Кантынге́нт ’устапоўленая норма для пэўных мэт’ (ТСБМ), канты́гент ’дзяржаўная пастаўка збожжа, падатак’ (Сцяшк.). З польск. kontyngent ’устаноўленая норма падаткаў’ < лац. contingēns, contingentis ’які выпадае на долю’ — праз ням. Kontingent (Слаўскі, 2, 442), літаратурная форма — з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́брыка ’загаловак раздзела ў газеце, часопісе і пад.’, ’раздзел; графа’ (ТСБМ). Праз польск. rubryka або рус. ру́брика запазычана з лац. rubrīca < ruber ’чырвоны’. Назва тлумачыцца тым, што надпісы і загалоўкі зводаў законаў пісаліся чырвоным чарнілам (Сной₂, 632).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Савіна ’куст ядловец казаны Juniperus sabina L.’ (Кіс.). Запазычанне з польск. savina ’тс’, якое з лац. sabina ’тс’ праз зах.-ням. Sevenbaum, літаральна ’сабінскае дрэва, расліна’ па назве племені сабінаў, якія некалі насялялі Італію (гл. Скіт, 536).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ля ’зал, зала’ (Байк. і Некр.; шчуч., Сл. ПЗБ). З польск. sala ’тс’, гл. Кюнэ, Poln., 95; Сл. ПЗБ, там жа. Ст.-бел. саля (XVI ст.) праз ст.-польск. з італ. sala ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сара́й, сарэ́й ’хлеў’ (Сл. ПЗБ). З рус. сара́й ’гаспадарчае памяшканне’ (Козыраў, Лекс. тюрк., Сл. ПЗБ), якое з пярс. sarāi, sarā ’палац’ праз пасрэдніцтва цюрк. моў; параўн. тур., кыпч. sarai ’дом; палац; караван-сарай’ (гл. Фасмер, 3, 560).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трывія́льны ‘звычайны, неарыгінальны’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. тривиа́льный ці польск. trywialny ‘тс’ з заходнееўрапейскіх моў, паходзіць з лац. triviālis ‘тое, што валяецца на вялікай дарозе’ (Фасмер, 4, 102), што, у сваю чаргу, ад triwium ‘скрыжаванне трох дарог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тубяро́за ‘дэкаратыўная расліна Polyanthes tuberosa L.’ (ТСБМ), тубэро́за ‘тс’ (Некр. і Байк.): tuberozy pyšny ćviet (Т. Падзява). Запазычана праз польск. tuberoza ‘тс’ з ням. Tuberóse як частка лацінскай навуковай назвы са значэннем ‘пакрытая бугаркамі’ (ЕСУМ, 5, 666).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́ка ‘футляр для захоўвання пісьмовых прылад; партфель’ (Нас., Шымк. Собр.). Запазычана праз польск. teka ‘партфель, папка для папер’, памянш. teczka ‘тс’ (гл. тэчка), з лац. theka ‘футляр, чахол’ < грэч. θήχη ‘сховішча, скрынка’ (Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 535).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

uszczelniać

незак.

1. заканапачваць; абтыкаць

2. рабіць воданепранікальным;

3. перан. рабіць больш жорсткім; ускладняць;

uszczelniać przepisy celne — рабіць больш жорсткімі мытныя правілы;

uszczelniać granicę — рабіць мяжу (граніцу) менш пранікальнай; ускладняць пранікненне праз мяжу

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

БОГ, багі,

у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.​Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).

Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл. Атэізм).

На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.​Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.​Доўгірд), пратэстантызму (С.​Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі, А.​Станкевіч), уніяцтва (І.​Пацей, І.​В.​Руцкі, Р.​Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».

Літ.:

Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;

Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)