прыродны геагр. пояс у Паўн. паўшар’і паміж умераным поясам і арктычным поясам, у межах ад 60—65° да 67—73°паўн. ш.Межы вызначаюцца сезоннымі перамяшчэннямі атм. фронту, што раздзяляе паветра арктычнае і ўмераных шырот; а таксама напрамкам цёплых і халодных цячэнняў, пашырэннем сезонных ільдоў. Клімат халодны. Сярэднія т-ры студз. на мацерыках і астравах ад -5 °C да -40 °C, ліп. 5—12 °C. Летам пераважаюць зах. перанос паветраных мас умераных шырот і цыклоны, зімой — арктычнае паветра і антыцыклоны. Ападкаў 300—500 мм за год. Снегавое покрыва 8 месяцаў. Характэрны шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу; моцная забалочанасць. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. На Пн пояса — тундравая зона, на Пд — лесатундравая зона. У паўн.-амер. і еўрап.-азіяцкім С.п. вылучаюць па 2 прыакіянічныя і па 1 кантынентальнаму сектару. Значная ч. акіянскай прасторы ў С.п. замярзае, воды халодныя (10—5 °C), маюць высокую біял. прадукцыйнасць (вял. колькасць планктону, рыб і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАХО́МЕТР (ад грэч. tachos хуткасць, скорасць + ...метр),
прылада для вымярэння частаты вярчэння (вуглавой скорасці) дэталей (пераважна валоў) машын і механізмаў. Адрозніваюць Т. магнітныя, вібрацыйныя, інтэгруючыя (гадзіннікавыя і электронныя), магнітна-індукцыйныя, магнітаэл., страбаскапічныя, частотна-імпульсныя, ферадынамічныя, электронна-лічыльныя (лічбавыя), мех., гідраўлічныя, пнеўматычныя і інш.Межы вымярэнняў ад 0 да 1 млн.аб/мін.
У магнітна-індукцыйных Т. адхіленне стрэлкі прапарцыянальнае рознасці вярчальных момантаў на восі ротара і спружыны. На гэтым прынцыпе працуюць авіяц. Т., аўтамаб. спідометры і інш. Сярод механічных найб. пашыраны цэнтрабежны Т., заснаваны на змене становішча рухомых мас (ураўнаважаных спружынай) пры вярчэнні. Перамяшчэнні іх прапарцыянальныя скорасці вярчэння. У гідраўлічных Т. змена становішча паказчыка залежыць ад ціску вадкасці, які зменьваецца прапарцыянальна скорасці вярчэння. Т. з аўтам. запісам паказанняў наз. тахографам.
Схемы тахометраў: а — механічнага цэнтрабежнага (1 — вал, 2 — слізгальная муфта, 3 — рычаг, 4 — груз, 5 — спружына); б — магнітна-індукцыйнага з дыскавым ротарам (1 — пастаянны магніт, 2 — медны або алюмініевы ротар, 3 — вось ротара са стрэлкай, 4 — спружына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЛАНД (Toland) Джон (30.11.1670, каля г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 11.3.1722),
англійскі філосаф. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1687—90), Эдынбурга (1690), Лейдэна (1691—92), Оксфарда (1693—95). У творах «Племя левітаў» (1691, не захаваўся), «Хрысціянства без таямніц» (1696) выступіў з крытыкай хрысціянства, за што абвінавачаны ў нападках на рэлігію і маральнасць і прыгавораны да зняволення, але схаваўся. Выдаў паліт. творы англ. рэспубліканцаў Дж.Мільтана (1699) і Дж.Гарынгтана (1700). У асн.філас. працах «Лісты да Серэны» (1704) і «Пантэістыкан» (1720) развіваў ідэі матэрыяльнасці бясконцага і вечнага Сусвету, адзінства руху і матэрыі. Рух разглядаў як сутнасную, універсальную ўласцівасць матэрыі, якая характарызуецца спрадвечнай актыўнасцю, але не выходзіў за межымеханіст. матэрыялізму, адмаўляў развіццё прыроды і ўзаемасувязь руху матэрыі і яе якасных змен. Абвяргаў вучэнні Б.Спінозы пра нерухомасць і нязменнасць субстанцыі і пра мысленне як яе ўсеагульны атрыбут і канцэпцыю І.Ньютана пра абсалютную прастору. Абгрунтаваў палажэнне пра непарыўную сувязь прасторы і часу з рухам і матэрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫТО́РЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
частка зямнога шара, якая знаходзіцца пад суверэнітэтам пэўнай дзяржавы. У склад Т.дз. уваходзяць суша з яе нетрамі, воды і паветр. прастора, што ляжыць над сушай і водамі. Суша — уся сухапутная тэр. ў межах граніц дзяржавы. Водную тэрыторыю складаюць унутр. (нац.) і тэр. воды. Нетры, што знаходзяцца пад сухапутнай і воднай тэр., з’яўляюцца прыналежнасцю дадзенай дзяржавы да тэхнічна даступнай глыбіні. У паветраную прастору ўваходзяць трапасфера, стратасфера, а таксама значная частка вышэйляжачай прасторы. Бакавыя межы Т.дз. вызначаюцца дзярж. граніцамі. У межах сваёй тэр. дзяржава ажыццяўляе сваё вяршэнства, якое называецца тэрытарыяльным і з’яўляецца састаўной часткай дзярж. суверэнітэту. Права на Т.дз. звычайна замацоўваецца канстытуцыямі дзяржаў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 9) абвяшчае тэр. краіны натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту. Тэр. Беларусі, якая складае пл. 207,6 тыс.км², адзіная і неадчужальная; яна падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і інш.адм.-тэр. адзінкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМАЦАВА́НАЯ ЛІ́НІЯ,
сістэма ўмацаваных раёнаў і абарончых пазіцый, абсталяваных доўгачасовымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі і загародамі. Узводзіліся звычайна ўздоўж дзярж. граніцы для прыкрыцця важных стратэг. напрамкаў; мелі пастаянныя гарнізоны, якія з пач. баявых дзеянняў узмацняліся палявымі войскамі. Як правіла, складаліся з шэрагу вузлоў супраціўлення, апорных пунктаў, сектараў і інш. абарончых пазіцый.
У.л. будавалі з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Рыме (рымскія валы), Егіпце, Кітаі, пазней і ў інш. дзяржавах. У 16—17 ст. на паўд. межах Рэчы Паспалітай і на паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы існавалі засечныя межы і інш. абарончыя пазіцыі ў сістэме У.л. У Паўн. Амерыцы ў час вайны за незалежнасць ЗША (1775—83) У.л. будаваліся з удзелам А.Т.Касцюшкі (фартыфікацыйныя збудаванні пад Саратогай, ва Уэст-Пойнце і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 У.л. ствараліся ў шэрагу краін Еўропы: «Мажыно лінія» ў Францыі, «Манергейма лінія» ў Фінляндыі, «Зігфрыда лінія» ў Германіі, «Лінія Сталіна» (замежная назва) у СССР і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНАА́Н (біблейскае Kĕnáan, грэч. Chanaan),
старажытная, даізраільская назва тэр. Палесціны, Сірыі і Фінікіі. Этымалогія назвы «Х.» дакладна не высветлена, магчыма, азначае «пурпур» і першапачаткова адносілася да Фінікіі, дзе здабывалі пурпурную фарбу. У розныя гіст. перыяды межытэр. Х. мяняліся, займаючы прастору ад Міжземнага м. на З да далін Аронта і Іардана на У, ад гор Таўра на Пн да Газы на Пд. Насельніцтва Х. (ханаанеі) вызначалася вял. разнастайнасцю (амарэі, фінікійцы, угарыцяне, кеніты, маавіцяне і інш., з несеміцкіх плямён — хурыты і хеты) і паліт. раз’яднанасцю (гарады-дзяржавы Іерыхон, Гезэр, Хацор і інш.). Гісторыя яго вядома прыблізна з 8-га тыс. да н.э. У 16—15 ст. да н.э. залежаў ад Стараж. Егіпта. У выніку войнаў y 13 ст. да н.э. падзелены паміж Егіптам і Хецкім царствам. З 12 ст. да н.э. пачынаецца заваяванне Х. ізраільскімі плямёнамі. Пазней назва «Х.» ужывалася ў адносінах да Фінікіі, а назва «ханаанеі» да пунійцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЦКА-КАМЧА́ЦКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў насельніцтва Чукоцкага п-ва і Камчаткі. Часам іх адносяць да сям’і палеаазіяцкіх моў. Уключаюць: чукоцкую, каракскую, алюторскую, керэкскую, ітэльменскую мовы. Падзяляюцца на 2 групы: чукоцка-каракскую і ітэльменскую, межы і адносіны паміж якімі канчаткова не высветлены. У фанет. сістэмах Ч.-к.м. невял. колькасць зычных, пераважаюць санорныя; характэрная рыса вакалізму — сінгарманізм. Адносяцца да аглюцінатыўных моў прэфіксальна-суфіксальнага тыпу з наяўнасцю разрыўных афіксаў, з аднатыпнай па структуры сістэмай скланення і спражэння; у некат. мовах захаваўся падвойны лік; у пэўных сінтакс. пазіцыях назоўнікі змяняюцца па асобах. У сінтаксісе проціпастаўляюцца намінатыўныя і эргатыўная канструкцыі, пашыраны дзеепрыслоўныя і дзеепрыметныя звароты, могуць утварацца сінтакс. карпаратыўныя комплексы. Багатая сістэма словаўтварэння. У лексіцы запазычанні з рус. моў. Чукоцкая і каракская мовы маюць пісьменнасць, створаную ў 1931 на аснове лац., з 1936 — на аснове рус. графікі.
Літ.:
Скорик П.Я. Чукотско-камчатские языки // Языки народов СССР. Л., 1968. Т. 5.