зара́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Ранішняя або вячэрняя зорка. Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Караткевіч. Хутчэй, заранка ранняя, Спускайся на зямлю. А. Александровіч. // Увогуле зорка (у 1 знач.). Далёка наперадзе над дарогай успыхвалі густыя, чырвоныя заранкі. Пташнікаў. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў.
зара́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і малінаўка 1. Івалгі аспрэчвалі першынство па мастацкаму свісту ў чырванагрудых заранак, жаваранкі не ўступалі па спевах чарнапёрым драздам. Вірня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Звонкі, прарэзлівы, гучны. Прачнуўся Арцыховіч ад зычнага голасу днявальнага, які падаваў каманду на пад’ём. Алешка. Школа гаманіла, дрыжала ад зычных дзіцячых галасоў ужо месяцы тры. Ракітны.
2. Які ўтвараецца пры праходжанні моцнага струменю паветра праз перашкоду ў якім‑н. месцы моўнага апарату (пра гукі мовы). Зычны гук. / у знач. наз. зы́чны, ‑ага, м.; зы́чная, ‑ай, ж. Звонкія зычныя. Глухія зычныя. Цвёрдыя зычныя. Зацвярдзелыя зычныя.
•••
Альвеалярныя зычныя — зычныя гукі, пры вымаўленні якіх кончык языка дакранаецца да верхніх дзяснаў, напрыклад, беларускія «ж», «ш».
Санорныя зычныя — зычныя («р», «л», «м», «н»), пры вымаўленні якіх голас пераважае над шумам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́сы, ‑оў; адз. вус, ‑а, м.
1. Валасяное покрыва над верхняй губою (у мужчын). Дзед Мірон закурвае люльку і з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму. Даніленка.
2. Шчаціністыя валасы па баках верхняй губы ў некаторых жывёл.
3. Тое, што і вусікі (у 2 знач.).
4. Тое, што і вусікі (у 3 знач.).
•••
Кітовы вус — гнуткія, пругкія рагавыя пласціны на верхняй сківіцы кіта, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў: карсетаў, шчотак і пад.
І ў вус (сабе) не дзьме гл. дзьмуць.
Матаць (сабе) на вус гл. матаць 1.
Пасмейвацца ў вусы гл. пасмейвацца.
Самі з вусамі гл. сам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
алавя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з волава. На камодзе.. стаялі.. алавяныя з замыславатымі ўзорамі талеркі. Бядуля. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас.
2. Які складаецца з волава, мае ў сабе волава. Алавяныя зліткі. Алавяныя руды. Алавяная соль. // Звязаны са здабычай, апрацоўкай волава. Алавяны руднік. Алавяная прамысловасць.
3. Чым‑н. падобны да волава, такі, як у волава. Ночы свае недаспаныя Трэба скасіць і звязаць, Звезці снапы алавяныя, Працы палову аддаць. Танк. І зноў над вёскай плылі дні У чорных хмарах алавяных, Галечу ўсім няслі яны, Згрызоты новыя і раны. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аго́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад агаліць.
2. у знач. прым. Без адзення; голы. Сумны, паніклы і ў той жа час суровы ў сваім маўчанні, з аголенай галавой,.. [вайсковец] доўга аглядаў запусцелае селішча. Ракітны. // Пазбаўлены покрыва. Аголенае карэнне дрэў. // Пазбаўлены верхняга слоя; бачны, не прыкрым. Аголеныя горныя пароды. // Пазбаўлены расліннасці (пра мясцовасць). Неба абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісла над аголенай зямлёй. Колас.
3. у знач. прым. Выняты з ножнаў. Казакі з аголенымі шаблямі, з гіканнем праімчаліся паўз яго [Юткевіча]. Мікуліч.
4. перан.; у знач. прым. Відавочны па сваёй сутнасці, непрыкрыты. Аголены цынізм. Аголеная праўда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзіно́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размяшчаецца адасоблена ад іншых прадметаў. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастушкамі. Лойка. Над адзінокім ціхім стогам Дыміцца сіняя імгла. Танк.
2. Які не мае сям’і, сваякоў, блізкіх. Гэй, сустрэнь, любы, Прыгарні, любы, Мяне маладую, Бо ніхто ж мяне, Адзінокую, Не шкадуе. Глебка. Адзінокі лось пазнаў тады, Што з людзьмі карысць яму дружыць. Бялевіч. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Колас. // Не характэрны для пэўных умоў, рэдкі. Адзінокія крокі.
3. Які праходзіць, адбываецца ва ўмовах адзіноты. Адзінокая старасць.
•••
Адзін-адзінокі гл. адзін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашчаці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
1. Наставіць хіб, шчацінне ад злосці, страху і пад. Сабака ашчацініўся, гатовы ўкусіць. // Стаць старчма, дыбам, нібы шчацінне (пра валасы, вусы і пад.). Непакорная чупрына над вузкім сухім ілбом... [Есіпа] яшчэ больш ашчацінілася, плечы ўзняліся аж да вушэй. Дуброўскі. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Натоўп загудзеў, скрануўся з месца, і раптам уся трыбуна ашчацінілася па загаду канапатага вінтовачнымі стваламі. Няхай. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны. Галавач.
2. перан. Разм. Узлавацца, стаць раздражненым. — Куды, паршывец! — ашчацініліся мужыкі. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
1. Спраўляць баль; удзельнічаць у балі. Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак. Чарот. // Разм. Сабраўшыся кампаніяй, выпіваць, весяліцца. Карчма стаяла пры вялікай дарозе. У базарныя дні тут да раніцы балявалі мужыкі з далёкіх вёсак. Асіпенка.
2. Разм. Весці разгульнае жыццё ў папойках. Гаспадары маёнтка тыднямі балявалі ў Варшаве і Брэсце, не думаючы ні пра бядоту тутэйшых сялян, ні пра сваіх парабкаў. «Полымя».
3. перан. Пагард. Чыніць нястрымны разгул, спраўляць перамогу над кім‑н. (пра сілы вайны, рэакцыі). / у перан. ужыв. І здаецца тады, што кружыць, гуляе, балюе на балоце нячыстая сіла. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параўна́нне, ‑я, н.
1. Супастаўленне каго‑, чаго‑н. для выяўлення падабенства ці розніцы або для вызначэння перавагі аднаго над другім. Параўнанне дзвюх велічынь.
2. Мастацкі сродак, які заключаецца ў тым, што параўноўваюцца падобныя ў чым‑н. прадметы, з’явы. Прыказкі, прымаўкі, параўнанні адначасова з іншымі выяўленчымі кампанентамі служаць сродкам характарыстыкі вобразаў. Пшыркоў. Удала карыстаючыся параўнаннямі, Я. Купала намаляваў цудоўны партрэт Бандароўны, прыгожай, смелай, мужнай дзяўчыны. А. Макарэвіч.
3. Выяўленне колькасных ці якасных адносін паміж асобнымі прадметамі і з’явамі. Бой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю. Мележ.
•••
Вышэйшая (найвышэйшая, звычайная) ступень параўнання гл. ступень.
(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе гл. ісці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параўна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Супаставіць для вызначэння падабенства ці розніцы або для ўстанаўлення перавагі аднаго над другім. Параўнаць два лікі. □ Лепшыя новыя вершы Юрася Свіркі вызначаюцца тэматычнай закончанасцю.. Гэта асабліва прыкметна, калі параўнаць першы зборнік з апошнім. Барадулін.
2. Прызнаць падобным да каго‑, чаго‑н. Ака! Ака! Твой бег круты і плаўны Не параўнаць мне Ні з якой ракой. Хведаровіч.
3. Зрабіць роўным, аднолькавым. Мне трэба было — адчуванне гэтага ўсё мацнела — адплаціць Яўгену таксама шчырасцю, расказаць аб сабе нешта незвычайнае, такое, што неяк параўнала б нас, паставіла мяне ўпоравень з ім. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)