прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.
Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл.Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДО́ЛА (італьян. gondola),
1) аднавёславая пласкадонная лодка з узнятымі фігурнымі носам і кармой. Пашырана (з 11 ст.) у Венецыі. Даўж. каля 10 м, шыр. 1,3 м. Звычайна мае каюту або навес для пасажыраў.
2) Кабіна аэрастата для размяшчэння людзей, сілавых установак, абсталявання і баласту. Гандола стратастата — герметычная кабіна, дырыжабля — убудаванае або падвеснае на стропах памяшканне.
3) Канструкцыя абцякальнай формы некат. тыпаў суднаў, вынесеная за межы корпуса і прызначаная для размяшчэння гідралакацыйнай апаратуры, механізмаў вінтарулявой калонкі, грабных рухавікоў.
4) Элемент канструкцыі самалёта або верталёта, які мае абцякальную форму і прызначаны для размяшчэння рухавіка, шасі і інш. 5) Самаразгрузны чыгуначны паўвагон з плоскай гарыз. падлогай, у якой зроблены люкі.
Венецыянская гандола для плавання па каналах.Да арт.Гандола. Адзін з першых аэрастатаў (1783, Францыя): 1 — шар; 2 — канаты; 3 — гандола з двума чалавекамі на борце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНО́ІДЫ (Ganoidei, Ganoidomorpha),
інфраклас (надатр.) прымітыўных выкапнёвых і сучасных прамянёвапёрых кл. касцявых рыб. 2 надатр.: храстковыя рыбы з 1 вымерлым атр. і 2 сучаснымі (асетрападобныя і мнагапёрападобныя), касцявыя рыбы з 5 вымерлымі атр. і 2 сучаснымі [аміяпадобныя (Amiiformes) і панцырнікападобныя (Lepisosteiformes)]. Выкапнёвыя ганоіды вядомы з сярэдняга дэвону. На Беларусі выяўлены ў пясчана-гліністых пародах пярмі і трыясу Прыпяцкай упадзіны. 10 сучасных родаў, 43 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і трапічнай Афрыцы (мнагапёрападобныя). Найб. вядомыя асятры, бялуга, калуга, амія, лапатаносы, весланосы, панцырнікі.
Даўж. ад 3—5 см (выкапнёвыя) да 9 м. Захавалі многія стараж. адзнакі: ёсць хорда, чэрап у значнай ступені храстковы, адсутнічаюць целы пазванкоў, луска пераважна ганоідная, рамбічная, хваставы плаўнік няроўналопасцевы (гетэрацэркальны); плавальны пузыр звычайна ячэісты; ёсць рэдукаваныя спіральны клапан і артэрыяльны конус, у некаторых — пырскальца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНАДЗЕСЯ́ТЫЯ СВЯ́ТЫ,
12 найбольш значных свят праваслаўя: Раство Хрыстова (Каляды) — 7 студз. (25 снеж. па с.ст.), Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча) — 19(6) студз.; Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) — 15 (2) лют., Дабравешчанне — 7 крас. (25 сак.), Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца) — за тыдзень да Вялікадня, Узнясенне Гасподняе (Ушэсце) — на 40-ы дзень пасля Вялікадня, Дзень св. Тройцы (Сёмуха, Пяцідзесятніца) — на 50-ы дзень пасля Вялікадня, Праабражэнне Гасподняе (Спас) — 19 (6 жн.), Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая) — 28 (15) жн., Раство Прасвятой Багародзіцы 21 (8 вер.), Узвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 (14) вер., Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы (Уводзіны) — 4 снеж. (21 ліст). Разам з Вялікаднем лічацца галоўнымі святамі правасл. царквы. Пераважная большасць хрысц. свят прымеркавана да стараж. свят, звычаяў і абрадаў нар. календара. Звычайнахрысц. святы пачынаюцца з вечара, з усяночнай, а раніцай у царкве адбываецца святочная літургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ КА́РТА ХРАМАСО́М,
графічнае адлюстраванне адноснага размяшчэння генаў унутры (у межах) адной храмасомы. Для складання такой карты неабходна выяўленне многіх мутантных генаў і правядзенне вял. колькасці скрыжаванняў. На карце наносяць адноснае становішча генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення. Адлегласць паміж генамі вызначаюць па частаце кросінговера (велічыня перакрыжавання храмасом) для кожнай пары гамалагічных храмасом. Яе адзінка — марганіда, якая адпавядае 1% кросінговера. Генетычныя карты храмасом складзены для дразафілы (у ёй выяўлена больш за 1000 мутантных генаў), кукурузы (у 10 групах счаплення больш 400 генаў), памідораў, нейраспоры і інш.Звычайна генетычныя карты храмасом у эўкарыётаў лінейныя, бываюць і ў форме крыжа. Пры карціраванні генаў у бактэрый з дапамогай кан’югацыі атрымліваюць кальцавую генетычную карту храмасом. Генетычныя карты храмасом дазваляюць планаваць работу па атрыманні арганізмаў з вызначанымі спалучэннямі прыкмет, што выкарыстоўваецца ў генет. эксперыментах і селекцыйнай практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАЗІ́ХА, ваўчок (Orobanche),
род кветкавых раслін сям. заразіхавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляюцца 9 відаў: З. галінастая (O. ramosa), белая (O. alba), эльзаская (O. alsatica), гваздзіковая (O. caryophyllacea), блакітнаватая (O. coerulescens), парэзнікавая (O. libanotidis), кумская, або сланечнікавая (O. cumana), высокая (O. elatior), бледнакветкавая (O. pallidiflora).
Адна-, двух- і шматгадовыя бесхларафільныя травяністыя расліны. Сцёблы тоўстыя, мясістыя, простыя або галінастыя, каля асновы звычайна клубне- ці булавападобнапатоўшчаныя, з прысоскамі (гаўсторыямі) — відазмененымі каранямі, якімі З. прысмоктваецца да каранёў раслін, на якіх яна паразітуе. Лісце чаргаванае або супраціўнае, лускападобнае. Кветкі з трубчастым, двухгубым вяночкам рознага колеру, сабраны ў коласа- ці гронкападобныя суквецці. Плод — 2—3-створкавая шматнасенная каробачка. Лек. і харч. расліны, некат. віды (напр., З. галінастая) — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯСО́СНЫ СНАРА́Д,
плывучая землярыйная машына, якая ўсмоктвае з-пад вады грунт (у выглядзе пульпы) і транспартуе яго ў адвал, цела землянога збудавання або ў трансп. сродкі; судна тэхн. флоту; адзін з асн. сродкаў гідрамеханізацыі.
Адрозніваюць З.с., якія перапампоўваюць пульпу па грунтаправодах (ляжаць на паплаўках, пантонах або стойках) і самаадвозныя, што адвозяць грунт ва ўласным труме. Рабочы орган З.с. — грунтавая помпа (землясос) з усмоктвальнай трубой, якая аснашчана мех. (звычайна фрэзернага тыпу) або гідраўл. рыхліцелем. З.с. выкарыстоўваюцца на днопаглыбляльных работах, пры ўзвядзенні земляных плацін, дамбаў і інш. насыпаў спосабам намыву, пры буд-ве каналаў, катлаванаў, раскрыванні радовішчаў, здабычы пясчана-гравійных сумесей і інш. Упершыню ўсмоктванне грунту з-пад вады выкарыстана ў Францыі ў 1859, у Расіі ў 1874. Буд-ва і выкарыстанне З.с. найб. развіты ў Нідэрландах і Японіі.
М.М.Кунцэвіч.
Землясосны снарад з фрэзай для разрыхлення грунту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,
усходняя галіна ранняй грэч. філасофіі. Сфарміравалася ў 6—4 ст. да н.э. ў іанійскіх калоніях Грэцыі. Гал. прадстаўнікі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен (Мілецкая школа), Дыяген Апаланійскі, Геракліт. Для І.ш. характэрны эмпірызм, сенсуалізм, стыхійная дыялектыка. Прадстаўнікі школы імкнуліся знайсці першапачатак усяго існага, вытлумачыць аб’ектыўна-лагічную заканамернасць усякага працэсу. Лічылі, што ўсе рэчы паходзяць з нейкага адзінага матэрыяльнага першапачатку (вады, паветра, агню). Філас. даследаванні яны цесна звязвалі з патрабаваннямі практычнай дзейнасці, з’яўляліся стваральнікамі першых простых навук. прыбораў. І.ш. звычайна супрацьпастаўляюць італійскай школе — зах. галіне стараж.-грэч. філасофіі, якая сфарміравалася ў 2-й пал. 6—5 ст. да н.э. ў грэч. калоніях Паўд. Італіі, Сіцыліі і прадстаўлена піфагарэізмам і элейскай школай.
Літ.:
Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;
Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛІ́Н (ад назвы хр. Каалінг у Кітаі),
асадкавая гліністая горная парода, складзеная пераважна з каалініту. Мае прымесі кварцу, палявых шпатаў і інш. Колер белы з адценнямі, навобмацак тлусты. У вільготным стане малапластычны, амаль не разбухае. Вогнетрывалы. Першасны К. утвараецца пры гідратэрмальным змяненні або выветрыванні ў кіслым асяроддзі алюмасілікатаў, палёвашпатавых парод (гранітаў, гнейсаў, пегматытаў, сланцаў і інш.). Адрозніваюць К. астаткавы (першасны), які залягае на месцы ўтварэння, і пераадкладзены (другасны, асадкавы), што ўтварыўся ў выніку размыву і пераадкладання прадуктаў выветрывання. Буйныя радовішчы К. прымеркаваны звычайна да кор выветрывання. Пераадкладзеныя К. залягаюць пластамі, лінзамі, гнёздамі. Багатыя радовішчы К. вядомы ў Кітаі, Вялікабрытаніі, Францыі, на Украіне, у Расіі і інш. На Беларусі К. выяўлены ў раёне Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу крышт. фундаменту — Сітніцкае, Дзедаўскае, Людзяневіцкае, Бярэзінскае радовішчы. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, гумава-тэхн., папяровай, хім., парфумернай, будаўнічай прам-сці.