арыстакратычны род і каралеўская дынастыя ў Англіі ў 14—15 ст., адгалінаванне Плантагенетаў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Джон Гонт (1340—99), пачынальнік роду, сын Эдуарда IV, герцаг Ланкастэрскі (з 1362), фактычны кіраўнік дзяржавы ў 1360—70-я г. Яго палітыка выклікала Уота Тайлера паўстанне 1381. Падтрымліваў антыпапскі рух Дж.Уікліфа.
Генрых IV [1399—1413], сын Дж.Гонта. За ўдзел у апазіцыі супраць караля Рычарда II (1387) пазбаўлены ўсіх багаццяў, вандраваў. На баку Тэўтонскага ордэна ўдзельнічаў у паходах на землі ВКЛ, у т. л. на Вільню (вер. 1390). Увыніку мяцяжу знаці Паўн. Англіі супраць Рычарда II абвешчаны каралём. Намагаўся ліквідаваць феад. апазіцыю.
Генрых V [1413—22], сын Генрыха IV, палкаводзец і дыпламат.У барацьбе за франц. трон аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453. У бітве пры Азенкуры (1415) разграміў франц. войска і да 1420 захапіў паўн. Францыю, у т. л. Парыж. Паводле дагавора ў Труа (21.5.1420) прызнаны нашчадкам франц. прастола. Памёр у час аблогі г. Мо.
Джон (1389—1435), сын Генрыха IV, герцаг Бэдфард, рэгент Францыі пры малалетнім Генрыху VI.
Хемфры (1391—1447), сын Генрыха IV, герцаг Глостэрскі, рэгент Англіі пры малалетнім Генрыху VI.
Генрых VI (1421—1471), кароль [1422—61, 1470—71]. Псіхічнахворы. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны 1455—85 скінуты Йоркамі і забіты ў Таўэры.
Эдуард (1453—1471), сын Генрыха VI, прынц Уэльскі, апошні прадстаўнік асн. лініі Л. Загінуў у бітве пры Цьюксберы. Дамаганні Л. на трон былі адноўлены іх далёкімі родзічамі Цюдарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОДЗЬ (Łódź),
горад уцэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л.ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, увыніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕРМАТАЗО́ІД (ад сперма + грэч. zōon жывая істота + eidos выгляд),
спермій, жыўчык, спелая гаплоідная мужчынская палавая клетка жывёл, чалавека і многіх расл. арганізмаў. Адкрыты А.Левенгукам у сперме млекакормячых (1677). Утвараецца ў вынікусперматагенезу і апладняе яйцаклетку. Пасля апладнення ўзнікае зігота і пачынаецца развіццё зародка. Адрозніваюць С. жгуцікавыя і бязжгуцікавыя. У жывёлдаўж. С. звычайна дзесяткі і сотні мікраметраў. у насякомых — да некалькіх міліметраў. Тыповыя жгуцікавыя С. ўласцівы пазваночным жывёлам, чалавеку і большасці беспазваночных. Маюць кароткую, рознай формы галоўку, дзе размешчана ядро, што ўтрымлівае бацькоўскі спадчынны матэрыял. На пярэднім канцы галоўкі звычайна знаходзіцца акрасома, якая забяспечвае пранікненне С. праз яйцавыя абалонкі. Жгуцік (хвост, біч) надае С. паступальны рух у вадкім асяроддзі (пры вонкавым асемяненні ў вадзе, пры ўнутр. — у вадкім змесціве палавых шляхоў). Восевая нітка жгуціка мае бялкі, падобныя на актын і міязін шкілетных мышцаў, здольныя расшчапляць адэназінтрыфосфарную к-ту. Жыццяздольнасць С. ў похве жанчыны да 2.5 гадз, у шыйцы маткі 48 гадз, у палавых шляхах труса да 30 гадз, каня — 5—6 сут, птушак — да 3 тыдняў, пчалы — 3—4 гады. Макс. дзённай прадукцыйнасці С. ў чалавека і труса 108, у каня і свінні — больш за 1010. У раслін рухомыя жгуцікавыя С. наз. антэразоідамі. У большасці насенных раслін С. бязжгуцікавыя, актыўна не рухаюцца, наз. сперміямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,
дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд.ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс.адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх усамаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаўу Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах.ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.
Літ.:
Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;
Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯў біялогіі,
стан звязанасці асобных дыферэнцаваных ч. і функцый сістэмы, арганізма; мэтазгоднае аб’яднанне і каардынацыя дзеяння розных ч. цэласнай сістэмы, а таксама працэс, які вядзе да такога стану. У дачыненні да жывых арганізмаў прынцып І. сфармуляваў Г.Спенсер (1857). У жывых сістэмах І. можа адбывацца на розных узроўнях іх арганізацыі: малекулы, клеткі, арганізма, а таксама ў розных біял. сістэмах надарганізмавага ўзроўню — у папуляцыях, відах, біяцэнозах і інш. Механізмы І. розных узроўняў маюць сваю спецыфіку.
Убіял. сістэмах з жорсткімі ўнутр. сувязямі звычайна ёсць спец. кампаненты, якія забяспечваюць І., напр., у дарослым арганізме вышэйшых жывёл — нерв., сасудзістая і эндакрынная сістэмы. Найб. вядомая форма І. працэсаў антагенезу — эмбрыянальная індукцыя І. папуляцый, відаў, што не маюць жорсткіх унутр. сувязей паміж складаючымі іх элементамі (асобінамі) абумоўлена палавым працэсам (у жывёл) і асаблівасцямі паводзін, якія спадчынна замацаваны і вызначаюць узаемаадносіны асобін. І. экасістэм ажыццяўляецца пры дапамозе патокаў арган. рэчыва, энергіі і інфармацыі. У цэлым ступень І. — вынік адаптыўнай эвалюцыі, яна адлюстроўвае ўзровень развіцця рэгуляцыйных механізмаў біял. сістэмы і можа разглядацца як адзін з крытэрыяў морфафізіял. прагрэсу. Механізмы І. ў дачыненні да біял. аб’ектаў даследуюцца тэорыяй сістэм і біякібернетыкай. І. ў фізіялогіі — функцыян. аб’яднанне асобных органаў, тканак, фізіял. механізмаў у складана каардынаваную прыстасавальную дзейнасць цэласнага арганізма для дасягнення карыснага для арганізма выніку. І. псіхічная — аб’яднанне розных псіхічных працэсаў у адно структурнае цэлае Вышэйшае праяўленне І. — мэтанакіраваны паводзінскі акт, які будуецца на аснове фізіял. і псіхічных фактараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСК,
горад, цэнтр Лагойскага р-на Мінскай вобл., на р. Гайна. За 40 км ад Мінска, 31 км ад чыг. ст. Смалявічы на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Лепелем, Смалявічамі, Барысавам, Маладзечна. 9,9 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў крыніцах у 1078 як горад-крэпасць Полацкай зямлі. З 12 ст. цэнтр удзельнага Лагожскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, уладанне Ягайлы, Скіргайлы, Вітаўта. Пазней належаў князям Чартарыйскім і Тышкевічам. У 19 ст. мястэчка. У 1809—60 у Л. дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. У 1842 К.П.Тышкевіч і Я.П.Тышкевіч стварылі Лагойскі музей старажытнасцей. У 1897—2296 ж., цэнтр воласці Барысаўскага пав. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 2.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 3906 чал.У ноч на 23.12.1942 увынікуЛагойскага бою 1942 партызаны разграмілі тут варожы гарнізон. У 1979—5,3 тыс.ж. З 3.6.1998 горад.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. 2 сярэднія, базавая, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, дамы нар. і дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: архітэктуры — Мікалаеўская царква (1824); садова-паркавага мастацтва — Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. Каля Л. 2 гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі (дзядзінец стараж. Л.). Радзіма бел. археолагаў, гісторыкаў і этнографаў К.П. і Я.П.Тышкевічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДЖАХІ́ДЫ, муджахіддзіны,
маджахеды (араб. тыя, хто вядзе джыхад). У новы і найноўшы час назва членаў шэрагу рухаў і арг-цый умусульм. краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Найб. вядомыя іранскія і афганскія М. Іранскія М. — удзельнікі канстытуцыйнага руху ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, у найноўшы час — чл. Арг-цыі свяшчэнных воінаў ісламу (муджахіддзінаў). Іх ідэалогія ўяўляла сабой сумесь ідэй шыізму і марксізму; барацьбу супраць класавага прыгнёту яны разглядалі як джыхад. З 1971 вялі партыз. барацьбу супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 былі адной з гал.паліт. сіл Ірана. Насуперак Р.Хамейні яны адхілялі прэтэнзіі шыіцкага духавенства на ўладу, выступалі за паліт. плюралізм. У 1981—85 падвергліся рэпрэсіям, увынікуб.ч. іх арг-цый у Іране спыніла існаванне. Афганскія М. — агульная назва чл. арг-цый, якія з 1978 вялі барацьбу супраць улады Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), з 1979 і сав. войск. У 1985 арг-цыі, якія аб’ядноўвалі пераважна мусульман-сунітаў, стварылі «сяміпартыйны саюз». Найб. значныя з іх Ісламская партыя Афганістана на чале з Г.Хекмаціярам і Ісламская супольнасць Афганістана на чале з Б.Рабані. Прадстаўнікі мусульман-шыітаў аб’ядналіся ў «васьміпартыйны саюз», на базе якога ў 1990 створана Партыя ісламскага адзінства Афганістана на чале з А.Мазары. Пасля падзення ў крас. 1992 рэжыму НДПА пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі М., у якой найб. поспехаў дасягнуў рух «Талібан», які ў 1994—99 усталяваў кантроль над б.ч.тэр. Афганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛу тэхніцы,
від аэразолю, у якім дробныя (да 0,1 мм) цвёрдыя часцінкі знаходзяцца ў завіслым стане ў газавым асяроддзі. Звычайна ўтвараецца ў вынікудыспергавання цвёрдых цел. Часцінкі П. могуць несці эл. зарад, быць электранейтральнымі ці радыеактыўнымі. Некаторыя віды вытв. П. выбухова- і пажаранебяспечныя, забруджваюць прыроду, выклікаюць захворванні. Паветр. прастора ўтрымлівае П. разнастайнага паходжання (гл.Пылу атмасферы). Канцэнтрацыя П. (запыленасць) выражаецца колькасцю часцінак або іх агульнай масай у адзінцы аб’ёму газу (паветра). Барацьба з утварэннем П. і яго ўлоўліванне — адна з найважнейшых тэхн. і гігіенічных задач (гл.Ачыстка паветра).
У прам-сці часта спецыяльна выкарыстоўваюць распыленне, напр. пры спальванні пылападобнага паліва, паветр. сепарацыі парашкоў, у некаторых хім. тэхналогіях. Непажаданае ўтварэнне П. адбываецца пры здрабненні цвёрдых парод, здабычы карысных выкапняў (рудніковы П.), перапрацоўцы і транспартаванні сыпкіх прадуктаў і матэрыялаў, спальванні арган. паліва. Крыніцамі павышанай запыленасці з’яўляюцца металург., хім., тэкстыльныя вытв-сці, трансп. сродкі і інш.Прамысл. П. шкодзіць абсталяванню, зніжае якасць прадукцыі (напр., паўправаднікоў, электронных прылад), пагаршае гігіенічныя ўмовы працы. Для барацьбы з вытв. П. ажыццяўляюць пылаўлоўліванне з дапамогай скрубераў, цыклонаў, пылаасадачных камер, эл. (у якіх часцінкі П. асядаюць на электродах), акустычных (з выкарыстаннем ультрагуку) і інш. пылаўлоўнікаў. Эфектыўныя спосабы выдалення П. — вентыляцыя з выкарыстаннем паветр. фільтраў, розныя сістэмы газаачысткі. Для засцярогі ад П. выкарыстоўваюць рэспіратары, шлемы-скафандры, спец. адзенне. Ступень запыленасці паветра вызначаюць пыламерамі — з фільтравальным матэрыялам, на якім асядаюць часцінкі П., і найб. пашыранымі аптычнымі, у якіх святло паглынаецца ці рассейваецца пылапаветраным патокам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІТАЛО́ГІЯ,
комплекс навук, якія вывучаюць мову, л-ру, культуру і гісторыю семітамоўных народаў. Вывучае жывыя і мёртвыя семіцкія мовы, уключае асірыялогію, арабістыку, біблеістыку, гебраістыку, сабеістыку, эфіопіку і інш.
Вывучэнне семіцкіх моў пачалі сірыйскія, араб., яўр. вучоныя-багасловы з мэтай удакладнення чытання і разумення рэліг. кніг (7—12 ст.). У Еўропе С. ўзнікла ў эпоху Адраджэння (15—16 ст.), калі павялічылася цікавасць да вывучэння семіцкіх моў і Бібліі; яе заснавальнікі І.Ройхлін і І.Буксторф Старэйшы ў Германіі і Ю.Ц.Скалігер у Францыі.
Навук. дысцыплінай С. стала ў 19 ст., калі выйшлі фундаментальныя працы па граматыцы, параўнальным аналізе, эпіграфіцы і інш. праблемах С. У 19 ст.найб. ўклад у С. зрабілі вучоныя Германіі: Т.Нёльдэке, В.Ф.Г.Гезеніус (стараж.-яўр. слоўнік і граматыка), Ю.Вельгаўзен, Р.Кітэль (біблеістыка), Ф.Прэторыус, К.Ф.А.Дзільман (эфіопіка), М.Лідзбарскі (эпіграфіка), К.Брокельман (параўнальная граматыка семіцкіх моў); а таксама Францыі (А.І.Сільвестр дэ Сасі, Э.М.Катрмер), Венгрыі (І.Гольдцыер), Расіі (Д.А.Хвольсан, А.Я.Гаркаві, Б.А.Тураеў, М.В.Нікольскі, усав. час — І.Ю.Крачкоўскі, Н.В.Пігулеўская, Р.Ш.Шарбатаў, М.У.Юшманаў і інш.). У 1882 утворана Рас. палесцінскае т-ва (з 1918 — пры АН). У 20 ст. С. развівалася на базе матэрыялаў, здабытых увынікуархеал. раскопак на Б. Усходзе, знаходак Мёртвага мора рукапісаў. На Беларусі праблемы С. даследавалі М.М.Нікольскі, Г.М.Ліўшыц, Г.В.Сініла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». Увыніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.