гарадскі пасёлак, цэнтр Расонскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Расона. За 170 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Дрэтунь на лініі Полацк — Невель. Аўтадарогамі злучаны з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем. 5,4 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552 як вёска Расоны («7 дымоў») у складзе Полацкага ваяв.ВКЛ. Уласнасць Ф.І.Корсака. З 1772 у Рас. імперыі ў Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У 1877 у вёсцы 12 дымоў. Працавалі прыватныя агульнаадук. вучылішчы (з 1866 жаночае, з 1869 мужчынскае), 2 царквы, карчма. У 1905 у Вазнясенскай вол. Полацкага пав У 1924 у Р. 135 ж., 26 двароў. У 1924—62 і з 1965 цэнтр Расонскага раёна, у 1924—30 і 1935—37 у Полацкай акрузе, з 1938 у Віцебскай вобл. 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 3750 чал.; дзейнічала Расонскае патрыятычнае падполле; 19.9.1942 партызаны разграмілі ў Р. варожы гарнізон (гл.Расонскі бой 1942); цэнтр Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Вызвалены 12.7.1944 часцямі 2-га Прыбалт. фронту ў ходзе Рэчыцка-Дзвінскай аперацыі 1944. У 1944—54 у Полацкай вобл. З 14.7.1958 гар. пасёлак, у 1962—65 у Полацкім р-не.
Працуюць малочны і сценавых матэрыялаў з-ды, прамкамбінат, лясгас, райаграпрамтэхніка, камбінат быт. паслуг; сярэдняя школа, 4 дашкольныя ўстановы, Дом школьніка, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, 2 паліклінікі. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан. Магіла ахвяр фашызму, мемар. комплекс у гонар сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі: на месцах знішчэння сав. людзей у 1941—42 і расстрэлу падпольшчыкаў; партызанам; у гонар партызанскіх брыгад; вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), Расонская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЛЁЎ (Андрэй) (каля 1360—70—1427 або 1430),
старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст.культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант.маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЫ,
вынік пазнання прадметаў і з’яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Як ідэальнае выражэнне ў знакавай форме аб’ектыўных уласцівасцей і сувязей свету, прыроды і грамадства, веды з’яўляюцца перадумовай і непасрэднай мэтай працэсу пазнання, авалодання вопытам і разуменнем, неабходнымі для спасціжэння аб’ектыўнай ісціны і стваральна-творчай дзейнасці людзей. У ходзе гэтага працэсу ажыццяўляецца пераход ад няведання да ведаў, ад аднаго ўзроўню пазнання да другога, больш высокага і дасканалага. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей — ідэй або форм ад невыразнага і няўстойлівага свету з’яў. Арыстоцель і Платон лічылі, што веды можна мець толькі аб сапраўдным існым («свеце па ісціне»), а зменлівы пачуццёвы вопыт («свет па меркаванні») з’яўляецца крыніцай ілюзій, меркавання і веры. І.Кант на аснове аналізу структуры і межаў навук. пазнання аддзяляў веды ад веры, меркавання, спекулятыўнага мыслення і такіх форм свядомасці, як міф, мова, мастацтва. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання безасобаснага (сусветнага, аб’ектыўнага) духу, пачынаючы з акта вызначэння пачуццёва дадзеных «рэчаў» і канчаючы «абсалютным веданнем», якое абумоўлівае ўнутр. развіццё ўсіх частак духоўнай культуры чалавецтва — навукі, маралі, рэлігіі, мастацтва і інш. Рацыянальныя элементы гэтага падыходу ўвайшлі ў марксісцкую канцэпцыю ведаў, паводле якой яны — прадукт гіст. развіцця і адлюстравання, характэрнага для ўсіх форм практычнага і духоўнага засваення свету. Прадстаўнікі крытычнага рацыяналізму падкрэслівалі цэласнасць навук. ведаў, разглядалі іх як непарыўны крытычны дыялог паміж рознымі тыпамі навук. тэорый, паміж навукай і ненавукай. Паводле М.Шэлера, веды — гэта акт узыходжання і саўдзелу (любові), які суправаджаецца імгненным спасціжэннем вышэйшай каштоўнасці аб’екта; адваротны шлях ад вышэйшай да ніжэйшай каштоўнасці — нянавісць. А.Конт сфармуляваў «закон трох стадый» гіст. развіцця, паводле якога ўсе думкі людзей праходзяць 3 станы: тэалагічны (рэлігія), метафізічны (філасофія) і «пазітыўнага сінтэзу» (навука). Аб’ектыўную неабходнасць і выключную ролю ведаў у духоўным узвышэнні асобы, удасканаленні сац.-паліт. і нац.-культ. форм жыцця грамадства сцвярджалі бел. філосафы і мысліцелі Ф.Скарына, С.Будны, А.Волан, А.Доўгірд, М.Пачобут-Адляніцкі, К.Семяновіч, А.Скарульскі, К.Нарбут, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Шадурскі і інш.
Працяглая эвалюцыя чалавечых уяўленняў аб свеце вызначыла шматузроўневы характар ведаў. Як элементы іх структура ўключае паняцці, катэгорыі, тэорыі і інш. формы. Назапашванню навук. ведаў спрыяе пастаяннае ўдасканаленне метадаў навук. даследаванняў, якія падзяляюцца на агульналагічныя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыяі г.д.), тэарэтычныя (фармалізацыя, ідэалізацыя, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага і г.д.) і эмпірычныя (назіранне, вымярэнне, эксперымент, фіз. мадэліраванне і інш.). Адрозніваюць веды данавуковыя (звычайныя), што канстатуюць факты і вызначаюць штодзённыя паводзіны чалавека, і навуковыя, якія даюць тлумачэнне фактаў, асэнсаванне іх у сістэме паняццяў дадзенай навукі, навук. тэорыі. Акрамя таго ў грамадстве існуюць веды міфалагічныя, мастацкія, рэліг. і інш. (гл.Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Пазнавальная роля ведаў узрастае з камп’ютэрызацыяй усіх сфер вытв. і духоўна-культ. дзейнасці, што дазваляе перадаваць, захоўваць, кадзіраваць і пераўтвараць разнастайную і багатую інфармацыю, ствараць спец. банкі даных, экспертныя сістэмы і інш. Працэсы атрымання, абгрунтавання і практычнай рэалізацыі ведаў вывучаюцца логікай, метадалогіяй, гнасеалогіяй, псіхалогіяй, а таксама спец.навук. дысцыплінамі (навуказнаўства, сацыялогія ведаў, інфарматыка, кагнітыўная інжынерыя; гл. таксама Свядомасць, Ідэальнае, Пазнанне, Тэорыя пазнання). Пэўныя прац. веды, умельствы і навыкі, правілы і нормы грамадскіх паводзін перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная нар. творчасць, сямейнае выхаванне і інш.).
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафес. ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі ў сферы асноў Навук. практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Пры гэтым ставіцца задача сумяшчэння нац., культ. і рэгіянальнай асноў адукацыі з арыентацыяй на засваенне вышэйшых дасягненняў нац. і сусв.культуры, забеспячэння цеснага адзінства адукацыйных і выхаваўчых задач.
Літ.:
Лекторский В.Л. Субъект, объект, познание. М., 1980;
Ведин Ю.П. Познание и знание. Рига, 1983;
Полани М. Личностное знание: Пер. с англ.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,
профільная група музеяў, зборы якіх дакументуюць гісторыю развіцця чалавечага грамадства. Падзяляюцца на агульнагістарычныя (гісторыі краіны, краю, горада), археал., этнагр., гіст.-краязн., ваенна-гіст., гісторыі асобных устаноў, гіст. падзей, выдатных асоб, у т. л. мемарыяльныя музеі. Тыпам М.г. з’яўляюцца ансамблі ці комплексы, якія могуць быць абвешчаны музеямі-запаведнікамі, прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя музеі.
Першыя зборы гіст. кшталту вядомы ў стараж. свеце, дзе гіст. помнікі канцэнтраваліся ў храмах, свяшчэнных гаях, палацах, дамах сходаў: у Кноскім палацы на в. Крыт (16 ст. да н.э.), храмавай б-цы ў Ашуры (11 ст. да н.э.), храме Апалона ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя, 4 ст. да н.э.). Сістэматычнае калекцыяніраванне гіст. помнікаў пачалося ў 15 ст. і атрымала развіццё ў 16—17 ст. ў Італіі, адтуль распаўсюдзілася ў Францыі, Англіі, Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы. Калекцыі манет, медалёў, стараж. зброі і выпадковых археал. знаходак захоўваліся ў замках і належалі прыватным асобам (каралям, буйным феадалам, купцам), доступ да іх быў абмежаваны вузкім колам сваякоў і гасцей гаспадара. Першы агульнадаступны М.г. створаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у кляштары малых аўгусцінцаў у Парыжы (1795). На працягу 19 ст. рэалізуецца роля М.г. ў абуджэнні нац. свядомасці этнасаў, што зведалі іншаземны прыгнёт ці агрэсію Адкрываюцца Венгерскі музей у Пешце (1802), нацыянальныя музеі ў Празе (Чэхія, 1818), Спліце (Далмацыя, 1820), Любляне (Славенія, 1821), Заграбе (Харватыя, 1846). М.г. стваралі ў імперскіх сталіцах, каб падтрымаць прыхільнасць да традыцый ці адраджэння гонару за слаўнае мінулае: Ваенны музей у Мадрыдзе (Іспанія, 1804), Венскі музей нац. славы (Аўстрыя, 1850), Галерэя славы ў Берлінс (Германія, 1880), Гістарычны музей у Маскве (1872), Музей арміі ў Парыжы (1905), Імперскі ваенны музей у Лондане (1917). Развіццё дапаможных гіст. дысцыплін паспрыяла ўзнікненню самаст.археал. музеяў: нацыянальных у Неапалі (Італія, 1748), Кальяры (Італія, 1806), Афінах (1874), Паўн. старажытнасцей у Капенгагене (Данія, 1819), Філадэльфіі (ЗША, 1834) і этнаграфічных (гл.Музеі этнаграфічныя). Ствараюцца нац. музеі ў Дамаску (Сірыя, 1919), Багдадзе (Ірак, 1923), музей цюркскай і мусульм.культуры ў Стамбуле (Турцыя, 1923), музей старажытнасцей у Тэгеране (Іран, 1938). На працягу 20 ст. развіццё М г. адбываецца ў кірунку паглыблення спецыялізацыі і пошуку новых форм захавання і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны.
На Беларусі перадмузейныя гіст. зборы вядомы з 15 ст. ў рэзідэнцыях вял. князёў ВКЛ і буйных феадалаў. Першы публічны музей, дзе таксама можна было аглядаць гіст.-археал. матэрыялы, знаходзіўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1787—1820). Першы агульнадаступны музей гіст. профілю — Віленскі музей старажытнасцей. Каштоўныя гіст.-археал. матэрыялы захоўваліся таксама ў музеях стат. к-таў, царк.-археал. т-ваў, музеі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, прыватных калекцыях М.Гаўсмана, Э.Гутэн-Чапскага, А.Ельскага, В.Федаровіча і інш. Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Дуцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш. Каштоўныя археал., этнагр. і інш. калекцыі былі прадстаўлены ў Беларускім музеі ў Вільні, Беларускім дзяржаўным музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Музеі Беларускага Палесся і інш. Збіральніцтва і папулярызацыя гіст. помнікаў у перыяд пасля Вял.Айч. вайны звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развівалася гіст. музеязнаўства. На канец 1997 на Беларусі дзейнічалі найбуйнейшыя М.г.: Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, абл. і раённыя краязн. музеі (гл. адпаведныя арт). Працуюць дзярж.Археалагічны музей «Бярэсце», геалагічны Парк камянёў, ваенна-гіст.Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, Доеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей партызанскай славы, Музей савецка-польскай баявой садружнасці, Шмырова М.П. музей, музеі гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска (гл. адпаведныя арт.), Музей гісторыі медыцыны, Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, гіст.-краязн., нар., баявой і працоўнай славы. Больш за 70% дзярж. музеяў Беларусі маюць гіст.-краязн. кірунак.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац.культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац.культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дом, ‑а і ‑у; мн. дамы, ‑оў; м.
1.‑а. Будынак для жылля, размяшчэння устаноў і прадпрыемстваў. Цагляны дом. Будаўніцтва жылых дамоў. □ Дом стаіць воддаль і розніцца ад вясковых хат.Бядуля.Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы.Краўчанка.//перан. Пра ўсё, што можа служыць прытулкам, сховішчам для каго‑, чаго‑н. Гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы.Маўр.
2.‑у. Чыё‑н. жылое памяшканне разам з гаспадаркай. Бацькоўскі дом. □ Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме.Новікаў.Змарылася... Цяжка старой Тупаць дзень каля дому.Гілевіч.Не спала маці, крактаў на печы бацька. Увесь клопат па дому лёг на яго.Паўлаў.// Сям’я; людзі, якія жывуць у адным памяшканні. Выйсці на суботнік усім домам. □ Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай.Колас.//перан. Родныя мясціны, родны край. І успомнім былое Народа-героя, Што ў бітвах суровых уславіў свой дом.Колас.
3.‑а; каго-чаго або які. Як назва дзяржаўнай, грамадскай, культурнай установы, а таксама памяшкання, дзе яна знаходзіцца. Дом калгасніка. Дом мадэлей. Дом культуры. Гандлёвы дом.
4.‑у. Дынастыя, род. Дом Раманавых.
•••
Дзіцячы дом — вучэбна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей, якія не маюць бацькоў.
Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.
Заезны дом — тое, што і заезны двор (гл. двор 1).
Казённы дом (уст.) — а) афіцыйная дзяржаўная ўстанова або служба ў ёй; б) турма.
Публічны дом — у капіталістычным грамадстве: памяшканне, у якім жывуць і прымаюць наведвальнікаў прастытуткі.
Выносіць смецце з домугл. выносіць.
На дом — дамоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1.каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі.Ермаловіч.//перан.Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы.Шамякін.
2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя.Мележ.Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер.Пестрак./уперан.ужыв.Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь.Пушча.// Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе.Чорны.Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы...Барашка.//безас.перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром.Быкаў.//перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем.Алешка.//безас.перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае!Мележ.
3.Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны.Лупсякоў.А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі.Багдановіч.Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага.Хведаровіч.// Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае.Гілевіч.
4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр.культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв.культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),
Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх.ч. Міжземнага м.Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс.чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс.чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г.Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн.ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.
Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс.ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс.ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.
Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст.н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыянац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.
16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч.ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.Клірыдыс. К. — чл.ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіны дэмакр. саюз цэнтра і інш.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд.дол., больш за 10 тыс.дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд.кВт∙гадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр.з-д. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс.га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс.га (каля 100 тыс.га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн.культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд.дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б.СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар.авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд.дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур.ч. вострава.
Літ.:
Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;
Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кіпра.Да арт.Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.