МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),
твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.
Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.Лужаніна «Вачыма часу», Я.Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.Геніюш «Споведзь», С.Грахоўскага «Зона маўчання», П.Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.Азгура «Незабыўнае», Я.Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, М.Лынькова, І.Мележа, В.Таўлая, Ў.Галубка, Р.Шырму і інш. Падзеі Вял.Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.Казлова «Людзі асобага складу», У.Лабанка «У баях за Радзіму», Р.Мачульскага «Вечны агонь», П.Калініна «Партызанская рэспубліка», В.Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.М.Васілеўскага, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага і інш.
Літ.:
Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.Мн., 1983;
Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг.Мн., 1973;
Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ МІКРАБІЯЛО́ГІЯ,
раздзел мікрабіялогіі, які вывучае склад і функцыі мікрабіяцэнозаў глеб, іх сувязь з раслінамі і ролю ў трансфармацыі арган. і мінер. рэчываў глеб. Даследуе ролю мікраарганізмаў у павышэнні ўрадлівасці глебы, у жыўленні раслін, распрацоўвае спосабы прыгатавання бактэрыяльных угнаенняў і сіласавання кармоў. Цесна звязана з глебавай энзімалогіяй, біяхіміяй, глебазнаўствам.
Як навука сфарміравалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. У яе развіцці важную ролю адыгралі працы нідэрл. вучонага М.Беерынка, які вылучыў і апісаў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901), рус. вучоных С.М.Вінаградскага (адкрыў з’яву хемасінтэзу), М.А.Красільнікава (працы па мікрафлоры глебы) і інш.
На Беларусі развіваецца з 1930-х г. З 1950-х г. даследаванні па глебавай мікрабіялогіі вядуцца ў НДІ глебазнаўства і аграхіміі, земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, у Нац.АН, БДУ, БСГА і інш.Асн. кірункі даследаванняў: узаемаадносіны мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, працэсы біял. фіксацыі атм. азоту, уплыў акультурвання глеб на мікробны цэноз (С.А.Самцэвіч), мікрафлора асн. тыпаў лясоў, глеб Палескай ніз. (П.П.Рагавой, М.І.Мільто, Г.І.Язубчык), мікрабіял. працэсы мінералізацыі арган. рэчыва тарфяна-балотных глеб пад уплывам меліярацыі і мех. апрацоўкі глебы (Ф.П.Вавула, Т.Г.Зіменка, Н.М.Курбатава-Белікава і інш.), уздзеянне экалагічных фактараў (цяжкія металы, пестыцыды, прамысл. адходы і радыенукліды) на мікраарганізмы глебы (В.І.Калешка, А.І.Двайнішнікава, Зіменка, А.С.Самсонава, Н.В.Гаўрылкіна, А.Г.Міснік, Л.А.Карагіна, Т.І.Каляда і інш.). Пытанням стварэння і выкарыстання бактэрыяльных прэпаратаў у раслінаводстве прысвечаны працы Зіменкі, Мільто, М.А.Троіцкага, Карагінай і інш.Гал. Задача глебавай мікрабіялогіі ў сучасных умовах — энергазберагальная біялагізацыя раслінаводства, накіраваная на зніжэнне ўзроўню выкарыстання сродкаў хімізацыі і атрыманне чыстай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙКАЎ (Апалон Мікалаевіч) (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),
рускі паэт.Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.М.Бацюшкава і М.І.Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.Лангфела, А.Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Избр. произв.Л., 1977;
Соч.Т. 1—2. М., 1984;
Стихотворения и поэмы. Л., 1987.
Літ.:
Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;
Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.
На бел. мову пераклаў паэму М.Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1991;
Між мінулым і будучым. Мн., 1986;
Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.
Літ.:
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;
расійская артыстка балета, балетмайстар. Жонка Р.Шчадрына. Нар.арт.СССР (1959). Герой Сац. Працы (1985). Скончыла Маск. харэаграфічнае вуч. (1943). У 1943—90 — салістка Вял.т-ра ў Маскве. У 1983—84 маст. кіраўнік балетнай трупы Рым. опернага т-ра, у 1988—90 — «Тэатра лірыка насіяналь» (Мадрыд). Творчасці П. уласціва спалучэнне традыцый рус. харэаграфічнай школы з наватарствам сучаснага балета. Яе выканальніцтва вызначаецца шырокай палітрай харэаграфічных фарбаў ад лірызму да бурных парываў, стыхійнай непасрэднасці. Стварыла шырокія па дыяпазоне тэхнічна дасканалыя вобразы, якія вызначаюцца гераічнай патэтыкай, драм. экспрэсіяй, псіхал. глыбінёй. Сярод лепшых творчых дасягненняў: «Паміраючы лебедзь» (К.Сен-Санса), «Кармэн-сюіта» (Дж.Бізэ — Шчадрына), «Пагібель ружы» (Г.Малера), «Балеро» (М.Равеля). Выканала партыі: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жар-Птушка («Жар-Птушка» І.Стравінскага), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш. Паставіла балеты: на сцэне Вял.т-ра — «Ганна Карэніна» (1972; сумесна з Н.Рыжэнка і В.Смірновым-Галаванавым), «Чайка» (па матывах аднайм. п’есы А.Чэхава, 1980), «Дама з сабачкам» (1985; усе Шчадрына), у якіх выканала гал. партыі; у Оперным т-ры ў Тэрмах Каракалы ў Рыме — «Раймонда» (1984) і інш. Здымалася на тэлебачанні і ў кіно («Вайна і мір», 1966). Аўтар кн. «Я, Мая Плісецкая...» (1994). Яе творчасці прысвечаныдакумент. фільмы «Мая Плісецкая» (1964, 1973, 1974), «Балерына» (1969), «Мая Плісецкая. Знаёмая і незнаёмая» (1987). У 1994 прайшоў першы міжнар. балетны конкурс «Мая» (С.-Пецярбург). Прэмія Г.Паўлавай 1962 (Парыж). Ленінская прэмія 1964.
Літ.:
Рославлева Н.П. М.Плисецкая. М., 1968;
Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;
М.Плисецкая: [Фотоальбом]. М., 1980;
Фирер А. «Талант — единственная новость...» // Муз. жизнь. 1994. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМО́ВА,
напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.
Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.Буднага, В.Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.Чачота, Р.Падбярэскага, Ф.Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.
У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
уро́к, ‑а, м.
1. Вучэбны час (звычайна 45 мін.), прысвечаны асобнаму прадмету. Урок літаратуры. Урок алгебры. □ Скончыўся ўрок, і настаўнікі адзін за другім заходзілі ў настаўніцкую.Даніленка.Пасля ўрокаў, чакаючы яго, .. [Кавалёва] паспявала прагледзець сшыткі вучняў. Прыходзіў Апанас, і яны ішлі гуляць.Дуброўскі.//звычайнамн. (уро́кі, ‑аў). Прыватныя навучальныя заняткі; работа рэпетытара. Браць урокі. Даваць урокі. □ Зыгмунт яшчэ з апошніх класаў гімназіі пачаў збіраць грошы, зарабляючы прыватнымі ўрокамі.Якімовіч.
2. Вучэбная работа, заданне, якое дае настаўнік вучню для падрыхтоўкі да наступных заняткаў. Вывучыць урокі. □ Вова якраз рыхтаваў ўрокі, бацька чытаў газету, а маці займалася чымсьці на кухні, калі прыйшлі Патапавы.Хомчанка.Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі.Брыль.
3.Уст. Работа, якая павінна быць выканана да пэўнага тэрміну. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі.Караткевіч.
4.перан. Вопыт, веды, набытыя ў працэсе працы, у барацьбе, жыцці. [Стэфа:] — Не, дарагая Ніна, я не змірылася. Я толькі атрымала ўрок.Савіцкі.// Вынік, вывад, карысныя на будучае. Урокі вайны. Урокі гісторыі.
•••
Адкрыты ўрок — школьны ўрок, на які запрашаюцца другія настаўнікі для абмену вопытам работы.
Прадметны ўрок — урок, які суправаджаецца дэманстрацыяй прадметаў, аб якіх ідзе гутарка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эцю́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. У выяўленчым мастацтве — твор, які выконваецца з натуры, з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай кампазіцыйнага цэлага. Пісаць эцюд. □ Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы.Васілевіч.//толькімн. (эцю́ды, ‑аў). Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў. Пайсці на эцюды.
2. У музыцы — твор віртуознага характару для аднаго інструмента, а таксама высокамастацкае сачыненне для канцэртнага выканання. Фартэп’янныя эцюды Ліста. □ Кожны ўдзельнік выканаў адзін твор Баха, тры віртуозныя эцюды.«ЛіМ».
3. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства ў студыі, кіно і пад. — Пакажы які-небудзь эцюд. — А што гэта такое? — пытаюся. Смяюцца. — Ну, якую-небудзь сцэнку з жыцця.Сяргейчык.
4. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому‑н. асобнаму пытанню. Якраз у гэты час, у перыяд актыўнай публіцыстычнай дзейнасці, пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў.Каваленка.
5. Шахматнае (шашачнае) заданне, якое заключаецца ў тым, каб выйграць або зрабіць нічыю пры пэўнай пазіцыі з невялікай колькасцю фігур. Шахматны эцюд. Шашачны эцюд. □ У эцюдзе выдатнага савецкага майстра Л. Кубеля галоўнай дзеючай асобаю быў ферзь белых.«Маладосць».
[Фр. étude.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЖЭ́ШКА (Orzeszkowa; дзявочае Паўлоўская) Эліза
(6.6.1841, б. маёнтак Мількаўшчына, Гродзенскі р-н — 18.5.1910),
польская пісьменніца. У фарміраванні яе светапогляду выключную ролю адыгралі паўстанне 1863—64 і сялянскі рух 1860—80-х г. на Беларусі. Была звязана з дзеячамі славянскай культуры: Ф.Багушэвічам, І.Франко, М.Салтыковым-Шчадрыным і інш.Літ. дзейнасць пачала ў 1866 (апавяд. «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869—70, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманіст. пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зб.апавяд. «З розных сфер», т. 1—3, 1879—82). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай бел. вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888—91). У 1890-я г. ў яе творах вастрыня сац. праблематыкі саступае месца псіхал. заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зб.апавяд. «Меланхолікі», 1896). Апошні зб. навел «Gloria victis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863—64. Інсцэніраваныя творы Ажэшкі ставіліся Першай бел. трупай І.Буйніцкага («Хам», «У зімовы вечар», 1910—12), Бел.муз.-драм. гуртком у Вільні («Хам», 1913), Першым т-вам бел. драмы і камедыі («Хам», «У зімовы вечар», 1917), трупай У.Галубка («Рысь», 1923), Бел.дзярж. т-рам («У зімовы вечар», «Хам», 1920—21) і інш.; паводле аповесці «Хам» паст. аднайменны шматсерыйны тэлефільм (1990, рэж. Дз.Зайцаў; кінаварыянт пад назвай «Франка»). На бел. мову перакладзены творы А. «Гэдалі» (1907), «У зімовы вечар» (1927). Асобным выданнем выйшла яе кн. «Выбранае» (1975, пер. Я.Брыля і Я.Бяганскай). У Гродне ў 1929 пастаўлены помнік Ажэшцы, яе імем названа адна з гал. вуліц.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—5. М., 1953—54.
Літ.:
Гапава В.І. Эліза Ажэшка: Жыццё і творчасць. Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ (Арцём Ігнатавіч) (4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),
бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб.газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.