КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпу бел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.