НЕЙТРО́ННЫЯ БОЕПРЫПА́СЫ,

разнавіднасць ядз. боепрыпасаў з павышаным выхадам нейтроннага выпрамянення; зброя масавага знішчэння. Асн. частка энергіі Н.б. вылучаецца за кошт рэакцыі сінтэзу ядзер дэйтэрыю і трытыю; колькасць энергіі, што атрымліваецца ў выніку дзялення цяжкіх ядраў у дэтанатары, дастатковая для пачатку рэакцыі сінтэзу. Кампаненты (дэйтэрый і трытый) уваходзяць у састаў зарада ў выглядзе цвёрдага рэчыва (гідрыду металу) або знаходзяцца ў сціснутым газападобным стане. Пры выбуху Н.б. на ўтварэнне пранікальнай радыяцыі траціцца да 70% энергіі за кошт змяншэння затрат на інш. паражальныя фактары (ударная хваля, светлавое выпрамяненне і інш.). На аднолькавай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху доза пранікальнай радыяцыі ў Н.б. у 5—10 разоў большая, чым у ядз. боепрыпасаў той жа магутнасці. Выкарыстоўваюцца ў артыл. снарадах, бомбах, баявых частках ракет і інш. Вытв-сць Н.б. пачалася ў ЗША і некаторых інш. краінах у пач. 1980-х г.

П.​В.​Сычоў, І.​У.​Мацвееў.

Да арт. Нейтронныя боепрыпасы. Схема нейтроннага снарада «пушачнага» тыпу: 1 — корпус з сістэмай утрымання плазмы ў зоне рэакцыі; 2 — сумесь дэйтэрыю і трытыю; 3 — адбівальнік нейтронаў; 4 — зарад плутонію 239; 5 — зарад выбуховага рэчыва; 6 — дэтанатар; 7 — крыніца нейтронаў.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ВАРВА́РЫНСКІ МАНАСТЫ́Р,

жаночы манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 16—19 ст. Вядомы паводле пісьмовых крыніц з 1520, калі кн. Фёдар Яраславіч з жонкай адпісалі яму вёскі Высокае, Гальцы, Дубай, Ласіцк, двор Піскалаўшчына ў в. Асобавічы. Аднак, верагодна, манастыр першапачаткова засн. ў Тураве ў часы ўдзельнага княства і быў пераведзены ў Пінск у 15—16 ст. У 16—18 ст. ігуменні паходзілі з вядомых родаў — Валовічаў, Велятыцкіх, Войнаў, Ордаў, Пачапаўскіх, Сапегаў, Трызнаў, Шырмаў. Пры ігуменні Ефрасінні Трызне (канец 16 — пач. 17 ст.) манастыр стаў уніяцкім, ігумення набыла вёскі Завідчыцы і Жытнавічы; манастыру належалі 32 валокі зямлі і 732 душы, 23 пляцы ў Пінску і 2 у Слуцку. Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў стаў праваслаўны. У 1842 дзяржава пакінула яму 147 дзес. зямлі і 100 сялян, з казны была прызначана гадавая пенсія 1455 руб., графіня Г.​Арлова запісала манастыру 10 тыс. руб. серабром. У той час жыло 9—14 манашак, мелася вучылішча для дачок дваран і святароў (навучалі чытанню, пісьму, рукадзеллю). Будынкі былі драўляныя. У 1858—75 манастыр размяшчаўся ў арх. комплексе б. Пінскага касцёла і кляштара бернардзінцаў, потым пераведзены ў Мінск. У 1993 дзейнасць манастыра адноўлена ў Пінску.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫ ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС, прыродны ландшафт, прыродная сістэма, геаграфічны комплекс,

заканамернае спалучэнне прыродных геагр. кампанентаў, якія ўтвараюць цэласную матэрыяльную геасістэму; адно з асн. паняццяў фізічнай геаграфіі. Тэрмін прапанаваны сав. географам М.​А.​Сонцавым у 1950-я г. Асобныя кампаненты і комплексы ніжэйшага рангу (участак зямной кары з уласцівымі яму рэльефам, глебамі, паверхневымі і падземнымі водамі, расліннасцю, жывёльным светам, прыземным слоем паветра), у межах П.т.к. развіваюцца як часткі цэлага. Іх узаемасувязі выяўляюцца ў абмене рэчывам і энергіяй. Змена аднаго кампанента часта выклікае перабудову ўсяго П.т.к. У той жа час П.т.к. валодаюць пэўнай устойлівасцю, маюць тэндэнцыю ўзнаўлення пасля іх парушэння знешнімі агентамі, у т. л. і ўздзеяннем чалавека. Адносяцца да розных узроўняў (рангаў); да планетарнага (геаграфічная абалонка), рэгіянальнага (ландшафтная правінцыя, зона, асобны ландшафт геаграфічны), тапалагічнага (мясцовасць, урочышча, фацыя). П.т.к. рэгіянальнага і тапалагічнага ўзроўняў — структурныя ч. геагр. абалонкі, вынік працэсу яе дыферэнцыяцыі; і наадварот, П.т.к. вышэйшых рангаў з’яўляюцца адлюстраваннем інтэграцыі комплексаў ніжэйшых рангаў. У агульнай грамадскай дзейнасці П.т.к. разглядаецца як сістэма, якая мае ўласцівасць узнаўлення прыроднага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, і захоўвае генетычны фонд, з’яўляецца гал. аб’ектам рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ландшафтазнаўства, Ландшафтнае раянаванне, Ландшафтны аналіз.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВО́ДДЗЕ,

адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач. сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас. р. Нёман (канец крас.пач. мая), найпазней у бас. р. Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кандыда́т

(лац. candidatus = адзеты ў белае)

1) той, каго намячаюць выбраць, прызначыць, прыняць куды-н. (напр. к. у дэпутаты);

2) першая вучоная ступень, якая прысуджаецца на падставе абароны дысертацыі (напр. к. філалагічных навук).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лі́дэр

(англ. leader = вядучы, кіраўнік)

1) кіраўнік палітычнай партыі, грамадска-палітычнай арганізацыі (напр. прафсаюзны л.);

2) той, хто ідзе першым у спартыўным спаборніцтве (напр. л. веласіпеднай гонкі);

3) вядучы карабель у караване суднаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бізу́н

[польск. bizun, ад венг. bizony = так, сапраўды (словы, якія паўтараў той, каго лупцавалі)]

1) плецены з раменных палосак арапнік або вітая з ільну, канапель тоўстая пуга;

2) перан. сімвал грубай сілы, прымусу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

брэйн-ры́нг

(ад англ. brain = мозг + ring = арэна барацьбы)

тэлевізійная гульня-спаборніцтва, пераможцам у якой становіцца той чалавек або каманда, якія выяўляюць больш шырокую эрудыцыю і хуткасць рэакцыі ў адказах на пытанні вядучага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пара́ліч

(рус. паралич, ад гр. paralysis = расслабленне)

1) хвароба, якая пазбаўляе той або іншы орган цела здольнасці рухацца, дзейнічаць (параўн. парэз);

2) перан. стан бяздзейнасці, страта здольнасці выконваць свае функцыі (напр. п. чыгункі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фо́ліо

[ад лац. (in)folio = у аркуш]

1) кніга або часопіс памерам у аркуш. або палову аркуша;

2) правая і левая старонкі ў рахунковай кнізе, што маюць адзін і той жа парадкавы нумар.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)