рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;
французскі паэт і крытык. Брат К.Перо. Чл.Франц. акадэміі (з 1671). Па адукацыі юрыст. Аўтар пародый (паэма «Сцены Троі, або Паходжанне бурлеска», 1653), алегарычных паэм, од, пасланняў у стылі галантнай прыдворнай паэзіі. Выступаў супраць эстэтыкі класіцызму (паэма «Стагоддзе Людовіка Вялікага», 1687, дыялогі «Паралелі паміж старажытнымі і новымі...», т. 1—4, 1688—97), палемізаваў з Н.Буало (вершаваная сатыра «Апалогія жанчын», 1694). Сусв. вядомасць прынеслі казкі «Спячая прыгажуня», «Чырвоная Шапачка», «Кот у ботах», «Папялушка», «Хлопчык з ногцік» і інш. (зб. «Казкі маёй матухны Гусі», 1697). Паўплываў на развіццё сусв. казачнай традыцыі (браты В. і Я. Грым, Х.К.Андэрсен). Яго творы пакладзены на музыку (Дж.Расіні, П.Чайкоўскі, Б.Бартак, С.Пракоф’еў). На бел. сцэне паводле казак П. пастаўлены спектаклі «Дзіўныя прыгоды Ката ў ботах» (1984, Магілёўскі абл.т-р лялек), «Кот у ботах» (1988, Мінскі драм.т-р «Дзе-Я?»), «Чаравічак для Папялушкі» (1996, Мінскі малы т-р). На бел. мову яго казкі пераклалі З.Колас, Р.Яўсееў.
Тв.:
Бел.пер. — Чырвоная Шапачка. Мн., 1979;
Чарадзейныя казкі. Мн., 1993;
Рус.пер. — Сказки матушки Гусыни, или История и сказки былых времен с поучениями. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАЯ́ТЫЧЫ,
вёска ў Жарабковіцкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Ведзьма. За 16 км на ПнУ ад г. Ляхавічы, 236 км ад Брэста, 8 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 342 ж., 148 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — парк (2-я пал. 18 ст.).
Вядомы з 1506 як мястэчка ў ВКЛ, уласнасць Петкавічаў; у 16—18 ст. у Новагародскім пав. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай, у 1842—1920 — Мінскай губ. (у 1919—20 у Баранавіцкім пав.). У 1886—705 ж., 75 двароў, царква. У 1-й чвэрці 19 ст. М.Абуховіч пабудаваў у С. палац у стылі позняга класіцызму, дзе размяшчаліся карцінная галерэя (творы Ю.Пешкі, Ф.Рушчыца і інш.), габелены, архіў уладальніка маёнтка, б-ка (5 тыс. тамоў). Зборы загінулі ў 1-ю сусв. вайну. У 1920—39 С. ў складзе Польшчы, мястэчка ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 715 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 вёска ў Навасёлкаўскім с/с Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай, з 1954 — Брэсцкай абл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1791—93 паводле праекта арх. М.Львова. У ансамбль з царквой уваходзяць: 2-ярусная званіца з невял. вежачкай у завяршэнні, 2 гасп. пабудовы, будынак царк.-прыходскай школы. З паўд. боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. Царква — цагляны цэнтрычны крыжова-купальны храм. Асн. аб’ём у выглядзе роўнаканцовага крыжа, накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — сферычны гранёны купал на 8-гранным светлавым барабане, грані якога Прарэзаны вял. аконнымі праёмамі-люнетамі. Паміж канцамі крыжа нізкія аб’ёмы (у плане чвэрць круга), перакрытыя сегментамі купала. Фасады маюць сім. кампазіцыю, вырашаны аднолькава, завершаны развітымі антаблементамі. Уваходны партал вылучаны 2 паўкруглымі калонамі тасканскага ордэра і акном-люнетай. На сценах і скляпеннях захаваліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле маст. У.Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найб. цікавыя з іх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе), «Цябе Бога хвалім» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793—94 устаноўлены іканастас (не захаваўся). У 1980-я г. царква адрэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСЕ́ЛЬ (флам. Brussel, франц. Bruxelles),
горад, сталіца Бельгіі. Размешчаны на р. Сена (бас.р. Шэльда) і некалькіх каналах. Адм. ц.прав. Брабант. 949,1 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1993); паводле нац. складу — фламандцы і валоны. Падзяляецца на Ніжні горад, перасечаны рукавамі Сены, і Верхні горад, размешчаны на ўсх. грэбені ўзвышшаў. Цэнтр.ч. горада абкружана 18 прыгарадамі з самаст. кіраваннем. Буйны трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (звязаны каналамі з вусцем р. Шэльда і Паўн.м., а таксама з цэнтр.прамысл. раёнамі краіны). Міжнар. аэрапорт Завентэм. Важны фін., прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта-, прылада- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае); хім., фармацэўтычная, парфумерная, паліграф., гарбарная, тэкст., швейная, папяровая, фарфоравая, шкляная, тытунёвая, піваварная, харч., вытв-сць дываноў, ювелірных вырабаў, карункаў. Метрапалітэн. У Бруселі штаб-кватэры НАТО, ЕЭС, Бенілюкса і інш. Месца правядзення міжнар. канферэнцый, з’ездаў, муз. конкурсаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 966. З 12 ст. рэзідэнцыя герцагаў брабанцкіх, адзін з гал. цэнтраў Брабанта. З 16 ст. ў складзе Ісп. Нідэрландаў, у часы Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. прымкнуў да Утрэхцкай уніі 1579. У 1585 заваяваны іспанцамі, з 1713 пад уладай Аўстрыі, з 1794 — Францыі, з 1814 — Галандыі. Цэнтр Бельгійскай рэвалюцыі 1830, з 1830 — сталіца Бельгіі.
Цэнтр Бруселя захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку (удасканалена ў 18—19 ст.). У Ніжнім горадзе, на пл. Грандплас і каля яе гатычны сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль (1226—1490), ратуша (1401—55), «Каралеўскі дом» (1515—25), шматлікія дамы гільдый канца 17 — пач. 18 ст., барочныя цэрквы і інш. У Верхнім горадзе ансамблі ў стылі класіцызму (пл. Плас-дэ-Маргыр, 1772—75, і Плас-Руаяль, 1774—80), Каралеўскі палац (18—20 ст.), Палац Нацыі (цяпер парламент, 1779—83), «Брусельскі парк» (1774—76), Палац прыгожых мастацтваў (1922—28, арх. В.Арта), сярод пабудоў канца 19—20 ст. асабнякі ў стылі мадэрн (арх. Арта), Палац стагоддзя (1935), аэравакзал «Сабена» (1954) і інш. Да Сусв. выстаўкі 1958 створаны новыя магістралі, трансп. развязкі на бульварным кальцы. Помнікі: «Бельгія» на пл. Плас-дэ-Мартыр (1838), Працы (1930, скульпт. К.Менье) і інш.
У Бруселі — 2 каралеўскія АН: валонская (з 1772) і флам. (з 1938), 2 каралеўскія мед. акадэміі: валонская (з 1841) і фламандская (з 1938); Каралеўская археал. акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1711), ун-т (з 1834), кансерваторыя (з 1832). Геагр.ін-т (засн. Э.Рэклю), Пастэраўскі ін-т. 30 музеяў, у т. л.Бельг. каралеўскі музей мастацтваў, Каралеўскі музей мастацтва і гісторыі.
Да арт.Брусель. Дом карпарацыі лодачнікаў. 1697.Да арт.Брусель. Панарама горада. На пярэднім плане сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ГРАБ (Zagreb),
горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1 млн.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар.гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.
Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл.Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.
Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.
Літ.:
Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;
Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЛЯ́НА (Ljubljana),
горад, сталіца Славеніі. Знаходзіцца ў міжгорнай Люблянскай катлавіне абапал р. Любляніца каля яе ўпадзення ў р. Сава. 276 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гідратурбіны, эл.-тэхніка, прыладабудаванне і інш.), тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Славенская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Турызм, міжнар. кірмашы, фестывалі.
У 1 ст.н.э. на месцы Л. знаходзіўся рым. лагер, потым г. Эмона (разбураны ў 5 ст.). Як славенскае паселішча вядома з 1144. У 2-й пал. 13 ст. Л. (ням. назва Лайбах) атрымала гар. правы, адм. ц. Крайны. З 1335 уладанне Габсбургаў, з 1460-х г. рэзідэнцыя епіскапа. У 15—16 ст. найбуйнейшы гандл. цэнтр на славенскіх землях. У 16 ст. тут пашырылася Рэфармацыя (П.Трубар), у 1595 засн.ун-т. З 1809 гал. горад Ілірыйскіх правінцый Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 Л. перададзена Аўстрыі. У 1821 тут праходзіў кангрэс Свяшчэннага саюза (Лайбахскі кангрэс). У 19 — пач. 20 ст. цэнтр славенскага нац.-вызв. руху. З 1918 сталіца Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У крас. 1941 акупіравана войскамі Італіі, у вер. 1943 — Германіі. У маі 1945 вызвалена Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. З 1945 сталіца Славеніі.
Ад ант. часоў захаваліся рэшткі ўмацаванняў, акведука, некропаля. Гіст. ядро горада — замак Град на ўзгорку каля р. Любляніца (засн. ў 9 ст.; перабудаваны ў стылі барока ў 16—17 ст., вежа — сярэдзіна 19 ст.) і размешчаныя каля яго падножжа раёны плошчаў Старой, Гарадской і Новай. Барочная забудова моцна пашкоджана землетрасеннем 1895 (горад адноўлены і рэканструяваны ў 1-й трэці 20 ст.). Найб. значныя пабудовы: палац епіскапа (1512—1733, арх. А.Тыфернус; готыка), у стылі барока — цэрквы св. Якаба (1613—15, перабудавана ў 1701) і урсулінак (1718—26; 1744), сабор св. Мікалая (1700—07, праспект А.Поца, купал сярэдзіны 19 ст.), ратуша з аркадным унутр. дваром (1717—18, арх. Г.Мачак), палацы Швейгера (каля 1755) і Грубера (1782, арх. Д.Грубер). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі (Оперны т-р, будынак Выканаўчага веча) і стылю мадэрн (атэль «Уньён»), У духу нац. рамантыкі пабудаваны стадыён (1930), б-ка ун-та (1936—40, абодва арх. І.Плечнік). Паводле плана рэканструкцыі 1950 узведзены будынак Нар. скупшчыны (1959, арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (1965, арх. М.Божыч), дом друку (1960-я г.арх. Б.Коцмут), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (1963—75, арх. Э.Раўнікар). Сярод помнікаў «Фантан славенскіх рэк» (1751, скульпт. Ф.Роба), змагарам Супраціўлення (1952) і інш. У Л. музеі Нацыянальны, Нац. галерэя, Славенскі этнаграфічны, Сучасная галерэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́ПАЛЬ (Napoli),
горад на Пд Італіі, каля падножжа вулкана Везувій. Адм. ц. вобласці Кампанія і прав. Неапаль. У агламерацыі Вял. Н. 3012 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім зал. Тырэнскага м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр на Пд Італіі. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металургічная, маш.-буд. (суднабудаванне, эл.тэхн., радыёэлектроннае), абутковая, тэкст., мэблевая, харч. (вял. макаронныя ф-кі). Метрапалітэн. Ун-т (з 1224). Кансерваторыя. Абсерваторыі. Бат. сад. Марскі акварыум. Нац. музей, буйнейшы ў Еўропе археал. музей, маст. галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнар. турызму. Ваен.-марская база.
Засн. каля 600 да н.э. як грэч. калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы 5 ст.н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. З сярэдзіны 6 ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 яго сталіца. У 1268 захоплены франц. герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Н. — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства абедзвюх Сіцылій. Н. — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Ў 1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У час фаш. дыктатуры Б.Мусаліні — буйная ваен.-марская база. Пасля выхаду Італіі з 2-й сусв. вайны акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).
Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтр.ч. захавалася ант. рэгулярная планіроўка. Сярод помнікаў: раннехрысц. катакомбы з фрэскамі (2—5 ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (5 ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з 12 ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г.Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Сагрэра, скульпт. Ф.Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — Сан-Ларэнца, Сан-Даменіка (абодва 13 ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж.Дозіо, са зборам неапалітанскага і еўрап. жывапісу 17—18 ст.), т-р «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П.Б’янкі). З пабудоў 20 ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж.Вакара, М.Кампанела, інж. П.Л.Нерві і інш.) і інш. Каля Н. руіны стараж.-рым. гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л.Ванвітэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Све́тач ‘каганец, лучнік, прыстасаванне трымаць лучыну’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Жд. 2, Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл., Мат. Маг., ЛА, 4), перан. ‘пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды і культуры’ (ТСБМ); іншыя варыянты: сьве́тыч (Бяльк.), све́таш, свя́таш, све́туш, світа́ч (Сл. ПЗБ). Укр.сві́та́ч ‘маленькі жалезны падсвечнік пры іконе, жалезная рашотка для лучыны ў палескай курной хаце’, све́тич, сві́тич ‘каганец, ліхтар’, рус. кніж. све́точ ‘вялікая свечка, ліхтар’ да паловы XIX ст., потым толькі ў пераносным значэнні ‘свяцільнік, зніч’ у высокім рытарычным стылі, гл. Вінаградаў, Этимология–1963, 87 і наст.; дыял. (зах.) светыч ‘прыстасаванне для асвятлення’, ст.-рус.свѣтычь ‘каганец, свяцільня’. Да асновы свет‑ (гл. свет, святло). Суфіксацыя выклікае цяжкасці. Для рускага слова Вінаградаў (там жа) першаснай лічыць форму светыч, а форма светоч магла ўзнікнуць па фанетычных прычынах у акаючых гаворках, а таксама пад уплывам марфалагічных змяненняў з-за ізаляванасці суф. ‑ыч‑, яго архаічнага і дыялектнага характару. Аднак Слаўскі (SP, 1, 103) выводзіць з пашыранага фармантам ‑jь суф. ‑okъ праславянскі суф. ‑očь, прадстаўлены ў польск.дыял.żarłocz ‘абжора’, widocz ‘прывід; уяўленне’ і інш., што не выключае яго рэалізацыі ў светач. Вярхоў (Бел. мова, 80 і наст.) дапускае магчымасць запазычання слова з рускай мовы, але падкрэслівае, што поўнасцю гэта можна сцвярджаць толькі для пераносных значэнняў беларускага слова, якія з’явіліся пад уплывам рускай мовы. Не выключана і адваротнае запазычанне ў рускую мову зыходнага светач, улічыўшы шырокае распаўсюджанне слова ў народнай мове, формы з канцавым націскам на суф. ‑а́ч і дзеяслоў све́таць ‘свяціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
транскры́пцыя
(лац. transcriptio = перапісванне)
1) дакладная перадача на пісьме ўсіх асаблівасцей жывой гаворкі літарамі алфавіта і некаторымі спецыяльнымі знакамі;
2) перадача элементаў адной мовы пры дапамозе літар іншай мовы;
3) пералажэнне музычнага твора для выканання на іншым інструменце або для іншага складу інструментаў ці галасоў больш творчага характару, чым аранжыроўка; вольная апрацоўка твора ў віртуозным стылі;
4) біял. біясінтэз рыбануклеінавай кіслаты ў жывых клетках, першы этап рэалізацыі генетычнай інфармацыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)