НАВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́ (англ. Windward Islands, ісп. Islas Barlovento),

Карыбскія астравы, група каралавых і вулканічных астравоў у Карыбскім м.; усх. ч. архіпелага Малыя Антыльскія астравы, паміж Віргінскімі а-вамі і востравам Трынідад. Найб. а-вы: Гвадэлупа, Дамініка, Марцініка, Грэнада, Сент-Вінсент, Антыгуа і інш. На Н.а. размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Грэнада, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Люсія, а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. Агульная пл. каля 6 тыс. км². Нас. 1,3 млн. ж. (1990). Рэльеф пераважна горны (выш. да 1447 м, на в-ве Дамініка). Дзеючыя вулканы. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Трапічнае земляробства. Плантацыі цукр. трыснягу, цытрусавых, кавы, какавы, бананаў. Важнейшыя гарады: Фор-дэ-Франс (в-аў Марцініка), Пуэнт-а-Пітр і Бас-Тэр (в-аў Гвадэлупа), Кастры (в-аў Сент-Люсія). Назва «Н.а.» тлумачыцца наветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),

надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.

Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.

С.​Л.​Максімава.

Наезнікі: 1 — афіён жоўты; 2 — іхнеўмон цёмны; 3 — крыпт-дзіяна; 4 — трыхаграма, якая заражае яйцо матыля.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,

1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.

М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~​1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.

2) Уласная назва Галактыкі.

Млечны Шлях.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАЛО́ЎКАВЫЯ (Muscicapidae),

сямейства пеўчых вераб’іных птушак атр. вераб’інападобных. 5 падсям., 82 роды, каля 360 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі, акрамя пустынь і тундры. На Беларусі 4 віды: мухалоўка-белашыйка (Ficedula albicollis); мухалоўка малая, або лоцманчык (F. parva); мухалоўка-стракатка (F. hypoleuca) і мухалоўка шэрая (Muscicapa striata). Жывуць пераважна ў разрэджаных лясах, парках, садах, гняздуюцца на дрэвах, кустах, некат. — у дуплах. Пералётныя, 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне розных колераў; у некат. М. існуе палавы дымарфізм. У асобных відаў сярэднія рулявыя пёры хваста вельмі доўгія. Дзюба шырокая, плоская, са шчацінкамі па краях рота. Кормяцца насякомымі (пераважна мухамі, адсюль назва), інш. дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 10 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Мухалоўкавыя. Мухалоўкі: 1 — малая; 2 — шэрая, 3 — белашыйка; 4 — стракатка (а — самец, б — самка).

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭРЫЗА́ЦЫЯ,

спосаб кансервавання харч. прадуктаў аднаразовым награваннем да т-ры ніжэй за 100 °C (звычайна 60—70 °C) з рознай вытрымкай (найчасцей 15—30 мін). Робіцца ў пастэрызатарах (спец. апаратах). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі малака, віна, піва і інш. прадуктаў, якія пры награванні да больш высокай т-ры зменьваюць свае якасці. Прапанавана Л.Пастэрам (адсюль назва).

Пры П. гіне большасць неспараносных бактэрый, дражджэй і цвільных грыбоў, разбураюцца ферменты. Застаюцца жывыя споры мікробаў, частка энтэракокаў і малочнакіслых бактэрый. Каб знішчыць усе мікробы і іх споры, робяць тындалізацыю — паўторнае (2—5-разовае) праграванне пры т-ры 55—56 °C на працягу 30—60 мін з 24-гадзіннымі інтэрваламі, ультрапастэрызацыю — апрацоўку перагрэтай парай пры 150 °C і стэрылізацыю. Выкарыстоўваюць таксама П. прамянёвую — апрацоўку харч. прадуктаў гама-выпрамяненнем для знішчэння ў іх мікрафлоры. Прадукты пасля апрацоўкі бясшкодныя і могуць спажывацца ў ежу.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,

група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц. якабінцаў. Гал. дзеячы — К.​Канопка, Ю.​Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн. Т-ва польскіх рэспубліканцаў.

Літ.:

Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.

т. 12, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Суддзя́ ’службовая асоба ў судзе, якая выносіць прыгавор’, ’чалавек, які выказвае суджэнне, думку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шымк. Собр.), судзья́, судзя́ ’суддзя; хто знеслаўляе, ганьбіць’ (Сл. ПЗБ), судзья́ ’суддзя’ (ТС), ст.-бел. судья ’тс’ (XIV ст., КГС). Укр. суддя́, рус. судья́, стараж.-рус. судіꙗ, суди, судии, ст.-польск. sędziá, чэш. sudí, серб.-харв. су́дија, славен. sọdij, балг. съдия́, макед. судија, ст.-слав. сѫди, сждии. Прасл. *sǫdьjiназва выканаўцы дзеяння ад *sǫditi, гл. судзіць (Борысь, 542).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танцюры́стка ’танцорка’ (Мат. Гом.), танцюрі́ст ’танцор’ (кам., ЖНС). Параўн. укр. танцю́ристка, танцюри́ст ’хто добра танцуе’, што паводле ЕСУМ (5, 516), вытворныя ад танцю́ра ’тс’, адкуль і назва грыбоў танцю́рка ’мухамор’, што адлюстроўвае іх знешні выгляд (на доўгай тонкай ножцы), параўн. папярэднія словы, гл. Арэальныя ўтварэнні, звязаныя з украінскай мовай, паколькі для беларускай мовы ўтварэнні на ‑ура (‑юра) і -іст (‑ыст) для характарыстыкі асоб нехарактэрны, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 70; Саевіч, Derywacja, 401, 409.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́кі1 ’масць у картах у выглядзе чорнага лістка’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк.). З рус. пи́ки ’тс’, якое з франц. pique ’тс’, а гэтае — з pic ’кірка’ пры пасрэдніцтве ням. Pik ’масць у картах’. Французская назва утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства ’кірка’ > ’чорнае адлюстраванні кіркі ці вастрыя дзіды на картах’.

Пі́кі2 ’ўзор ткання ў касую клетку’ (Касп.) з польск. pika ’моцная, грубая баваўняная тканіна’, якое з франц. piqué ’падшываная тканіна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рашо́тка1 ’загарадка, агароджа з пераплеценых пруткоў, планак’ (ТСБМ), сюды ж ’сані з задком, спінкаю’ (Бяльк.), ’грэбень для часання’, ’частка грабляў з зубамі’, ’зазубень’. Параўн. рус. реше́тка ’тс’, укр. реші́тка, решо́тка ’арнамент’, ’грабёнка для збору чарніц’, ’паліца з планак’, славен. rešetka ’клетка, загон для жывёлы’, балг. реше́тка ’агароджа, рашотка’. Да рэшата1 (гл.). Сюды ж рашо́тка ’сузор’е Плеяды’ (Касп.), іншая назва сітца (гл.).

Рашо́тка2 ’ядомы грыб, казляк’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Да рашэтнік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)