СЯМЁНАЎ-ЦЯН-ШАНСКІ (да 1906 Сямёнаў) Пётр Пятровіч

(14.1.1827, с.Урусава Чаплыгінскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 11.3.1914),

расійскі географ, падарожнік, статыстык, батанік, энтамолаг, дзярж. і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1873). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1848). З 1849 удзельнічаў у рабоце Рус. геагр. т-ва (з 1873 віцэ-старшыня). У 1856—57 даследаваў паўн. і цэнтр. раёны Цянь-Шаня, вывучаў іх геал. будову, рэльеф, вышынную пояснасць, ледавікі, сабраў калекцыі мінералаў і насякомых, гербарый, каштоўны этнагр. матэрыял. За навук. даследаванні атрымаў дадатковае прозвішча Цян-Шанскі. Па яго ініцыятыве Сярэднюю і Цэнтр. Азію даследавалі шматлікія рас. геагр. экспедыцыі М.М.Пржавальскага, Р.М.Патаніна, П.А.Крапоткіна і інш. З 1864 дырэктар Цэнтр. стат. камітэта, у 1874—97 старшыня стат. савета, адзін з арганізатараў усерас. перапісу насельніцтва ў 1897. Кіраваў выданнямі: «Геаграфічна-статыстычны слоўнік Расійскай імперыі» (т. 1—5, 1863—85); «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай айчыны» (т. 1—19, 1899—1914; т. 9 — Верхняе Падняпроўе і Беларусь, 1905); «Маляўнічая Расія» (т. 1—12, 1881—95; т. 3, ч. 1 — Літоўскае Палессе, ч. 2 — Беларускае Палессе, 1882). Чл. Дзярж. савета (з 1897), многіх рас. і замежных навук. т-ваў. Яго імем названы хрыбет у Наньшані, ледавік і пік на Цянь-Шані, гара ў Алтаі, горы на Алясцы і Шпіцбергене, каля 100 новых форм раслін і жывёл; у 1899 Рус. геагр. т-ва ўстанавіла залаты медаль яго імя.

П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі.

т. 15, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

адно з фундаментальных узаемадзеянняў, крыніцай якога (на мікраскапічным узроўні) з’яўляюцца эл. зараджаныя элементарныя часціцы і якое ажыццяўляецца з дапамогай створанага імі электрамагнітнага поля (фатонаў). Тэорыя Э.ў. вывучаецца ў электрадынаміцы, квантавай электрадынаміцы, класічнай тэорыі поля, квантавай тэорыі поля.

З-за таго, што маса фатона роўная нулю, Э.ў. з’яўляецца далёка-дзейным, г.зн. радыус яго дзеяння неабмежаваны. З дапамогай Э.ў. ажыццяўляецца ўзаемадзеянне дадатна зараджаных ядраў і адмоўна зараджаных электронаў у атамах і малекулах. Тым самым яно вызначае (на аснове законаў квантавай механікі) магчымасць устойлівага стану такіх сістэм. Да Э.ў. зводзіцца большасць назіраных фіз. сіл (сілы пругкасці, трэння, паверхневага нацяжэння і інш.), эл., магн., аптычных, хім., біял. і інш. з’яў. Тэорыя Э.ў. з’яўляецца найб. поўна распрацаванай тэорыяй фундаментальнага ўзаемадзеяння і стала асновай для пабудовы тэорый інш. тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка, Электраслабае ўзаемадзеянне). Яна дазваляе даць адэкватнае тэарэт. апісанне ўсіх магчымых эл.-магн. працэсаў і праводзіць разлікі назіраных (вымераных) на эксперыменце характарыстык гэтых працэсаў з зададзенай ступенню дакладнасці.

На Беларусі праблемы Э.ў. даследуюцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел. ін-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1962;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. М., 1969;

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1979.

А.​А.​Богуш.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

геагра́фія

(гр. geographia = землеапісанне)

1) навука аб прыродных умовах Зямлі, аб размеркаванні на ёй насельніцтва і эканамічных рэсурсаў (напр. фізічная г., эканамічная г.);

2) апісанне пашыранасці чаго-н. на зямной паверхні або ў якой-н. мясцовасці (напр. г. земляробства, г. лёгкай прамысловасці).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бібліягра́фія

(ад гр. biblion = кніга + grapho = пішу)

1) навуковае, сістэматызаванае апісанне кніг і іншых выданняў, зробленае па якой-н. прыкмеце;

2) спіс кніг, артыкулаў па якім-н. пытанні (напр. б. па гісторыі);

3) аддзел у перыядычных выданнях, прысвечаны кароткаму агляду кніг, што выйшлі з друку.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АДЗІ́НАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

універсальная фіз. тэорыя мікрабудовы матэрыі, якая прызначана даць апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў, вызначыць уласцівасці элементарных часціц і законы іх руху.

У аснове адзінай тэорыі поля ляжаць агульныя палажэнні: 1) універсальнасць палявой канцэпцыі — кожнаму тыпу элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў адпавядаюць свае квантаварэлятывісцкія палі; 2) калібровачны (суперкалібровачны) прынцып як універсальны дынамічны прынцып для ўсіх тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў — кожны з іх звязваецца з дынамічнай (калібровачнай) сіметрыяй і адказнымі за гэтае ўзаемадзеянне сілавымі зарадамі элементарных часціц, а таксама з адпаведнымі калібровачнымі палямі (базонамі) — іх пераносчыкамі; 3) гіпотэза аб існаванні адзінага універсальнага фундаментальнага ўзаемадзеяння (адзінага поля), канкрэтнымі праявамі якога пры адпаведных умовах з’яўляюцца гравітац., эл.-магн., слабае і моцнае ўзаемадзеянні. Пачатак адзінай тэорыі поля пакладзены стварэннем адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1967—68), першага аб’яднанага апісання двух тыпаў узаемадзеяння ў межах адной тэорыі. Пасля пабудовы квантавай хромадынамікі прапанаваны розныя схемы «Вялікага аб’яднання», адзінай калібровачнай палявой тэорыі эл.-магн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Уключэнне гравітацыйнага ўзаемадзеяння ў агульную схему дасягнута за кошт увядзення суперсіметрыі (што звязвае ферміёны і базоны) і адпаведных суперкалібровачных палёў (гл. Супергравітацыя).

На Беларусі даказана магчымасць пабудовы тэорыі ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з дапамогай універсальных нелінейных ураўненняў Фёдарава для аб’яднаных палёў (1968; Ф.​І.​Фёдараў).

Літ.:

Физика микромира. М., 1980;

Фёдоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл. АН СССР. 1968. Т. 179, № 4;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАМБЁЎСКІ (Gołębiowski) Лукаш Іосіфавіч (13.10.1773, в. Пагост Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.1.1849),

польскі гісторык, этнограф, архівіст. Скончыў манаскую школу ў Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т.Чацкага. Удзельнік паўстання ў 1794. У 1818—23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 чл. Т-ва сяброў навук, у 1824—31 яго сакратар (звольнены пасля задушэння паўстання 1830—31). З 1827 праф. л-ры пед. ін-та. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы «Гістарычна-статыстычнае апісанне горада Варшавы» (1826). У кн. «Люд польскі, яго звычаі, забабоны» (1830) змясціў свае назіранні над адзеннем беларусаў, апісанні вяселля, радаўніцы, інш. абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Чарноўскай і інш. Бел. матэрыялы і ў кн. «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнагр. л-ры апісаў абрад «Куста» на Палессі, апублікаваў забаўлянку «Сарока-варона», дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты бел. купальскай і русальнай песень. З працы Чарноўскай запазычыў апісанні святкавання купалля і русалак. Апісваў побыт, нар. абрады, звычаі, святы, фальклор палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх. Аўтар прац «Гісторыя Польшчы» (т. 1—3, 1846—48), «Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста» (1843; змешчана ў кн. Э.​Рачынскага «Кабінет польскіх медалёў»), «Гісторыя польскай ваеннай справы» і інш. (многія ў рукапісах).

Літ.:

Васілевіч У.А. [Лукаш Галамбёўскі] // Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 61—64.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 17 ст. ў г.п. Любча

(Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.) у маёнтку кн. Радзівілаў. Засн., магчыма, Пятром Бластусам Кмітам, які, паводле меркаванняў даследчыкаў, у 1612 перавёз сюды друкарскае абсталяванне з Вільні. Друкарня абслугоўвала пераважна патрэбы кальвіністаў, зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кміта выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. Сярод іх «Апафегматы» Б.​Буднага (1614),

«Эпітоме» (1614) і зб. прыказак (1618) С.​Рысінскага, «Навагрудскі дыспут» Я.​Зыгроўскага (1616), «Гісторыя іудзейскай вайны» І.​Флавія (1617), «Генеалогія або кароткае апісанне вялікіх літоўскіх князёў» М.​Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы С.​Доўгірда (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і інш. З 1632 друкарню ўзначальваў сын Кміты Ян Даніэль, што выдаў кнігу арыянскага аўтара І.​Шліхтынга «Аб св. Тройцы супраць Балтазара Мейснера» на лац. мове (1639), панегірыкі і літургічныя творы паводле заказу віленскіх лютэран (усяго 24 назвы). У 1646—55 (або 1656) кіраўніком друкарні быў Ян Ланге, які выдаў 14 кніг пратэстанцкага кірунку, сярод іх «Пастыла» і «Псалтыр» лютэранскага пастара А.​Шонфлісіуса. У 1650-я г. некалькі разоў выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.​Фурмана. 3 друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.​Гётке. Упершыню ў бел. кнігадрукаванні для ілюстравання выданняў шырока выкарыстоўвалася гравюра на медзі.

Літ.:

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 130—131;

Topolska M.B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renessansu i Baroku. Wrocław, 1984. S. 97—101.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЫ́НЦАЎ Юрый Андрэевіч (н. 17.3.1948, Масква),

расійскі літаратура- і кнігазнавец, гісторык культуры. Д-р філал. н. (1991). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1976, Польшча). У 1976—86 навук. супрацоўнік аддзела гісторыі кнігі Дзярж. б-кі СССР імя Леніна. З 1989 старшы, вядучы навук. супрацоўнік, з 1994 дырэктар Цэнтра беларусазнаўчых даследаванняў Ін-та славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН. Даследуе гісторыю, культуру і л-ру Беларусі 12—20 ст., Беларусь у Еўропе і свеце, гісторыю слав. старадрукаванай кнігі, узаемасувязь слав. літаратур. Апісаў і апублікаваў крыніцы па гісторыі і культуры беларусаў, што захоўваюцца ў розных краінах свету: «Кірылаўскія выданні Супрасльскай друкарні» (1978), «Славянская кірылаўская друкаваная кніжнасць XV — 1-й чвэрці XVII ст.» (1982), «Апісанне выданняў Нясвіжскай друкарні і друкарні Васіля Цяпінскага» (1985), «Кнігі Францыска Скарыны» ў Цэнтр. навук. б-цы АН УССР у Кіеве (1991), «Архіў беларускага Адраджэння: Дакумент. помнікі бел. царкоўнай і грамадз. гісторыі ў зборах Музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні» (1993) і інш.

Тв.:

Скарынаўскі каляндар. 2 выд. Мн., 1990;

В глубинном Полесье: (Турово-Пинская земля). М., 1989;

Ставшие ее частью. М., 1990;

Пачатае Скарынам: Бел. друкав. літ-ра эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;

«Зерцало жития...»: З літ. спадчыны Францыска Скарыны.

Мн., 1991; «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага. Мн., 1992; Старая казка Палесся: (Турава-Пінская зямля). Мн., 1993; W mieście zwanym Zabłudowem. Białystok, 1995 (разам з Л.​Л.​Шчавінскай); Воссиявший нам на Руси. Гомель; М., 1996.

т. 18, кн. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

іканагра́фія

(гр. eikonographia, ад eikon = выява, вобраз + гр. grapho = пішу)

1) сістэматычнае вывучэнне і апісанне мастацкіх палотнаў, прысвечаных якой-н. тэме або асобе;

2) строга ўстаноўленыя правілы мастацкага выяўлення пэўнага сюжэта або асобы;

3) сукупнасць мастацкіх палотнаў на адну тэму, сюжэт (напр. і. К. Каліноўскага).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,

найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.​М.​Сазонаў (вып. 1—16), М.​М.​Мяшчэрскі і М.​Л.​Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.​І.​Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал. ч. сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.

Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.​М.​Пржавальскага і інш.

С.​М.​Ходзін.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)