ЛУКА́-РАЙКАВЕ́ЦКАЯ, культура тыпу Лукі-Райкавецкай,
археалагічная культура плямён, якія ў 8—10 ст.жылі на тэр. Украіны, Малдовы, Пд Беларусі, у Балгарыі, Румыніі. Назва ад селішча ва ўрочышчы Лука каля в. Райкі Бярдзічаўскага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна). Насельніцтва жыло на селішчах і гарадзішчах па берагах рэк. Пахавальны абрад — трупаспаленне на грунтавых і курганных могільніках. Кераміка ляпная (таўстасценныя пасудзіны з адагнутымі венчыкамі, аздобленыя па ўсёй паверхні кругавым хвалістым арнаментам) і ганчарная (таўстасценныя гаршкі з адагнутымі венчыкамі, з кругавым хвалістым і лінейным арнаментам па ўсёй паверхні). Культура тыпу Л.-Р. складалася на аснове пражскай культуры, яе пакінулі ўсх. славяне на этапе фарміравання дзяржаўнасці ў раннім сярэдневякоўі. У Беларусі да гэтай культуры належаць гарадзішчы і селішчы Хатомель і Струга Столінскага, Гарадзішча Пінскага, Дружба Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл., курганны могільнік Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн.Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.
А.А.Ярашэвіч.
Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРА́НЕ,
усходнеславянскія плямёны, якія ў канцы 1-га тыс.н.э.жылі ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Ворскла, Псёл, Северскі Данец. Межавалі на З з палянамі, дрыгавічамі, на Пн з радзімічамі і вяцічамі, на У і Пд з качавымі плямёнамі. У 8 — пач. 9 ст. плацілі даніну хазарам. У канцы 9 ст. заходнія С. разам з палянамі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі, усходнія С. да канца 10 ст. захоўвалі адносную аўтаномію. У 11—12 ст. С. склалі значную ч. насельніцтва Чарнігаўскай (Северскай) зямлі. У 907 удзельнічалі ў паходзе Алега на Візантыю. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 884, 885 і пад 1024. Найб. гарады С. — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Сноўск, Пуціўль, Курск і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — спіралепадобныя і прамянёвыя скроневыя кольцы, пласціністыя галаўныя венчыкі. У 1096 на землях С. ўзнікла Северскае княства.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
артрады́ры
(н.-лац. arthrodira, ад гр. arthron = сустаў + deire = шыя)
падклас вымерлых панцырных рыб класа пласціністаскурых, у якіх у шыйнай вобласці злучаліся галаўны і тулаўны сегменты панцыра; жылі ў сілуры — дэвоне.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ціск, ‑у, м.
1.Дзеяннепаводледзеясл. ціснуць 1 (у 1 знач.).
2.Спец. Сіла, якая дзейнічае на адзінку плошчы перпендыкулярна да паверхні цела.
3.перан. Настойлівае ўздзеянне на каго‑, што‑н.; прымус. [Настаўнік:] — Грамадзяне! Усім ясны і зразумелы ваш гнеў і абурэнне. Сотні гадоў жылі мы пад панскім ціскам.Колас.
•••
Атмасферны ціск — напор атмасферы на ўсе размешчаныя ў ёй прадметы і на зямную паверхню.
Нагнясці ціскгл. нагнясці.
Ціск крыві (крывяны ціск) — бакавы ціск на сценкі крывяносных сасудаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВУ́ЛЕЙ,
штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.І.Пракаповіч (1814).
Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.
На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,
умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст.Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў познім палеаліце і раннім мезаліце (12—8 тыс.г. назад) жылі ў Верхнім Падняпроўі. Назва ад стаянкі Грэнск. Мае 2 этапы: фінальна-палеалітычны (ранні) і раннемезалітычны (позні). Пасяленні грэнскай культуры прадстаўлены сезоннымі стаянкамі паляўнічых па берагах рэк, часцей на пясчаных дзюнах. Па меры раставання апошняга ледавіковага покрыва ў гарах Скандынавіі плямёны грэнскай культуры разам з плямёнамі свідэрскай культуры прасоўваліся на Пн. Асаблівасцю культуры з’яўляецца пашырэнне крамянёвых асіметрычных наканечнікаў стрэл (грэнскі тып), апрацаваных з аднаго краю. Самыя стараж. помнікі грэнскай культуры Бароўка, Каромка, Хвойна (Магілёўскі р-н), другога этапа развіцця — Грэнск, Дальняе Ляда (Быхаўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі р-н). На рубяжы ранняга і позняга мезаліту Грэнская культура змянілася сожскай культурай. Вылучыў грэнскую культуру ў 1960-я г. У.Дз.Будзько, даследавалі А.Г.Калечыц, В.Ф.Капыцін, У.П.Ксяндзоў.
В.Ф.Капыцін.
Крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскай культуры з паселішча Бароўка Быхаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЁПРА-ДЗВІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ўсходнебалцкіх плямён, якія ў 8 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э.жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях р. Вялікая. Асн. тып пасяленняў — умацаваныя пасёлкі-гарадзішчы плошчай ад 500 да 2500 м² (на Беларусі каля 200). Жылыя пабудовы наземныя, слупавой канструкцыі.
Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, пазней лядным земляробствам і рамёствамі. Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю і косці (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі і інш.), на познім этапе (1—5 ст.н.э.) — жал. прылады і зброя (сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы, шылы, наканечнікі коп’яў і стрэл і інш.) Кераміка — гладкасценны слабапрафіляваны посуд, пераважна слоікападобных формаў, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, пракрэсленымі касымі лініямі, ямкавымі ўцісканнямі. У навук. ўжытак тэрмін «Д.-дз.к.» ўвёў А.Р.Мітрафанаў.
Літ.:
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.
В.І.Шадыра.
Посуд днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя.Прылады працы, упрыгожанні і кераміка днепра-дзвінскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НЕ,
племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.