ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,
адно з самых старажытных дзярж. утварэнняў усх. славян з цэнтрам у г.Полацк. Размяшчалася ў бас.Зах. Дзвіны, Бярэзіны, часткова Нёмана (тэр. сучаснай Віцебскай, паўн. часткі Мінскай і Магілёўскай абл.). Найб.стараж. гарады — Мінск (Менск), Віцебск, Друцк, Усвяты, Лукомль, Лагойск (Лагожск), Заслаўе (Ізяслаўль). Ядром П.к. было племянное княжанне крывічоў (палачан). У летапісах княства называлася таксама воласцю (862), вобласцю, Полацкай зямлёй. У апавяданні пра паход кн. Алега на Канстанцінопаль у 907 летапісец залічыў Полацк да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще». У выніку перамогі Полацк атрымліваў даніну ад грэкаў. Каля 980 у Полацку сядзеў кн.Рагвалод. Прадстаўнікамі полацкага княжацкага ролу былі Рагнеда Рагвалодаўна, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяславіч, які ў 1021 пасля паходу на Ноўгарад атрымаў г. Усвяты і Віцебск. Пры яго сыне Усяславе Брачыславічу [1044—1101] П.к. дасягнула найб. росквіту. У Полацкай зямлі, магчыма, яшчэ пры жыцці Усяслава ўтварылася Мінскае княства, а пасля яго смерці — іншыя ўдзелы (Ізяслаўскае княства, Віцебскае княства, Лагожскае княства, Друцкае княства). У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вял. паход у П.к., у 1129 захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і саслаў у Візантыю. Каля 1139 яны вярнуліся і занялі свае ўдзелы. З канца 1120-х г. у Полацку пабольшала роля веча. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы 12 ст. полацкімі князямі становяцца віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі П.к. адышлі да Смаленска (Копысь, Орша). У 12 ст. ў нізоўях Зах. Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пач. 13 ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены ням. рыцарамі. У канцы 1250 — пач. 1260-х г. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вял. князя ВКЛ Міндоўга. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства. У 1307 палачане з дапамогай літ. князя Віценя прагналі чужынцаў. З таго часу П.к. ўвайшло ў склад ВКЛ, верагодна, на аснове пагаднення (рады) літ. князёў і полацкага баярства. П.к. карысталася аўтаноміяй паводле асобнага прывілея (гл.Полацкія прывілеі). Полацкімі князямі звычайна былі родзічы вял. князя ВКЛ. У 1370—80-я г. (з перапынкамі) полацкім князем быў Андрэй Альгердавіч, які пасля прыняцця вял. князем ВКЛ Ягайлам польскай кароны і каталіцтва прыняў тытул вял. князя полацкага, што падкрэслівала незалежнасць ад ВКЛ. У Грунвальдскай бітве 1410 прынялі ўдзел харугвы з Полацкай зямлі. У час феад. вайны 1432—36 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымалі мясц. баяры і гараджане. Адбыўся раскол дзяржавы на 2 дзярж. ўтварэнні — ВКЛ са сталіцай у Вільні і Вял. княства Рускае са сталіцай у Полацку, якое праіснавала 4 гады. Адасобленасць П.к. ў складзе ВКЛ неаднаразова пацвярджалася прывілеямі. На тэр. П к. дзейнічала полацкае права, пры якім найб. важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. З сярэдзіны 15 ст. ў Полацк прызначаліся намеснікі вял. князя ВКЛ, а ў 1504 створана Полацкае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),
агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.Бадлера, Т.Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ.прэрафаэлітаў, паэзію П.Верлена, А.Рэмбо, С.Малармэ, С.Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.М.Рыльке, «тэатр маўчання» М.Метэрлінка, прозу О.Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.Мінскага, Д.Меражкоўскага, З.Гіпіус, К.Бальмонта, Ф.Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.Франс, Т.Ман, Л.Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл.Мадэрнізм).
Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.Малевіч, М.Шагал, Л.Лісіцкі, Р.Фальк, В.Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.Андрэеў, А.Белы, Ф.Салагуб, С.Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац.незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г. па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш. блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц.дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц.нац. элітамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ16 ст.
Адбывалася ў 1566—1609 на тэр.гіст.Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст.капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц.гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасцьПаўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;
Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІ́З (Belize),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы, на ўсх. узбярэжжы п-ва Юкатан. На Пн мяжуе з Мексікай, на З і Пд — з Гватэмалай. Абмываецца Карыбскім морам. Пл. 23 тыс.км². Нас. 200 тыс.чал. (1994). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Бельмапан. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. Беліз — канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны Нац. сход, што складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам (прызначаецца ген.-губернатарам).
Прырода. Рэльеф пераважна нізінны, шмат балотаў. На Пд горы Мая (выш. да 1122 м, пік Вікторыя). Клімат трапічны пасатны, вільготны. Т-ра паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Рэкі паўнаводныя, найбольшая Беліз. На б.ч. тэрыторыі вільготныя трапічныя лясы. Растуць чырвонае, ружовае, кампешавае, каўчукавае дрэвы, чыкле, кедр. На Пн лістападныя трапічныя лясы і ўчасткі саваннаў. Лясныя заказнікі, найбольшы Чыкібуль.
Насельніцтва. Жывуць негры і мулаты (44%), метысы (33%), індзейцы — мая і карыбы (у т. л. блізкія да іх негра-карыбскія метысы — «чорныя карыбы»), выхадцы з Індыі і інш.Найб. горад — Беліз. Паводле веравызнання 62% — католікі, 30% — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,7 чал. на 1 км², б.ч. яго жыве паблізу ўзбярэжжа. Натуральны прырост каля 2% за год.
Гісторыя. Беліз вядомы як адно з месцаў ранніх паселішчаў плямёнаў мая. У пач. 16 ст. заваяваны іспанцамі. Паўн.ч. Беліза ўвайшла ў склад «Новай Іспаніі» (Мексіка), паўд.ч. — у ген.-капітанства Гватэмалы. У 17 ст. тут з’явіліся англ. пасяленцы, якія заснавалі першыя гарады, у т. л. Беліз (1638). Барацьба ісп. і англ. каланізатараў за тэр. Беліза скончылася ў 1798 на карысць англічан. З 1862 брыт. калонія, вядомая як Брыт. Гандурас (наз. 1840). У 1964 атрымаў поўную ўнутр. аўтаномію. У 1966 Гватэмала, якая лічыла Беліз сваёй тэр., аб’явіла яго сваім усх. дэпартаментам. З 1973 сучасная назва. З 1981 Беліз — незалежная дзяржава. Беліз — член ААН (з 1981), Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, Карыбскай супольнасці і інш. У 1991 Гватэмала прызнала незалежнасць Беліза і ўстанавіла з ім дыпламат. адносіны.
Паліт. партыі: Народная аб’яднаная і Аб’яднаная дэмакратычная. Прафсаюзы: Аб’яднаны ўсеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. Беліз — эканамічна адсталая агр. краіна. У сельскай і лясной гаспадарцы занята каля 40% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гал. экспартныя культуры: цукр. трыснёг, цытрусавыя (пераважна апельсіны і грэйпфруты), бананы, какава, ананасы. На ўнутр. патрэбы сеюць рыс, кукурузу, маніёк, фасолю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (пераважна на Пд), свіней, птушку. Нарыхтоўка кампешавага і чырвонага дрэва, карыбскай хвоі. У прыбярэжных водах рыбалоўства, промысел амараў, крэветак, чарапах. Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, патакі, рому, кансерваў, сокаў, мыла, дубільных экстрактаў). Вытв-сць мэблі, буд. матэрыялаў, невял. рыбалоўных і спарт. суднаў; каля Беліза невял. сталепракатны з-д. Развіты саматужныя промыслы (выраб адзення, абутку, сувеніраў). Значныя сродкі дае турызм і зімовы адпачынак пераважна жыхароў ЗША у шматлікіх атэлях і пансіянатах на ўзбярэжжы і прыбярэжных астравах. Унутр. транспарт аўтамабільны, знешнія сувязі пераважна марскія. Гал. порт — Беліз. Паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт: цукар-сырэц, цытрусавыя, амары і крэветкі, драўніна. Імпарт: паліва, трансп. сродкі, харч. прадукты, машыны, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія і інш. краіны Зах. Еўропы, ЗША, Японія, Мексіка. Грашовая адзінка — долар Беліза.
Герб і сцяг Беліза.Да арт.Беліз. Адміністрацыйны будынак у г. Беліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭ́ННЕ», БНФ «Адраджэньне»,
грамадска-палітычны рух. Засн. ў 1988 на базе нефармальных аб’яднанняў, што дзейнічалі на Беларусі ў 2-й пал. 1980-х г. Ініцыятар стварэння БНФ — гісторыка-асв. т-ва«Мартыралог Беларусі». 19.10.1988 створаны Арганізац.к-тБНФ (старшыня З.Пазняк). Ядро фронту склалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, актывісты нац.-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі (А.Адамовіч, В.Быкаў, М.Дубянецкі, Пазняк, М.Ткачоў, Ю.Хадыка, М.Чарняўскі і інш.). Устаноўчы з’езд БНФ (24—25.6.1989, Вільнюс) выбраў кіруючы орган фронту — сойм, прыняў статут, праграму, рэзалюцыі, якія вызначалі асн. кірункі і формы яго дзейнасці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб міжнацыянальных адносінах у Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Аб дзяржаўнасці беларускай мовы», «Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб праекце Канстытуцыі БССР». Многія пытанні, пастаўленыя фронтам на парадак дня, аказаліся сугучнымі з настроямі і сац. надзеямі пэўных пластоў насельніцтва. Пацвярджэнне гэтаму — поспех БНФ на выбарах у Вярх. Савет (1990), калі было выбрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў фронт. У складзе Вярх. Савета сфарміравалася фракцыя БНФ (больш за 30 дэпутатаў), якая актыўна праводзіла палітыку фронту. Першыя крокі на паліт. арэне БНФ рабіў пад лозунгамі перабудовы, абвешчанымі вышэйшым кіраўніцтвам КПСС. Заяўлялася пра неабходнасць пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Пазней гэтыя лозунгі былі адкінуты. У праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне», прынятай на II з’ездзе БНФ (23—24.3.1991, Мінск), выкладзены задачы фронту: дэкамунізацыя, канстытуцыйны працэс, рэформа сістэмы ўлады, стварэнне грамадз. супольнасці, пераход да рыначных адносін, сац. палітыка, адраджэнне культуры і нац. свядомасці. Праграма БНФ, прынятая на III з’ездзе (29—30.5.1993, Мінск), вызначыла канцэпцыю фарміравання і механізм дзеяння рыначнай гаспадаркі, канстытуцыйныя прынцыпы, структуру ўлады, прынцыпы знешняй палітыкі, геапаліт. прыярытэты Рэспублікі Беларусь і інш. На з’ездзе створана Партыя Беларускага народнага фронту. Паліт. сітуацыю ў краіне, актуальныя пытанні ўнутрыпарт. жыцця разгледзеў IV з’езд БНФ (8.7.1995, Мінск). На з’ездзе абмяркоўвалася прапанова пра падзел функцый паміж фронтам як нар. рухам, скіраваным на асв.-адраджэнскую дзейнасць, і Партыяй БНФ, скіраванай на барацьбу за паліт. ўплыў і паліт. ўладу. Але з’езд гэту пазіцыю не падтрымаў. БНФ вылучаў свайго лідэра Пазняка кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), актыўна ўдзельнічаў у выбарах у Вярх. Савет і мясц. органы ўлады (1995), але беспаспяхова. На думку асобных лідэраў фронту, асн. прычынамі паражэння БНФ на выбарах з’явілася ізаляцыя фронту ў грамадскай свядомасці, а таксама адарванасць парламенцкай апазіцыі ад самога БНФ, што прывяло да звужэння ўспрыняцця БНФ як грамадскага руху. Асобныя праявы элементаў нац. і паліт. экстрэмізму прывялі да змяншэння ўплыву БНФ у грамадстве. БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалаг. акцыі: Гадзіна смутку і маўчання 1989, Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях», мітынгі і шэсці, жалобныя набажэнствы ў Мінску і інш. гарадах, экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і інш. раёны. БНФ арганізуе штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. Праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Фронт падтрымлівае кантакты і каардынуе дзейнасць з асн. асяродкамі бел. эміграцыі на Захадзе і з бел. згуртаваннямі ў Польшчы, найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем. БНФ удзельнічаў у рабоце Грамадзянскага форуму Беларусі, у інш. сумесных акцыях і мерапрыемствах з бел.паліт. і грамадска-паліт. арг-цыямі дэмакр. кірунку; падтрымлівае кантакты з паліт. рухамі і партыямі інш. краін. Рады і суполкі БНФ дзейнічаюць і па-за межамі Беларусі (у Вільнюсе, Рызе, Маскве).
Л.Ф.Яўменаў, А.А.Дзмітрук.
Да арт.Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Мітынг у Курапатах на Дзяды. 29.10.1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),
нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац.незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).
Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.Барычэўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, Ю.Таўбін, В.Вольскі, С.Ліхадзіеўскі, А.Зарыцкі, В.Сёмуха, А.Лойка. І.Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).
Тв.:
Бел.пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;
Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;
Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1975—80;
Фауст. Мн., 1971;
Избр. произв.Мн., 1977.
Літ.:
Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;
Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;
Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;
Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;
Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЕ́ВІЧ (Ніл Сымонавіч) (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд.філал.н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, І.Лучанок, М.Пятрэнка, Дз.Смольскі, Э.Ханок, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;
Лісце трыпутніку. Мн., 1968;
Запаветнае. Мн., 1975;
Любоў прасветлая. Мн., 1996.
Літ.:
Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;
Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;
Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;
Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;
Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;
Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;
Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРЭВА́Н,
сталіца Арменіі. Размешчаны на левабярэжнай ч. Арарацкай раўніны і часткова на вулканічным плато перадгор’я на р. Раздан, якая падзяляе горад на 2 ч. каньёнападобнай цяснінай. 1283 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт.
Метрапалітэн. Буйны прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды: эл.-лямпавы, кабельны, гадзіннікавы, станкабуд., аўтамаб., эл.-апаратны, кампрэсарны, прыладабуд. і інш.), хім. і нафтахім. (камбінат сінт. каўчуку, ВА «Полівінілацэтат», шынны, лакафарбавы, хім. рэактываў з-ды, фармацэўтычная ф-ка), харчасмакавая (вінна-каньячныя з-ды і інш.), лёгкая (тэкст.-трыкат., абутковая ф-кі і інш.), будматэрыялаў (з-ды «Арммармур», керамічных вырабаў і інш.).
Адзін з найб.стараж. гарадоў свету. Паводле выяўленага пры раскопках урарцкага надпісу, у 782 да н.э. на месцы Е. цар Аргішці I пабудаваў крэпасць Эрэбуні. З сярэдзіны 13 ст. важны пункт на шляху з Арарацкай даліны ў Паўн. Закаўказзі. З 1440 адм. і гандл.-рамесніцкі цэнтр Усх. Арменіі, у 16 — пач. 18 ст. горад неаднойчы быў захоплены і разбураны персамі і туркамі. У 1604 яго захапілі і зруйнавалі войскі іранскага шаха Абаса 1, арм. насельніцтва выгнана ў Іран. Пазней горад адбудаваны і ў 17 ст. стаў буйным цэнтрам караваннага гандлю і рамесніцтва. З 1735 цэнтр Эрыванскага ханства. У выніку рус.-перс. вайны 1826—28 далучаны да Расіі. З 1828 цэнтр Армянскай вобл., з 1840 пав. горад, з 1849 цэнтр Эрыванскай губ. У 1901 чыгунка злучыла Е. з Тыфлісам (сучасны Тбілісі), у 1908 — з Джульфай, што садзейнічала эканам. развіццю горада. У маі 1918 тут абвешчана незалежнасць Арменіі. У 1918—20 Е. — цэнтр Эрыванскага пав., падуладнага дашнакам. З 1922 сталіца Арменіі.
Ад крэпасці Эрэбуні ад урарцкага перыяду (8—6 ст. да н.э.) захаваліся руіны цытадэлі з палацам, перыстыльным дваром, храмамі, ад ахеменідскага (5—4 ст. да н.э.) — рэшткі храмаў і шматкалоннай залы з размалёўкай. Сярэдневяковыя помнікі Е.: Аванскі сабор (591—602), цэрквы Катагіке (13 ст.) і Заравар (1691—1705) і інш. У 20 ст. аблічча Е. змянілася ў выніку маштабнага горадабудаўніцтва. Своеасаблівы каларыт гораду надае мясц. камень розных адценняў (ружовы, крэмавы, белы туф), які шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве. Гал. ансамбль цэнтра Е. ўтвараюць пл. Рэспублікі і прамавугольная сетка вуліц. На плошчы знаходзяцца Дом урада Арменіі (1926—41, арх. А.І. і Г.А.Таманян), другі Дом урада (1955, арх. С.А.Сафаран, В.А.Арэўшацян, Р.С.Ісраэлян). Гіст. музей Арменіі (1957), гасцініца «Арменія» (1958), будынак Мін-ва сувязі і Савета прафсаюзаў (1956—58; арх. ўсіх М.У.Грыгаран і Э.А.Сарапян). Сярод грамадскіх пабудоў: Дзярж.т-р оперы і балета імя А.А.Спендыярава (1926—39, арх. А.І.Таманян, завершаны ў 1953), сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран (1959, арх. Грыгаран), драм.т-р імя Г.Сундукяна (1965, арх. Р.Б.Алавердзян і Р.А.Бадалян), Музей гісторыі Ерэвана (1968, арх. Ш.Р.Азацян, Б.А.Арзуманян, скульпт. А.А.Аруцюнян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.А.Акапян), гасцініца «Двін» (1979, арх. Ф.С.Акапян, А.С.Алексанян, Э.А.Сафаран). Помнікі: С.Шаўмяну (1931, скульпт. С.Дз.Мяркураў, арх. І.У.Жалтоўскі), Давіду Сасунскаму (1959, Е.С.Качар), ахвярам генацыду армян 1915 (1967, арх. А.А.Тарханян, С.Г.Калашан) і інш.
АН Арменіі. Сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран. 11 ВНУ (у т. л.ун-т, кансерваторыя, політэхн., мед., маст.-тэатр., пед. ін-ты). Тэатры (у т. л. оперы і балета). Музеі: Дзярж. карцінная галерэя, нар. мастацтва Арменіі, сучаснага мастацтва Арменіі, рус. мастацтва і інш.
Панарама Ерэвана.Да арт.Ерэван. Палац крэпасці Эрэбуні (рэканструкцыя). 5—4 ст. да н.э.Да арт.Ерэван. Тэатр оперы і балета імя А.А.Спендыярава. Арх. А.Таманян. 1926—53.