раздзел матэматыкі, у якім распрацоўваюцца і даследуюцца метады лікавага рашэння матэм. задач. Метады вылічальнай матэматыкі прыбліжаныя, падзяляюцца на аналітычныя (даюць прыбліжаныя рашэнні ў выглядзе аналітычнага выразу) і лікавыя (у выглядзе табліцы лікаў).
Узнікненне вылічальнай матэматыкі звязана з неабходнасцю рашэння асобных задач (вымярэнне адлегласцей, плошчаў, аб’ёмаў і інш.). Развіццё навукі, асабліва астраноміі і механікі, спрыяла развіццю матэматыкі ўвогуле і вылічальнай матэматыкі ў прыватнасці. Складаліся табліцы эмпірычна знойдзеных залежнасцей, што прывяло да ўзнікнення паняцця функцыі і задачы інтэрпалявання (гл.Інтэрпаляцыя). Поспехі вылічальнай матэматыкі звязаны з імёнамі І.Ньютана, Л.Эйлера, М.І.Лабачэўскага, К.Ф.Гаўса, П.Л.Чабышова, С.А.Чаплыгіна, А.М.Крылова, А.М.Ціханава, А.А.Самарскага, У.І.Крылова, Л.В.Кантаровіча і інш. Многія задачы вылічальнай матэматыкі можна запісаць у выглядзе y=Ax, дзе x і y належаць зададзеным мноствам X і Y, A — некаторы аператар. Для рашэння задачы трэба знайсці у па зададзеным х ці наадварот. У вылічальнай матэматыцы гэта задача рашаецца заменай мностваў X, Y і аператара A (ці толькі некаторых з іх) іншымі, зручнымі для вылічэнняў. Замена робіцца так, каб рашэнне новай задачы y=Bx было ў нейкім сэнсе блізкім да рашэння першапачатковай задачы. Напр., калі ў якасці Ax узяць інтэграл
, то прыбліжанае значэнне яго ў многіх выпадках можна вылічыць паводле т.зв. квадратурнай формулы
, дзе і — некаторыя фіксаваныя лікі. Гэта адна з класічных задач вылічальнай матэматыкі. Пры рашэнні яе, асабліва ў выпадку кратнага (шматразовага) і кантынуальнага інтэгравання, карыстаюцца Монтэ-Карла метадам. Прынцыповае значэнне ў вылічальнай матэматыцы належыць тэорыі прыбліжэння функцый, якая адыгрывае і агульнаматэм. ролю. Адна з характэрных задач прыбліжэння функцый — задача інтэрпалявання, г.зн. пабудова для зададзенай функцыі прыбліжанай функцыі , якая супадае з у фіксаваных вузлах t1, t2, ..., tn. У тэорыі прыбліжэння функцый сапраўднага (а пазней і камплекснага) пераменнага распрацоўваліся метады прыбліжэння функцый аднаго класа функцыямі інш. класаў, а таксама вывучаліся пытанні збежнасці і ацэнак прыбліжэнняў. Найб. пашыраныя задачы вылічальнай матэматыкі — задачы алгебры [рашэнне сістэм лінейных алгебраічных ураўненняў, вылічэнне вызначнікаў (дэтэрмінантаў) і адваротных матрыц, знаходжанне ўласных вектараў і ўласных значэнняў матрыц, вызначэнне каранёў мнагачленаў]. У задачы прыбліжанага рашэння сістэмы лінейных ураўненняў Ax=b, дзе A — квадратная матрыца, x і b — вектары-калонкі, часта выкарыстоўваюцца ітэрацыйныя метады. Многія ітэрацыйныя метады рашэння гэтай сістэмы маюць выгляд
, дзе
— некаторая паслядоўнасць матрыц, x° — пачатковае прыбліжэнне, часам адвольнае. Розны выбар матрыц Bk дае розныя ітэрацыйныя працэсы. Значную частку вылічальнай матэматыкі складаюць прыбліжаныя і лікавыя метады рашэння звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльных ураўненняў у частковых вытворных, інтэгральных ураўненняў, інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальныя метады варыяцыйнага злічэння, аптымальнага кіравання, задач стахастычнага аналізу і інш. З’яўленне вылічальных машын значна расшырыла кола задач і стымулявала далейшую распрацоўку метадаў вылічальнай матэматыкі з улікам магчымасцей вылічальных машын, у прыватнасці распрацоўкі спец. алгарытмаў, арыентаваных на паралельную рэалізацыю.
На Беларусі даследаванні па ўсіх асн. кірунках вылічальнай матэматыкі і падрыхтоўкі навук. кадраў пачаліся з 1950-х г. у АН і БДУ пад кіраўніцтвам акад. У.І.Крылова; асобныя пытанні вылічальнай матэматыкі распрацоўваліся і раней.
Літ.:
Березин И.С., Жидков Н.П. Методы вычислений. Т. 1. 3 изд. М., 1966;
Т. 2. 2 изд. М., 1962;
Канторович Л.В., Крылов В.И. Приближенные методы высшего анализа. 5 изд. М.; Л., 1962;
Крылов В.И. Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;
Крылов В.И., Скобля Н.С. Справочная книга по численному обращению преобразования Лапласа. Мн., 1968;
Турецкий А.Х. Теория интерполирования в задачах. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),
рускі кампазітар. Заснавальнік рус.муз. класікі. Паходзіў са стараж.бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.Філда і Ш.Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк.рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус.нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп.нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац.муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж.муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццюрус.муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.
Літ.:
Асафьев Б. М.И.Глинка. Л., 1978;
Канн-Новикова Е. М.И.Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;
Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;
Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;
Стасов В.В. Избранные статьи о М.И.Глинке. М., 1955;
Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;
Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;
Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),
нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццюеўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).
Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.Барычэўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, Ю.Таўбін, В.Вольскі, С.Ліхадзіеўскі, А.Зарыцкі, В.Сёмуха, А.Лойка. І.Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).
Тв.:
Бел.пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;
Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;
Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1975—80;
Фауст. Мн., 1971;
Избр. произв.Мн., 1977.
Літ.:
Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;
Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;
Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;
Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;
Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРЭВА́Н,
сталіца Арменіі. Размешчаны на левабярэжнай ч. Арарацкай раўніны і часткова на вулканічным плато перадгор’я на р. Раздан, якая падзяляе горад на 2 ч. каньёнападобнай цяснінай. 1283 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт.
Метрапалітэн. Буйны прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды: эл.-лямпавы, кабельны, гадзіннікавы, станкабуд., аўтамаб., эл.-апаратны, кампрэсарны, прыладабуд. і інш.), хім. і нафтахім. (камбінат сінт. каўчуку, ВА «Полівінілацэтат», шынны, лакафарбавы, хім. рэактываў з-ды, фармацэўтычная ф-ка), харчасмакавая (вінна-каньячныя з-ды і інш.), лёгкая (тэкст.-трыкат., абутковая ф-кі і інш.), будматэрыялаў (з-ды «Арммармур», керамічных вырабаў і інш.).
Адзін з найб.стараж. гарадоў свету. Паводле выяўленага пры раскопках урарцкага надпісу, у 782 да н.э. на месцы Е. цар Аргішці I пабудаваў крэпасць Эрэбуні. З сярэдзіны 13 ст. важны пункт на шляху з Арарацкай даліны ў Паўн. Закаўказзі. З 1440 адм. і гандл.-рамесніцкі цэнтр Усх. Арменіі, у 16 — пач. 18 ст. горад неаднойчы быў захоплены і разбураны персамі і туркамі. У 1604 яго захапілі і зруйнавалі войскі іранскага шаха Абаса 1, арм. насельніцтва выгнана ў Іран. Пазней горад адбудаваны і ў 17 ст. стаў буйным цэнтрам караваннага гандлю і рамесніцтва. З 1735 цэнтр Эрыванскага ханства. У выніку рус.-перс. вайны 1826—28 далучаны да Расіі. З 1828 цэнтр Армянскай вобл., з 1840 пав. горад, з 1849 цэнтр Эрыванскай губ. У 1901 чыгунка злучыла Е. з Тыфлісам (сучасны Тбілісі), у 1908 — з Джульфай, што садзейнічала эканам.развіццю горада. У маі 1918 тут абвешчана незалежнасць Арменіі. У 1918—20 Е. — цэнтр Эрыванскага пав., падуладнага дашнакам. З 1922 сталіца Арменіі.
Ад крэпасці Эрэбуні ад урарцкага перыяду (8—6 ст. да н.э.) захаваліся руіны цытадэлі з палацам, перыстыльным дваром, храмамі, ад ахеменідскага (5—4 ст. да н.э.) — рэшткі храмаў і шматкалоннай залы з размалёўкай. Сярэдневяковыя помнікі Е.: Аванскі сабор (591—602), цэрквы Катагіке (13 ст.) і Заравар (1691—1705) і інш. У 20 ст. аблічча Е. змянілася ў выніку маштабнага горадабудаўніцтва. Своеасаблівы каларыт гораду надае мясц. камень розных адценняў (ружовы, крэмавы, белы туф), які шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве. Гал. ансамбль цэнтра Е. ўтвараюць пл. Рэспублікі і прамавугольная сетка вуліц. На плошчы знаходзяцца Дом урада Арменіі (1926—41, арх. А.І. і Г.А.Таманян), другі Дом урада (1955, арх. С.А.Сафаран, В.А.Арэўшацян, Р.С.Ісраэлян). Гіст. музей Арменіі (1957), гасцініца «Арменія» (1958), будынак Мін-ва сувязі і Савета прафсаюзаў (1956—58; арх. ўсіх М.У.Грыгаран і Э.А.Сарапян). Сярод грамадскіх пабудоў: Дзярж.т-р оперы і балета імя А.А.Спендыярава (1926—39, арх. А.І.Таманян, завершаны ў 1953), сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран (1959, арх. Грыгаран), драм.т-р імя Г.Сундукяна (1965, арх. Р.Б.Алавердзян і Р.А.Бадалян), Музей гісторыі Ерэвана (1968, арх. Ш.Р.Азацян, Б.А.Арзуманян, скульпт. А.А.Аруцюнян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.А.Акапян), гасцініца «Двін» (1979, арх. Ф.С.Акапян, А.С.Алексанян, Э.А.Сафаран). Помнікі: С.Шаўмяну (1931, скульпт. С.Дз.Мяркураў, арх. І.У.Жалтоўскі), Давіду Сасунскаму (1959, Е.С.Качар), ахвярам генацыду армян 1915 (1967, арх. А.А.Тарханян, С.Г.Калашан) і інш.
АН Арменіі. Сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран. 11 ВНУ (у т. л.ун-т, кансерваторыя, політэхн., мед., маст.-тэатр., пед. ін-ты). Тэатры (у т. л. оперы і балета). Музеі: Дзярж. карцінная галерэя, нар. мастацтва Арменіі, сучаснага мастацтва Арменіі, рус. мастацтва і інш.
Панарама Ерэвана.Да арт.Ерэван. Палац крэпасці Эрэбуні (рэканструкцыя). 5—4 ст. да н.э.Да арт.Ерэван. Тэатр оперы і балета імя А.А.Спендыярава. Арх. А.Таманян. 1926—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,
комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл.Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл.Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч. прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г.меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.
С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл.Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл.Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.
Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.
На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.М.Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш.Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.
Літ.:
Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;
Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;
Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД,
горад у Расіі, цэнтр Наўгародскай вобл. За 6 км ад воз. Ільмень. 231 тыс.ж. (1996). Прыстань на р. Волхаў. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (у т. л. радыёэлектронная), хім. (азотныя ўгнаенні, шкловалакно), дрэваапр., харч., лёгкая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л.ун-т. Драм.тэатр.Гіст.-архітэктурны музей-запаведнік. Турызм.
У летапісах упершыню згадваецца пад 859. З канца 10 ст. другі па значэнні цэнтр Кіеўскай Русі. Размяшчэнне Н. на скрыжаванні шляхоў «з варагаў у грэкі» і Волжскага спрыяла развіццю гандлю, рамёстваў, культуры. У 1136—1478 цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Яго гандл. сувязі пашыраліся ад Фландрыі і ням. ганзейскіх гарадоў (гл.Ганза) да Канстанцінопаля. У 12 ст. існавала гандл. карпарацыя «Іванскае сто». З 2-й пал. 14 ст.наз. Вялікі Н. У сярэдзіне 12 — сярэдзіны 15 ст. цэнтр узбр. барацьбы са знешняй агрэсіяй з боку Швецыі і Лівонскага ордэна. У Неўскай бітве 1240 і Лядовым пабоішчы 1242 наўгародцы на чале з Аляксандрам Неўскім перамаглі швед. і ням. войскі. У 1478 у выніку перамогі маскоўскага войска (1471) Н. і ўсе яго землі ўключаны ў склад Рус. дзяржавы. У 1480—90-я г., каб ліквідаваць наўгародскія «вольнасці», у цэнтр. вобласці Расіі выслана каля 7 тыс. жыхароў горада. У 1570 апрычнікі Івана Грознага знішчылі амаль усё насельніцтва Н. У 16 — пач. 18 ст. буйны эканам. і гандл. цэнтр Расіі. У 1616—17 пацярпеў ад швед. акупацыі. З 1727 губернскі горад, з 1927 акруговы, з 1930 раённы цэнтр Ленінградскай вобл. З 1944 цэнтр Наўгародскай вобл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44), моцна разбураны.
У выніку археал. раскопак адкрыты вуліцы і плошчы з драўлянымі маставымі, вадазборнікі і водаадводы, жылыя дамы, церамы, майстэрні, крамы; знойдзены берасцяныя граматы. Да сярэдзіны 12 ст. сфарміраваліся 2 асн. раёны Н.: на левым беразе р. Волхаў Сафійскі бок з крамлём (дзядзінцам; пабудаваны ў 1044, пашыраны ў 1484—90, з 1925 гіст.-арх. музей-запаведнік; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); на правым — Гандлёвы бок з Торгам і комплексам пабудоў Яраслававага дварышча, дзе збіралася веча. Да 17 ст. ў Н. пераважала драўляная забудова, з каменю і цэглы рабілі абарончыя збудаванні, храмы, часам палаты знаці. У 12—15 ст. склалася Наўгародская школа дойлідства. На тэр. дзядзінца захаваліся Наўгародскі Сафійскі сабор, Сафійская званіца (15 ст., у 16—19 ст. перабудоўвалася), Уладычны (Епіскапскі) двор з гранавітай палатай (1433) і дазорнай вежай «Часазвоняй» (1673), Ліхудаўскі (15—17 ст.) і Нікіцкі (17 ст.) карпусы, будынак б.дзярж. устаноў (18—19 ст.) і інш. У цэнтры б. дзядзінца пастаўлены помнік «Тысячагоддзе Расіі» (1862, скульпт. М.Мікешын, арх. В.Гартман), на яго тэр. знаходзіцца магіла рас. паэта Г.Дзяржавіна. У канцы 18 — пач. 19 ст. добраўпарадкаваны радыяльна-паўкальцавая планіроўка Сафійскага боку і прамавугольная — Гандлёвага (генпланы 1778 і 1834), пабудаваны класіцыстычныя гаўптвахта (пач. 19 ст.), Пуцявы палац (1771, перабудаваны ў 1824—28, арх. В.Стасаў), жылыя дамы паводле ўзорных праектаў. У сав. час створаны ахоўныя зоны, упарадкаваны дзядзінец і Яраславава дварышча. Узведзены помнікі Перамогі (1974), Аляксандру Неўскаму (1985, скульпт. Ю.Чарноў, арх. Г.Ісаковіч).
Літ.:
Лихачев Д.С. Новгород Великий. М., 1959;
Каргер М.К. Новгород. 3 изд. Л.;
М., 1970;
Кушнир И.И. Архитектура Новгорода. Л., 1991.
Да арт.Ноўгарад. Від на Гандлёвы бок.Ноўгарад: 1 — панарама Сафійскага боку; 2 — Сафійская званіца крамля; 3 — помнік «Тысячагоддзе Расіі». 1862.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛО́ГІКА, сімвалічная логіка,
адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл.Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл.Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, B, C...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл.Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл.Логіка класаў).
Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст.ісп. філосаф Р.Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш.Рас. вучоны П.С.Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.Расела і А.Н.Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.Лукасевіч, А.Гейцінг, А.М.Калмагораў, В.І.Шастакоў, С.К.Кліні, А.А.Маркаў і інш.).
Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл.Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.
Літ.:
Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1973;
Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1975;
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),
навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш.Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш.Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл.«Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.
Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл.Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.М.Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.П.Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.Гольбах, К.Гельвецый, Д.Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот). У 20 ст.сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.
На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел.пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.А.Бенядзіктаў, А.П.Ерась, В.М.Кавалгін, Ф.І.Івашчанка, Я.Л.Каламінскі).
Літ.:
Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;
Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1996;
Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.Мн., 1997;
Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;
Рубинштейн СЛ. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз.развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.