ІНТЭРАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. interior унутраны + рэцэптары),
інтэрацэптары, рэцэптары ўнутраныя, чуллівыя нервовыя канцы, якія знаходзяцца ў розных тканках і органах і ўспрымаюць інфармацыю з унутранага асяроддзя арганізма. Тэрмін прапанаваў англ. фізіёлаг Ч.С.Шэрынгтан (1906). Прадстаўлены свабоднымі нерв. канцамі і ў выглядзе складаных інкапсуляваных канцоў (цельца Фатэра—Пачыні). У залежнасці ад здольнасці рэагаваць на раздражняльнікі падзяляюцца на І., якія адказваюць на дэфармацыю тканкі (барарэцэптары і механарэцэптары), успрымаюць хім. раздражненні (хемарэцэптары), узбуджаюцца ад змены т-ры асяроддзя (тэрмарэцэптары), знаходзяцца ў шкілетных мышцах, звязках, сустаўных сумках (прапрыярэцэптары) і інш. І. аналізуюць унутр. асяроддзе арганізма, каб прыстасаваць яго да патрэб моманту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРСТЫЦЫЯ́ЛЬНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
агульная назва клетак, што займаюць прамежнае становішча ў арганізме жывёл і чалавека. І.к., або клеткі Лейдыга, гландулацыты, размешчаныя паміж канальцамі семяннікоў у пазваночных, выпрацоўваюць мужч. палавыя гармоны (пераважна тэстастэрон) і ў невял. колькасці жан. палавыя гармоны. У яечніках млекакормячых І.к. мезенхімнага паходжання сінтэзуюць стэроідныя гармоны і выконваюць трафічную функцыю. І.к. з’яўляюцца таксама стваловыя клеткі ў целе ніжэйшых шматклетачных, здольныя развіцца ў нерв., палавыя і жыгучыя (у кішачнаполасцевых). У лічынак некат. насякомых І.к. — клеткі сярэдняй кішкі, насычаныя ліпоідамі (ліпахромныя клеткі), мяркуецца, падтрымліваюць нізкае значэнне pH у гэтым участку кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЯЛЬНІЦКІ КУРО́РТ, Куяльнік,
бальнеагразевы курорт на Украіне. У складзе Адэскай групы курортаў, за 10 км ад г. Адэса, на беразе Куяльніцкага лімана. Адзін са старэйшых гразевых курортаў (першыя ўстановы пабудаваны ў 1833). Асн.лек. прыродныя фактары: глеевыя сульфідныя гразі (запасы каля 20 млн.м³), ліманная рапа (мінералізацыя да 190 г/л, мае ў сабе серавадарод, бром, жалеза і інш.), хларыдна-гідра-карбанатна-натрыевыя воды мясц.мінер. крыніц (пітныя лячэбна-сталовыя і для ваннаў, наладжаны прамысл. разліў). Гразе-, бальнеа-, аэрагелія- і таласатэрапія хвароб суставаў, нерв. сістэмы, гінекалагічных, некат. страўнікава-кішачных. Санаторыі, пансіянаты, бальнеа- і гразелячэбніцы, установы для амбулаторна-курсовачнага лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНЦЮ́К (Анатоль Сяргеевіч) (н. 5.4.1932, в. Марынаўка Мікалаеўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне эмбрыялогіі і гісталогіі. Д-рмед.н. (1973), праф. (1975). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1997). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1955) і працуе ў ім (у 1971—97 заг. кафедры). Навук. працы па эмбрыянальным марфагенезе органаў і рэгулюючых сістэм (нерв., эндакрыннай, імуннай), матэм. аналізе арганізацыі біял. сістэм, эмбрыянальным развіцці кітападобных, эксперым. марфалогіі і транспланталогіі.
Тв.:
Информационный анализ в морфологических исследованиях. Мн., 1981 (разам з Л.А.Леанцюк, А.І.Сыкала);
Возрастная гистология. Ч. 1—5. Мн., 1996 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Яўген Аляксандравіч) (н. 26.6.1948, Мінск),
бел. вучоны ў галіне нейрахірургіі і анкалогіі. Д-рмед.н. (1987), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1972). З 1975 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1988 у Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1990 дырэктар). Навук. працы па мікрахірургіі чэрапна-мазгавых і перыферыйных нерваў, лячэнні пухлін ц. н. с., эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў, рэабілітацыі анкалагічных хворых.
Тв.:
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978 (у сааўт.);
Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1992—97 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ЎНІЦА,
рэакцыя арганізма на энда- і экзагенныя раздражняльнікі, якая праяўляецца раптоўнай высыпкай на скуры (іншы раз на слізістай гартані) і моцным свербам. Абумоўлена апёкамі крапівой і інш. раслінамі, укусамі насякомых, дзеяннем тэмпературных, хім., харч., фіз. (холад, сонца і інш.), мех., нерв., эндакрынных, мікробных фактараў, павышанай адчувальнасцю да медыкаментаў, стомленасцю, страўнікава-кішачнымі інтаксікацыямі, гліснымі інвазіямі, хваробамі крыві, парушэннямі абмену рэчываў і інш. Працякае востра (пухіры ўзнікаюць раптоўна, знікаюць праз мінуты ці гадзіны) і хранічна (высыпка або яе рэцыдывы цягнуцца тыдні ці месяцы), іншы раз з дрыжыкамі, ліхаманкай, недамаганнем, павышанай т-рай цела. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы паміж сярэднім і прадаўгаватым мозгам, які складаецца з вароліева моста і мазжачка.
У вароліевым мосце мноства папярочных і падоўжных нерв. валокнаў, сканцэнтраваны рухальныя і адчувальныя шляхі ц. н. с., размешчаны сеткападобная рэтыкулярная фармацыя (каардынуе дзейнасць сістэм, што рэгулююць вегетатыўна-вісцэральныя і сенса-маторныя функцыі арганізма), ядры некаторых чэрапна-мазгавых нерваў, цэнтры, што рэгулююць слінацячэнне, міганне, голасаўтварэнне. Мазжачок размешчаны ў задняй чарапной ямцы пад патылічнымі долямі паўшар’яў вял. мозга; вытворнае задняга мазгавога пузыра. Інтэгруе інфармацыю ад мышачных рэцэптараў, вестыбулярнай сістэмы, маторных цэнтраў; каардынуе работу мышцаў; рэгулюе мышачны тонус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЗІН (Аляксандр Уладзіміравіч) (10.9.1885, Масква — 6.12.1972),
украінскі і расійскі вучоны-біяхімік, заснавальнік укр.навук. школы біяхімікаў. Акад.АН Украіны (1929), АНСССР (1942), АМНСССР (1944), ганаровы акад.АН Беларусі (1947) і інш. замежных акадэмій. Герой Сац. Працы (1955). Сын У.І.Паладзіна. Скончыў Пецярб.ун-т (1908). У 1916—54 праф.ВНУ у Кіеве і Харкаве. Адначасова з 1925 у Ін-це біяхіміі АН Украіны (дырэктар). З 1939 віцэ-прэзідэнт, у 1946—62 прэзідэнт АН Украіны. Навук. працы па біяхіміі вітамінаў, мышачнай і нерв.сістэм. Сінтэзаваў аналаг вітаміну K — вікасол, заклаў асновы функцыян. біяхіміі галаўнога мозга. Ленінская прэмія 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБІЁЗ (ад пара... + ...біёз),
1) рэакцыя ўзбудлівай тканкі (нерва, мышцы) на ўздзеянне раздражняльнікаў, якая характарызуецца нізкай лабільнасцю і немагчымасцю правядзення зададзенага рытму раздражнення. Мае некалькі фаз: правізарную, або ўраўняльную — здольнасць нерва (мышцы) да правядзення рытмічных імпульсаў аднолькава зніжана для раздражнення любой сілы; парадаксальную — моцныя раздражненні не перадаюцца праз зменены ўчастак нерва, а слабыя здольны выклікаць значныя скарачэнні мышцы; тармазную — нерв страчвае здольнасць да правядзення ўзбуджэння. П. — з’ява абарачальная, але ўзмацненне шкоднага фактару прыводзіць да неабарачальных парушэнняў жыццядзейнасці і смерці.
2) Штучнае злучэнне 2 арганізмаў праз крывяносную сістэму або праз зрошчванне іх тканак для вывучэння ўзаемнага ўплыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДАНТО́З [ад пара... + грэч. odus (odontos) зуб],
амфадантоз, піярэя альвеалярная, хранічная хвароба парадонту — тканак, якія акружаюць зуб (дзясна, альвеалярная косць, зубная звязка); дыстрафічны працэс з рассысаннем касцявой тканкі ямак альвеалярных адросткаў і запаленнем сківіц. Узнікае ад парушэння нерв. рэгуляцыі працэсаў абмену рэчываў у тканках парадонту часта пры гіпавітамінозах, недахопе мінер. солей, мікраэлементаў, недастатковым доглядзе ротавай поласці, адкладанні зубнога каменю, падагры, цукр. дыябеце. Прыкметы: прыпухласць, пачырваненне дзяснаў і адслаенне іх ад зубоў, крывацёк, хістанне і выпадзенне зубоў. У запушчанай стадыі — гінгівіт, утвараюцца кішэнепадобныя ўпадзіны з гноем. Лячэнне комплекснае: выдаленне зубнога каменю, агульнаўмацавальныя і процізапаленчыя сродкі, фізіятэрапія.