РАХІ́Т (новалац. rachitis ад грэч. rhachis хрыбет, пазваночнік),
хвароба дзяцей ранняга ўзросту (ад 2 месяцаў да 1 года) і маладняку жывёлы, абумоўленая дэфіцытам у арганізме вітаміну D. Развіваецца ў выніку зніжэння паступлення вітаміну з ежай (кормам) і (або) недастатковасцю яго ўтварэння ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Пры Р. парушаецца абмен кальцыю і фосфару, шэрагу мікраэлементаў, бялку, адзначаецца недахоп вітамінаў груп B і C. Захваральнасць больш высокая ў асенне-зімовы перыяд. У дзяцей затрымліваецца развіццё, парушаецца фарміраванне касцей, зніжаецца імунітэт і інш., у выніку парушаецца асанка, бывае малакроўе, карыес і інш. Лячэнне: ультрафіялетавае апрамяненне скуры. прэпараты вітаміну D. У жывёлы на Р. найчасцей хварэюць парасяты, шчаняты, ягняты. Гл. таксама Авітамінозы, Вітамінная недастатковасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
1) тэрмін, які шырока ўжываецца ў стараж. летапісах у сэнсе сяло, вёска.
2) Археал. тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рэшткаў стараж. неўмацаванага паселішча. Як правіла, С. не маюць знешніх прыкмет (равоў, валоў). Найчасцей узнікалі на роўных мясцінах каля рэк і азёр. Жытлы звычайна драўляныя, чатырохвугальныя; дамы размяшчаліся радамі; сустракаецца і кучная забудова без бачнага парадку. Некат. С. былі абгароджаны плятнямі. На Беларусі С. вядомы з эпохі бронзавага веку. У раннім жал. веку насельніцтва пераважна жыло на гарадзішчах (акрамя Пд). Новая хваля пашырэння С. пачалася з першых стагоддзяў н.э., асабліва ў 4—5 ст. Шмат С. захавалася ад раннефеад. часу (9—13 ст.). На тэр. Беларусі зафіксавана некалькі соцень С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭДЗІННААКІЯНІ́ЧНЫЯ ХРЫБТЫ́,
магутныя падводныя Горныя збудаванні ў межах дна акіянаў, якія найчасцей займаюць пасярэдняе становішча. Назіраюцца ў выглядзе планетарнай сістэмы на дне ўсіх акіянаў. Сумарная даўж. каля 75 тыс.км, шыр. да 2 тыс.км, адносная выш. 1—3 тыс.м. Сістэма С.х. уключае Гакеля хрыбет, Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, Цэнтральнаіндыйскі хрыбет (разам з Аравійска-Індыйскім), Усходне-Ціхаакіянскае падняцце. Асобныя вяршыні ўздымаюцца над узр. ак. ў выглядзе вулканічных астравоў (Буве, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.). С.х. характарызуюцца развіццём разрыўных парушэнняў зямной кары, у т. л.вял. папярочнымі разломамі і зрухамі, актыўным вулканізмам і высокай сейсмічнасцю. Уздоўж гал. восі размяшчаюцца рыфтавыя даліны з агаленнямі на дне ультраасн. парод, паводле складу блізкіх да рэчыва мантыі Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛЁНГА (ад ням. Fullung літар. — напаўненне) у архітэктуры, 1) квадратнае або прамавугольнае поле сцяны, пілястры, столі, скляпення і інш., абведзенае рамкай. Найчасцей яе рабілі з таго ж матэрыялу, што і сцяну; дэкарыравалі скульпт. ці жывапісным арнаментам, геральдычнымі выявамі, фактурнай ці колернай тынкоўкай.
2) Тонкая дошка або фанера, якая ўстаўляецца ў дзвярную раму і абрамляецца накладным прафіляваным бруском. Такія дзверы наз. філянговымі.
У Зах. Еўропе Ф. вядомы ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока.
На Беларусі ў 17—20 ст. шырока ўжывалася для аздаблення сцен фасадаў і інтэр’ераў культавых і палацавых будынкаў Пашырана таксама ў арх. дэкоры жылых і грамадскіх будынкаў 1950-х г.
Філёнга ў афармленні партала Успенскага сабора манастыра ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),
1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.Б.Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.
2) Інстр.муз. п’еса.
Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст.інстр. п’еса створана Дж.Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.Мантэвердзі, Люлі), у інстр.найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.І.Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.
У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, Л.Гуціна, У.Дамарацкага, А.Залётнева, Э.Зарыцкага, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш.
Літ.:
Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];
Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́КЕР (англ. broker),
пасрэднік пры заключэнні здзелак паміж зацікаўленымі бакамі — кліентамі. Ролю брокера выконваюць асобы, фірмы і арг-цыі, якія найчасцей дзейнічаюць па даручэнні і за кошт кліента (могуць дзейнічаць і ад свайго імя), атрымліваюць плату ў выглядзе камісійных (пэўнага працэнта ад сумы здзелак).
Брокеры бываюць: біржавыя (ажыццяўляюць пасрэдніцкія аперацыі з каштоўнымі памерамі і таварамі на біржах), страхавыя (знаходзяць кліентам патрэбную фірму паводле пэўнага віду страхавання), суднавыя (арганізуюць заключэнне дагавораў па фрахтаванні суднаў), валютныя (купля-продаж замежных валют). Могуць аказваць кліентам і дадатковыя паслугі (у вывучэнні рынку, у рэкламе, даваць крэдыты). Брокера на фондавых біржах Вялікабрытаніі наз. сток-брокер, на англасакскіх біржах — джобер. Пасрэднікі, якія з’яўляюцца членамі фондавых біржаў і займаюцца перапродажам каштоўных папер, наз. дылерамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЛЯ́К,
устойлівае павелічэнне памераў шчытападобнай залозы без прыкмет запалення і злаякаснага пераўтварэння. Адзін з асн. сімптомаў розных па этыялогіі і клінічных праявах хвароб. Прычына ўзнікнення валляка дыфузнага таксічнага (тырэатаксікоз) дакладна не выяўлена. Яе звязваюць з ператамленнем, нерв. перанапружаннем, перанесенымі вострымі інфекцыямі, псіхічнымі траўмамі і інш. фактарамі, у т. л. спадчыннымі. Найчасцей хварэюць жанчыны. Валляк спарадычны (нетаксічны) працякае звычайна без яўных парушэнняў функцыі шчытападобнай залозы. Пры значным павелічэнні залозы магчымы расстройствы дыхання (сціскаюцца трахеі), глытання (сціскаецца стрававод), расшырэнне вен твару, шыі (з прычыны сціскання крывяносных сасудаў). Валляк эндэмічны пашыраны ў геагр. зонах з малой колькасцю ёду ў асяроддзі (вада, глеба, прадукты харчавання; у Беларусі на Палессі) і яго дэфіцытам для сінтэзу і сакрэцыі тырэоідных гармонаў. Лячэнне медыкаментознае ці хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЕ́ННІЦА ЛО́МКАЯ (Anguis fragilis),
яшчарка сям. вераценніцавых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на Каўказе, у паўн. Іране, Зах. Сібіры. Жыве ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзлесках, палянах, высечках, абочынах дарог. На Беларусі трапляецца ўсюды, найчасцей на З і ПдЗ; нар. назвы слімень, слівень, мядзянка, мядзяніца.
Даўж. цела да 26,5 см (з хвастом да 60 см). Бязногая. Маладыя веранніцы ломкія афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер, бакі і бруха чорна-бурыя або чорныя. Дарослыя вераценніцы ломкія маюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з медным або бронзавым адценнем. Луска цвёрдая, гладкая. Характэрна аўтатамія хваста. Корміцца дажджавымі чарвямі, наземнымі малюскамі, лічынкамі насякомых, мнаганожкамі і інш. Яйцажывародная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́ФІЛА (Hygrophila),
род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).
Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАД,
атмасферныя ападкі ў выглядзе сферычных часцінак шчыльнага лёду (градзін) памерамі ад 5 да 55 мм, зрэдку і больш. Утвараецца ў цёплую пару года ў магутных кучава-дажджавых хмарах з інтэнсіўным верт. рухам паветра, часам суправаджаецца ліўневымі ападкамі і навальніцай. Бывае рэдка, прыкладна 1 раз на 15 навальніц. На Беларусі адзначаецца з крас. да кастр., найчасцей у маі і чэрвені. Праходзіць звычайна вузкімі палосамі шыр. да 300—500 м, даўж. 2—5 км (бываюць выпадкі, калі шыр. паласы дасягае 2—3 км, даўж. 15 км). Працягласць выпадання ад некалькіх мінут да паўгадзіны, часцей 6—7 мін, можа ўтварыць покрыва таўшчынёй 20—30 см. У сярэднім штогод у кожным пункце град бывае 1—2, у асобныя гады да 5—7 сут.