ІМІГРА́ЦЫЯ (ад лац. immigrare усяляцца) насельніцтва, уезд у краіну грамадзян інш. дзяржавы на пастаяннае або часовае пражыванне. Вызначаецца шэрагам прычын: эканамічнымі (увоз рабочай сілы або ўезд у краіны з больш спрыяльнымі ўмовамі працы ці больш высокім жыццёвым узроўнем і інш.), ваеннымі (захоп чужых зямель і іх ваен. каланізацыя), палітычнымі (уцёкі ад паліт., нац., расавых, рэліг. і інш. праследаванняў). І. іграла важную ролю ў засяленні некат. частак свету і фарміраванні насельніцтва многіх краін. Аказвае істотны ўплыў на дынаміку колькасці насельніцтва, прыводзіць да змяшэння розных этн. груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Супрацьлеглае І. — эміграцыя.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)