адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar), дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс.км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс.км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г.Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.
Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °C (у ліп.) да 27—33 °C (у студз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш.Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб.г. Антананарыву — 1053 тыс.чал. (1997). Больш за 100 тыс.ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.
Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр.ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.Дыяш (1500) і Ф.Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыя-нампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн.Дэмакр. рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.Цырананам.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх.рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.
Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.
На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.
Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс.т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-дынафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш.Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн.дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мадагаскара.Да арт.Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.Да арт.Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),
Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл. цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
але́1, злучн.
I.супраціўны.
1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; па свайму значэнню адпавядае словам «а», «аднак», «наадварот». І вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы.Шамякін.З партызанамі поруч ступала невысокая жанчына, яшчэ маладая, але з плецівам першых маршчын каля вачэй.Мележ.Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур’ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу.Колас.// Прылучае процілеглыя члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем; адпавядае слову «аднак». Малады чалавек гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам.Колас.[Максім:] — Чалавечына добры, розуму — бездань, але трошкі і старазаветны.Брыль.Слухачы засмяяліся, але іх смех быў прыязны.Мележ.// Падкрэслівае проціпастаўленне галоўнага сказа даданаму ўступальнаму або аднаго з членаў сказа другому з уступальнымі злучнікамі «хоць», «хаця» і інш. Стары млын хоць ужо і не працаваў доўгі час, але грэбля была яшчэ моцная і ўтварала прасторны стаў.Чарнышэвіч.Хоць і холадна яшчэ, марозна, але паварочвае ўжо на вясну.Арабей.[Сымон:] — Хоць малады [Грышка], але, відаць, бывалы.Танк.// Ужываецца ў спалучэнні са злучнікам «затое» пры замяшчальным проціпастаўленні. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгад!Шамякін.[Свідэрскі:] Свідэрскі не ваяка, гэта так, Але затое першы між гуляк.Глебка.
2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем; па свайму значэнню адпавядае злучнікам «а», «аднак». [Яўмень:] Ты ведаеш, але казаць не хочаш!Чарот.Зморанасць усяго цела магла скончыцца толькі пасля сну, але спаць не даваў холад.Чорны.У гэтым баі маёр Караневіч быў ранены, але не пакінуў каманднага пункта.Крапіва.Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.Колас.
3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе. Столь гатова была ўпасці, але яе трымалі тры свежа абструганыя жардзіны.Чорны.Быў.. [дзед Талаш] там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя.Колас.
II.далучальны.
1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную думку, паўтараючы пры гэтым адно з слоў папярэдняга сказа ці словазлучэння. Ты ад мяне цяпер далёка, Але і з той далечыні Гараць вясёлкай яснавокай Твае прывабныя агні.Колас.Кожны выбірае сам сабе шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста.Паслядовіч.[Несцяровіч:] — Людзей нам патрэбна многа, але такіх, якія працуюць.Чорны.
2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю (часта ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На лесніковым двары забрахаў сабака, але зараз жа сціх, відаць, пазнаўшы гаспадара.Паслядовіч.Люба зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх.Чорны.З аднаго паста абазваўся кулямёт, але пасля першага стрэлу з «трыццацьчацвёркі» ён змоўк.Мележ.
3. Ужываецца ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі або новай тэмы выказвання; адпавядае злучніку «ды». Нават Ячны і той маўчаў... Але што я кажу, — ён, бадай, лепш за ўсіх разумеў, што за свята было для Івана ў той дзень.Брыль.[Пан:] — Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў! — Добра, — кажа дзяўчынка. — Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.Якімовіч.
4. Выкарыстоўваецца ў мове адной асобы пры адказе самому сабе ці нязгодзе з самім сабою або на пачатку рэплікі пры адказе субяседніку. [Лютынскі:] Тут канечне доктар патрэбен. Але дзе нам узяць яго?Крапіва.На возеры мяце пазёмка, рухомы снег схаваў ворагаў, якія заляглі, накрыліся халатамі і, безумоўна, некуды паўзуць. Але куды? Адступаюць назад ці падпаўзаюць да берага, да нас?Шамякін.[Ніна:] «Мусіць, доля, лёс мой такі ўжо, што суджана прапасці ні за што... Але ж не! Знайду і на.. [Лявона] ўправу...»Галавач.
III.узнач.нескл.наз., н.
Акалічнасці, якія перашкаджаюць ажыццяўленню чаго‑н. Ніякіх «але».
але́2, часціца.
1.сцвярджальная. Ужываецца пры сцвярджальным адказе або згодзе з чым‑н. [Наведвальнік:] — Магу вас запэўніць, тыя [стравы] надзвычай каларыйныя. [Жанчына:] — Ну, але, але. А от ці смачныя, а?Васілёнак.
2.узмацняльная(успалучэннізчасціцай «ж» інаступным «і»). Выказвае здзіўленне, захапленне, абурэнне, іронію. Але ж і навальніца! Але ж і нягоднік! Але ж і ты добры, нечага сказаць. □ [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват!Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабі́ць, раблю, робіш, робіць; незак.
1.што і без дап. Займацца чым‑н., праяўляць якую‑н. дзейнасць. Не давала.. [Сегеню] спакою гаспадарская руплівасць, што і не ляжыць ён і нічога не робіць.Чорны.Думай з вечара, а рабі з рання.Прыказка.// У спалучэнні з некаторымі катэгорыямі назоўнікаў ужываецца ў значэнні: выконваць, чыніць: а) з назоўнікамі, якія абазначаюць від заняткаў, работы. Рабіць доследы. Рабіць урокі. Рабіць гарадку. □ Заўсёды небяспечную работу дочак маці рабіла спакойна і дакладна, як сваю, неабходную для жыцця і шчасця.Брыль.Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства.Маўр; б) з аддзеяслоўнымі назоўнікамі і з назоўнікамі са значэннем дзеяння. Рабіць выбар. Рабіць вымову. Рабіць спробу. Рабіць памылку. □ Воўк блізка шкоды не робіць.Прымаўка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць асобныя рухі (жывой істоты, прадмета). І так пацешна пазіраць, Калі крок першы робяць дзеткі!Колас.Пры гутарцы рукі ў .. [Крушынскага] або віселі, або рабілі рухі зусім недапасаваныя да слоў.Бядуля.// У спалучэнні са словамі, якія ўказваюць меру, колькасць, абазначае: утвараць работу, рух у гэтым аб’ёме, у гэтай колькасці. Рабіць сто абаротаў у секунду. Рабіць па дваццаць кіламетраў у дзень. Рабіць па два рэйсы за змену. □ Самалёт рабіў другі заход над вузкім фіёрдам.Шамякін.
2.што. Вырабляць, майстраваць. Рабіць абутак. Рабіць квас. □ [Дзядзька] прыладзіў каля зямлянкі нешта накшталт верстака, нарыхтаваў алешыны і пачаў рабіць ночвы.Брыль.// Абрабляць, апрацоўваць. [Сурвіла:] — Дык, пакуль што, бярыце, суседзі, я ж кажу, гэты клінок каля свае хаты і рабіце .. Рабіце, пакуль што, гэты кавалак.Чорны.//Абл. Працуючы, здабываць, набываць. Затое Толя ўсцешана сказаў пасля, што гэта быў першы і апошні ў іхняй хаце парабак, што цяпер яны будуць рабіць свой хлеб самі.Брыль.
3.Разм. Працаваць дзе‑н., кім‑н. Рабіць на заводзе. □ [Следчы:] — Чым вы займаліся да вайны, Дымар? — Рабіў закройшчыкам у атэлье.Шамякін.Малеча і старыя, каго не бралі рабіць на сенажаць ці ў поле, з дня ў дзень снавалі па лесе.Мележ.//(звычайназакалічнасцюспосабудзеяння). Працаваць. Рабіць за двух. □ [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе.Крапіва.Хто хутка есць, той хутка робіць.Прымаўка.Цяп ды ляп, ды на «а можа» рабіць не гожа.Прымаўка.//накаго-што. Працаваць, забяспечваючы або абслугоўваючы каго‑н. Рабіць на сям’ю.
4.што і без дап. Дзейнічаць якім‑н. чынам. Рабіць наперакор. Рабіць усё па закону. □ Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі, як ён рабіў цяпер, ужо не пасучы, заўсёды.Брыль.[Пніцкі:] Гаспадар, калі ён .. добры, гэтак заўсёды і робіць: з вясны ён на малако налягае, а на лета ашчаджае .. сала.Чорны.// Аказваць; прычыняць. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў.Якімовіч.
5.каго-штозкаго-чаго, каго-штокім-чым або якім. Ператвараць у каго‑, што‑н. [Буйскі] выдатна валодае нямецкай мовай і .. іменна гэтая акалічнасць .. робіць з яго разведчыка вышэйшага класа.Шамякін.Дзядзька Павал выходзіў за адрынку ў садок, глядзець, што позняя вясна робіць з дрэвам.Чорны.Нішто, можа, не робіць чалавека такім сталым, як гора.Сабаленка.// Надаваць каму‑, чаму‑н. які‑н. выгляд. Валасы тырчалі на ім вожыкам, а русая, з рыжаватым адценнем барада рабіла .. [дзядзьку] смешным.Дамашэвіч.Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога.Колас.
6.што. Утвараць сабой. Рака рабіла круты паварот, набліжаючыся да хмызняку.Шахавец.
•••
З блыхі рабіць вала — тое, што і рабіць з мухі слана.
Не рабіць сакрэтузчаго — не ўтойваць чаго‑н., калі гэта не выклікаецца патрэбамі.
Няма чаго рабіць (узнач.пабочн.) — іншага выйсця няма, інакш паступіць нельга.
Рабіць акцэнтначым‑н. — вылучаць, падкрэсліваць што‑н., звяртаць асаблівую ўвагу на што‑н. — Рабіць бізнес — нажывацца на чым‑н.
Рабіць выгляд — прыкідвацца, прытварацца.
Рабіць вялікія вочы — выражаць здзіўленне, недаўменне.
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні — за знешняй бесклапотнасцю, весялосцю старацца схаваць сваё нездавальненне, свае непрыемнасці.
Рабіць гонаркаму — а) аказваць пашану. Гэтыя людзі думаюць, што «робяць гонар» ужо тым, што размаўляюць з простай жанчынай.Маўр; б) з’яўляцца заслугай, быць асновай для павагі. — Такія наскокі, малады чалавек, не робяць вам гонару.Пянкрат.
Рабіць з мухі слана — прыдаваць чаму‑н. нязначнаму вялікае значэнне; перабольшваць.
Рабіць круг (крук) — ісці, рухацца акольным шляхам.
Рабіць (строіць) міну — надаваць твару які‑н. выраз.
Рабіць трагедыюзчаго — адчайвацца без дастатковых на гэта падстаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шуга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Гарэць яркім полымем з успышкамі агню. На горад безупынна сыпаліся бомбы, кругом шугалі пажары.Няхай.[Юновіч] расказаў пра дровы, што шугаюць у печы, пра акно, ружовае ад ранішняга сонца.М. Стральцоў.Ярка шугалі падпаленыя імі [немцамі] саламяныя стрэхі, рассыпаючы вакол траскучыя іскры.Якімовіч.Маўчыць незнаёмы... Лучына шугае; Дзеці ў куточку сядзяць; Слёзы кабета рукой абцірае.Чарот.// Палаць, гарэць інтэнсіўна (пра полымя, агонь). Весела шугаў агонь, патрэскваў яловы сухастой.Паўлаў.Там, за лесам, полымя шугае, Цягнуцца пад неба языкі.Тармола.// Вырывацца, вылятаць адкуль‑н. (пра полымя і пад.). Высока ў неба ляцелі іскры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны.Новікаў.Шугаюць хвалі полымя з вокнаў і ўваходаў вестыбюля вакзальнай камяніцы.Шынклер.// Вылучаць гарачыню, абліваць гарачынёй. Ліпнёвае сонца шугае, Завялі на ліпах лісты.Грахоўскі.//перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва. На дварэ шугала вясна — чуваць было, як дружна ціліўкалі птушкі, кудахталі куры.Гроднеў.[Яругін] добра зведаў, як кепска быць эвакуіраваным, бо ўся сям’я тады галадала, хоць жыла не на правым беразе Волгі, дзе шугала вайна, а на левым, дзе вайны не было.Карамазаў.Навокал шугаў май, шугаў пышна, усімі фарбамі, усімі пахамі вясны.Новікаў.На дварэ шугала навальніца.Сачанка.
3. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угору (пра полымя, дым, іскры і пад.). З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх.Гурскі.Час ад часу з трубы цягніка шугалі залацістым роем іскры.Машара.З труб .. [парахода] шугаў чорны дым.Ус.
4. Прыліваць да твару (пра кроў). Кроў шугае ў твар, даўкі камяк перасядае ў горле — і адразу цяжка, невыносна цяжка дыхаць.Савіцкі.
5. Моцна, парывіста дзьмуць; урывацца куды‑н. (пра вецер, туман, пару і пад.). Калючы парыўны вецер агнём шугаў у твар Люсі.Шашкоў.У твар байцам шугала гарачае паветра, над галавой свісталі асколкі.Шамякін.Цяпло шугае ў твар, весяліць цела і сэрца. Любата!Васілевіч./убезас.ужыв.На Валю шугае туманам.Брыль.// Біць, моцна сячы (пра снег, дождж і пад.). Некалькі разоў па дарозе находзілі хмаркі і шугаў дождж.Кулакоўскі.Слухала [князёўна], як шуміць за акном вецер, як шугае па аканіцах снег, як час ад часу спяваюць пеўні.Лупсякоў.
6. Калыхацца, хвалявацца, біць, шумець і пад. (пра мора, хвалі). І хмары, здавалася, нават, радзелі, і хвалі нібыта шугалі не так.А. Вольскі.Пырскі б’юць нам у твары, ляцяць з Байкала, мора слаўнае наша шугае да скал.Русецкі.
7.каго-што. Падкідаць каго‑н. на руках; гушкаць. — На ўра! На ўра! Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць.Колас.// Гайдаць, калыхаць што‑н. або чым‑н. А .. [рака] холадна шугала нястрымныя хвалі свае.Шынклер.Пыхала нядужая бліскаўка, і шугаў рабінаю вецер.Гарэцкі.
8. Хутка, рэзка падымацца ўгору; узлятаць. І ледзь паспявалі птушкі шугаць угару з-пад ног, калі сваёй лапатушкай дзед падцінаў мурог.Макарэвіч.// Хутка, імкліва лётаць, праносяцца ў паветры і пад. Шугаюць веерам ля хат чароды розных птушак.Ставер.//перан. Узнімацца ўверх, высіцца. Паабапал чыгункі тырчаў рэдкі жухлы хмызняк, толькі сям-там у неба шугалі велічныя ў сваёй адзіноце гонкія сосны.Васілёнак.У неба шугае касцёл.Сіпакоў.
9.Разм. Ісці, выбірацца адкуль‑н. Бацька пагладзіў Уладзіка. — Ідзі, сынку, дамоў. Толькі, як з лесу выйдзеш, шугай асцярожна. Ідзі жытам.Бядуля.— Добра, скажы, праз мінут дзесяць буду. [Абходчык:] — І шугай адсюль. Пабочным па палатне хадзіць забаронена.Курто.// Насіцца, вельмі хутка перамяшчацца. Між галля яна [вавёрка] шугае, Як маланка, лётае.Агняцвет.Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі.Брыль.
10. Узмахваць (звычайна крыламі). /увобразнымужыв.Бач, як над светам вясна Ўжо крыламі шугае!Чарнышэвіч.
11. Развявацца, лунаць, рэяць, трапятаць. Сёння сцяг наш над Мінскам шугае, Горад любы ізноў ажыве.Астрэйка.Ды сцяг, Што хацелі фашысты Тут ботам тупым растаптаць, У небе шугаў, прамяністы, Паспеўшы ўжо полымем стаць.Гаўрусёў.//перан.; каго. Разм. Трэсці, калаціць. Гаварыў Сымонка з імі [авечкамі], Дый самога страх шугаў.Колас.
12. Добра расці, хутка развівацца; буяць. Каноплі там шугалі, лён, Пшаніца, бульба, грэчка, віка, Ды бушавалі буракі.Валасевіч.Сухое сучча абрэжа нечы клапатлівы нож, а то і проста птушкі паабломліваюць, і дрэўца зноў пачне шугаць.Лобан./уперан.ужыв.Яшчэ ніколі маладыя паэтычныя парасткі не прабіваліся так напорыста і паўсямесна і не шугалі так хораша і дружна, як у самы апошні час, як сёння.Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)