КВА́НТАВЫЯ СТАНДА́РТЫ ЧАСТАТЫ́,

устройствы для атрымання эл.-магн. ваганняў з вельмі стабільнай у часе частатой або для дакладнага вымярэння частаты ваганняў. З’яўляюцца асновай эталонаў часу і даўжыні, шырока выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, навігацыі, метралагічнай службе.

Заснаваны на выкарыстанні найб. стабільных квантавых пераходаў (у звышвысокачастотным і аптычным спектрах) атамаў, іонаў або малекул з аднаго энергет. ўзроўню на другі. Аснову К.с.ч. складае квантавы рэпер частаты — прыстасаванне, якое дазваляе назіраць выбраную спектральную лінію, а таксама электронная схема пераўтварэння частаты рэпера ў іншыя частотныя дыяпазоны. У актыўных К.с.ч. выкарыстоўваецца індуцыраванае выпрамяненне эл.-магн. хваль, частата якіх служыць стандартам або апорнай частатой. Па сутнасці гэта квантавыя генератары, разнавіднасцямі якіх з’яўляюцца: вадародны генератар (актыўным асяроддзем служыць атамарны вадарод, што выпраменьвае на даўжыні хвалі λ=21 см з надзвычай малой шырынёй спектральнай лініі); малекулярны генератар (на пучку малекул аміяку); лазер на вуглякіслым газе. У пасіўных К.с.ч. частата ваганняў, якая вымяраецца, параўноўваецца з частатой ваганняў, адпаведных пэўнай спектральнай лініі. Да іх належыць К.с.ч. на пучку атамаў цэзію (цэзіевая атамна-прамянёвая трубка), які працуе ў рэжыме квантавага гадзінніка (хібнасць 10​−14). Ёсць таксама актыўныя і пасіўныя К.с.ч. з аптычнай напампоўкай пары цэзію або рубідыю.

Літ.:

Григорьянц В.В., Жаботинский М.Е., Золин В.Ф. Квантовые стандарты частоты. М., 1968;

Время и частота: Пер. с англ. М., 1973.

Г.​С.​Круглік.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],

драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.

Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц. нар. інструмента шалюмо (тыпу бел. жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.

На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар. інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, Я.​Дзягцярык, Дз.​Камінскі, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Л.​Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз. навуч. установах рознага ўзроўню.

Літ.:

Благодатов Г. Кларнет. М., 1965;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Кларнет.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ і МАКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,

галіны сацыялагічных ведаў, якія вывучаюць адпаведна сферу непасрэднага сац. ўзаемадзеяння (міжасобасныя адносіны і працэсы сац. камунікацыі ў малых групах, сфера паўсядзённай рэчаіснасці, асобныя вузкія праблемы і інш.) і буйнамаштабныя сац. працэсы і з’явы (цывілізацыі, дзяржавы, нацыі, сац. ін-ты). Мікрасацыялогія арыентуецца на вывучэнне індывідаў і іх бліжэйшага сац. акружэння, аналіз сац. адносін ў параўнальна невялікіх сац. сістэмах, абмяжоўваецца эмпірычным апісаннем ізаляваных з’яў. Макрасацыялогія вывучае грамадскае жыццё і сац. працэсы як адзінае цэлае. У сучаснай сацыялогіі да мікрасацыялогіі адносяць фенаменалогію, этнаметадалогію, тэорыі сац. абмену, аналіз сац. сетак, сімвалічны інтэракцыянізм і інш. (Ч.​Кулі, Дж.​Мід, А.​Шуц, Х.​Гарфінкел, Дж.​Хоманс і інш.), да макрасацыялогіі — структуралізм, структурны функцыяналізм, неаэвалюцыянізм, неамарксізм (А.​Конт, К.​Маркс, Г.​Спенсер, П.​Сарокін, Т.​Парсанс і інш.). Макрасацыялагічная арыентацыя пераважала ў 19 — пач. 20 ст. У 1930-я г. вял. пашырэнне атрымалі эмпірычныя даследаванні, што садзейнічала развіццю мікрасацыялогіі. Прадстаўнікі макрасацыялогіі разглядаюць у якасці асн. прадмета сацыялагічнага пазнання грамадства, яго структурныя ўтварэнні, адзначаюць якасную своеасаблівасць сац. з’яў і іх нязводнасць да сац.-псіхал. ўзроўню. У мікрасацыялогіі такія з’явы і працэсы разглядаюць як абстракцыі, рэальнасць якіх немагчыма даказаць эмпірычна; з-за выкарыстання эмпірычных працэдур, сацыяметрычных метадаў мікрасацыялогію часам атаясамліваюць з сацыяметрыяй. Спробы інтэграцыі М. і м. робяцца з сярэдзіны 1970-х г.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПО́РНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў ваданосных пластах, якія ізаляваны слабаводапранікальнымі гарызонтамі; валодаюць пругкай ёмістасцю і пры ўскрыцці могуць самавылівацца на паверхню. Даюць узровень вады вышэй верхняга кантакту водазмяшчальных і водатрывалых парод. Характарызуюцца: п’езаметрычным узроўнем падземных вод (узровень, які ўстанавіўся ў свідравінах пры ўскрыцці Н.в., вымяраецца ў атмасферах ці абс. адзнаках вышынь); вышынёй напору (адлегласць паміж верхнім кантактам ваданосных і водатрывалых парод і п’езаметрычным узроўнем, вымяраецца ў метрах) і напорам (вышыня п’езаметрычнага ўзроўню над нулявой — узр. м. — паверхняй параўнання, вымяраецца ў метрах). Фарміраванне напораў адбываецца за кошт гідрастатычнага (гл. Артэзіянскія воды) і залішняга пластавога ціску. Гідрагеалагічныя структуры могуць складацца з некалькіх (10 і болей) гарызонтаў Н.в. П’езаметрычныя ўзроўні ўтвараюць п’езаметрычную паверхню, якая на гідрагеалагічных картах адлюстроўваецца лініямі роўных напораў — гідраізап’езамі. Паводле характару п’езаметрычнай паверхні вызначаецца напрамак руху і нахіл патоку Н.в. Жыўленне Н.в. адбываецца за кошт перацякання з грунтавых вод і паверхневага вадасцёку (у горных раёнах). Разгрузка Н.в. адбываецца на паверхню зямлі ў выглядзе ўзыходных крыніц, у грунтавыя воды, у вышэй- і ніжэйзалеглыя напорныя ваданосныя гарызонты (адпаведна ў абласцях разгрузкі і на водападзелах). Н.в.

добра захаваны ад паверхневага забруджвання, маюць высакаякасныя арганалептычныя ўласцівасці (смак, пах, колер, празрыстасць і інш.). Прэсныя Н.в. з’яўляюцца асн. крыніцай цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя выкарыстоўваюцца ў бальнеатэрапіі і вытв-сці лячэбна-сталовых вод.

М.​С.​Капора.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НА,

рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.

Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч. Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).

А.​А.​Макарэвіч.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,

навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.

Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.

На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац. АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.

А.​У.​Чысцік.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл. Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн. чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн. чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт. Беларусы, Этнічная тэрыторыя.

Літ.:

Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНІ́НА,

адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн. км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОСЬ, Рос, Роса,

рака ў Свіслацкім, Ваўкавыскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 99 км, пл. вадазбору 1250 км². Пачынаецца ў забалочанай мясцовасці за 2 км на З ад в. Лозы Свіслацкага р-на, вусце за 1,8 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Цячэ пераважна з Пд на Пн у межах Ваўкавыскага ўзв., у нізоўі па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Харужаўка, Ваўкавыя, Плішча (справа), Свянціца, Нятупа, Вехатнянка, Ваўпянка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 1—2,5 км, схілы сярэдне стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, забалочаная, слабаперасечаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 3 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Каля в. Лічыцы і г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на падзяляецца на 2 рукавы, якія ўтвараюць астравы даўж. 1,5 і 3,5 км. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,5—1,5 м. Жыўленне мяшанае. На перыяд веснавога разводдзя працягласцю да 45 сут (крас. — сярэдзіна мая) прыпадае каля 45% гадавога сцёку, выш. падняцця ўзроўню вады 1,5 м. Летне-асенняя і зімовая межані парушаюцца паводкамі ад дажджоў і адліг. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. На рацэ вадасх. Воўпаўскае, г. Ваўкавыск, г.п. Краснасельскі, Рось, Поразава.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА (нэп),

цыкл мерапрыемстваў Сав. дзяржавы па выхаду з эканам. крызісу пасля грамадзянскай вайны 1918—20. Прынята вясной 1921 X з’ездам РКП(б); названа «новай» у адрозненне ад палітыкі «ваеннага камунізму». Была разлічана на аднаўленне нар. гаспадаркі і наступны пераход да сацыялізму. Гал. змест: замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы, выкарыстанне рынку, розных форм уласнасці, прыцягненне замежнага капіталу (канцэсіі), правядзенне грашовай рэформы 1922—24 (рубель быў абвешчаны канверсаванай валютай). Правядзенне нэпа пачалося ў надзвычай неспрыяльных умовах. У 1920 прадукцыя буйной прам-сці ў параўнанні з 1913 паменшылася ў 5 разоў, тэкстыльнай — амаль у 18. Валавая прадукцыя земляробства складала 64%, а жывёлагадоўлі — 72% ад узроўню 1913. На транспарце панаваў хаос, фактычна не працавалі пошта, сувязь, былі парушаны ці разарваны традыц. эканам. сувязі. На Беларусі становішча абцяжарвалася шматгадовым прыфрантавым становішчам, ваен. разбурэннямі, фактычным падзелам краіны на часткі (паміж РСФСР і Польшчай); большасць прамысл. прадпрыемстваў не працавала, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палову даваеннай. Цяжкае эканам. становішча ўзмацнялася масавым паліт. і крымін. бандытызмам.

Былі ўведзены грашовы падатак і абавязковыя збожжанарыхтоўкі па ўстаноўленых дзяржавай цвёрдых цэнах. У сельскай гаспадарцы ў час нэпа дапускалася арэнда зямлі, наём рабочай сілы, свабода выбару форм землекарыстання, фарміравалася сістэма крэдытаў і кааперацыі. У галіне фінансаў прадугледжвалася фарміраванне бюджэту, кантроль за грашовай эмісіяй; у кастр. 1921 створаны Дзярж. банк, у 1922—23 праведзена дэнамінацыя дзярж. грашовых знакаў (саўзнакаў). Нэп прадугледжваў легалізацыю гандлю, пашырэнне прыватнай ініцыятывы, дазваляліся абмен, купля і продаж с.-г. прадукцыі ў губернях, якія выканалі харчразвёрстку, быў дазволены прыватны гандаль, развівалася спажывецкая кааперацыя. Вынікі нэпа ў хуткім часе сталі адчувальнымі. У 1925 сельская гаспадарка ў асн. дасягнула даваен. ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі ў даваен. ацэнцы склаў 384,8 млн. руб. і перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 на 9,8%. У 1926/27 гасп. г. завяршыўся працэс аднаўлення прам-сці рэспублікі. Гал. рэгулятарам эканам. дзейнасці стаў рынак. У 1922/23 на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандл. прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Пераадольвалася інфляцыя, умацоўвалася грашовая сістэма. У 1921—27 былі адменены працоўная павіннасць, натуральная аплата, рабілася спроба ажывіць работу Саветаў, праведзена адм.-тэр. рэформа. Для Беларусі яна азначала 2 узбуйненні (у 1924 і ў 1926).

Вынікі ажыццяўлення нэпа нельга ацаніць адназначна. Дзякуючы намаганням усіх слаёў насельніцтва эканоміка краіны дасягнула даваен. ўзроўню 1913. Аднак ні прам-сць, ні сельская гаспадарка не змаглі стварыць сабе рынкаў расшыранай вытв-сці. Па меры таго як нэп ставіў усё больш цяжкія пытанні не толькі ў вырашэнні эканам. праблем, a і перад паліт. сістэмай, усё часцей узнікалі тэндэнцыі да яго згортвання, што і адбылося ў канцы 1920 — пач. 1930-х гг.

Літ.:

Белорусская ССР в цифрах: К 10-летию существования БССР, 1919—1929. Мн., 1929;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923 гг.). Мн., 1999.

М.​А.​Бяспалая.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)