прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч.біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.
Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл.Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМА́ЗАЎ (Віктар Філімонавіч) (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел.дзярж.к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982—86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В.Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990.
Тв.:
Дома: Аповесці, апавяданні. Мн., 1984;
Дзяльба кабанчыка: Выбранае. Мн., 1988;
Глядзіце ў вочы лемуру. Мн., 1989;
Аброчны крыж. Мн., 1994. Выбр.тв.Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978. С. 216—219;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982. С. 33—46;
Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн.,1984. С. 45—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЬЛУ́НЬ, Куэнь-Лунь,
адна з найб. горных сістэм свету, у Кітаі. Цягнецца з 3 на У ад Паміра да Сіна-Тыбецкіх гор на 2700 км, шыр. ад 150 км на 3 да 600 км на У. Найб.выш. 7723 м (г. Улугмузтаг). Адносныя перавышэнні паўн. схілаў над Тарымскай (Кашгарскай) раўнінай і пустыняй Алашань 4500—5000 м, паўд. схілаў над Тыбецкім нагор’ем — 1000—1500 м. Асн. хрыбты: Кашгарскі, Рускі, Алтынтаг, Аркатаг (Пржавальскага; г. Чонг-Карлыктаг — Шапка Манамаха, 7720 м), Баян-Хара-Ула. Да К. часта адносяць і Наньшань. Характэрны шырокія слабарасчлянёныя водападзелы, стромкія паўн. і пакатыя паўд. схілы; шматлікія восыпы. К. належыць да палеазойскіх складкавых утварэнняў, амалоджаны альпійскім арагенезам. Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных і інш. парод. Ва Усх. К. праяўленні навейшага вулканізму (каля вытоку р. Керыя і хр. Аркатаг). Радовішчы россыпнага золата; рудапраяўленні жалеза, волава, вальфраму; вядомы: вугаль, нефрыт, горны хрусталь, алмазы. Ледавікі невялікія, агульнай пл. 11,6 тыс.км². Асн. вузлы зледзянення размешчаны на вышыні каля 7000 м. Клімат сухі, умераны, рэзка кантынентальны. У высокай зоне т-ры студз. да -35 °C, ліп. каля 10 °C. Ападкаў ад 50 мм на 3 да 500 мм за год на У. Рэкі кароткія, малаводныя, на Усх. К. воз. Кукунор. Горныя пустыні і стэпы, на паўн. схілах невял. ўчасткі лясоў і лугоў. Фауна: горны баран, горны казёл, кулан, воўк, ліс, зрэдку дзікі як, мядзведзь, снежны барс; шмат грызуноў: суркі, палёўкі, пішчухі. Качавая жывёлагадоўля. Да выш. 3600 м — аазіснае земляробства (ячмень, пшаніца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пн Мінскай і Пд Віцебскай абласцей, у складзе Мінскага ўзвышша. Абмежавана Нарачана-Вілейскай і Верхнебярэзінскай нізінамі на З і У, скразнымі далінамі рэк Вілія—Поня на Пн і Ілія—Гайна на Пд. Найб.выш. 296 м (у паўд.ч.). Частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. На фундаменце залягаюць адклады сярэдняга дэвону, перакрытыя антрапагенавай тоўшчай. Сярэдняя магутнасць антрапагенавых адкладаў 110—120 м. Прадстаўлены ледавіковымі, водналедавіковымі і міжледавіковымі (алювіяльнымі, азёрнымі, балотнымі, схілавымі) утварэннямі. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Сучасны градава-ўзгорысты і ўзгорыста-ўвалісты рэльеф узвышша сфарміраваўся ў выніку ледавіковай акумуляцыі ў час сожскага зледзянення і пазнейшай эразійна-дэнудацыйнай перапрацоўкі ў познім атрапагене і галацэне. Вылучаюцца 3 паласы град. Знешнія грады насыпныя, спадзістыя; унутраныя і цэнтр. з лускавата-насоўнымі і складкавымі гляцыядыслакацыямі. Трапляюцца озы і камы. На Пд, на прыўзнятых участках, рэльеф буйнаўзгорысты. Узвышша праразаюць стараж. лагчыны сцёку, якія часткова наследаваны сучаснымі рэкамі. На зах. схіле — рэкі Дзвінаса, Ілія (прытокі Віліі), на ўсх. — Гайна і Цна (бас. Бярэзіны). Даліны рэк неглыбокія, слабатэрасаваныя, месцамі забалочаныя. На р. Дзвінаса Плешчаніцкае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад лесам 50% тэрыторыі, на Пнвял. хваёвыя і ялова-хваёвыя масівы, цэнтр.ч. пад яловымі зеленамошна-кіслічнымі лясамі з дамешкам шыракалістых парод, паўд.ч. — з участкамі ялова-хваёвых бруснічна-мохавых і чарнічных лясоў. У поймах рэк трапляюцца чорнаальховыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЫ́НЯ,
занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл.Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч.тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт.Пустынныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКАЯ ГРАДА́.
На крайнім ПнУ Гродзенскай і крайнім ПнЗ Мінскай абласцей. Уваходзіць у склад Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўд.-зах. берага воз.Свір. Даўж. каля 70 км, шыр. 0,5—4,5 км, выш. 165—185 м, найб. 210 м (на паўд.-ўсх. і ўсх. краі грады). Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай.і марэннай раўніны прыўзнята на 10—35 м, часам 50—60 м.
У тэктанічных адносінах С.г. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты чахлом магутнасцю каля 370 м, які складзены з парод верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагенавай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Града створана паазерскім ледавіком.
Рэльеф узгорыста-западзінны. У аснове С.г. масіўны цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў, на якім размешчаны збліжаныя адзін да аднаго марэнныя і камавыя ўзгоркі (адносная выш. 1—12, часам да 14—16 м), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Паміж узгоркамі акруглыя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць р. Тушчанка і Струна. Абапал лагчын озы. Даліны р. Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах перасячэння грады — вузкія, часта з абрывістымі схіламі. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, у паніжэннях дзярнова-перагнойна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі хваёвых лясоў на паўн. і паўн.-ўсх. схілах. Па ўскраінах балот ельнікі, па берагах рэк чорнаалешнікі. Пад ворывам 30% тэрыторыі. На С.г. помнік прыроды рэсп. значэння — геал. агаленне «Камарышкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
му́дры, ‑ая, ‑ае.
1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек.Кірэенка.// У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу.Колас.
2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі.Ракітны.
3.Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала.Скрыган.[Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць.Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́зні, ‑яя, ‑яе.
1. Які набліжаецца да канца (пра норы дня, года, жыцця і пад.). Мікола вярнуўся дахаты познім адвячоркам.Якімовіч.І поле паміж двух лясоў вабіла .. [Колю] ў свежы вецер і жоўтыя колеры позняй восені.Чорны.// Які знаходзіцца на апошняй стадыі, ступені свайго развіцця. Позні рамантызм.
2. Які затрымаўся з наступленнем, запознены. Позні прыход. □ Філістовіча пасадзілі ў самы кут, стары сеў з аднаго боку позняга госця, сын — з другога.Паслядовіч.На позні абед вярнуўся бацька.Паўлаў.Ранняя птушка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі трэ.Прыказка.// Які доўга і паволі расце і спее (пра расліны); познаспелы. Увосень, пад поўдзень,.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік.Чорны.Васіль Іванавіч не здзівіўся, калі сустрэў на полі цэлае звяно дзяўчат, якія капалі познюю бульбу.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АХО́ВА ВО́ДАЎ,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.
На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш.Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.
Да арт.Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),
каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл.Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.
Літ.:
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;
Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;