1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем ў Паўн.Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх. Азіі.
2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч.Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́МА (Felis ęoncolor),
млекакормячае сям. кашэчых атр. драпежных. Пашырана ў Амерыцы ад Паўд. Аляскі да Магеланава праліва. Жыве пераважна ў гарах, на ўскрайках лясоў, адкрытых ландшафтах і ў джунглях. 2 падвіды (П. ўсходняя — F.c. cougar і П. фларыдская — F.c. coryi) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Мясц. назвы П. — горны леў, серабрысты леў, кугуар.
Даўж. цела да 197 см, хваста да 82 см, маса да 110 кг. Вушы шырокія, закругленыя. Поўсць густая, кароткая. Афарбоўка аднаколерная, жаўтавата-бурая, знізу светлая. Драпежнік. Нараджае 2—3 (зрэдку да 5) кацянят раз у 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГА́ЦІК (Clavariadelphus),
род базідыяльных грыбоў сям. рагацікавых. 7 відаў і шэраг форм. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Паўн.Амерыцы, Японіі. На Беларусі 2 віды Р.: песцікавы (C. pistillaris), занесены ў Чырв. кнігу, і язычковы (C. ligula). Трапляюцца з ліп. па вер. на галінках у хвойных мяшаных лясах, на апалай ігліцы, лісці.
Р. язычковы мае пладовае цела выш. 6—8 см булавападобнай або языкападобна выцягнутай формы, пры выспяванні вохрыста-жоўтага, пры высыханні — шаравата-бураватага колеру. Мякаць мяккая, белая ці крэмавая. Споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Малавядомы ядомы грыб. Таксама Р. наз. грыбы родаў Roniaria, Clavaria і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд.Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн.Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.