ГАВО́РКА,

найдрабнейшая адзінка дыялектнай мовы, сродак зносін жыхароў аднаго рэгіёна. Кожная гаворка (на Беларусі, напр., слуцкая, навагрудская, чэрвеньская) уяўляе сабой пэўную сістэму ўзаемазвязаных асаблівасцей: фанетычных, граматычных, лексіка-фразеалагічных, што функцыянуюць як элементы складанага моўнага арганізма. Група або некалькі груп мясц. гаворак, аб’яднаных агульнасцю рыс у фанетыцы, граматычным і лексічным складзе, утвараюць дыялект.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—59. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Цэнтр — г. Дзісна. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. Пл. 800 км², 1 горад і 560 сельскіх нас. пунктаў (1947). З 20.9.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай абласцях. Скасаваны 3.10.1959, тэр. перададзена ў Міёрскі і Пліскі р-ны.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

філіял Нац. маст. музея Беларусі. Адкрыта ў 1976 у в. Гурыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. як музей на грамадскіх пачатках, з 1978 галерэя, філіял Нац. маст. музея. Размешчана ў будынку б. Школы. 7 выставачных залаў, плошча 210 м²; больш за 200 твораў бел. жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.​М.​Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БІНКАЎСКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1963 у г. Жабінка. З 1996 адкрытае акцыянернае таварыства. З 1992 праводзіцца рэканструкцыя. У 1997 пабудаваны будынак ТЭЦ. Буйнейшае прадпрыемства на Беларусі па вытв-сці цукру з цукр. буракоў і імпартнай сыравіны (цукар-сырэц з Бразіліі і Кубы). Асн. прадукцыя (1997): цукар-пясок, патака-мелес, бурачныя жамерыны.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРЫ́КІНА (Кіра Аляксееўна) (н. 29.9.1919, г. Мікалаеў, Украіна),

бел. шахматыстка. Засл. майстар спорту (1957), міжнар. гросмайстар (1977). Скончыла Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1943). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве (1957, 1963). Віцэ-чэмпіёнка свету ў асабістым першынстве (1959). Чэмпіёнка СССР у асабістым першынстве (1951, 1953, 1956—58). У 1968—70 старшыня федэрацыі шахмат Беларусі.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́СІК (Анатоль Ільіч) (н. 15.11.1924, в. Горка Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1944. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Камандзір стралк. аддзялення сяржант З. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1975 працаваў у органах МУС БССР.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСУРГЕ́НТ (ад лац. insurgens паўстае),

1) удзельнік узбр. паўстання (інсурэкцыі) супраць урада; у гэтым значэнні слова «І.» шырока выкарыстоўвалася ў рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. І. называліся ўдзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

2) У Венгрыі да 1848 удзельнік інсурэкцыі — дваранскага апалчэння, якое склікалася для абароны краіны.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРУ́ЗІЯ (позналац. intrusio ад лац. intrudo упіхваю),

працэс укаранення расплаўленай магмы ў тоўшчу зямной кары. І. звычайна суправаджаюць арагенныя (гораўтваральныя) працэсы Магма, якая застывае на розных глыбінях, дае пачатак многім інтрузіўным горным пародам і геал. целам (штокі, баталіты, лакаліты, жылы і інш.). На Беларусі І. пашыраны сярод архейскіх і ніжнепратэразойскіх утварэнняў крышт. фундамента.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫМА́ГА,

у Старажытнай Русі закрыты баярскі або царскі экіпаж без сядзення для фурмана, з высокім кузавам, з суконнымі або шаўковымі фіранкамі па баках. Пазней К. сталі называць усе старадаўнія грувасткія экіпажы і цяжкія нязграбныя павозкі. На Беларусі К. іранічна называлі калёсы, платформы для перавозкі цяжкіх грузаў, на якіх ездзілі ў гарадах балаголы.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)