КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мнюта (выцякае з возера), за 17 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 4,24 км², даўж. 6,2 км, найб.шыр. 1,43 км, найб.глыб. 15 м, даўж. берагавой лініі 18,2 км. Пл. вадазбору 54,2 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. да 10 м, на Пд і ПдЗ абрывістыя, пад лесам. На Пн тэраса выш. 1,2—1,5 м. На Пд пойма шыр. 5—15 м. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя. Вялікія залівы. 7 астравоў агульнай плошчай 2,5 га. Дно да глыб. 6—7 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Мінералізацыя вады 220—230 мг/л, празрыстасць 2,5 м. Мезатрофнае. Уздоўж берагоў вузкая перарывістая паласа надводнай расліннасці. Упадаюць рэкі Шоша, Свіліца, 4 ручаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСА ПАЎНО́ЧНЫ, Волас Паўночны,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 6,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр.нац. парку Браслаўскія азёры, уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,21 км², даўж. 3,56 км, найб.шыр. 2,5 км, найб.глыб. 29,2 м, даўж. берагавой лініі 13,7 км. Пл. вадазбору каля 12 км². Схілы катлавіны пад лесам, на Пд, У і ПнУ высокія, на З і Пннізкія, спадзістыя, часткова разараныя. Дно са шматлікімі ўпадзінамі і мелкаводдзямі. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбей — сапрапелі і глеі. Зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 6—7 м. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Мае багаты жывёльны свет. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз. Воласа Паўднёвы, канавай з воз. Снуды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕ́ПРА-ДАНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА, грабеньчата-накольчатай керамікі культура. археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі на тэр.Усх. Палесся і паўн.-ўсх. Украіны. Вядома 250 помнікаў, з іх палова на тэр.паўд.-ўсх. Беларусі. Могільнікі (больш за 20) выяўлены толькі на тэр. Украіны.
Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, пазней земляробствам і жывёлагадоўляй. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю з агнішчам унутры, пл. 6—10 м². Пахавальны абрад трупапалажэнне на спіне ў яме, пасыпанне вохрай. Асн. форма керамікі — прысадзісты шыракагорлы і вастрадонны гаршчок з прамым вянцом, упрыгожаны адбіткамі грэбеня, трохвугольнымі наколамі і рыскамі, радамі глыбокіх ямак. Крамянёвы інвентар — пласціністыя і трохвугольныя наканечнікі стрэл, скрабкі, нізкія трапецыі, вузкія і шырокія нажы, кароткія сегментападобныя сярпы, праколкі, вастрыі і інш., касцяныя прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ ПІЯ́РАЎ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Узведзены ў 1797—1825. На пабудову храма 5 тыс.руб. ахвяраваў Павел I. Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны 8-гранным ліхтаром. Да асн. круглага ў плане аб’ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’ёмы: прытвор з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе і 2-павярховая сакрысція па восі ўсход—захад, невял. рызаліты з Пд і Пн. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам мураваныя 1-павярховы корпус кляштара (зачынены ў 1832) і 1-ярусная званіца. Касцёл у 1842 пацярпеў ад пажару, у 1863 пераабсталяваны пад правасл. царкву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.
Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Літ.:
Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р.Мядзелка (выцякае з возера), за 4 км на Пн ад г. Мядзел. Пл. 16,2 км², даўж. 6,3 км, найб.шыр. 4 км, найб.глыб. 24,6 м, даўж. берагавой лініі каля 31 км. Пл. вадазбору 89,2 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, у ніжняй параслі хмызняком. З ПдУ да возера прымыкае лес. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, участкамі на Пд і У зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. да 250 м, вакол заліваў забалочаная. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелямі. 8 астравоў агульнай пл. 0,24 км², найбольшыя: Замак, Бярозавы, Кульчына, Селішча. Моцна зарастаюць залівы. Упадаюць 6 ручаёў. Выкарыстоўваецца як месца адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВІ́ДА, Нявідава,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 1,9 км, найб. шырыня 820 м, найб. глыбіня 9 м, даўж. берагавой лініі 5,2 км. Пл. вадазбору 78 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—15 м (на ПнУ 20—25 м), парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На У, ПнЗ і Пд пойма шыр. да 400 м. Мелкаводдзе пясчанае. З глыбіні 4 м дно выслана глінай, найглыб. ўчасткі — гліністым ілам. Празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 3 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца (злучае яго з азёрамі Бабынічы і Лесава), упадае ручай з воз.Вял. Белянок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́К, Пялік,
возера ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Бярэзіна (цячэ праз возера), за 30 км на Пн ад г. Барысаў. Пл. 7,68 км², даўж. 6,2 км, найб.шыр. 3 км, найб.глыб. 2,1 м. Пл. вадазбору 2760 км². У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Схілы катлавіны выш. 7—8 м, спадзістыя, пясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, месцамі пясчаныя, пад хмызняком. На Пд вузкі доўгі заліў. Дно плоскае, сапрапелістае, месцамі ўздоўж берагоў вузкая пясчаная паласа. Мінералізацыя вады 115—120 мг/л, празрыстасць каля 2 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае, паласа расліннасці 500 м. Упадаюць рэкі Лютка, Смольніца, Бурчак. У Вял.Айч. вайну ў ваколіцах П. базіраваліся партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», імя Кірава, імя Панамарэнкі, дзейнічаў Барысаўскі падп. міжраённы к-тКП(б)Б.