ВІ́ЛЕНСКІ МУЗЕЙ СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ.

Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.​П.​Тышкевічы, У.​Сыракомля, А.​К.​Кіркор, Т.​У.​Нарбут, М.​І.​Балінскі, Ф.​К.​Багушэвіч, А.​А.​Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л. стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж. гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,

(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап. цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр. ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІІ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА СХО́ДУ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дапаможныя органы палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца палатамі са свайго складу на першых сесіях і дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў парламента. Яны вядуць законапраектную работу, папярэдні разгляд і падрыхтоўку пытанняў, што адносяцца да ведання палат. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае ні наменклатуры пастаянных камісій і іх арганізацыйнай структуры, ні іх колькасці: гэтыя пытанні вырашаюцца непасрэдна на сесіях палат. На снежаньскай 1996 сесіі Палатай прадстаўнікоў створаны 11 пастаянных камісій: па заканадаўстве; па нацыянальнай бяспецы; па эканам. пытаннях; па дзярж. будаўніцтве, мясц. самакіраванні; па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і харчаванні; па бюджэце і фінансах; па аграрных пытаннях; па адукацыі, культуры, навуцы і тэхнічным прагрэсе; па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фіз. культуры і спорце; па правах чалавека і нац. адносінах; па міжнар. справах і сувязях з СНД. Савет Рэспублікі на студзеньскай 1997 сесіі стварыў 5 пастаянных камісій: па заканадаўстве і дзярж. будаўніцтве; па эканоміцы, бюджэце і фінансах; па сац. пытаннях; па рэгіянальнай палітыцы; па міжнар. справах і нац. бяспецы. Склад камісій і іх кіраўнікі зацверджаны пастановамі палат. У выпадку неабходнасці палаты Нац. сходу могуць ствараць часовыя камісіі па любым пытанні (рэвізійную, следчую і інш.). Часовая камісія спыняе сваю дзейнасць пасля выканання пастаўленых перад ёю задач або датэрмінова па рашэнні адпаведнай палаты.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛІДА́РНАСЦЬ»

(Solidarność),

прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.​Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн. чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.​Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.​Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.

Літ.:

Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;

Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУВЕ́ЙЦКІ КРЫ́ЗІС 1990—91.

Выкліканы даўнімі ірака-кувейцкімі супярэчнасцямі. У 1961 Ірак перашкаджаў прыёму Кувейта ў Лігу араб. дзяржаў (ЛАД), сцвярджаючы, што той з’яўляецца часткай Ірака. У 1990 прэзідэнт Ірака С.​Хусейн абвінаваціў Кувейт у перавышэнні квот Арг-цыі экспарцёраў нафты, у штучным паніжэнні цэн на нафту на сусв. рынку і незаконнай здабычы нафты са свідравін, што належалі Іраку. 2 жн. іракская армія ўварвалася ў Кувейт і акупіравала яго; эмір і ўрад Кувейта пакінулі краіну. 8 жн. ўрад Ірака абвясціў пра анексію Кувейта, а 28 жн. ператварыў яго ў іракскую правінцыю. Савет Бяспекі ААН асудзіў дзеянні Ірака, 6 жн. ўвёў супраць яго эканам. санкцыі. Ірак асудзіла і большасць членаў ЛАД. 7 жн. па просьбе караля Фахда ў Саудаўскай Аравіі высадзіліся войскі ЗША. 29 ліст. рэзалюцыяй ААН яны (сумесна з кантынгентамі 27 інш. краін) атрымалі статус Шматнац. сіл (ШС) на чале з амер. ген. Н.​Шварцкопфам. ШС мелі 670 тыс. чал., 3,5 тыс. танкаў, 1,8 тыс. самалётаў супраць 500 тыс. чал., 4,5 тыс. танкаў, 550 самалётаў у Ірака. 17.1.1991 ШС пачалі масіраваныя бамбардзіроўкі тэр. Ірака, 24 лют. — наземную аперацыю «Бура ў пустыні». 26 лют. Ірак абвясціў аб вывадзе войск з тэр. Кувейта, 28 лют. аб перамір’і абвясцілі і ЗША. 6.4.1991 Ірак падпісаў перамір’е і абавязаўся выплачваць Кувейту рэпарацыі, ліквідаваць усю хім. і бактэрыял. зброю, усе прамысл. аб’екты па вытв-сці ядз. зброі. Адбыўся абмен палоннымі, паміж Іракам і Кувейтам створаны «пояс бяспекі». Для назірання за ўмовамі перамір’я створана Спец. Камісія ААН (ЮНСКОМ).

т. 8, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІЯ ВО́ЙСКІ 1812,

узброеныя сілы, якія былі сфарміраваны Камісіяй Часовага ўрада ВКЛ на тэр. яго 4 дэпартаментаў у час вайны 1812 і прымалі ў ёй удзел на баку Францыі. 6 жн. ваенны к-т Часовага ўрада прыняў пастанову пра набор на 6-гадовую службу ў пяхоту 10 тыс. рэкрутаў з мужчын 17—34 гадоў, а 13 жн. — пастанову пра набор 4 тыс. чал. у кавалерыю. Былі створаны 4 уланскія палкі, арганізаваны 3-і гвардз. легкаконны полк і татарскі эскадрон, 3 егерскія батальёны з паляўнічых і палясоўшчыкаў, 24.10.1812 Камісія Часовага ўрада аб’явіла аб стварэнні нар. гвардыі (старо́жы) у дэпартаменцкіх цэнтрах і ў нас. пунктах, якія мелі магдэбургскае права. Асобныя прадстаўнікі шляхты (І.​Манюшка, Л.​Пац, Д.​Радзівіл, М.​Абрамовіч, Любаўскі, Р.​Тызенгаўз) арганізавалі палкі за свой кошт. У пач. кастр. Л.в. мелі каля 20 тыс. чал. Ген.-інспектарам арміі быў дывізіённы генерал кн. Р.​Гедройц, інспектарам пяхоты — брыгадны ген. Несялоўскі, інспектарам кавалерыі — Ю.​Ваўржэцкі. З Л.в. першым прыняў бой 3-і гвардз. легкаконны полк пад Слонімам (1.11.1812), дзе быў разбіты. Войскі ВКЛ удзельнічалі ў Бярэзінскай аперацыі 1812. Пакінуўшы Вільню, яны адышлі да Варшавы і Кёнігсберга; далей адступалі разам з напалеонаўскай арміяй праз Польшчу і Германію да Францыі, страцілі забітымі і палоннымі пераважную большасць асабовага саставу. Пасля Парыжскага міру 1815 рэшткі Л.в. у складзе польскага корпуса былі ўключаны ў армію Царства Польскага (у Рас. імперыі). У 1818, калі скончыўся тэрмін службы, вайскоўцы Л.в. былі дэмабілізаваны.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НАК,

помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1633 А.​Слушкам. Напачатку пабудаваны драўляныя касцёл і кляштар, у 1642 пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі, у 1687 новы касцёл асвячоны. У 1741—65 пасля пажару касцёл рэканструяваны. Кляштар уключаў касцёл, жылы корпус, флігель і гасп. пабудовы. Касцёл і жылы корпус утваралі замкнёны ўнутр. двор. З ПнУ ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з ПдУ — 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам. У кампазіцыі дамінуе будынак касцёла — 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 3-граннай алтарнай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прамавугольныя ў плане сакрысціі. Гал. фасад з дзвюма 6-яруснымі вежамі (выш. 34 м), завершанымі складанымі барочнымі купаламі, дэкарыраванымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, праёмамі і нішамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Паміж вежамі размешчаны складаны па малюнку шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер у 1-й пал. 19 ст. ўпрыгожаны 7 стукавымі алтарамі. Жылы корпус 2-павярховы прамавугольны ў плане. Яго паўд.-ўсх. фасад вылучаны 2 рызалітамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У 1853 кляштар скасаваны. Пасля задушэння паўстання 1863—64 у будынку працавала дзярж. следчая камісія. З 1870 у будынках кляштара размяшчаўся правасл. манастыр св. Духа. Пасля Вял. Айч. вайны ў ім — правасл. кафедральны сабор.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак.
Да арт. Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак. Інтэр’ер сучаснага кафедральнага сабора. 1999.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,

цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.​І.​Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л. ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял. Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.

Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНК Зах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі БССР (ВСНГ БССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНК БССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр. дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял. Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл. табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.

Літ.:

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;

Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг. Мн., 1956;

Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.

В.​Ф.​Кушнер.

Народныя камісарыяты БССР
Назва наркамата Калі існаваў
Замежных спраў снеж. 1920 — да канца 1922, з сак. 1944
Ваен. спраў снеж. 1920 — да канца 1922
Па справах нацыянальнасцей снеж. 1920 — да канца 1922
Унутр. спраў снеж. 1920 — снеж. 1930, з ліп. 1934
Юстыцыі са снеж. 1920
Працы снеж 1920 — вер. 1933
Сац. забеспячэння са снеж. 1920
Асветы са снеж. 1920
Фінансаў са снеж. 1920
Земляробства са снеж. 1920
Пошт і тэлеграфаў снеж. 1920—1922
Аховы здароўя са снеж. 1920
Рабоча-сялянскай інспекцыі снеж. 1920 — сак. 1934
Харчавання снеж. 1920 — крас. 1924
Вышэйшы савет нар. гасп. (да 1924 СНГ) снеж. 1920 — крас. 1932
Надзвычайная камісія (ЧК) снеж. 1920 — сак. 1922
Дзярж. паліт. ўпраўленне (ДПУ) сак. 1922 — ліп. 1934
Дзяржаўная планавая камісія з крас. 1923
Унутр. гандлю ліп. 1924 — май 1926
Знешняга і ўнутранага гандлю май 1926 — люты 1931
Гандлю з крас. 1938
Забеспячэння люты 1931 — вер. 1934
Камунальнай гасп. з ліп. 1931
Лёгкай прамысловасці крас. 1932 — вер. 1934, са снеж. 1936
Лясной прамысловасці са снеж. 1936
Збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў са снеж. 1936
Харч. прамысловасці са снеж. 1936
Мясной і малочнай прамысловасці з ліп. 1939
Тэкст. прамысловасці з вер. 1939
Мясц. паліўнай прамысловасці са жн. 1939
Мясц. прамысловасці з вер. 1934
Прамысловасці буд. матэрыялаў з ліп. 1939
Дзярж. кантролю з ліст. 1940
Меліярацыі з сак. 1941
Аўтамаб. транспарту з ліп. 1939
Дзярж бяспекі сак.—жн. 1941, са снеж. 1943
Жыллёва-грамадзянскага буд-ва з кастр. 1944
Тэхн. культур са студз. 1946

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫ́НЬ,

лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦК ВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.—кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.—крас. 1943 у Вял. Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав. ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.​Н.​Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал. ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш. сав. лагерах.

Літ.:

Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;

Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;

Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;

Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,

ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк. правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл. Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)