ДАВУ́ (Davout, Davoust, d’Avout) Луі Нікала (10.5.1770, Ану, каля г. Авалон, Францыя — 1.6.1823), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Аўэрштэцкі (1808), князь Экмюльскі (1809). Скончыў Парыжскую ваен. школу (1788). У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 перайшоў на бок рэв. народа. Удзельнічаў у Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801. У 1805—14 камандзір корпуса, вызначыўся ў бітвах пад Аўстэрліцам (1805), Аўэрштэтам (1806) і Экмюлем (1809). З 1807 губернатар вял. герцагства Варшаўскага. У 1813—14 кіраваў абаронай Гамбурга ад рас.-прускіх войск. У час «Ста дзён» (20.3—15.7.1815) ваен. міністр Напалеона. Пры Бурбонах спачатку ў няміласці, з 1819 пэр Францыі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬФУС ((Dollfuß) Энгельберт) (4.10.1892, Тэксінг, Аўстрыя — 25.7.1934),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Член Хрысц.-сац. партыі. У 1932—34 федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі. Урад Д. ва ўмовах паліт. і эканам. нестабільнасці ў краіне ўстанавіў аўтарытарнае праўленне (у 1933 распушчаны парламент і с.-д. «Шуцбунд», адменены свабода друку і сходаў, забаронена камуніст. партыя; у 1934 ліквідавана паўстанне сацыял-дэмакратаў, забаронены ўсе партыі), у знешняй палітыцы арыентаваўся на фаш. Італію, перад пагрозай аншлюсу з боку нацысцкай Германіі ў 1934 заключыў саюз з Італіяй і Венгрыяй. Забіты ў час путчу аўстр. нацыстаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ТЧЭНЕР ((Kitchener) Гарацыо Герберт) (24.6.1850, Лістоўэл, Ірландыя — 5.6.1916),

брытанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Фельдмаршал (1909), граф Хартумскі (1914). З 1874 у брыт. калан. войсках на Б. Усходзе, з 1883 у Егіпце. У 1886—88, 1899 ген.-губернатар Усх. Судана. У 1892—98 галоўнакамандуючы англа-егіп. арміяй, кіраваў задушэннем паўстання махдыстаў. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 нач. штаба, з 1900 камандуючы брыт. войскамі. У 1902—09 служыў у Індыі. У 1911—14 брыт. ген. консул у Егіпце, фактычны кіраўнік краіны. З 1914 ваен. міністр Вялікабрытаніі. Загінуў у 1-ю сусв. вайну на крэйсеры «Хэмпшыр», які падарваўся на міне.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАЧЫ́ЦКІ (Фёдар Уладзіміравіч) (н. 6.9.1936, в. Баяры Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі і эканомікі сельскай гаспадаркі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1983). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1962). У 1969—94 нам., першы нам. міністра сельскай гаспадаркі, нам. старшыні Дзяржплана, першы нам. старшыні Дзяржаграпрама, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Навук. працы па кормавытворчасці, свінагадоўлі, малочнай жывёлагадоўлі, племягадоўлі, эканоміцы і арганізацыі с.-г. вытворчасці.

Ф.У.Мірачыцкі.

Тв.:

Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1980 (у сааўт.);

Пути развития кормопроизводства // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1982. № 4.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ВАН ТХІЕ́Ў (Nguyễn Vãn Thieû; н. 5.4.1923, г. Фанранг, В’етнам),

ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. В’етнама. Ген.лейтэнант. Скончыў Нац. ваен. акадэмію (1949). У 1945—46 чл. В’етміня (выйшаў з яго з-за нязгоды з палітыкай камуністаў). Пасля абвяшчэння на Пд В’етнама Рэспублікі В’етнам (РВ) на розных кіруючых пасадах у яе ўзбр. сілах: камандзір дыв., корпуса, нач., Ген. штаба, міністр абароны. З чэрв. 1965 кіраўнік дзяржавы. У 1967 выбраны прэзідэнтам РВ. 13.4.1975 у выніку наступлення войск Дэмакр. Рэспублікі В’етнам і атрадаў Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама падаў у адстаўку і пакінуў краіну. Жыве ў Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ ((Pitt) Уільям Старэйшы) (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗІЧ ((Radić) Сцяпан) (11.7.1871, Трэбар’ева-Дзесна, Харватыя — 8.8.1928),

харвацкі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Школу паліт. навук у Парыжы (1899). Супрацоўнічаў у чэш., рас. і франц. прэсе, з 1902 жыў у Заграбе. У 1904 разам з братам А.​Радзічам засн. Харвацкую сял. партыю. Развіваў тэорыю «сялянскага права» (гегемонія сялян у паліт. жыцці, памяркоўная агр. рэформа), тэорыю «аграрызму» (устойлівасць дробнай сельскай гаспадаркі і перавага агр. эканомікі). У 1924 наведаў СССР і ўступіў у Сялянскі інтэрнацыянал. У 1925—26 міністр асветы Югаславіі, з 1926 у апазіцыі. Выступаў за аўтаномію Харватыі. Смяротна паранены сербскім шавіністам.

т. 13, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІНЫ ((Savigny) Фрыдрых Карл фон) (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),

нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАГА́Т ((Saragat) Джузепе) (19.9.1898, г. Турын, Італія — 11.6.1988),

італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Турынскі ун-т. З 1922 у італьян. сацыяліст. руху, адзін з лідэраў яго правага крыла. Заснавальнік (1947), ген. сакратар (1949—54, 1957—64, 1976), старшыня (з 1984) Італьян. с.-д. партыі (да 1951 Сацыяліст. партыя італьян. працоўных). Неаднаразова (з 1944) міністр, у 1947—49 і 1954—57 нам. прэм’ер-міністра ўрада. Прэзідэнт Італіі ў 1964—71. Праводзіў левацэнтрысцкі ўнутрыпаліт. курс, у знешняй палітыцы імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны і з краінамі НАТО, і з СССР. З 1971 пажыццёвы сенатар.

т. 14, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)