МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,

помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн. гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.​Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.​Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т. л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.​Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.​Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал. гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял. Айч. вайну асн. частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.

Літ.:

Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.

Літ.:

Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ. М., 1982;

Айвазян С.А., Енюков И.С., Мешалкин Л.Д. Прикладная статистика: Исслед. зависимостей. М., 1985;

Прикладная статистика: Классификация и снижение размерности: Справ. изд. М., 1989.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж. рус. драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Клеменс» К.​Саі і «Стары дом» А.​Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.​Хакса (1995), «Жаніцьба» М.​Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.​Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.​Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.​Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.​Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.​Олбі і «Бабскае царства» Ю.​Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.​Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.​Дазорцава і «Царства зямное» Т.​Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.​Разумоўскай і «Ноч анёла» А.​Розанава (1987), «Майстры» А.​Дударава паводле М.​Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.​Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).

Літ.:

Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЕ́ННЕ,

канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл. Маналог) і дыялагічнае (гл. Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл. Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.

Літ.:

Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;

Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.

Л.​Д.​Выгонная.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МІН-СІБІРА́К (сапр. Мамін) Дзмітрый Наркісавіч

(6.11.1852, г.п. Вісім Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.11.1912),

рускі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў рус. «сацыялагічнага рамана». Вучыўся ў Пермскай духоўнай семінарыі (1868—72), Пецярбургскай мед.-хірургічнай акадэміі (1872—76) і Пецярбургскім ун-це (1876—77). З 1877 жыў на Урале (пераважна ў Екацярынбургу), з 1891 у Пецярбургу і Царскім Сяле. Друкаваўся з 1875. Гал. тэма уральскіх раманаў «Прывалаўскія мільёны» (1883), «Горнае гняздо», «Дзікае шчасце» (пад назвай «Жылка», абодва 1884), «Тры канцы» (1890), «Золата» (1892), «Хлеб» (1895) — улада капіталу над душамі асобных людзей і над лёсамі цэлых сац. пластоў. У рамане «Імяніннік» (1888) стварыў тып «лішняга чалавека» апошняй чвэрці 19 ст. Раман-успамін «Рысы з жыцця Пяпко» (1894) пра жыццё пецярбургскіх рэпарцёраў. Раманы «Веснавыя навальніцы» (1893), «Без назвы» (1894), «Па новым шляху» (1896) і інш. пра рус. інтэлігенцыю. Аповесці «Браты Гардзеевы» (1891), «Ахоніны бровы» (1892) на гіст. тэматыку. Аўтар раманаў «На вуліцы» («Бурны паток», 1886), «Зоркі, якія падаюць» (1899), «Уральскіх апавяданняў» (т. 1—2, 1888—89), п’есы «На залатым дне» («Золатапрамыслоўцы», паст. 1887), падарожных нарысаў «Ад Урала да Масквы» (1881—82), успамінаў «З далёкага мінулага» (1902) і інш. Творчасці М.-С. ўласцівы маштабнасць ахопу матэрыялу, драматызм, безылюзорны і шырокі погляд на чалавека, унутрана-напружанае апавяданне, жыццёвая дакладнасць, натуралістычныя падрабязнасці. Пісаў для дзяцей: «Ямеля-паляўнічы» (1884), «Зімоўе на Студзёнай» (1892), «Шэрая шыйка» (1893), «Алёнчыны казкі» (1894—97) і інш. Апрацоўваў легенды казахаў і кіргізаў (зб. «Легенды», 1898). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.​Маўр, А.​Якімовіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—81;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;

Аленушкины сказки. Мн., 1992;

Бел. пер. — Выбр.

казкі і апавяданні. Мн. 1939; Шэрая шыйка: Апавяданні. Мн., 1954; Алёнчыны казкі. Мн 1956.

Літ.:

Д.​Н.​Мамин-Сибиряк — художник. Свердловск, 1989;

Дергачев И.А. Д.​Н.​Мамин-Сибиряк в литературном контексте 2-й пол. XIX в. Екатеринбург, 1992.

А.​В.​Спрынчан.

Дз.Н.Мамін-Сібірак.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́Р (англ. monitor),

клас нізкабортных браніраваных ваен. караблёў з малой асадкай, прызначаных для нанясення артыл. удараў па берагавых аб’ектах праціўніка, знішчэння яго караблёў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках.

Назва ад аднайм. карабля, пабудаванага ў пач. грамадз. вайны 1861—65 у ЗША Пазней падобныя марскія М. з’явіліся ў Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і інш. З канца 19 ст. яны замяняліся браняносцамі берагавой абароны, з пач. 20 ст.лінейнымі караблямі. Рачныя М. (будаваліся з канца 1860-х г., упершыню з’явіліся на Дунаі) выкарыстоўваліся для артыл. падтрымкі сухап. войск, высадкі дэсанта, аховы ўласных і парушэння варожых рачных камунікацый. У СССР (Кіеў) у 1934—37 пабудаваны 7 рачных М., у т. л. «Жалезнякоў», для Дняпроўскай ваеннай флатыліі (ДВФ; з 1940 частка ў Дунайскай флатыліі). Буд-ва марскіх і рачных М. спынена пасля 2-й сусв. вайны.

З вясны 1922 у Пінску (Зах. Беларусь), дзе пасля польска-сав. вайны 1919—20 была адноўлена польск. Пінская флатылія (ПФ), базіраваліся рачныя М. «Мазыр» (у 1923 перайменаваны ў «Торунь») і «Варшава», з 1926 (пасля расфарміравання польск. Віслінскай флатыліі) — М. «Пінск» і «Гарадзішча». Яны пабудаваны ў 1920 у Данцыгу (Гданьску, у гіст. л-ры часам наз. «гданьскія М.»). У 1924—26 у Кракаве для ПФ пабудаваны і больш лёгкія М. «Кракаў» і «Вільна». 17—21.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь усе М. затоплены («Вільна» сеў на мель на Прыпяці і 18 вер. ўзарваны экіпажам). У вер.кастр. 1939 караблі падняты і адрамантаваны сав. маракамі. Пасля пераўзбраення і перайменавання («Варшава» ў «Віцебск», «Гарадзішча» ў «Бабруйск», «Торунь» у «Вінніцу», «Кракаў» у «Смаленск», «Пінск» у «Жытомір») яны ўключаны ў ДВФ з гал. базай у Пінску, а пасля расфарміравання флатыліі (чэрв. 1940) — у Пінскую ваенную флатылію. Летам—восенню 1941 у ходзе абарончых баёў на Прыпяці, Бярэзіне, Дняпры М. знішчаны.

Літ.:

Павлович Р. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;

Яго ж. Мониторы польской Пинской флотилии: история и судьба // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мн., 1998. Вып. 2.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Манітор «Бабруйск».

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.​С.​Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.​Кастшэва, А.​Варскі, Ю.​Ленскі, Э.​Прухняк, КП(б)Б — В.​Г.​Кнорын, М.​М.​Галадзед, КСМЗБ — М.​А.​Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦК КПЗБ (С.​Т.​Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦК КПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦК КПЗБ ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац. сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. А.​А.​Альшэўскі, М.​А.​Блінчыкаў, С.​Я.​Будзінскі, С.​К.​Гарбуз, Г.​М.​Дуа, А.​У.​Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.​Л.​Перавалоцкі, А.​М.​Розенштайн, А.​С.​Славінскі; канд. ў чл. Л.​І.​Родзевіч, М.​М.​Словік і інш.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Канд. гіст. н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦК КПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1974), «Соль» (паст. Дзярж. рус. драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.​Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам ўласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.​Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.​Коласа (муз. Ю.​Семянякі, паст. Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

П’есы. Мн., 1976;

Соль: П’есы. Мн., 1988;

Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;

Рус. пер. — Избранное. М., 1986.

Літ.:

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;

Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;

Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУГ (Адам) (сапр. Пяткевіч Антоні Антонавіч; 23.10.1823, в. Замосце Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1903),

польскі і бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1845—46). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У.Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Украіне. У 1856 у Мінску сустракаўся з В.​Дуніным-Марцінкевічам, С.​Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864—66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў бел. літ.-асв. гуртка. У 1879—90 рэдактар час. «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 гал. рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літ. кіраўнік час. «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894—99), уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903). Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на бел. мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяд. «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэт. зб. «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях бел. жыцця. У зб. «Каласы з роднай нівы» (1856) фалькл. і хрысц. матывы. Рэаліст. паказ жыцця шляхты ў цэнтры сац. раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—67) і інш. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культ. жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў Дуніну-Марцінкевічу і Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы Дуніна-Марцінкевіча, Г.​Гейнэ, В.​Гюго, А.​Пушкіна, У.​Шэкспіра. Творы П. друкаваліся ў Мінску (у зб. «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В.​Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» Сыракомлі (т. 1—5, 1890). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.​Бітэль, У.​Мархель, К.​Цвірка.

Тв.:

Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz;

Wilno, 1862—63;

Бел. пер. — Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4;

Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. №7.

Літ.:

Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.

М.​М.​Хмяльніцкі.

А.Плуг.

т. 12, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)