ЗАЛЕ́СКІ (Адам Іосіфавіч) (н. 4.4.1912, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, этнограф. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1964). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У 1937—40 нам. дырэктара Мінскага пед. вучылішча. З 1945 выкладчык, дэкан Курскага пед. ін-та. З 1953 заг. сектара этнаграфіі Ін-та гісторыі, з 1957 нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР. У 1970—81 навук. супрацоўнік, заг. сектара Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі Вял.Айч. вайны, нац. адносін. Адзін з аўтараў 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4, 1975), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 1—5, 1995).
Тв.:
Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. Мн., 1960;
В партизанских краях и зонах. М., 1962;
Героический подвиг миллионов в тылу врага. Мн., 1970;
Дарогамі партызанскай Беларусі. Мн., 1974;
О национальных отношениях в Советской Белоруссии: Ист. очерки. Гродно, 1992 (разам з П.М.Кобрынцам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗА́ЦЫІ ПАТЭНЦЫЯ́Л, патэнцыял іанізацыі,
фізічная велічыня, роўная мінім. паскаральнай рознасці патэнцыялаў, якую неабходна прыкласці, каб надаць электрону кінетычную энергію, дастатковую для іанізацыі часціцы (малекулы, атама, іона). Вызначае энергію іанізацыі E — мінім. энергію, неабходную для выдалення электрона з часціцы на бясконцасць, E = eV, дзе V — І.п., е — элементарны эл. зарад. І.п. вымяраюць у вольтах, колькасна ён роўны энергіі іанізацыі ў электрон-вольтах. Разам з роднасцю да электрона вызначае электраадмоўнасць атамаў і малекул.
Адрозніваюць першы, другі і г.д. І.п., якія адпавядаюць выдаленню з часціцы першага, другога і г.д. электронаў. Першыя І.п. вядомы для атамаў усіх хім. элементаў (мінім. І.п. маюць шчолачныя металы: цэзій 2,893 В, літый 5,39 В; макс. — інертныя газы: гелій 24,58 В, радон 10,745 В) і некалькіх тысяч малекул (для якіх І.п. ад 5 да 20 В). Значэнні І.п. выкарыстоўваюць пры разліках тэрмахім. працэсаў у іанізаваных газах і плазме (газаразрадныя прылады, працэсы ў верхніх слаях атмасферы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМАЙЛО́ВІЧ,
сёстры, рэвалюцыянеркі. Нарадзіліся ў Пецярбургу. З дваран, бацька — генерал рас. арміі Аляксандра Адольфаўна (1878—11.9.1941). Чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з 1901. У 1905 падтрымлівала сувязі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. 27.1.1906 разам з І.П.Пуліхавым удзельнічала ў няўдалым замаху на мінскага губернатара П.Р.Курлова і паліцмайстра Дз.Дз.Норава, за што прыгаворана да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвай катаргай). З кастр. 1917 чл.ЦК Партыі левых эсэраў, са снеж. 1917 чл. Прэзідыума ВЦВК. У 1918 арыштавана, з 1923 у ссылцы. У 1930 арыштавана ў Ташкенце і выслана на 3 гады ва Уфу. У 1937 асуджана на 10 гадоў. 11.9.1941 расстраляна. Рэабілітавана ў 1957 па справах 1937 і 1941 і ў 1989 па справах 1920—30-х г. Аўтар кнігі «Паслякастрычніцкія памылкі» (1918).
Кацярына Адольфаўна (1881—9.2.1906). У 1905 куратар Мінскай арг-цыі эсэраў, праводзіла рэв. работу ў Магілёве, Маскве. Расстраляна ў Севастопалі за замах на віцэ-адмірала Р.П.Чухніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (?—1001),
полацкі князь з 988, сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёй адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаўль (цяпер г.Заслаўе пад Мінскам). З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў (гл.Ізяславічы). Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых епіскапстваў (991—992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць яго пячатка з надпісам, знойдзеная пры археал. раскопках у Ноўгарадзе. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку І.У. як чалавеку і хрысціяніну, першым з усходнеслав. князёў ахарактарызаваў як кніжніка: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Пражыў не больш як 25—26 гадоў. Меў 2 сыноў: Усяслава Ізяславіча і Брачыслава Ізяславіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІЛІЯ́ДА»,
старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст.ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.Дрэйзін, цалкам — Б.Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).
Публ.: Бел.пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус.пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці, спосабы вылічэння і дастасаванні інтэгралаў. Асн. паняцці: нявызначаны інтэграл і вызначаны інтэграл. Разам з дыферэнцыяльным злічэннем складае курс матэм. аналізу (ці аналізу бясконца малых).
І.з. ўзнікла з задач на вызначэнне плошчаў і аб’ёмаў. Найб. блізка да сучаснага разумення інтэгравання падышоў Архімед (3 ст. да н.э.). Стваральнікі І.з. І.Ньютан і Г.Лейбніц незалежна адзін ад аднаго пабудавалі інтэгральнае і дыферэнцыяльнае злічэнні і ўстанавілі іх узаемную абарачальнасць. Далейшае развіццё І.з. звязана з працамі Л.Эйлера, А.Кашы, Б.Рымана, А.Лебега, Т.І.Стылцьеса, А.М.Калмагорава і інш. Вылічэнне інтэгралаў (гл.Інтэграванне) толькі ў рэдкіх выпадках выконваецца непасрэдна па формулах (напр., шляхам абарачэння формул дыферэнцавання) — некат. інтэгралы нават ад параўнальна простых функцый нельга выразіць праз элементарныя, напр., інтэграл імавернасці. І.з. служыць крыніцай узнікнення новых (трансцэндэнтных) функцый (інтэгральнага сінуса, інтэгральнага лагарыфма і інш.). Для такіх функцый створаны табліцы значэнняў. Гл. таксама Графічныя вылічэнні, Набліжанае інтэграванне, Лікавыя метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫЯ МО́ВЫ,
спецыялізаваныя сістэмы абазначэнняў, якія ствараюцца для аптымізацыі падачы інфармацыі з мэтай яе назапашвання, перадачы і перапрацоўкі; разам з міжнар.мовамі-пасрэдніцамі складаюць штучныя дапаможныя мовы. Характарызуюцца вял. камунікатыўнымі магчымасцямі з-за адсутнасці ў іх шматзначнасці, аманіміі і сінаніміі. Маюць пэўныя слоўнікі (гл.Дэскрыптар, Тэзаўрус) і правілы граматыкі, што забяспечвае адназначныя запіс інфармацыі і алгарытмічнае распазнаванне (атаясамліванне) запісаных рознымі спосабамі фактаў.
Вылучаюць 3 асн. падкласы І.м.: інфарм.-кіруючыя — алгарытмічныя мовы, якія ствараюцца для запісу камандаў ад чалавека да камп’ютэра (больш за 500 моў; гл.Мова праграміравання); інфарм.-лагічныя для фармалізацыі паняццяў пэўнай галіны ведаў з дапамогай спец. сімвалаў; інфарм.-пошукавыя для запісу інфармацыі, яе назапашвання і дакладнай выдачы па запыце карыстальніка (больш за 1 тыс. моў, напр., алфавітна-прадметныя каталогі, патэнтныя класіфікацыі, міжнар. лічбавая універсальная класіфікацыя ў бібліятэчнай справе).
Літ.:
Москович В.А. Информационные языки. М., 1971;
Котов Р.Г., Якушин БВ Языки информационных систем. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Анатоль Анатолевіч) (н. 13.1.1939, г. Гомель),
бел. фізік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфіз.-матэм.н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1961). З 1964 у Ін-це фізікі, з 1971 у Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі (з 1982 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы вадкіх крышталёў, апрацоўцы аптычнай інфармацыі. Развіў метады кіравання параметрамі выпрамянення цвердацелых лазераў для задач атрымання і апрацоўкі інфармацыі; устанавіў асн. заканамернасці палярызацыі выпрамянення лазераў на фарбавальніках і нелінейна-аптычных з’яў, што ўзнікаюць у вадкакрышт. анізатропных асяроддзях пад уздзеяннем выпрамянення цвердацелых лазераў. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з У.А.Піліповічам);
Поляризация излучения, генерируемого растворами сложных молекул (з ім жа) // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
ОВФ в нематиках, активированных красителями, в поле импульсного излучения рубинового лазера (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1995. Т. 22, № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛІК (Сяргей Піліпавіч) (25.10.1846, в. Свадкавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.4.1926),
бел. рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Пецярбургскім і Кіеўскім ун-тах. Падтрымліваў сувязі з М.А.Бакуніным, П.Л.Лаўровым, П.М.Ткачовым. Стварыў народніцкія гурткі ў Пецярбургу, Харкаве, Саратаве, Самары і інш., якія вялі агітацыю сярод сялян. У ліп. 1874 арыштаваны ў Самарскай губ.разам з М.К.Судзілоўскім, адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Па працэсе 193-х (1877—78) асуджаны на 10 гадоў катаргі. З 1880 у ссылцы ў Якуціі. З 1898 працаваў у Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Мінскай гар. думы, старшыня Мінскага губ. зямельнага к-та. У 1920—22 у нар. камісарыяце сац. апекі БССР. З 1922 выкладчык Мінскага палітэхнікума. Старшыня Мінскага аддз.т-ва паліткатаржан і ссыльных пасяленцаў. Аўтар успамінаў «Рэвалюцыйны рух сямідзесятых гадоў і працэс 193-х» (надр. 1928), артыкулаў у час. «Былое» і «Каторга и ссылка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1873—76,
народнае паўстанне на тэр. Какандскага ханства (у 1710 вылучылася з Бухарскага ханства) пад кіраўніцтвам Ісхака Мулы Хасан-аглы (Пулат-бека). Пачалося як рух качэўнікаў-кіргізаў супраць самавольства і вял. падаткаў мясц. правіцеля Худаяр-хана. На працягу 1874—75 адбываліся сутыкненні паміж паўстанцамі і ханскімі войскамі. Калі сыны хана Насрэдзін-бек, Муратбек і военачальнікі разам са сваімі атрадамі далучыліся да паўстанцаў, Худаяр уцёк у Ташкент пад абарону рас. войск. Абвешчаны ханам Насрэдзін 22.9.1875 тайна заключыў з туркестанскім ген.губернатарам К.П.Каўфманам дагавор, паводле якога прызнаў сябе васалам Расіі. Гэта выклікала новы ўздым паўстання, якое набыло нац.-вызв. характар. Паўстанцы, якія абвясцілі ханам Пулат-бека, пасля шэрагу поспехаў у студз.—лют. 1876 разбіты рас. войскамі на чале з ген. М.Дз.Скобелевым каля Андыжана, Асаке і ў крэпасці Учкурган. Пулат-хан уцёк з Учкургана, але быў злоўлены і пакараны смерцю. Какандскае ханства ўключана ў склад Расіі як Ферганская вобл. у Туркестанскім краі.