ЛАМА́МІ (Lomami),
рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Конга. Даўж. каля 1500 км, пл. басейна 110 тыс. км². Пачынаецца на плато Катанга, цячэ на Пн у глыбокай даліне, парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1700 м³/с. Пад’ём узроўню вады ў сезон дажджоў з вер. да красавіка. Суднаходная на 330 км ад вусця. У вусці — г. Ісангі.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁРЭШ (Körös),
рака ў Румыніі і Венгрыі, левы прыток р. Ціса. Даўж. 580 км, пл. бас. 27,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Румынскіх гарах (масіў Біхар і хр. Металіч) двума вытокамі — Крышу-Алб і Крышу-Негру. Ад іх зліцця да вусця цячэ па раўніне Альфёльд. Паводкі ў цёплае паўгоддзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 100 м³/с. У ніжнім цячэнні каналізаваная, суднаходная.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МА (Como),
возера на Пн Італіі, каля падножжа Альпаў, на выш. 198 м. Пл. 146 км², даўж. 50 км (у сярэдняй ч. падзяляецца на 2 басейны), шыр. 4,5 км, глыб. да 410 м. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання. Берагі высокія, скалістыя. Праз К. працякае р. Ада, прыток р. По; на Пн ўпадае р. Мера. Рыбалоўства, суднаходства. Кліматычныя курорты: Кома, Лека, Беладжа і інш.
т. 8, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СІ,
рака ў Непале і Індыі, вярхоўі ў Кітаі, левы прыток р. Ганг. Даўж. 730 км, пл. бас. 86,9 тыс. км². Вытокі ў Вял. Гімалаях, ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне. Летнія паводкі ад раставання снягоў і ледавікоў у гарах і мусонных дажджоў. Сярэдні гадавы расход вады 1770 м³/с. Гідравузлы (у інд. штаце Біхар і ў Непале). У ніжнім цячэнні суднаходная.
т. 8, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАВАРЫ́ (Javari),
рака ў Паўд. Амерыцы, правы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Бразіліяй і Перу. Даўж. 1056 км, пл. бас. 91 тыс. км. Вытокі ў Перуанскіх Андах (Мантанья), цячэ па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводка са снеж. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 4260 м³/с. Суднаходная на 500 км для невял. суднаў.
т. 6, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА, Няміза,
рака ў Мінску, правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. каля 5 км. У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. заключана ў падземны калектар. Пачынаецца на ПдЗ горада, працякае пад зямлёй у раёне ўсх. часткі праспекта Жукава, вуліц Чыгуначная, Грушаўская, Разінская, Рамізніцкая, праспекта Дзяржынскага, з паўд. боку Тэатра музкамедыі, пад вуліцамі Мяснікова і Няміга, упадае ў Свіслач насупраць Траецкага прадмесця.
т. 11, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЫНКАВА́ННЕ,
выдаленне бакавых парасткаў (пасынкаў), якія вырастаюць з пазух лісця надземнай часткі галоўнага сцябла. Пасынкі ў памідора, тытуню выдаляюць пры даўжыні 5—10 см, у сланечніка, кукурузы — 10—15 см. У насеннікаў капусты выдаляюць парасткі вегетатыўныя і з паўторным цвіценнем, у морквы — кветкавыя парасонікі 2—3-га парадку. Узмацняе прыток пажыўных рэчываў да асн. органаў раслін, паскарае выспяванне пладоў і насення.
т. 12, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
рака ў Слонімскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 195 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Плаўскія Слонімскага р-на, цячэ ў межах Слонімскага ўзв. Даліна выразная, трапецападобная, шыр. да 900 м. Пойма забалочаная, вузкая. Рэчышча ў верхнім цячэнні звілістае, на працягу 15 км каналізаванае. Берагі стромкія і абрывістыя.
т. 9, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́ЙКА,
рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Мядзелка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 258 км². Выцякае з воз. Лучай за 1,5 км на ПнЗ ад в. Гаўрылавічы, цячэ на паўд.-зах. ч. Полацкай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная. Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная. Рэчышча звілістае, на працягу 16 км каналізаванае.
т. 9, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКІ́С,
рака ў Літве і Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 202 км (на Беларусі 12 км). Пл. вадазбору 4440 км² (на Беларусі 100 км²). Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Мікулішкі Ашмянскага р-на, цячэ ў межах Ашмянскага ўзв., 2 км на мяжы з Літвой і каля в. Гаравыя Грыгі перасякае яе. У межах Беларусі каналізаваная.
т. 11, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)