адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты Беларусі ў 16—19 ст. Называлася таксама шляхтай засцянковай, заградовай, загоннай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна ж набліжалася да прац. сялянства. Паходзіла са свабодных людзей (баяр, зямян і інш.), якія маглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглава-чыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі). Зямлёй валодала паводле родава-спадчыннага права, апрацоўвала яе самастойна, але ў дапамогу нярэдка наймала агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У 1796 у 8 паветах б.ВКЛ складала 61% усёй шляхты, у 1839 у зах. губернях Рас. імперыі — 56%. Указам Мікалая I ад 19.10.1831 ваколічная шляхта выключана з дваранскага саслоўя і пераведзена ў катэгорыю аселых аднадворцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБА́ЛАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 3.6.1938, г. Шаталава Смаленскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біягеахіміі. Акад.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989). Д-рс.-г.н.(1985). Скончыў БСГА (1961). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі гуміфікацыі і мінералізацыі арган. рэчываў у глебах і балотах рознага генезісу. Устанавіў агульныя заканамернасці мінералізацыі і трансфармацыі арган. рэчываў тарфяных глебаў, узаемасувязь паміж хім. саставам арган. рэчываў і экалагічнымі ўмовамі фарміравання тарфяных глебаў. Распрацаваў метады рацыянальнага выкарыстання і аховы арганагенных глебаў розных эколага-генетычных груп.
Тв.:
Баланс органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;
Справочник ресурсов битуминозного сырья Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКІ́РСКІ ДОМ,
прыватнае банкаўскае прадпрыемства асобнага банкіра ці групы банкіраў (партнёраў), аб’яднаных у т-ва з неабмежаванай адказнасцю. Узніклі ў 14 ст. ў Італіі як прадпрыемствы ліхвярскага капіталу. Пры капіталізме на аснове спалучэння гандл. і банкаўскіх аперацый сталі першай арганізацыйнай формай банкаўскага крэдыту. Пазней банкірскія дамы фактычна ператварыліся ў банкі, хоць і захавалі ранейшую назву. У працэсе канцэнтрацыі банкаў колькасць іх зменшылася: у свеце захавалася каля 200 банкірскіх дамоў, з іх самыя вядомыя ў ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі. Некаторыя банкірскія дамы сталі цэнтрамі фінансава-манапал.груп, звязаны з многімі акц. прадпрыемствамі, кампаніямі і банкамі праз сістэму ўдзелу і валодання кантрольным пакетам акцый. На Беларусі з’явіліся ў канцы 19 ст., але пашырэння не атрымалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГАРМО́НЫ (ад анты... + гармоны),
прыродныя ці штучна сінтэзаваныя рэчывы, здольныя замяшчаць і блакіраваць актыўнасць сапраўдных гармонаў у іх рэакцыях з рэцэптарамі жывых клетак. Структурна блізкія да адпаведных ім гармонаў і належаць да розных груп злучэнняў (пептыды, бялкі, стэроіды і інш.), але ў дачыненні да кожнага канкрэтнага гармону пераважае пэўны іх клас (напр., большасць антыгармонаў для антыандрагенаў з’яўляюцца стэроідамі, для бялковых гармонаў — бялкамі). Валодаюць высокай спецыфічнасцю: напр., антыэстрагены блакіруюць у матцы дзяленне толькі эстрагенаў і не змяняюць уплыў андрагенаў. Пры гэтым уласная гарманальная актыўнасць у антыгармонах адсутнічае або нязначная. Выкарыстоўваюцца ў эксперым. і клінічнай эндакрыналогіі для вывучэння функцый эндакрынных залоз у эмбрыягенезе, выключэння іх дзейнасці без хірург. выдалення адпаведнай залозы, блакіравання гарманальных эфектаў пры развіцці гарманальназалежных пухлін, паталагічных зменах палавых паводзін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Брэсце пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля і Брэсцкага падп. гаркома ЛКСМБ. Першая падп.арг-цыя (кіраўнікі груп Г.К.Баннікаў, Л.В.Папова, Б.М.Пікус, М.А.Шошчыц) дзейнічала з пач. вайны. Восенню 1941 большасць падпольшчыкаў арыштавана. У жн. 1941 рашэннем гар.парт.к-та створана 2-я падп.арг-цыя на чале з У.А.Несцярэнкам, члены якой арганізоўвалі збор зброі, боепрыпасаў і адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі на чыгунцы, здабывалі разведданыя, медыкаменты. У 1942 частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, астатнія (каля 30 чал.) прымалі ўдзел у рабоце патрыят. падполля або дзейнічалі самастойна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ», Суражскія «вароты»,
40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку групням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел.партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
І.П.Хаўратовіч.
Помнік у гонар Віцебскіх «варот» у в. Заполле Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,
каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс.чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз.груп працягваліся да 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗНАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае свядомыя адносіны сац.груп або асобы да патрабаванняў грамадства, яго нормаў і каштоўнасцяў. У адпаведнасці са сферамі праяўлення адрозніваюць паліт. маральную, юрыдычную і інш. адказнасць; у залежнасці ад яе носьбіта — індывідуальную (асабістую) і калектыўную. У індывіда адказнасць фарміруецца як вынік яго здольнасці вызначаць свой спосаб існавання і паводзін. Перадумовай асабістай адказнасці ў філасофіі лічыцца адзінства чалавечай жыццядзейнасці і неабходнасці апасродкавання ўздзеяння свядомасцю і выбарам самога індывіда. Таму чалавек здольны самавызначацца ў адносінах да свайго сучаснага і мінулага жыцця, быць «аўтарам» сваіх дзеянняў і ўчынкаў, г. зн. браць адказнасць за іх на сябе; ён усталёўвае ў рэальнасці пэўны парадак маральнасці, свабоды і належнага існавання, якія не залежаць ад наяўных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНАМЕ́НТЫКА,
спосабы ўпрыгожвання вакальнай і інструментальнай мелодыі; сукупнасць гукаў, якія аплятаюць асн. лінію мелодыі. Вытокамі звязана з мастацтвам імправізацыі, пашырана ў аўтэнтычным фальклоры. Адрозніваюць мелізмы і свабодную арнаментыку — апяванне гукаў асн. мелодыі рознымі фігурацыямі, фіярытурамі, пасажамі. Маст. функцыі і выразныя магчымасці арнаментыкі ў значнай ступені залежаць ад асаблівасцяў муз. Інструментаў, вышыні і рухомасці пеўчых галасоў і інш. Багаццем арнаментыкі вызначаюцца дзямественныя спевы ў старарус. пеўчым мастацтве, франц. клавесінная музыка 17—18 ст. («галантны стыль»), італьян. оперы 18 ст. Для сучаснай прафес. музыкі мала характэрная, за выключэннем твораў, заснаваных на стылізацыі. Вылучаюць суразмерную арнаментыку (перыяд. паўтор меладычных груп, пераважае ў інстр. музыцы) і несуразмерную ў характары rubato (акцэнтаванне асобных гукаў мелодыі, павышэнне экспрэсіі; пераважае ў вак. музыцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),
сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.