся з дрэваў калючы снегавы пыл, прысыпаючы дарогу іглістай намараззю. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязлю́дны, ‑ая, ‑ае.

Ненаселены або маланаселены. Толькі свае песні спявае.. [лясны жаваранак] у бязлюдных мясцінах, дзе рэдка бывае чалавек, і мала хто чуе іх. Колас. // Такі, дзе не відаць або няма ў дадзены момант людзей. Сяргей пакрочыў у бок калгаснага двара пакуль што яшчэ бязлюднай вуліцай. Шахавец. Бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маршчы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Утвараць маршчыны на твары; моршчыць. Глядзяць кудысь углыб вочы дзедавы, несупынныя думкі яшчэ больш маршчыняць яго лоб. Колас. І маршчынілі маці аблічча весткі сумныя з позніх дарог. Машара. // перан. Утвараць рабізну (пра паверхню вады). Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасці́пнасць, ‑і, ж.

Уменне сказаць востра, смешна, даць трапнае азначэнне. Гэта быў малаадукаваны чыноўнік, але з прэтэнзіямі на інтэлігента і з замахам на дасціпнасць і жарты, якія, праўда, мала ўдаваліся яму. Колас. У народзе любяць пажартаваць над закаханымі, але гэтыя жарты вымагаюць ад чалавека не толькі дасціпнасці, але такту і розуму. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантра́стны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца кантрастам каму‑, чаму‑н.; рэзка процілеглы. Кантрастныя з’явы. Кантрастныя колеры. □ І справа і злева грымелі ўзрывы, а тут было ціха. Цішыня трывала можа толькі якую хвіліну, але была яна такой кантрастнай, што здавалася чужой, незразумелай. Шахавец.

2. З рэзкай розніцай паміж светлымі і цёмнымі часткамі. Кантрастны здымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міжво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не залежыць ад волі, свядомасці. Толькі яшчэ аднаго не мог пераадолець у сабе каваль — гэта пачуцця нейкай міжвольнай гідлівасці да нямецкіх вінтовак і пісталетаў, хоць імі ўжо карысталіся партызаны. Паслядовіч.

2. Выпадковы, ненаўмысны. Асабліва помніцца мне адзін дзень, у які нам давялося быць міжвольнымі памочнікамі дзядзькі Сымона. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. насадзіць ​1.

2. толькі мн. (насаджэ́нні, ‑яў). Пасаджаныя расліны, дрэвы. Лесаахоўныя насаджэнні. Пладова-ягадныя насаджэнні. □ Гутарка ў Максіма ішла аб беларускіх лясах.., аб новых, пасляваенных насаджэннях. Брыль.

•••

Зялёныя насаджэнні — дрэвы і кусты, часта ў спалучэнні з кветнікамі і газонамі, у гарадах, пасёлках і вакол іх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́це, часціца.

1. Тое, што і на ​2 (у 1 знач.), толькі пры ветлівым звароце або звароце да многіх. [Карэспандэнт:] — Вось наце, прачытайце, я напісаў апавяданне. Сабаленка. [Родны:] Наце вам і мае гранаты. Бывайце, таварыш лейтэнант! Крапіва.

2. Ужываецца пры выказванні здзіўлення, гневу і пад. Наце ж вам, такое здарэнне ў такі позні час!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нераскры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які яшчэ не раскрыўся, не распусціўся (пра пупышкі, кветкі). Шышкі кедра паспяваюць толькі пад восень другога года і асыпаюцца нераскрытымі, з насеннем ўнутры. Гавеман.

2. Які застаўся нерастлумачаным, нявыяўленым. Нераскрытае злачынства. □ У зборніку [«Беларуская дарэвалюцыйная проза»] шырока прадстаўлены творы малавядомых пісьменнікаў, а таксама невядомых аўтараў, псеўданімы якіх асталіся нераскрытымі. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)