МІКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ і МАКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
галіны сацыялагічных ведаў, якія вывучаюць адпаведна сферу непасрэднага сац. ўзаемадзеяння (міжасобасныя адносіны і працэсы сац. камунікацыі ў малых групах, сфера паўсядзённай рэчаіснасці, асобныя вузкія праблемы і інш.) і буйнамаштабныя сац. працэсы і з’явы (цывілізацыі, дзяржавы, нацыі, сац. ін-ты). Мікрасацыялогія арыентуецца на вывучэнне індывідаў і іх бліжэйшага сац. акружэння, аналіз сац. адносін ў параўнальна невялікіх сац. сістэмах, абмяжоўваецца эмпірычным апісаннем ізаляваных з’яў. Макрасацыялогія вывучае грамадскае жыццё і сац. працэсы як адзінае цэлае. У сучаснай сацыялогіі да мікрасацыялогіі адносяць фенаменалогію, этнаметадалогію, тэорыі сац. абмену, аналіз сац. сетак, сімвалічны інтэракцыянізм і інш. (Ч.Кулі, Дж.Мід, А.Шуц, Х.Гарфінкел, Дж.Хоманс і інш.), да макрасацыялогіі — структуралізм, структурны функцыяналізм, неаэвалюцыянізм, неамарксізм (А.Конт, К.Маркс, Г.Спенсер, П.Сарокін, Т.Парсанс і інш.). Макрасацыялагічная арыентацыя пераважала ў 19 — пач. 20 ст. У 1930-я г. вял. пашырэнне атрымалі эмпірычныя даследаванні, што садзейнічала развіццю мікрасацыялогіі. Прадстаўнікі макрасацыялогіі разглядаюць у якасці асн. прадмета сацыялагічнага пазнання грамадства, яго структурныя ўтварэнні, адзначаюць якасную своеасаблівасць сац. з’яў і іх нязводнасць да сац.-псіхал. ўзроўню. У мікрасацыялогіі такія з’явы і працэсы разглядаюць як абстракцыі, рэальнасць якіх немагчыма даказаць эмпірычна; з-за выкарыстання эмпірычных працэдур, сацыяметрычных метадаў мікрасацыялогію часам атаясамліваюць з сацыяметрыяй. Спробы інтэграцыі М. і м. робяцца з сярэдзіны 1970-х г.
І.В.Катляроў.
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)