ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

го́ран, ‑рна, м.

1. Кавальская печ для награвання металу, забяспечаная мяхамі і паддувалам. У кузні было горача. Ярка палала вуголле. У горне ляжаў прадаўгаваты кавалак распаленага дабяла жалеза, ад яго з лёгкім трэскам разляталіся ў бакі блакітныя іскры. Курто. // Спецыяльная печ для абпальвання керамічных вырабаў.

2. перан.; чаго. Цяжкасці, выпрабаванне якія загартоўваюць, робяць стойкім каго‑, што‑н. Паэзія М. Танка.. вытрымала суровыя выпрабаванні, прайшла сапраўдную загартоўку ў горне жыцця. Шкраба.

3. Ніжняя частка доменнай печы, дзе згарае паліва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Спаліць наскрозь; выпаліць дзірку. — Бачыш, як баіцца, каб не сказала, што штаны прапаліў. Сіўцоў.

2. і ў чым. Напаліць, выпаліць (печ, трубку і пад.) для абагравання (хаты, пакоя і пад.). Трэба было печ прапаліць, а то ахалодала ў хаце. Лобан. У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай, цяплей было на дварэ. Сачанка.

3. і без дап. Паліць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЛІЦЕ́ЙНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

вучэбна-прамысл. прадпрыемства ў 1859—1916 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це і рамесным вучылішчы. Меў 2 паравыя машыны (1872—73), лакамабіль (1879), вагранку для адліўкі чыгунных і жал. вырабаў (1863). Працавалі доменная печ на 50 пудоў чыгуну (1879), 9 розных станкоў (1884). Метал набывалі ў Маскве. Вырабляў веялкі, бароны «зігзаг», плугі, крупадзёркі, малатарні, прылады для млыноў, конныя веялкі, сарціроўкі, запчасткі с.-г. машын, пакоўкі для мастоў і інш. У 1895 працавала 66 чал., выраблена прадукцыі на 10,7 тыс. руб. У 1870—80-я г. з-д належаў да лепшых прадпрыемстваў Магілёўскай губ.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БКА,

невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).

У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.

Грубка ў Нясвіжскім палацы. Канец 18 ст.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ві́лкі, ‑лак; адз. няма.

1. Доўгая палка з двума металічнымі паўкруглымі рагамі на канцы, пры дапамозе якой ставяць у печ і вымаюць з яе гаршкі, чыгункі і пад.

2. Тое, што і вілы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Моцна, голасна, рэзка крыкнуць. — На печ! — зыкнуў на .. [дзяцей] бацька, падышоўшы дастала. Кулакоўскі.

2. Утварыць рэзкі, свісцячы гук. Зыкнуў, бразнуў сталлю-чыгуном цягнік, уздрыгануў ад натугі. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мурава́ць, мурую, муруеш, муруе; незак., што.

Будаваць, складваць з каменю або цэглы, змацоўваючы цэментам, вапнай або глінай. Мураваць сцяну. Мураваць печ. □ У школьны двор, дзе муруюць новы будынак пад майстэрні, заязджае грузавік. Юрэвіч.

[Польск. murować, ад лац. murus — сцяна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

kuchenka

ж. пліта;

kuchenka elektryczna — электрычная пліта;

kuchenka gazowa — газавая пліта;

kuchenka mikrofalowa — мікрахвалевая печ

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Пе́чанік ’муляр, пячнік’ (лід., ЛА, 3). Да незафіксаванага *пена ’печ’ (параўн. рус. пск., наўг. цеча, пена ’тс’) і суф. ‑нік, альбо ў выніку намінацыі словазлучэння печаны (майстар, муляр), параўн. польск. piecownik ’пячнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)