МАН ((Mann) Генрых) (27.3.1871, г. Любек, Германія — 12.3.1950),
нямецкі пісьменнік. Брат Т.Мана. Вучыўся ў Берлінскім ун-це. З 1933 у эміграцыі ў Францыі, з 1940 — у ЗША. З 1949 прэзідэнт АМ ГДР. Друкаваўся з 1893. У ранніх творах выявіўся ўплыў класічных традыцый ням. і франц. л-р, мадэрнісцкіх кірункаў (трылогія «Багіні, або Тры раманы герцагіні Асі», 1903). У гратэскава-сатыр. форме паказаў драпежніцкую сутнасць імперыял. Германіі часоў Вільгельма II (рэаліст. раманы «У зямлі запаветнай», 1900; «Настаўнік Гнус, або Канец аднаго тырана», 1905; «Маленькі горад», 1909, і інш.). У трылогіі «Імперыя» («Вернападданы», 1914; «Бедныя», 1917; «Галава», 1925) праблемы фарміравання вернападданніцкай свядомасці, суіснавання ў адной асобе раба і тырана, на шырокім сац. фоне выкрыў герм. шавінізм і мілітарызм. Бесчалавечнасць тагачаснага грамадства рэзка крытыкаваў у раманах «Маці Марыя» (1927), «Яўгенія, або Эпоха бюргерства» (1928), «Сур’ёзнае жыццё» (1932) і інш. Вяршыня позняй яго творчасці — гіст. дылогія «Юнацтва караля Генрыха IV» (1935) і «Сталасць караля Генрыха IV» (1938), у якой увасоблена канцэпцыя дзейснага гуманізму. Аўтар п’есы «Мадам Легро» (1913), антыфаш. публіцыстычных зб-каў «Нянавісць» (1933), «Настане дзень» (1936), «Мужнасць» (1939), рамана пра антыфаш. рух у Чэхаславакіі «Лідзіцы» (1943), кн. мемуараў «Агляд стагоддзя» (1946), літ.-крытычных артыкулаў і інш. Яго паэтыка адметная дакладнай характаралагічнай дэталлю, моўнай выразнасцю, багаццем шён-«шыльдаў». Нац. прэмія ГДР 1949.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—8. М., 1957—58;
В защиту культуры: Сб. ст.М., 1986.
Літ.:
Знаменская Г.Н. Генрих Манн: Критико-биогр. очерк. М., 1971;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РБІС (Аляксандр Лаўрэнавіч) (псеўд.Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.—снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел.Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ваЧырв. Крыжа БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел.нац. руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр.БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел.прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.Буйніцкага, Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.Крапіўніцкага, «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРН (ням. Bern; франц. Berne),
горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс.ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс.ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.
Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв.эміграцыі.
У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).
Да арт.Берн. Набярэжная Аарэ.Да арт.Берн. Будынкі ў старой частцы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ (Тамаш Тамашавіч) (19.3.1895, в. Паляны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 25.1.1938),
бел.паліт. і культ. дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургу. Скончыў філас.ф-т Карлава ун-та ў Празе (1928). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Чл. Рады БНР і яе Выканаўчага к-та, нар. сакратар земляробства ва ўрадзе Я.Варонкі. Уваходзіў у Цэнтр.Бел. вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерас. з’езда Саветаў (Петраград, студз. 1918). У 1919 выдаваў у Вільні газ.«Грамадзянін». Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Арыштоўваўся польск. ўладамі летам 1919 у Гродне як супрацоўнік газ. «Родны край», вясной 1920 як чл. Мінскага падп. паўстанцкага к-та. З канца 1920 у эміграцыі ў Коўне (Каўнас), дзе ўдзельнічаў у выданні газ. «Сялянская доля»; з восені 1922 у Празе. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пытанне народа і нацыі». Быў чл. замежнага бюро БПС-Р, сакратаром-кіраўніком Беларускага навуковага кабінета, удзельнічаў у рабоце Бел. рады ў Празе, Бел. культурнага т-ва імя Ф.Скарыны, Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1934—38 заг.Беларускага загранічнага архіва, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Друкаваўся ў час. «Перавясла», «Іскры Скарыны», «Студэнцкая думка», «Золак», «Бюлетэні загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў». Аўтар брашуры «Прамова бунтаўшчыка аб сацыялізме» (1922—24, пад псеўд. Антон Небарака), артыкулаў па гісторыі, пытаннях бел. адраджэнскага руху. Апублікаваў урыўкі з рамана «Паўстанцы» (Іскры Скарыны. 1934. № 3). На бел. мову пераклаў брашуру «Аб кааперацыйным ідэале» М.Туган-Бараноўскага, на чэшскую — кн. «Дэмакратыя, дыктатура, сацыялізм» В.Чарнова.
Літ.:
Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;
Ліс А. Рыцар беларускай свабоды // Спадчына. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1983),
бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел.эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.Грыгор’еў).
Тв.:
Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;
Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;
Маці і сын. Беласток, 1992;
Белы сон. Мн., 1990;
Споведзь. Мн., 1993.
Літ.:
Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;
Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;
Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАН ((Mann) Томас) (6.6.1875, г. Любек, Германія — 12.8.1955),
нямецкі пісьменнік. Брат Г.Мана. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це. З 1933 у эміграцыі. На фарміраванне яго маст. метаду паўплывалі І.В.Гётэ, Л.Талстой, Ф.Дастаеўскі, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ. Дэбютаваў навелай «Распусніца» (1894). Вядомасць прынёс раман «Будэнброкі» (т. 1—2, 1901), у якім на прыкладзе некалькіх пакаленняў адной сям’і паказаў эканам. і грамадскую дэградацыю ням. бюргерства. У адзначаных тонкім псіхалагізмам раманах «Каралеўская вялікасць» (1909), «Прызнанні авантурыста Фелікса Круля» (1910), навелах «Трыстан», «Тоніо Крэгер» (абедзве 1903), «Смерць у Венецыі» (1913, экранізацыя 1971) роздум пра лёс мастака і мастацтва ва ўмовах крызісу бюргерскай культуры. Духоўнае жыццё грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны ў цэнтры філас. рамана «Чароўная гара» (1924). Антыфаш. ідэямі прасякнуты навела «Марыо і штукар» (1930), гіст. тэтралогія на біблейскую тэму «Іосіф і яго браты» (1933—43). Найб. значны твор — філас. раман «Доктар Фаустус» (1947), у якім трагедыя мастака сімвалізуе трагедыю і гіст. віну Германіі. Аўтар драмы «Ф’ёрэнца» (1906), кн. «Развагі апалітычнага» (1918), раманаў «Лота ў Веймары» (1939, пра Гётэ), «Выбраннік» (1951), літ.-крытычных і публіцыстычных прац.Рэаліст. творы М. адметныя маштабнасцю канфліктаў, структурнай завершанасцю, насычаны філас., гіст. і маст. алюзіямі, сведчаць аб яго цікавасці да натуралізму і імпрэсіянізму. На бел. мову раман «Доктар Фаустус» пераклаў В.Сёмуха, навелы — Сёмуха і У.Чапега. Нобелеўская прэмія 1929.
Тв.:
Бел.пер. — Доктар Фаустус. Мн., 1989;
Навелы. Мн., 1996;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—10. М., 1959—61;
Художник и общество: Ст. и письма. М., 1986.
Літ.:
Русакова А.В. Томас Манн. Л.,1975;
Федоров А.А. Томас Манн: Время шедевров. М., 1981;
Дирзен И. Эпическое искусство Томаса Манна: Мировоззрение и жизнь: Пер. с нем. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),
твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.
Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.Лужаніна «Вачыма часу», Я.Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.Геніюш «Споведзь», С.Грахоўскага «Зона маўчання», П.Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.Азгура «Незабыўнае», Я.Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, М.Лынькова, І.Мележа, В.Таўлая, Ў.Галубка, Р.Шырму і інш. Падзеі Вял.Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.Казлова «Людзі асобага складу», У.Лабанка «У баях за Радзіму», Р.Мачульскага «Вечны агонь», П.Калініна «Партызанская рэспубліка», В.Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.М.Васілеўскага, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага і інш.
Літ.:
Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.Мн., 1983;
Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг.Мн., 1973;
Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭХТ ((Brecht) Бертальд) (10.2.1898, г. Аўгсбург, Германія — 14.10.1956),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, рэжысёр. У 1917—20 слухаў лекцыі па медыцыне, філасофіі, тэатразнаўстве ў Мюнхенскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1914 антываен. вершамі. У 1933—47 у эміграцыі. Заснавальнік і кіраўнік тэатра «Берлінер ансамбль» (1949—51). У процівагу драматычнаму (арыстоцелеўскаму) стварыў т.зв. «эпічны тэатр» (неарыстоцелеўскі), асн. прынцыпы якога — зварот да розуму і аналітычных здольнасцей (а не эмоцый), супрацьпастаўленне гледачоў падзеям на сцэне (а не суперажыванне). Гал. роля адводзілася «эфекту адчужэння», які дазваляў паказаць вядомае з нечаканага боку і дасягаўся праз мноства прыёмаў: выкарыстанне класічных сюжэтаў, адмаўленне ад падкрэсленай псіхалагізацыі і індывідуалізацыі, часта адсутнасць гіст. касцюма, непасрэдная апеляцыя да публікі, пантаміма, зонгі, спрошчаны рэквізіт, уключэнне ў спектаклі кінакадраў і г.д. Аўтар п’ес «Што той салдат, што гэты» (1927; паст.Бел. т-рам Я.Купалы, 1969), «Трохграшовая опера» (1928; паст.Дзярж.рус.драм. Т-рам, 1962; «Маці» (1933), «Жыццё Галілея» (1938—39), «Матухна Кураж і яе дзеці» (1941; паст.Дзярж.рус.драм. т-рам, 1962; Бел. т-рам Я.Коласа, 1976), «Добры чалавек з Сезуана» (1938—40), раманаў «Трохграшовы раман» (1934), «Справы пана Юлія Цэзара» (не скончаны, 1949), апавяданняў, вершаў, песень (зб-кі «Хатнія казанні Бертальда Брэхта», 1927; «Свэндбаргскія вершы», 1939, і інш.), тэарэтычных прац («Малы арганон для тэатра», 1949, і інш.). Яго творы на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, Л.Баршчэўскі, П.Бітэль, Я.Брыль, У.Папковіч, Я.Семяжон. С.А.Картэс стварыў оперу «Матухна Кураж...» (паст. 1982, Каўнас; 1984, Кішынёў).
Тв.:
Бел.пер. — [Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІза мяжой.
Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.Германовіч, Надсон, Р.Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел.рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).
Л.У.Языковіч.
Да арт.Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ, кадэты, к.-д., партыя «народнай свабоды»,
палітычная арг-цыя леваліберальнага кірунку, адна з гал. партый у Расіі ў 1905—17. Аформілася на 1-м (12—18.10.1905, Масква) і 2-м (4—11.1.1906, Пецярбург) з’ездах на аснове арг-цый «Саюз вызвалення» і «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (засн. ў 1903—04) у ходзе рэвалюцыі 1905—07. Сац. склад — інтэлігенцыя, сярэдняя гар. буржуазія і ліберальна настроенае дваранства, а таксама служачыя, настаўнікі, рабочыя і інш. Паводле праграмы выступала за эвалюцыйнае развіццё рас. грамадства, замену самаўладства канстытуцыйнай і парламентарнай манархіяй на ўзор Вялікабрытаніі, мясц. самакіраванне, культ.-нац. самавызначэнне народнасцей, з аўтаноміяй для Польшчы, Фінляндыі і інш. У Дзярж. думе блакіраваліся з акцябрыстамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіруючая партыя, яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад 3 кааліцыйных кабінетаў Часовага ўрада. Выступала за ліквідацыю двоеўладдзя, скліканне Устаноўчага сходу, правядзенне агр. і нац. рэформ. У кастр. 1906 70 тыс. членаў, у сак. 1917 да 100 тыс. членаў. Лідэры: П.М.Мілюкоў, П.Б.Струвэ, А.І.Шынгароў і інш.Афіц. друкаваныя органы — штотыднёвік «Вестник партии народной свободы» і газ. «Речь»; кадэцкай арыентацыі прытрымліваліся каля 70 цэнтр. і мясц. газет і часопісаў. У 1905—17 адбылося 10 з’ездаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 як праціўнік партыі бальшавікоў падтрымлівала белагвардзейскія ўрады. З 1920 у эміграцыі. На тэр. Беларусі арг-цыі кадэтаў існавалі ў 1905—06 у Магілёве і Пінску, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 да ліст. 1917 іх было больш за 30 (дзейнічалі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, 28 у пав. гарадах і населеных пунктах).
Літ.:
Шелохаев В.В. Идеология и политическая организация российской либеральной буржуазии 1907—1914 гг.М., 1991;
Шардыка І.У. Да пытання аб колькасным і сацыяльным складзе арганізацый кадэцкай партыі на Беларусі ў 1917 г. // Весн. Бел.дзярж. ун-та. Сер 3. 1992. № 3.