падо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае падабенства з кім‑, чым‑н., нагадвае каго‑, што‑н. Падобныя з твару, браты шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго. Шамякін. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі. Перасыльная біржа была вельмі падобнай на лагер ваеннапалонных, толькі меншая намерам. Якімовіч.
2. Такі, як гэты (пра які ідзе гаворка). Другі падобны выпадак здарыўся ў курортным горадзе Дуброўніку, дзе мы жылі некалькі дзён. Брыль.
3. У геаметрыі — які мае падобнасць (у 2 знач.). Падобныя многавугольнікі. Падобныя конусы.
•••
І падобнае (скарочана: і пад.) — ужываецца ў канцы пералічэння, паказваючы на тое, што яно можа быць прадоўжана.
Нічога падобнага гл. нішто 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., на каго-што.
Напасці, наткнуцца на што‑н. Як звычайна, [хлопцы] накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.. А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі на лісічкі. Маўр. Прабіраючыся на ўсход, .. [Гнядкоў] на шчасце натрапіў на партызанскі атрад Прыборнага і застаўся ў ім. Шамякін. // Сустрэцца з кім‑н., выпадкова наткнуцца на каго‑н. [Волька:] — А дзе Кастусь — мы не ведаем. Можа, і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам. Чорны. Раманаў позірк усё блукаў па зале ды вось натрапіў і на Генку. Ярашэвіч.
•••
Натрапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).
Не на таго натрапіў — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
леге́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Народнае паданне аб якой‑н. гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае. Героі ніколі не паміраюць. Ім вечна жыць у легендах, песнях. «Звязда». Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала. // Выдуманы, перабольшаны расказ аб кім‑, чым‑н. Па вёсках — бясконцыя чуткі і легенды пра «атамана Муху». Таўлай.
2. Вымысел, што‑н. неверагоднае. Разбіць легенды аб чым-небудзь.
3. Выдуманыя звесткі пра сябе (аб тым, хто выконвае сакрэтнае заданне). Стала відавочна, што легенда, якую .. [Косця] расказаў гестапаўцам, няўдалая. Новікаў.
[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]
леге́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Спец.
1. Сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты, плана і пад.
2. Надпіс на манеце.
[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліза́ць, ліжу, ліжаш, ліжа; заг. ліжы; незак., каго-што.
1. Праводзіць языком па чым‑н., дакранацца языком да каго‑, чаго‑н. [Сабачка] кідаўся да ног, лашчыўся, лізаў рукі, зазіраў у вочы і паціху скавытаў. Няхай. // Падбіраючы языком, есці, піць. [Сабака] лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом. Колас. Гора гараваць — не мёд лізаць. Прыказка.
2. перан. Дакранацца, пакрываць, абдаваць сабой (пра хвалі, полымя і пад.). Пасека была ў агні. Полымя бушавала пад самай лініяй — расцяробам, лізала дол, лезла ўгору па маладым сасонніку. Пташнікаў. За соснамі адгадваўся блізкі праліў, чутно было, як ліжуць гальку хвалі. Лупсякоў.
3. Разм. зневаж. Цалаваць.
•••
Лізаць рукі (ногі, пяткі, боты) каму — уніжацца, падлізвацца, падхалімнічаць перад кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. каму. Прапаноўваць каго‑н. у мужы ці ў жонкі; клапаціцца аб чыім‑н. шлюбе. Сваталі яму маладзіц, паўвёскі было ўдоў, а выбраць па душы жонку Хведар не мог. Паўлаў. Колькі разоў ён [Юзік] прабаваў сватаць Баранка. Крапіва.
2. Прасіць згоды на шлюб з кім‑н. (у жанчыны або ў яе родных). У Палікараўку прыехалі яны сватаць малодшую дачку Храпавіцкага за стрэчнага Юлісева брата. Мурашка.
3. перан. Разм. Настойліва прапаноўваць каго‑, што‑н.; клапаціцца пра набыццё каго‑, чаго‑н. Загадчык, калі сватаў мяне ў гэтую школу, хваліўся, што ў Міланьках — вялікі лес, глыбокая рака. Далідовіч. — Дзякую... і такога рысака сватаеш ты свайму калгасу? — насмешліва перабіў яго [Чарнова] Міхал. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.
1. што. Прымусіць заплаціць, атрымаць ад каго‑н. прымусова. Спагнаць доўг. Спагнаць штраф. □ [Павал:] — Я яшчэ з .. [папа] спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне здзёр. Чорны. Мільганула думка, што Адэлька з’явілася, каб спагнаць аліменты. Асіпенка.
2. што. Атрымаць задавальненне, выліўшы свой гнеў, дрэнны настрой на каго‑н. Ляснік дагнаў нас на кані і злосць спагнаў на нявінным чалавеку. Прокша. Сонным хадзіў [Лаўрэн] і не знаходзіў, на кім нуду сваю спагнаць. Баранавых. // Наогул атрымаць задавальненне ад чаго‑н. дасягнутага. Малое голад свой спагнала І спаць не хоча а-ні-ні. Колас.
3. без дап. Адпомсціць за крыўду, прычыненае зло і пад. За вялікую крыўду і чорт спагоніць. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спасці́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. спасціг, ‑ла; зак., каго-што.
Разм.
1. Зразумець, усвядоміць сэнс, значэнне чаго‑н.; пранікнуць у сутнасць чаго‑н. [Нічыпар] адчуваў, што ў Лявонавых словах ёсць нешта хітрае, але спасцігнуць яго не мог. Чарнышэвіч. Чытаючы вершы маладых паэтаў, мне ў першую чаргу хочацца спасцігнуць духоўны свет новага пакалення. Грахоўскі. Вочы іх сустрэліся. І адным гэтым позіркам стары спасціг душу дзіцяці. Караткевіч.
2. Выпасці на долю каго‑н.; надарыцца з кім‑н. Што ж, бяда пакуль мінула .. [Рыбака], спасцігла другога, і гэта, як заўжды на вайне, насуперак усяму, супакойвала. Быкаў. [Жанчына:] — А ці ведае хто-небудзь... ці ведаеце вы, які лёс спасціг... дзяўчат... Кірэенка.
3. Дагнаць. Ды .. [паляўнічыя] і не ведалі добра, у якім месцы спасціг здабычу Музбалак. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́раду, прысл. і прыназ.
1. прысл. З пярэдняга боку; проціл. ззаду. Зашпіліў [Андрэй] на ўсе гузікі паддзёўку — яна была мокрая спераду і пачынала лубянець. Пташнікаў. Потым [Ніна] паглядзела на сябе спераду, наслініла пальцы і зрабіла імі тоненькія бровы. Лобан. // На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н.; паперадзе. Вось спераду размашыста крочыць высокая і худая, з рашучым тварам, брыгадзірава жонка Настасся. Ракітны. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «спераду» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на месца паперадзе чаго‑н. Ісці спераду калоны. □ Хацяноўскі саступіў з дарогі і амаль адразу ўбачыў, што спераду кожнага матацыкла тырчыць руля. Здагадаўся: немцы! Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.
спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́гасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць строгага. Строгасць настаўніка. Строгасць закона. Строгасць ліній. □ І дабрата, і строгасць рыс, І косы, спушчаны ўніз, Што з плеч на грудзі віснуць зграбна, І стужка сіняя ядвабна, І твару ветлага абрыс. Колас.
2. Строгія адносіны да каго‑, чаго‑н., строгае абыходжанне з кім‑н. Сцёпка здрыгануўся, бо запытанне было для яго нечаканым, а ў голасе незнаёмага чалавека .. чулася начальніцкая строгасць. Колас. // Строгі выраз (у позірку і пад.). І не тая яна: гэтая строгасць у позірку [Доні], гэтая беглая стоеная ўсмешка на пахудзелым твары — усё незнаёмае, чужое. Вышынскі.
3. толькі мн. (стро́гасці, ‑ей). Разм. Строгія парадкі, строгія меры. Паліцэйскія строгасці супроць ліберальнага друку ўзмацняюцца не днямі, а гадзінамі. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)